кало́да 1, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Кароткае тоўстае бервяно. [Мядзведзіца] пераварочвала старыя, трухлявыя калоды, заваленыя бураломам, і ў чорнай вільготнай глебе заўсёды знаходзіла пад імі мноства тлустых лічынак, чарвей і слімакоў. В. Вольскі. Калоды звязалі браты адну з адной і зрабілі моцны плыт. Якімовіч. // Абрубак тоўстага бервяна, прыстасаваны для якіх‑н. гаспадарчых або бытавых патрэб. [Гаспадар] сядзеў у адной бялізне на калодзе перад лямпаю і круціў папяросу. Чорны. У дашчанай майстэрні Ігнась з грукатам і лёскатам выпростваў на калодзе вялікія лісты бляхі. Мурашка. // перан. Разм. пагард. Пра непаваротлівага, нязграбная чалавека.
2. Вулей, зроблены з камля дуплістага дрэва. Пасека, якая налічвала не больш дваццаці вулляў, старасвецкіх калод, знаходзілася за садам і ўпіралася ў малады сасняк. Пестрак. Старасвецкі гэты вулей — выдзеўбаную дубовую калоду — прывыклі бачыць на сасне. Навуменка.
•••
Цераз пень калоду гл. пень.
кало́да 2, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Камплект ігральных карт. [Ліза і Наталля] дасталі з-за люстэрка растрыбушаную, як вага, калоду карт і варажылі. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
то́ўпіцца, ‑піцца; незак.
1. Збірацца дзе‑н. вялікай групай, утвараць натоўп. Людзі неўзабаве тоўпіліся ля кухні. Чорны. Каля невялікага доміка, што выпадкова ўцалеў паміж руін, тоўпіліся незнаёмыя людзі. Няхай. Ля параднага ўваходу тоўпяцца сямікласнікі — іх на вечар не пускаюць, ён для старэйшых класаў — ад восьмага да дзесятага. Навуменка. / Пра жывёл, птушак, насякомых. Рыбіны пачынаюць тоўпіцца і шукаць выйсця. Грахоўскі. / Аб прадметах. Вакол тоўпіліся меднастволыя сосны. Кухараў. Наверсе тоўпіліся змрочныя каменныя калоны, а за імі — уваход у нязграбную прыземістую будыніну. Б. Стральцоў. / Пра думкі, пачуцці і пад. Розныя думкі тоўпіліся ў галаве, але ўсе яны былі пякучыя, і сэрца ныла, ныла. Марціновіч. Малюнкі з пражытага, з мінулага тоўпяцца, праплываюць карагодам, вярэдзяць сардэчныя раны. Місько.
2. Абл. Умяшчацца дзе‑н., у чым‑н. [Аўтобус] быў малы, і ў Востраве на прыпынку не маглі ўсе сесці — не тоўпіліся. Пташнікаў. / Пра думкі, радасць і пад. — Добры дзень, Вера! — голасам, у якім не тоўпілася радасць, прамовіў Мікалай. Дамашэвіч. Не тоўпілася ў яго местачковай галаве, каб яго сястра Фрэйда зрабілася свінаркай. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
като́к 1, ‑тка, м.
1. Пакрытая лёдам гарызантальная пляцоўка для катання на каньках. А на катку кружыліся, праносіліся віхрам канькабежцы. Шыцік.
2. У будаўніцтве — прычапная ці самаходная машына, якая ўласнай вагою ўшчыльняе грунт, дарожныя пакрыцці і інш. На тэрыторыі завода з’явіліся вялікія каткі: заўтра пачнуць асфальтаваць галоўны праезд. «Беларусь».
3. Сельскагаспадарчая прылада для выраўноўвання глебы і здрабнення на ёй коркі.
4. Круглая драўляная калодка, на якой перакочваюць цяжкія прадметы. Перакочваць бярвенне на катках. □ Васілінка знаходзіць драўляны каток, бярэ ў запечку вілкі.., падважвае імі чыгун. Ус.
5. Абл. Кола (у 1 знач.). Дзесьці наперадзе плюхаў па лужынах конь, а каткі каціліся роўна, і шуршэў пад каткамі вільготны пясок. Галавач.
