сінь, ‑і, ж.
1. Сіні колер. Красавік — Гэта першыя краскі вясны, Некранутая сінь Танканогай пралескі. Звонак. Не абняць, не змераць вокам Шыр палёў і неба сінь. Хведаровіч. Вочы ў мяне Не згубілі яшчэ сваю сінь. Танк. // Сіняя прастора, сіняя паверхня (пра неба, мора, паветра). З аднаго боку — шырачэзная марская сінь, з другога — неаглядныя прасторы Калхідскай нізіны. Самуйлёнак. Каб толькі там, дзе ясені Вартуюць сінь высокую, Не чуць, як хтосьці ў засені Заве любоў далёкую. Гілевіч. // Сіні туман, смуга. Вочы яе блукалі па абшары і нічога, апрача мутнаватай сіні, не бачылі. Бядуля. Па мокрай сенажаці.. [Гэлька] ішла ціхімі крокамі, шукаючы вачыма ў туманнай сіні якую-небудзь будыніну. Чарот. // Пра вечар, ранак. Сінь за акном пагусцела, дрэвы згорбіліся. Шашкоў. Развіталіся яны на золку, калі сінь за акном парадзела. Карпаў.
2. У горнай справе — назва некаторых руд, якія маюць сіні колер. Медная сінь. Жалезная сінь.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
слі́зкі, ‑ая, ‑ае.
1. Гладкі, такі, на якім цяжка ўтрымацца, устаяць, або які цяжка ўтрымаць. Слізкі паркет. □ Прайшоў дожджык, дарога зрабілася ліпучая, слізкая. Маўр. [Косцік] бягом прывалок дзве жэрдкі і па слізкім лёдзе насунуў іх танчэйшымі канцамі да Аксінні. Пальчэўскі. // перан. Выкрутлівы, хітры (пра чалавека). Нейкі слізкі быў гэты чалавек. Корбан.
2. перан. Ненадзейны, небяспечны. Бадзянне ў дарогах і гэты слізкі і няпэўны шлях дробнага ашуканства, на які стаў .. [Пракоп], і неакрэсленасць яго ролі, — усё гэта ўставала, як прыкры сон. Колас. // Які мае ў сабе што‑н. няпэўнае, двухсэнсавае. І не для слоўнай акрабатыкі Я ўзяў такую тэму слізкую. Панчанка. Па застыглым твары Саладухі паўзе слізкая ўсмешка. Шамякін.
3. Пакрыты сліззю. Нават адсюль, з дарогі, можна ўбачыць слізкія каптурыкі масл[я]коў. Навуменка. Вясною вылазіць [вуж] рашуча з нары, Знаходзіць пянёчак-рагулю, Праз вузкую шчыліну пнецца-паўзе, Слізкую скуру здзірае. Жычка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сме́шны, ‑ая, ‑ае.
1. Які выклікае смех, весялосць; пацешны, забаўны. Смешнае апавяданне. □ [Хлопец] быў, бадай, прыроджаны комін, бо ўмеў сур’ёзна гаварыць смешныя рэчы. Навуменка. [Таццяна] .. дзівілася, як гэта раней яна магла жыць без яго, без гэтага маленькага, смешнага, крыклівага стварэння. Шамякін. / у знач. наз. сме́шнае, ‑ага, н. Ды музыкі знаюць свае сцежкі — Смешнае іграюць без усмешкі. Лужанін. // Які выклікае насмешку, іронію сваёй недарэчнасцю. У гэты момант падаспеў пяты [чалавек], у вузкіх штанах і ў смешнай куртцы з двума хвастамі. Самуйлёнак. Смешны часам бывае чалавек з сваімі недарэчнымі перажываннямі. Зарэцкі.
2. Тое, што нельга ўспрымаць сур’ёзна. Розныя смешныя довады лезлі ў галаву. Бядуля. // Дзіўны. [Пракоп:] — Смешная ты, маці! Няўжо ты думаеш, што я такі дурны і палезу ў воду, не пабачыўшы броду? Колас.
•••
Да смешнага — у вышэйшай ступені, надзвычай. Вынаходства Андрэя было да смешнага простым, і таму аб ім неўзабаве ведаў увесь завод. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спле́сці, спляту, спляцеш, спляце; спляцём, сплецяце, сплятуць; пр. сплёў, спляла, ‑ло; заг. спляці; зак., што.
