Сце́рва ’падла’, ’лаянкавае слова’ (Нас.), ’труп здохлай жывёлы’ (Ласт.), ’лаянкавае слова на жанчыну’ (Маш., Пятк. 2), стэ́рва (stérwa) ’тс’ (Федар. 4), сце́рва ’подлы чалавек’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), сце́рво ’падла’ (ТС, ПСл). Укр. сте́рво, рус. сте́рва ’падла; лаянкавае слова’, ст.-рус. стьрва, стьрвь ’труп’, польск. ścierw, ścierwo ’падла’, каш. sciř, в.-луж., н.-луж. śćerb ’тс’, серб.-харв. стр̑в ’тс’, балг. стръв ’падла; прынада, мяса на прынаду’, макед. стрв ’жарсць, корць, азвярэнне’. Прасл. *stŕ̥vь, *stŕ̥vi ’падла; труп жывёліны, які гніе’ < і.-е. (s)ter‑ ’нячыстая вадкасць, гной; гніць’ з суф. *‑vь < *u̯‑ī‑; гл. Борысь, 612–613; параўноўваецца з лат. *stḕrdêt ’сохнуць, гнісці’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1063), нарв. дыял. stor ’гніенне, тленне’, лац. stercus ’гной, памёт’, ст.-пярс. strav‑ ’апаганьваць сябе’; гл. Фасмер, 3, 756–757 з іншай літ-рай. Паводле іншай версіі, слова роднаснае рус. сте́рбнутьрабіцца жорсткім, дранцвець’, с.-в.-ням. sterben ’паміраць’, грэч. στερεός ’нерухомы’; гл. Патабня, РФВ, 4, 212; Праабражэнскі, 2, 383. Гл. яшчэ SEK, 4, 254–255; Шустар-Шэўц, 1273; Глухак, 591; ЕСУМ, 5, 410. Спробы, грунтуючыся на серб.-харв. дыял. стр̑в ’смецце’, параўн. таксама стр́вим ’раскідаць, рассыпаць, разарваць на часткі’, звязаць з *terti, гл. церці (Пятлёва, Этимология–1994–1996, 57- 64), або, абапіраючыся на балтыйскія адпаведнікі, вярнуцца да сувязі з *sterti, гл. сцерці, ці рус. стербнуть (Тапароў, Зб. Варбат, 394–396), не пераконваюць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тушы́ць1 ‘гасіць, спыняць гарэнне’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Яруш., Сержп. Прымхі, ТС, Юрч. Сін., Вруб.): pierunovy ahoń hrech tuszyć (Пятк. 2), перан. ‘спыняць, заглушаць, не даваць развівацца’ (ТСБМ). Параўн. укр. туши́ти ‘гасіць, супакойваць’, рус. туши́ть ‘тс’, стараж.-рус. утушити ‘задушыць’. Прасл. *tušiti ‘тушыць, супакойваць, рабіць ціхім’ — каўзатыўны дзеяслоў у адносінах да *tuxnǫti (гл. тухнуць1), з якім знаходзіцца ў этымалагічнай сувязі (Борысь, 655), роднасны ст.-прус. tusnan ‘ціхі’, літ. tausýtis ‘сціхнуць (пра вецер)’, ст.-інд. tosáyati ‘супакойвае’, што да < і.-е. *tou̯s‑ ‘ціхі, мірны’ (Скок, 3, 528; Фасмер, 4, 128; ЕСУМ, 5, 687). Сюды ж адносіцца запазычанае са ст.-польск. tuszyć ‘спадзявацца, мець надзею’ ст.-бел. тушити, тушыти ‘тс’ (1577 г., ГСБМ) з развіццём значэння ад ‘супакойвацца, суцішацца’ да ‘спадзявацца’ (Борысь, 655; ЕСУМ, 5, 689), што можа лічыцца семантычнай інавацыяй часткі іранска-праславянскага моўнага арэала (Трубачоў, Труды, 2, 83).

Тушы́ць2 ‘варыць на малым агні ў закрытай пасудзіне’ (ТСБМ, Нас., ТС, Касп.). Укр. дыял. туши́ть ‘тс’, рус. туши́ть ‘тс’, польск. дыял. túszyć, побач з tusić, dusić ‘тс’, харв. túšiti, балг. задуша̀вам ‘тс’. Гістарычна фармальна ідэнтычнае прасл. *tušiti (гл. тушыць1); варыянтнасць асновы слова ў розных славянскіх мовах тлумачыцца кантамінацыяй ці застаецца няяснай (Скок, 3, 528; Слаўскі, 1, 180; Махэк₂, 135).