като́к 2, ‑тка, м.
1. Памянш.-ласк. да кот.
2. Ласкавы зварот да хлопчыка. — Ну, цяпер, каток ты мой, — казаў дзед да Андрэйкі, — аддасі мне свісцёлку на той час, пакуль ліст напішаш. Бядуля.
като́к 3, ‑тка, м.
Суквецце дробных кветак у выглядзе маленькіх пушыстых тронак (на вярбе, лазе і інш.). Жоўтыя пухаўныя каткі звісалі на вербалозінах, купаючыся на сонны і склікаючы пчолак і чмелікаў. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ледзь, прысл. і злучн.
1. прысл. Чуць, злёгку, нямнога. Ледзь жывы. Ледзь прабіваецца святло. Ледзь чутна. □ Каміны ледзь выглядалі з віхрастай саломы на стрэхах. Чорны. З ледзь улоўным слыху шорахам падала з дрэў пажоўклае лісце. М. Ткачоў.
2. прысл. Разм. Насілу, з вялікімі цяжкасцямі; ледзьве. Праваднік прыкметна прыбавіў кроку, мы ледзь паспявалі за ім. Анісаў. Лодка ледзь прадзіралася цераз гушчэчу зеляніны. Лобан.
3. прысл. (у спалучэнні з адмоўем). Амаль, чуць не. Госці склалі свае рэчы на падлозе, заняўшы імі ледзь не палову пакоя. Корбан. Зблізу, ледзь не з-пад ног, раптам, як стрэл, вырваўся пагрозны свіст. Мележ.
4. злучн. часавы. Ужываецца ў складаназалежных сказах з даданымі часу пры імгненнай змене падзей. Ледзь бліснула такая думка, і .. [Лялькевіч] увесь скалануўся, пачырванеў. Шамякін. / У спалучэнні з масавым злучнікам «толькі». Ледзь толькі вадзіцель марудна .. выпаўз з люка, Нолышаў паставіў яго ў струнку, сказаў ад сэрца некалькі сярдзітых слоў. Мележ.
•••
Ледзь вынесці ногі гл. вынесці.
Ледзь дацягнуць ногі гл. дацягнуць.
Ледзь дыхаць гл. дыхаць.
Ледзь ногі носяць гл. нага.
Ледзь ногі цягаць (валачы, перастаўляць) гл. цягаць.
Ледзь трымацца на нагах гл. трымацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зраўня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.
1. Зрабіцца роўным, гладкім; выраўняцца. Пасля такога здарэння [узрыву карабля] на зямлі застаўся б след на многа гадоў, а на вадзе ў тую ж хвіліну ўсё зраўнялася. Кулакоўскі.
2. Зрабіцца аднолькавым з кім‑, чым‑н. па вышыні, узроўню і пад. Курганок, прысыпаны рудой ігліцай, асеў і амаль зраўняўся з зямлёй. Б. Стральцоў. Як толькі дрэвы абедзвюх народ зраўняюцца па вышыні, паміж імі ўзнікае «барацьба». Гавеман.
3. Рухаючыся, апынуцца побач, на адной лініі з кім‑, чым‑н. Трактарыст, які ўжо зраўняўся з нампалітам, заўважыў яго ссунутыя ў суцэльную лінію калматыя бровы. Паслядовіч. Калі вазы зраўняліся, семінарыст пазнаў.., што жанчына ў чорнай капоце, якая сядзела побач з Адасем Камароўскім, гэта Алеся. С. Александровіч.
4. Стаць роўным каму‑, чаму‑н. у якіх‑н. адносінах; параўняцца. Стараючыся хоць як-небудзь зраўняцца з хлопцамі, якія абагналі яго ў вучобе, Сяргей чытаў кнігу за кнігай. Навуменка. // Аказацца пастаўленым нароўні з кім‑, чым‑н. У джунглях жыў вялізны Слон, І быў бязмерна моцны ён, — З ім сілаю ніхто не мог зраўняцца. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ра́зам, прысл.
