асляпі́ць, асляплю, аслепіш, аслепіць; зак., каго-што.
1. Пазбавіць зроку, зрабіць сляпым. // Часова пазбавіць здольнасці бачыць. На ганку.. [Кастуся] адразу асляпіла сонца і гагава ажно закружылася ад чыстага паветра. Галавач. // перан. Зрабіць моцнае ўражанне на каго‑н. Усе гэтыя думкі яскравым святлом пражэктара асвяцілі перад.. [Андрэем] усё жыццё і на нейкі момант асляпілі яго. Галавач.
2. перан. Пазбавіць здольнасці правільна зразумець што‑н., разабрацца ў чым‑н. Злосць, лютая злосць асляпіла, затуманіла розум. Шамякін. Святло радасці захапіла, асляпіла.. [Аксану]. Кавалёў. / у безас. ужыв. І чаму ёй [Марылі] не ведаць было ў п[а]ру пра Івана, чаму не знайшоўся добры чалавек ды не сказаў ёй гэтага, чаму яе самую асляпіла? Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ба́кавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да бака 2. Бакавы вясляр.
2. Правы па ходу судна. Вёслы бакавага боку.
бакавы́, ‑а́я, ‑о́е.
1. Размешчаны не ў цэнтры, а збоку. [Міхаліна:] — Мне трэба было павярнуць у бакавы калідор. Шамякін. Праз затуманеныя бакавыя шыбы шафёр бачыць, як .. яго машыну абходзяць справа і злева лесавозы. Мяжэвіч. Цьмяны водсвет ліхтароў чуць-чуць мігаў над дахам бакавога муру. Гартны. Не забыцца толькі прышыць бакавую кішэню ў бурносе, — думае Зося, зноў успомніўшы пра грошы. Брыль.
2. Які адбываецца, дзейнічае збоку. [Новікаў:] — Уся калона перад намі. Ззаду яе — нічога няма. Бакавыя дазоры праціўніка ўжо зняты. М. Ткачоў.
•••
Бакавая лінія гл. лінія.
Бакавая падача гл. падача.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; незак., што.
1. Ставіць плот, паркан і пад.; абгароджваць што‑н. Гарадзіць плот. □ [Ладымер] да поўдня быў у хаце, а тады выйшаў гарадзіць капуснікі. Чорны. Я выган плотам гарадзіў. Купала.
2. перан. Разм. Гаварыць бяссэнсіцу, выдумляць. Старая Рындзіха хадзіла па вёсцы і гарадзіла на ўсіх Шамраёў за тое, што адбілі ад бацькоў роднага сына. Машара. Стары гаворыць — гародзіць, ды па праўду выходзіць. Прыказка.
•••
Агарод (гарод, плот) гарадзіць — а) пачынаць якую‑н. клапатлівую і безнадзейную справу. Не бачыць Грамабою гэтай зямлі. А калі так — дзеля чаго і гарод гарадзіць. Крапіва; б) гаварыць бяссэнсіцу, выдумляць. Тут Саўка хмурыць свае бровы: — Ты, сын, гарод не гарадзі... Гаўрусёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
невіду́шчы, ‑ая, ‑ае.
Які страціў зрок; сляпы. Навошта рэкі і моры, Навошта хмары і зоры, Навошта палі і пушчы, Калі чалавек невідушчы? Дайнека. Сівабароды стары ў сівым армяку, у лапцях, з торбай, стаяў ля пераезду, паклаўшы рукі на доўгі кій і праводзячы цягнік невідушчымі вачыма. Хадкевіч. / у знач. наз. невіду́шчы, ‑ага, м.; невіду́шчая, ‑ай, ж. Нязручна было ісці невідушчаму: здавалася, вось-вось за што-небудзь зачэпішся і пляснешся. Марціновіч. // Які не заўважае, не бачыць таго, што адбываецца навокал. — Табе добра так гаварыць! — адкінулася на спінку крэсла Лёдзя і ўтаропіла перад сабою невідушчы позірк. Карпаў. Дзед Павел рынуўся ў гушчар, чапляючыся за карчы, налягаючы невідушчымі ад страху вачамі на кусты. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няві́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Маральна чысты, бязгрэшны. Нявіннае дзіця. □ Калі Алесь узняў галаву і ўбачыў.. [сястрын] прыгожы нявінны тварык, які не кранулі яшчэ ні бяда, ні гора, ні клопаты і турботы, жыцця, у самога яго твар пакрысе пачаў праясняцца. Чарнышэвіч.
2. Наіўны, прастадушны. Прыкінуўся хлопчык Нявінным такім, Як быццам бабулькі Не бачыць зусім. Гілевіч. Сумныя яго [Антуся] вочы глядзелі на ўсё гэта яшчэ ўсё з нявінным непаразуменнем. Чорны.
3. Бяскрыўдны, бясшкодны. Нявіннае жаночае какецтва.
4. Цнатлівы. Перад уяўленнем паўстала яна — нявеста — у падвянечным плацці з вэлюмам, чыстая, харошая, нявінная. Карпаў.