Тушы́ць3 ‘рабіць тухлым’, тушы́ццарабіцца тухлым’ (Юрч. СНЛ). Да ту́хлы (гл.) з чаргаваннем х > ш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Марката́, маркота́, моркота́ ’сум, туга, журба’, ’клопат, турбота, перажыванне’ (ТСБМ, Нас., Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), маркотна, моркотно ’сумна’ (маг., паўд.-усх., КЭС; калінк., З нар. сл., ТС), маркотны(й) ’сумны, тужлівы, сонны’ (ТСБМ, Грыг., Мал., Мядзв., Яруш., Бяльк., Растарг., Шат., Касп.; КЭС, лаг.), маркоціць ’тужыць, прыводзіць у сум, журбу’, маркоціцца ’сумаваць, журыцца’, ’чакаць, нічога не рабіўшы’ (ТСБМ, Нік. Очерки, Яруш., Шат., Касп., Бяльк.; КЭС, лаг.; лях.), ’хіліць на сон’ (Сл. ПЗБ), марката́ць, моркіта́ ты, моркота́ты ’буркаваць (пра птушак)’ (паўн.-усх., КЭС; Сержп. Грам.), ’тс’, ’мармытаць’ (Доўн.-Зап., пін.), маркату́н, марко́тны ’сумны, маўклівы чалавек’ (Нас.). Укр. моркота ’трывога, непакой’, ’дрэнны настрой’, миркотати ’мармытаць’, ’гаварыць незразумелае’, ’наракаць’, мо́ркнути ’бурчаць’, рус. моркота́ть ’тс’, мо́ркотно, морко́тно ’сумна, тужліва, надакучліва, турботна’, моркотать пск., цвяр. ’мармытаць’, ’наракаць’, смал. ’муркаць, пець курну’, польск. markotać ’бурчаць’, markotny ’маркотны’, markotniećрабіцца тужлівым’, margocić się ’засмучацца’, чэш. ляш. mrkotny ’заспаны, заплаканы’, mrkotati ’сварыць’, славац. mrkotný ’раззлаваны, непрыемны, з дрэнным настроем’, славен. mřkniti ’бурчаць’, ’гудзець (аб насякомых)’. Прасл. mъrk(o)tati ’бурчаць’. Фасмер (2, 656) дапускае гукапераймальнае паходжанне. Махэк₂ (380) мяркуе, што паводле семантыкі чэшскіх лексем гэтыя словы перш-наперш азначалі благі душэўны стан, а потым адмоўны душэўны настрой. Ён адносіць іх да і.-е. асноў, збліжаючы генетычна з брэтон. morchet і карн. moreth ’хлопаты, мітрэнгі, злосць, бурчанне’, а таксама з хецк. markiya ’адкідаць, адвяргаць, не ўсхваляць’ (Кноблах, Kratylos, 4, 39). Кюнэ (76) мяркуе, што бел. маркотны запазычана з польск. мовы. Мартынаў (вусн. паведамл.), як і Махэк, лічыць гэту лексему кельтызмам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сцяць1 ’ссячы, зрэзаць’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Касп., Шат., ТС, Сл. ПЗБ; зах., ЛА, 5; Варл., Сцяшк.). Мяркулава (Этимология–1975, 62–63) мяркуе, што сцяць1 мае агульнае паходжанне са сцяць2, але гэты дзеяслоў больш позні без індаеўрапейскіх паралеляў; развіццё значэння ’цягнуць’ → ’біць, удараць’ → ’сячы’; далей гл. цяць.

Сцяць2 ’абхапіўшы сціснуць’, ’сціснуць (грудзі, горла), перашкаджаючы дыхаць’, ’шчыльна злучыць (губы, зубы, пальцы і пад.)’ (ТСБМ), ’злучыць, сціснуць’ (Байк. і Некр., Варл., Шат., ТС; палес., ЛА, 5), ’ударыць’ (зах., цэнтр., ЛА, 5), сця́цца ’пакрыцца тонкім лёдам, замерзнуць’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк.; ашм., Стан.; ЛА, 5), ’пасварыцца, пацапацца’ (Сл. ПЗБ), сціна́ць ’перахопліваць дыханне’ (Гарэц.), ’шчыльна змыкаць, сціскаць, сашчамляць’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ), сціна́цца ’пакрывацца тонкім лёдам’ (Сл. ПЗБ, Варл., Сцяц. Сл.), ’дрыжаць’ (ЛА, 5), ’сварыцца або біцца’ (Нас.), ’замярзаць’, ’туляцца, хавацца’ (Бяльк.), сці́нка ’схватка, сутычка’ (Нас.). Укр. стина́ти ’сціскаць (зубы)’, стина́тися ’пачаць спрэчку, бойку, схапіцца’, дыял. ’згусаць, ссядацца (пра малако)’, стараж.