1. Сумесна, у сукупнасці з кім‑, чым‑н. І радасць уцехі, і горкія слёзы Дзялілі вы, разам ў жыцці ідучы. Броўка. [Пніцкі:] — Адзін скажа, другі скажа, дык яно разам як збярэцца — паглядзіш тады, дык яно нешта і выходзіць. Чорны. — Ну што? наеліся аладак? — Жартуе дзядзька тут з малымі Ды йдзе ўжо ў хату разам з імі. Колас. Чаму заўсёды ходзяць разам, Заўсёды разам — боль і радасць? Мацяш.
2. Разм. Адначасова. — Чаго ж бо ты цягаўся па падворку? — з ціхай ласкаю і разам з нейкім дакорам сказала маці. Колас. Канчаўся адлёт жураўлёў, а разам з ім і пагодлівае бабіна лета з яго белымі туманамі, павуцінай на ржышчы і барвовай квеценню лісцяў. Асіпенка. Хоць снягоў на дрэвах пена, Хоць займае вецер дух, — На дварэ заліўся певень Разам з песняй маладух. Янішчыц.
3. У адзін прыём. Амаль улабкі са мной прывіталася Алена Іванаўна. Не разабраўшы, што яна такое сказала мне, я адказаў ёй разам: — Ага, добры дзень. Ермаловіч.
4. Усяго (агульная сума чаго‑н.).
•••
Разам з тым — у той жа час, адначасова.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
саро́мецца, ‑еюся, ‑еешся, ‑еецца; незак.
1. Адчуваць сорам, няёмкасць за свае паводзіны, учынкі і пад. [Максім] лавіў сябе на тым, што зайздросціць Мікодыму, і саромеўся гэтага. Машара. Пра гісторыю з лыжамі Воўка саромеўся расказваць у класе. Кавалёў. Пасля.. [Саша] прызналася, што саромелася свайго беднага ўбрання: яна была з беднай сям’і, расла без маці. Шамякін.
2. Адчуваць няёмкасць, бянтэжыцца, канфузіцца. Анежка ж, апынуўшыся ўпершыню на такой адзіноце з.. [Алесем], саромелася і таксама маўчала. Броўка. З імі быў Пеця Зварыкін — ціхі, непрыкметны юнак з доўгімі рукамі, якіх ён вельмі саромеўся і таму заўсёды трымаў за спіной. Васілёнак. // з інф. Не адважвацца рабіць што‑н. з-за няёмкасці, сарамлівасці. [Санька] падцягваць саромеецца, бо вельмі ж у яго тонкі голас супраць баса дзядзькі Якуба. Якімовіч. Валя саромеецца хадзіць на гэтыя вечарынкі і сядзіць вось так доўгімі вечарамі. Шамякін.
3. (звычайна з адмоўем). Не цырымоніцца з кім‑н.; дзейнічаць бессаромна, бесцырымонна. — Жылаваты чалавек ты, браце! — падумаў Лабановіч: — Нават за напісанне ліста не саромеешся браць сала. Колас. Не саромеўся [Андрэй] нахлусіць сябру пяць карабоў з коптурам, каб толькі выставіць сябе перад ім ад важным і смелым. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
става́ць, стае; безас. незак. чаго.
1. Хапаць чаго‑н. для каго‑, чаго‑н. [Пан жываглот] Сам не сеяў, не араў, Ледзь нагой пераступаў, А ўсяго яму ставала — Хлеба, солі, круп і сала. А. Александровіч. Без елкі на Новы год несвяточна, вядома, і добра, што ў Беларусі елак на ўсіх стае. Лось. У новую экспедыцыю .. выбрацца не ўдалося, — не ставала сродкаў. Самуйлёнак. Кніг не ставала, беларускія трапляліся мала калі, знаёміцца з імі можна было хіба што назіркам. Лужанін.
2. Мець магчымасці, сілы, здольнасці рабіць што‑н. Асвоіў Сяргей Кірылавіч спецыяльнасць мадэльшчыка. Рукі ж дужыя, працавітыя. І чарцяжы чытаць сваёй галавы ставала. Мыслівец. Нясу табе і радасці і болі, — Тут смеласці і шчырасці стае. Матуля, не цураўся я ніколі Ні мовы, ні гісторыі твае. Тармола. Любе хацелася нешта сказаць, усёй істотай імкнулася яна перарваць маўчанку, але быццам не ставала рашучасці. Мурашка. — А, — махнуў рукою малады цясляр, — няхай вучыцца той, у каго свайго розуму не стае. Якімовіч.