5. Тое, што і невінаваты. [Лабановіч:] — Праўда, Лапаткевічу і Гуліку баяцца няма чаго, бо яны нявінныя: іх подпісы не стаяць пад пратаколам. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ба́йды біць ’займацца не справай, а глупствам; плявузгаць’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб.). Рус. дыял. ба́йды бить, укр. би́ти ба́йди. Магчыма, скарачэннем на аснове ўкр. би́ти ба́йдики, рус. дыял. бить ба́йдики ’тс’ (аб гэтым Краўчук, УМШ, 1960, № 6, 60). Параўн. рус. байди́к, байтик, ба́ди́к, бадо́к, бати́к і г. д. ’палка, дубец, жардзіна’ (бить ба́йдики = рус. бить баклу́ши, да апошняга гл. Праабражэнскі, 1, 13; Фасмер, 1, 110). Слаўскі (1, 25) хоча тут бачыць bajda (ад bajati ’гаварыць’) ’пустаслоў’. Неверагодна Парасунька, НЗКіеўПІ, XXXIII, 1963, 105–109 (запазычанне з фін.-уг. моў; параўн. комі байӧг ’курапатка’; выраз азначаў лавіць курапатак’). Нас. адносіў да ба́йда ’паля’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Баламу́т ’прайдоха, ашуканец і да т. п.’ (Шат., Касп., Нас., Інстр. III, Мал., БРС), баламу́ціць. Ст.-бел. баламут, баломут, боламут, баламутити і г. д. (гл. Булыка, Запазыч.). Рус. баламу́т, баламу́тить, укр. баламу́т ’баламут; знахар’, польск. bałamącić, bałamucić, чэш. balamutiti. Здаецца, прасл. bala‑mǫtiti, bala‑mǫtъ (гл. Махэк₁, 23), дзе другая частка складанага слова да mǫtiti ’муціць’. Першая частка (bala‑) тлумачыцца па-рознаму. Агляд версій гл. Бернекер, 40; Фасмер, 1, 113; Слаўскі, 1, 26. Ідэя запазычання з манг. мовы, здаецца, зусім неабгрунтаваная. Кноблах (JČ, 1969 (2), 141) бачыць тут (як і ў слове балагу́р) экспрэсіўны прэфікс bala‑.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Касе́ц ’касец’ (ТСБМ, БРС, Сцяшк., Бяльк.). Рус. косе́ц ’тс’, укр. дыял. коси́ць ’тс’, чэш. дыял. kosec ’касец’, ’жнец’, славац. kosec (такая ж форма сустракаецца ў дыялектах славац. мовы), польск. дыял. kosiec. Параўн. далей серб.-харв. ко̀сац ’касец, жнец’, славен. kósec ’касец’. Прасл. форма *kosьcь ’касец’, ’жнец’; утворана ад прасл. дзеяслова *kositi ’касіць, жаць’ пры дапамозе суф. *‑ьcь, які ўтвараў у прасл. мове nomina agentis. Фармацыі гэтага тыпу, як можна бачыць з агляду матэрыялу ў Трубачова, Эт. сл., 11, 181, адсутнічаюць у некаторых слав. мовах (у прыватнасці, балг., в.-луж.), што яшчэ раз сведчыць аб дыялектным характары прасл. мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Неда- прэфіксальны комплекс у складзе слоў тыпу недаесці, недасеяць, недаспелы і пад., што надае дзеясловам і вытворным ад іх значэнне непаўнаты, недастатковасці дзеяння, якасці і г. д., утварыўся аб’яднаннем адмоўя не з прыстаўкай да‑ ў дзеясловах: не дакурыць > недакурыць, параўн. недаку́рак ’акурак’ (карэл., Нар. словатв.) або ў спалучэнні з прыназоўнікам да, параўн. недарэчны ’неразумны, дзіўны, бесталкова з не да рэчы; пазней пры дапамозе гэтага прыставачнага комплекса ўтвараюцца словы, якія могуць не мець суадносных утварэнняў без не-, параўн. недабача́ць ’дрэнна бачыць’ (Расторг.), недамага́ць ’адчуваць недамаганне’ (Сл. ПЗБ). Утварэнні тыпу недачалаве́к ’непаўнацэнны чалавек’ узніклі, відаць, як калькі з ням. Untermensch ’тс’. Параўн. Махэк₂, 393.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Слепанда́ (сьлепанда́) экспр. ‘сляпы, слепаваты чалавек’ (ашм., Стан.), слепе́нда ‘падслепаватая жанчына’, слепенджа́ ‘тс’ (ТС), слепандзя́ ‘пра таго, хто кепска бачыць’ (Скарбы), слепяндзя́ ‘тс’ (Сцяшк. Сл.; в.-дзв., Шатал.), слепэньдя́ ‘тс’ (бяроз., Сл. ПЗБ), сляпандзя́ ‘тс’ (віл., там жа), сьліпіньдзя́ ‘хто не сочыць за сваёй работай’ (Варл.), сляпі́ндра, сьліпідра́ ‘слепаваты чалавек’ (Янк. 3., Яўс.). Карскі (2–3, 30) лічыць новаўтварэннямі пры дапамозе складаных суфіксаў, параўн. скупянда́ (гл.). Аднак некаторыя з гэтых фармантаў (‑енда, ‑ендзя, ‑янда, ‑янджа, ‑інда, ‑індра, гл. Сцяцко, Афікс. наз., 43, 98, 108) вядомыя і ў іншых славянскіх мовах (адносна балг. ‑ендра, ‑индра гл. Младэнаў, СЕ, 4, 2, 70).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)