-рус. сътѧтисѧ ’згусціцца’, польск. ścięta (krew) ’згуслая (кроў)’, славен. stéti se ’згуснуць (аб крыві)’. Прасл. *sъtęti (), *stinati () ’сцягвацца’, ’гуснуць, рабіцца больш шчыльным’ да і.-е. *ten‑ ’цягнуць, нацягваць’, ’рабіць больш густым (аб малацэ, вадзе, паветры)’. Буга (Rinkt., 2, 318) прыводзіць у якасці паралелі літ. tẽna, tenėti ’згусаць, застываць, гусцець’; параўн. сцягнуць, цягнуць. Гл. Мяркулава, Этимология–1975, 52 і наст.; ЕСУМ, 5, 485. Параўн. яшчэ сціна́цца ’плакаць, аж выпроствацца’ і сціга́цца ’крычаць, аж выпроствацца’ (Бяльк.), сцяна́цца, сцяга́цца ’роспачна плакаць’ (Юрч. Сін.), а таксама серб.-харв. сте́гнути зубе ’сцяць зубы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́ліцца ’паводзіць, уяўляць сябе як малое дзіця’ (Янк. 3., Нас., КЭС, лаг.), ’змяншаць гады’ (пух., З нар. сл.; віл., Жыв. сл.), ма́ліць ’прадстаўляць малым, змяншаць’ (Нас., Касп.), малі́цца ’прыкідвацца малым’ (ТС). Укр. малі́ти ’змяншацца’, мали́тисярабіцца меншым’, ’паводзіць сябе па-дзіцячаму’, рус. ма́лить ’змяншаць’, ст.-рус. малити (XIII ст.). Польск. maleć ’змяншацца, станавіцца малым, меншым’, чэш. máliti se ’значна змяншацца’, славац. maliť sa ’тс’, серб.-харв. ма́лити, макед. мали се, балг. малея. Прасл. maliti ’змяншаць, рабіць меншым’. Бел.-укр. ізасема. Да малы́ (гл.).

Маліцца ’звяртацца да бога, святых’, ’вельмі моцна прасіцца’, ’абагаўляць’, ’дагаджаць’ (віл., Сл. ПЗБ), малі́ць ’надта прасіць, умольваць’ (ТСБМ, Нас., Шат., Яруш.; КЭС, лаг.), браг. маліць ’маліцца’ (Мат. Гом.). Укр. моли́тися ’маліцца’, моли́ти ’маліць, упрошваць’, рус. молиться ’маліцца, чытаць малітву’, ’прасіць’, ’пераканаўча, настойліва прасіць’, польск. modlić (się) ’маліцца’, ’моцна прасіць’, н.-луж. modlić se ’маліцца’, в.-луж. modlić so ’тс’, ’дагаджаць’, чэш. modliti se ’маліцца’, ’абагаўляць каго-небудзь’, славац. modliť sa ’маліцца’, славен. móliti, mòdliti, серб.-харв. мо̀лити, макед. моли, ’прасіць літасці’, моли се ’маліцца’, балг. моля ’прашу’, моля се ’малюсь’, ст.-слав. молити. Прасл. modliti ’прасіць, звяртаючыся да багоў, прыносячы ім ахвяру’, ’ахвяраваць’. І.‑е. адпаведнікі: балт. (тут заканамерна ‑ld‑, у той час як у прасл. мове яшчэ да метатэзы tolt/trat адбылася мена ld > dl з прычыны аманіміі з групай слоў moldъ ’малады’): літ. maldá ’просьба’, maldýti ’маліць, упрошваць’, mel̃sti ’прасіць’, ’маліцца’, хецк. maltāi ’прасіць, гаварыць’, арм. małthem ’упрошваю’, ст.-в.-ням. melda ’плёткі’, meldôn ’заяўляць’, і.-е. *meldh‑ ’рытуальная прамова ў богаслужэнні’ (Покарны, 722; Міклашыч, 119; Бернекер, 2, 65; Фасмер, 2, 642; Махэк₂, 371–372; Скок, 2, 451–452; Бязлай, 2, 193). Прасл. modliti пранікла ў прагерм. maþljan ’заклікаць, звяртацца з урачыстай прамовай, абяцаць’ (Мартынаў, Лекс. взаим., 170–172).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарапі́цца1 ’спяшацца’ (Бяльк.; паст., навагр., Сл. ПЗБ), сюды ж таро́пкі ’які спяшаецца’ (ТСБМ), тарапкі́ ’паспешлівы, жвавы’ (Ян.), тарапо́к, тарапу́н ’хто заўсёды спяшаецца’ (Барад.), торопʼя́к ’паспешлівы, хапатлівы чалавек’ (Клім.), тараплі́вы ’хуткі ў рабоце’ (дзятл., ЛА, 3), ’паспешлівы, хапатлівы’ (паст., Сл. ПЗБ), торопли́вый ’тс’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Укр. дыял. торо́пи́ти ’прыспешваць’, рус. торопи́тъ ’тс’, торопи́ться ’спяшацца’, чэш. дыял. trap ’спех’, серб.