Тафта́ ’шаўковая або баваўняная глянцавітая тканіна’ (ТСБМ), ст.-бел. тафта ’тс’; сюды ж тафта́ннік ’паркаль’ (Сцяшк. Сл.). Старабеларускае слова фіксуецца з 1497 г. і выводзіцца з тур. асм. tafta, што з перс. tāftä ’від тканіны’ (Булыка, Лекс. запазыч., 115). Дапускаюць два шляхі пранікнення: непасрэдна з турэцкай (параўн. удакладненае ст.-бел. китайки тафты куском; 1511 г.) або праз польск. tafta з франц. taffetas ’тс’ ці італ. taffetà ’тс’. Менш верагодна рускае пасрэдніцтва, як даводзіць Цыхун (Пути поднебесной, Минск, 2006, 1, 260); мажліва, паўторнае запазычанне з рус. тафта́ ’тс’, гл. Фасмер, 4, 29; Брукнер, 563; ЕСУМ, 5, 528–529; Голуб-Ліер, 476; Махэк₂, 633; Міту, Зб. памяці Слаўскага, 305.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тым — слова, суадноснае са злучнікам чым, падкрэслівае большую ступень праяўлення прыкметы; састаўная частка складаных злучнікаў між тым, як; перад тым як; тым больш што; тым часам ‘тады’ і інш. (ТСБМ, ТС, Нас., Шат., Бяльк.). Творны склон займенніка той (< *tъ‑jь), старая аснова выводзіцца з *tŏ‑, якая перад суфіксам на зычны пашыралася элементам *‑ĭ‑ ; *‑ŏĭ‑ манафтангізавалася, утварыўшы ‑ě‑. Да займеннікавай асновы *tě‑ далучаўся канчатак іменнага скланення творнага склону *‑mь, што давала форму Тв. скл. *těmь; апошняя форма ў частцы дыялектаў праславянскай мовы змянілася на *tymь (пад уплывам форм займеннікаў мяккай разнавіднасці). Ст.-бел. тымъ адлюстроўвае ўплыў жывой гутарковай мовы і адзначана з XV ст. (Мова бел. пісьм., 153).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тэж ‘таксама’ (Сл. ПЗБ, Мілк. Сл., Скарбы₂, Нар. Гом., ТС), тэш ‘тс’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. тежъ, тэжъ ‘тс’, тежь, теже ‘тс’ (ГСБМ). Выводзяць з польск. tež ‘таксама’, ‘альбо’ (Карскі Труды, 314; Жураўскі, SOr, 10, 1, 40), якое з teże, што ўзыходзіць да праславянскага спалучэння ўказальнага займенніка *tъ і ўзмацняльнай часціцы že, апошняе дало паўд.-слав. і ўсх.-слав. *tože, зах.-слав. *tъže з адпадзеннем канцавога e (Борысь, 630) з розным далейшым фанетычным развіццём, гл. таксама тыж, параўн. рус. тож, укр. тож, теж, славен. tore(j) ‘такім чынам’, в.-луж. tež, чэш. též, славац. tiež. Фанетычны варыянт тэш адлюстроўвае аглушэнне звонкага зычнага ў абсалютным канцы слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
По́руч ’побач, поплеч, рука пры руцэ’ (ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр., Мал.; слонім., Арх. Бяльк.; навагр., Сл. ПЗБ; ТС, Шат., Федар.), паручкі ’тс’ (Шат.), укр. поруч ’тс’, ст.-польск. porącz ’побач, у адзін рад’. Адвербіялізаваны назоўнік, утвораны пры дапамозе прыстаўкі по- ад назоўніка рука са значэннем месца адносна утваральнага слова *porǫkjь < *po‑rǫka даслоўна ’які знаходзіцца каля рукі, пад рукой’ альбо ’апора, памагаты’, параўн. по́ручань ’брусок пры лесвіцы, уваходзе, дзвярах, за які трымаюца рукамі, парэнчы’ (ТСБМ), рус. порука, поручательство ’падтрымка’, польск. poręcz ’падпора для рук, выступ, рэйка, па якой пасоўваецца рука пры хадзьбе па сходках’, славац. poruke ’побач, пад рукой’. Гл. таксама побач, поплеч.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пружы́на ’спружына’ (Скарбы), ’прыстасаванне для лоўлі дзікіх качак і звяроў’ (ТС). Рус., укр. пружи́на, польск. sprężyna, prężyna ’спружына’, в.-луж. pružina, н.-луж. pšužyna ’дзяржанне лука’, чэш. pružina ’прут’, славен. próžina ’спружына’, серб.-харв. пру̏жина ’будан (з галінак)’, балг. пръжи́на ’шост для ўмацавання снапоў на возе’. Прасл. *prǫžina (Трубачоў, Этимология–1963, 20), якое, паводле БЕР (5, 821–822), ад прасл. *prǫgъ (гл. пруг) з павелічальным суф. ‑ina. Інакш Махэк₂ (488): славянскае слова лічыць дэрыватам з суф. ‑ina ад прыметніка pružný, якое ад прасл. *pružiti, звязанага з прасл. *prǫgъ, *prǫga (гл. пруга). Гл. яшчэ Фасмер, 3, 389. Сюды ж пружы́нка ’ручны рыхліцель’, ’спружыноўка’ (Мат. Маг.). Гл. спружына.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пруса́к ’ураджэнец або жыхар Прусіі; паўночна-ўсходні немец’, пру́сы ’група балтыйскіх плямён, якія насялялі паўднёвае ўзбярэжжа Балтыйскага мора’ (ТСБМ), Прусы, Прушчына ’краіна Прусія’ (Варл.). Рус. пруса́к ’жыхар Прусіі’, пруца́к ’немец’, дыял. пруц, укр. прус ’прусак’, ст.