1. Вырабіць, зрабіць пляценнем. Сплесці вянок. □ І кошык сплятуць Каля светлай вады, І ягад лясных Назбіраюць дзяды. Куляшоў. Дзед Цыпрук сваю паставіў базу, Адмыслова сплёў з галін будан, Што ў спёку добра пахне лазняй. Караткевіч. Неяк за абедам бацька папрасіў: — Сплёў бы ты мне, сынок, лапці. Ляўданскі.
2. Злучыць, змацаваць пляценнем. Па прывычцы .. [Маша] спляла валасы ў касу. Шамякін. Ён [салдат] касіў, быццам піў хмельны водар здаровы Белай дзятлаўкі той, што спляла травастой. Арочка. // Злучыць, счапіць, пераплёўшы адно з другім (рукі, ногі, пальцы). Сплёўшы пальцы на галаве і злёгку адкінуўшыся назад, .. [Сіўцоў] уголас пачаў чытаць цудоўныя вершы Цютчава. Васілевіч. // перан. Цесна звязаць, злучыць, зліць. Некалькі сюжэтных ліній аўтар сплёў у адзіную кампазіцыю. «Маладосць».
3. перан. Разм. Выдумаць. — Не, няпраўда, сынок! Гэта байку сплялі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
суко́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сукна, з’яўляецца сукном. Суконная пража. Суконныя тканіны. □ [Баба:] — А я корціку аснавала шэсць губак... аснова парцяная, а ўток суконны будзе... Нікановіч. // Пашыты з сукна. [Тэкля] была апранута ў чыстую доўгую спадніцу і дабротны суконны сак. Краўчанка. Наперад выйшаў Пракоп у саматканым суконным фрэнчы. Грахоўскі.
2. Які служыць для вырабу сукна або гандлю сукном. Суконная фабрыка. Суконная мануфактура.
3. Які займаецца вырабам сукна або гандлем сукном. Сачыла рупліва бяльмо цыферблата. — Ці добра спіцца суконным магнатам. Панчанка.
4. перан. Невыразны; грубы. Суконная мова. □ Але гэта, відаць, часта бывае з усімі, хто бярэцца за пяро: у галаве носіш тое, што можа ўсхваляваць, запаліць чытача, а як сядзеш пісаць, дык з-пад пяра выходзяць нейкія вялыя, суконныя словы і думкі. Сабаленка. — Ото ж, якая дробязь, — Адказ я пачуў суконны. — Дасць вам даведку робат — Намеснік мой электронны. Макаль.
•••
Суконнае рыла гл. рыла.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
убіра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да убрацца (у 1 знач.).
2. Незак. да увабрацца.
3. Зал. да убіраць.
•••
Убірацца ў сілу — а) падрастаць, мужнець; б) разжывацца, мацнець матэрыяльна. Калгас убіраўся ў сілу; в) умацоўвацца арганізацыйна, развівацца. То быў час, калі маладое савецкае жыццё сталела, убіралася ў сілу. М. Ткачоў; г) расці, умацоўвацца (пра расліннасць). Не пусцее за кручай дзялянка, Убіраюцца ў сілу дудкі. Свірка; д) узнімацца (пра сонца), пачынацца, наставаць (пра пару года, дня і пад.). Сонца яшчэ толькі ўбіралася ў сілу, але расы ўжо не было. Беразняк. Аднак праходзіў час, летняя духмяная раніца ўбіралася ў сілу, а на дарогах было ціха. Кулакоўскі. А восень усё больш убіралася ў сілу. Ужо ўвесь лес быў голы. Лупсякоў.
Убірацца ў тогу каго-чаго — спрабаваць выдаць сябе за каго‑н. або заваяваць сабе якую‑н. рэпутацыю, не маючы на гэта дастатковых падстаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
угна́цца, уганюся, угонішся, угоніцца; пр. угнаўся, угналася; зак., за кім-чым.
1. Пабегчы так, каб дагнаць. Гаспадыня з крыкам выбягала на двор, каб угнацца за хлапчукамі. Лобан. — Угналася [суседава карова] за пашай Лыскай, а яна, ратуючыся, скочыла цераз плот і ўшчаміла нагу. Сабаленка.