•••
Клёпкі ў галаве не стае — тое, што і клёпкі ў галаве не хапае (гл. хапаць).
Як (колькі) моцы стае — з усяе сілы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ужы́ць 1, ужыву, ужывеш, ужыве; ужывём, ужывяце; зак. (пераважна з адмоўем «не»).
Змагчы жыць, пражыць дзе‑н., з кім‑н.; ужыцца. Там ніхто не ўжыве. □ [Соня:] — З табою ні адна не ўжыве, ні адна не зразумее... Сачанка.
ужы́ць 2, ужыву, ужывеш, ужыве; ужывём, ужывяце; зак., што.
1. Прымяніць што‑н. для чаго‑н., з якой‑н. мэтай. Ужыць новы метал. Ужыць строгую меру. Ужыць зброю. □ [Лявон:] Тут смеласць не паможа, хітрасць ужыць трэба! Козел. Лена ведала ўсе .. прапісныя педагагічныя ісціны з тэхнікума тэарэтычна, а як іх ужыць на практыцы, цяжка было нават уявіць. Няхай. // Знайсці прымяненне чаму‑н. Ёсць дзе папрацаваць .. спецыялісту, ужыць свае веды. «Звязда».
2. Выкарыстаць, скарыстаць, прымяніць дзе‑н. Напярэдадні пасяджэння .. [Дывінец] ужыў, нарэшце, разец сваёй канструкцыі і за змену выканаў сем дзённых норм. Асіпенка. І сказаць папраўдзе,.. [Алёша] не ведаў, як абысціся з імі [грашамі], на што растраціць, як іх ужыць. Васілевіч. // Выкарыстаць на пісьме, у мове, абыходжанні і пад. Дзед любіў пры зручным выпадку ўжыць навуковае слова. Лынькоў. [Піліп Тарасавіч] гатовы цяпер ужыць любую метафару, абы выбіць з-пад ног грунт у праціўніка. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
даль, ‑і, ж.
1. Далёкі прастор, бачны вокам; прасцяг, шыр. [Ірыне] падабалася быць увесь дзень пад сонцам і ветрам, любавацца неабсяжнымі палявымі далямі. Шахавец. За лясочкамі, за гаем Далі, лёгшы сінім морам, Вабяць душу мне прасторам. Колас. З узгоркаў перад Алаізаю на ўсе бакі раскрывалася даль. Арабей. // Вялікая прастора, адлегласць, якая раздзяляе каго‑, што‑н. Дружбакі жывуць не побач, Пралягла між імі даль, Палавіна ўсёй Еўропы Паміж хлопцамі амаль. Кірэенка. Але знаю — з табой, з родным краем Даль не зможа мяне разлучыць. Прыходзька.
2. (звычайна з азначэннем). Далёкае месца, вельмі аддаленая мясцовасць. Зайшоў у такую даль. □ З далёкай прыамурскай далі Хацеў я ўбачыць бераг свой. Гаўрусёў. Цаліну штурмаваць вёз цягнік нас імклівы, У далёкую даль, у нязведаны край, Вёз на подзвіг — і быў я бясконца шчаслівы... Гілевіч. Мы шляхі пракладаем У касмічныя далі, На ўвесь свет палымнее наш сцяг. Журба. // а таксама чаго. Аддалены ўчастак чаго‑н. Засланяючы даль краявіду, Ўзняліся ўгару тэрыконы. Аўрамчык. // Пра аддаленыя (у мінулае або ў будучае) часы. Праходзіў час, плылі нядзелі, Далёка бежанства, шпіталь, І дні дзяцінства адляцелі Кудысь у выцвіўшую даль. Колас. Мала заглядваючы ў паперы, Званец гаварыў пра захапляючую сямігадовую даль, якую расхінуў перад краінай з’езд партыі. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)