-рус. Прусы ’Прусія’, польск. prusak ’прусак’, Prusy ’Прусія’. Ва ўсходнеславянскіх мовах праз польск. са ст.-прус. prū́sis ’прус’, літ. prū́sas, лат. prũsis ’тс’, Prūšmale ’Прусія’ (Мюленбах-Эндзелін З, 400). Этымалогіі этноніма няма. Траўтман (Altpreuß., 411) тлумачыў назву з *Po‑rusi, г. зн. ’тыл, якія жывуць паблізу Русі, па Русі’, што з’яўляецца непрымальным. Брукнер (439) выводзіў слова ад praũsti ’мыць’, prusnà ’морда, пыса’, што таксама вельмі няпэўна (Фасмер, 3, 389; ЕСУМ, 4, 617).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прыдо́ражня (прыдо́рожня) ’прыгуменне’ (лун., Нар. сл.). Суадносіцца з до́ражнік ’двор для жывёлы’ (Шат.); даржні́к ’адроджанае месца, куды летам заганяюць статак’ (Варл.; ашм., Стан.), што магло б даць падставы рэканструяваць прасл. *dьržьnikъ ’месца, дзе (часова) утрымліваюць статак’ з нерэгулярным, але і не ўнікальным пераходам ‑ь‑ у спалучэнні з плаўным у галосны непярэдняга раду, параўн. шырока распаўсюджанае рус. дыял. доржа́ть ’трымаць, мець у руках і пад.’ (СРНГ, 8, 130). Аднак больш верагодна, што аснова слова з’яўляецца мадыфікаванай пад уплывам дарога літуанізмам dar̃žiñe ’адрына, гумно’, параўн. даржэ́нь ’двор’, ад літ. daržas, лат. dārzs, латг. dāržes ’месца, дзе адпачывае свойская жывёла’ (Блесэ, SB, 12; Лучыц-Федарэц, Лекс. Палесся, 174).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прылёп іран. ’прымак’ (Мат. Гом.), прылёпісты ’той, хто лёгка ўваходзіць у кантакт з людзьмі; кампанейскі; назойлівы’ (рагач., Сл. ПЗБ, ЛА, 3). Прыставачна-бяссуфікснае ўтварэнне ад прыляпі́цца ’прычапіцца, прыліпнуць’, гл. ляпі́ць, лі́пнуць, што ўзыходзяць да кораня *lьp‑, lĕp‑, *lip‑. Паводле Варбат (SlW, 153), дзеясловы гэтага гнязда шырока вядомы ў славянскіх мовах са значэннем ’прылучыцца да каго- ці чаго-небудзь; навязацца, аддацца’, параўн. аддзеяслоўныя ўтварэнні: рус. приле́па ’нешта прылепленае’, польск. przylepa ’акраец’, серб.-харв. прилеп ’зараза’, балг. при́леп ’кажан’ (адносна апошняга слова гл. БЕР, 5, 717–718). Велчава (Бълг. реч, I, 4, 17) прыводзіць рэдкія ст.-балг. прилѣпъ ’савакупленне, coitus’, прилѣпенъ ’які мае інтымныя сувязі’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *prilěpъ ’каханак’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пры́падзь 1 ’закалец — сыры, недапечаны слой хлеба каля ніжняй скарынкі, які ўзнікае пры неналежным выпяканні’, пры́падлівы ’з закальцам, як бы трохі прылеплены да поду’ (Нас.). Магчыма, перанос значэння з наступнага слова — ’сыры слой у хлебе, як глей’, але не выключана і незалежнае ўтварэнне ад прыпада́ць з семантычнай матывацыяй: ’нізкі; які не падняўся; злеглы’ і да т. п.
Пры́падзь 2 ’слой глеістай зямлі; падзол’ (Нас., Байк. і Некр., Варл.), пры́падлівы ’глеісты, з падзолам’ (Нас.), прыпа́длівый ’вільготны, злеглы (аб зямлі)’ (Бяльк.). Рус. зах. при́падь ’падзолістая глеба’, смал., цвяр. припа́дливый ’зацвярдзелы (пра зямлю, глебу)’, укр. при́падь ’нізіннае месца; чарназём з гразкай глінай’, припа́дливый ’нізінны’. Да прыпадаць 1 ’нахіляцца, прыціскацца’, ’шчыльна прылягаць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прыста́ўка 1 ’частка слова, якая стаіць перад коранем, прэфікс’; ’тое, што прыстаўляецца, прырабляецца дадаткова да чаго-небудзь’ (Байк. і Некр., ТСБМ), ’прыбудова’ (Мат. Гом.), пры́стаўка ’ганак’ (Пятк.), пры́стаўка ’дадатак пакупніку’, пры́ставок ’дадатак (напр., ганчарны выраб у дадатак да пасудзіны, якая пры продажы, фактычна абмене, выконвала ролю збожжавай меры)’ (ТС). Рус. при́ста́вка ’прэфікс’, дыял. ’лапата, граблі і пад., прасунутыя праз жалезнае кальцо варот замест замка’, ’верхняя частка (да пояса) жаночай сукенкі, кашулі, пашытая з больш тонкай тканіны’ і пад., укр. приста́вка ’дадатковае прыстасаванне; прэфікс’. Дэрыват з суфіксам ‑к‑ ад прыста́віць, гл. ставіць.
Прыста́ўка 2 ’надакучлівы чалавек’ (Ян.), пры́стаўка ’хвост, неадступны спадарожнік’ (ТС). Да прыстава́ць, гл. прыставака.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)