2. (звычайна з адмоўем). Не адстаючы, ісці, бегчы за кім‑, чым‑н. або побач з кім‑, чым‑н. — За вамі не ўгнацца, — раптам прамовіў Уладзік, і толькі цяпер Андрыян Цітавіч заўважыў, што сапраўды ён ідзе вельмі шпарка. Марціновіч. Ні адзін конь не мог угнацца за рысаком. Сіняўскі. — Не ляці так. Мне за табою не ўгнацца. — Жонка гаварыла гэта ўжо недзе ззаду. Ваданосаў. // перан. Паспець за кім‑, чым‑н., зраўняцца з кім‑, чым‑н. — Гм! Глядзі, Саўка, ужо [хлопцы] носяць. За імі нідзе не ўгонішся, — заўважыў Шайдоб. Федасеенка. [Максім:] — Чорт яго ведае, як ляціць жыццё. Проста не ўгонішся... Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узмацне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Узмацніцца, павялічыцца ў сіле (пра вецер, дождж і пад.). Вецер узмацнеў і са злосцю круціў вадзяныя струмені. Хадкевіч. / Пра голас, гукі. Шум, які пачаў спадаць, узмацнеў. Шахавец. — Гэта ваша апошняе заданне. — Голас у Хмары ўзмацнеў. Шашкоў. / Пра думкі, пачуцці і пад. Потым, як пайшлі ў школу, дружба .. [Федзькі з Эдзікам] яшчэ больш узмацнела. Пальчэўскі. // Стаць больш трывалым, цвёрдым. Лёд узмацнеў. // перан. Стаць больш дасканалым, выразным. Лірычны маналог у творчасці Брыля асабліва ўзмацнеў у апошнія дзесяцігоддзі. Мальдзіс.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць больш моцным; умацавацца. Калгас гэтым часам узмацнеў. Пачала папаўняцца малочная ферма. На другі год вялікі прыбытак даў лён. Чарнышэвіч.
3. Стаць больш здаровым, вынослівым; падужэць, паздаравець. Вось выраслі дзеткі, За лета ўзмацнелі, Пад восень у вырай Яны паляцелі. Журба. / Пра расліны. Маладая вішанька ўзмацнела.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
філасо́фія, ‑і, ж.
1. Навука аб найбольш агульных законах развіцця прыроды, грамадства і мыслення. Бурныя рэвалюцыйныя падзеі 1905 года.. выразна акрэслілі пазіцыю кожнага класа ў палітыцы, у філасофіі, у мастацтве. Ярош. Зажылі мы ўдвух у тым цудоўным пакойчыку, дзе было ўсё, што трэба культурнаму чалавеку: кнігі па філасофіі і вышэйшай матэматыцы, разборныя гантэлі, пра[йгравальнік]. Радкевіч. // Чыё‑н. філасофскае вучэнне. Філасофія К. Маркса. □ Марксісцка-ленінская філасофія дазваляе мастаку пранікаць у самыя глыбокія заканамернасці рэчаіснасці. Адамовіч.
2. Метадалагічныя прынцыпы, што ляжаць у аснове якой‑н. навукі, галіны ведаў. Філасофія права. Філасофія гісторыі.
3. Погляды, перакананне канцэпцыя. «Вайна. Што зробіш. Па вайне няма вінаватых». Гэтай філасофіі.. [Дымар] прытрымліваўся ў разважаннях на многія тэмы, звязаныя з вайной. Шамякін.
4. Разм. іран. Абстрактныя, пустыя разважанні. Прырода — гэта... — Мікіта распачынаў сваю філасофію на некалькі дзён. Пташнікаў. Там, на заводзе, філасофіі не разводзяць, а займаюцца несупыннай працай. Бядуля.
[Грэч. philosophia ад philéō — люблю і sophia — мудрасць.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шасцёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Лічба 6. Напісаць шасцёрку. // Разм. Назва некаторых прадметаў (аўтобуса, трамвая і пад. маршруту № 6), якія нумаруюцца лічбай 6. Тут спыняецца аўтобус-шасцёрка.
2. Ігральная карта, дошчачка даміно з шасцю ачкамі. — Не проста дурань, а дурань з пагонамі, — засмяяўся Глеб. — Во, кладу табе [Ксеня] на плечы дзве шасцёркі. Васілёнак.
3. Запрэжка ў шэсць коней. Багаты пан на шасцёрцы катаецца, а бедны мерае сваёй парай зямлю і аб кіёк абапіраецца. Бядуля.
4. Колькасць каго‑, чаго‑н. у шэсць адзінак; шэсць аднародных прадметаў. Шасцёрка самалётаў. □ Гэта шасцёрка [вайскоўцаў], звязаная ўзаемадапамогай, заўсёды трымалася разам. Машара.
5. Шасцівёславая лодка, шлюпка. Плыць на шасцёрцы.
6. Частка, дэталь у малатарні; шасцярня. Запрэжаная ў дышаль парка коней кружыла кола, зазубні якога чапляліся за адмысловую драўляную шасцёрку, у сярэдзіну якой быў уроблен даўжэзны круглы прэнт, пры дапамозе якога круціўся сам барабан малатарні. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)