Пу́кля ’кутас, пампон’ (ТС; Шымк. Собр.), ’самаробны драўляны гузік’ (шуміл., Сл. ПЗБ), мн. л. пу́клі ’адходы пры прадзенні воўны’ (рас., Шатал.), ст.-бел. пукли ’металічныя бляшкі на абкладах царкоўных кніг, буклі’ (Ст.-бел. лексікон; Гарб.). Згодна з Булыкам (Лекс. запазыч., 107), апошняе запазычана з польск. pukiel ’від закругленага выпуклага або пярсцёнкападобнага металічнага ўпрыгожання’, што ў сваю чаргу запазычана з ням. puckel, buckel ’горб, выступ’, франц. boucle < лац. buccula, памянш. ад bucca ’шчака, скула’ (Банькоўскі, 2, 964, Сной, 514). Шустар-Шэўц (2, 1190) дапускае пасрэдніцтва ст.-чэш. pukla ’тс’ для н.-луж. pukly і польскага слова. Семантыка ’завіток, касмык’ і пад. грунтуецца на пазнейшым значэнні франц. boucle ’локан’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)