перакрэ́сліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.
1. Правесці ад краю і да краю чаго‑н. рысу, лінію або дзве перакрыжаваныя рысы, лініі. Над лесам маланка перакрэсліла неба, і данесліся першыя раскаты грому. Гроднеў. [Страла] наўскасяк перакрэсліла неба і схавалася амаль у самым зеніце. Гамолка. // Перасячы што‑н. у розных напрамках (пра маршчыны, шрамы і пад.). Глыбокія зморшчкі перакрэслілі твар, вочы выцвілі. Чарнышэвіч.
2. Закрэсліць поўнасцю, цалкам (пра напісанае, намаляванае і пад.). Перакрэсліць стары план і скласці новы. □ Перакрэсліў Уладзімір.. свой нарыс пра каханне і пад посвіст бомб напісаў рэпартаж аб навуцы нянавісці. «Звязда». // Закрэсліць што‑н. у многіх месцах; скрэсліць. // перан. Перастаць браць што‑н. пад увагу, надаваць чаму‑н. значэнне; адкінуць, звесці на нішто. Не верылася Ізе, што паміж імі ўсё скончана. «Ці ж можна так, адным махам, перакрэсліць былое? Забыцца на ўсё светлае, перажытае разам?» Пальчэўскі. [Салагуб:] — Я веру, Максім, што з табой здарылася прыкрая рэч, што арышт перакрэсліў твае спадзяванні і мары. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)