-харв. тра̀пати ’хутка ісці, спяшацца’. З прасл. *torpiti, якое не мае агульнапрынятай этымалогіі. Звязваюць з *torpěti ’бянтэжыцца, ніякавець, адчуваць нязручнасць’ (Чарных, 2, 252; Анікін, ОЛА, Исследов., 1984, 287 і наст.); супастаўляюць з грэч. τρέπω ’паварочваю’, лац. trepit ’паварочвае’, ст.-інд. trápatē ’бянтэжыцца’ (першапачаткова ’адварочвацца’), tṛpráḥ ’неспакойны’ (Вальдэ-Гофман, 2, 702; Персан, Beitr., 954), адкуль першаснае значэнне ’вёрткі’; мяркуюць, што можа быць роднасным да літ. tarpà ’працвітанне, зрастанне’, tar̃pti ’працвітаць’, лат. tãrpa ’сіла, здатнасць’, tãrps ’дужы’, ст.-інд. tṛ́pyati (tṛpṇṓti, tárpati) ’насычаецца, атрымлівае задавальненне’, грэч. τέρπω ’насычаю, радую’ (Фасмер, 4, 85 і інш.). Звязваюць з літ. stropė́i ’быць старанным’, stropiti ’зрабіцца старанным’ (Махэк₂, 649). Пра магчымую сувязь з гукапераймальнымі словамі гл. Копечны, Зб. Младэнаву, 378. Гл. тарапат.

Тарапі́цца2 ’ўглядацца, пужліва насцярожвацца (пра каня)’ (Мал.), сюды ж торопі͡еті ’здрыгануцца, скалануцца’, торо́пко ’са страхам’ (Вруб.), таро́пно ’страшна’ (Скарбы). Укр. торопи́тися ’баяцца’, рус. торопе́ть ’бянтэжыцца, пужацца, палохацца’, польск. tropić się ’бянтэжыцца, ніякавець’, в.-луж. trapić so ’быць прыгнечаным; палохаць’, славен. trapiti ’мучыць; дакучаць’, балг. тра́пен ’збіты з панталыку, азадачаны’. З прасл. *torpěti ’палохацца’, якое звязана з *torpiti ’прыспешваць’, *t​ьr̥pěti ’цярпець’. Роднаснае да лац. torpeo ’знаходжуся ў здранцвенні, аслупяненні’, літ. stróptiрабіцца сухім, цвёрдым (пра печыва)’ з развіццём семантыкі ’цвёрды’ — ’здранцвелы’ — ’спалоханы’ (Фасмер, 4, 85–86; Брукнер, 575; Чарных, 2, 252; ЕСУМ, 5, 607; Голуб-Ліер, 487, 491; Шустар-Шэўц, 1525). Гл. торап.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тума́н ‘імгла, імжа; густое непразрыстае паветра’ (ТСБМ, Бяльк., Байк. і Некр., Сцяшк., Арх. Вяр., ТС, Сл. ПЗБ, Вруб.): туман — гэто пара, якая падымаецца з вады (Сержп. Прымхі), ‘тое, што перашкаджае добра бачыць, што засцілае зрок’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ); туман слі͡епіць (Сержп. Грам.), тума́нь ж. р. ‘імгла’ (стол., Нар. лекс., Сл. Брэс.), ту́ман: туманом худыты ‘хадзіць без мэты’ (брэсц., Ск. нар. мовы), тумано́к ‘невялікі туман’ (Кліх, Юрч. СНЛ), тума́нішча ‘густы туман’ (Мат. Гом.); тума́н ‘абман, чмута’ (Нас., Некр. і Байк.): tumán ŭ oczy puskáje (Федар. 4), ‘неадукаваны, цёмны чалавек’ (ТС), туман напусціць ‘адурманіць, падмануць’ (ТС). Укр. ту́ман, тума́н ‘імгла’ ‘дурань’, рус. тума́н ‘імгла’, ‘хмара’, польск. tuman ‘воблака пылу’, ‘тупы чалавек’, балг. туман ‘імгла’, ‘пыл’, радоп. дума́н ‘тс’. Запазычана з цюркскіх моў: чагат., казах., кірг., караім., узб. tuman, башк., крым.-тат. томан ‘імгла’, тур. duman ‘дым, туман’, ‘пыл’, якія выводзяцца з цюрк. tum(a) ‘завалакаць, засцілаць, ахутваць’. Крыніцай паўднёвацюркскіх форм з пачатковым д‑[d‑] з’яўляюцца, аднак, індаеўрапейскія мовы: авест. dunman ‘туман’, dvąnman‑ ‘хмарка’, перс. dūdmān ‘дым’, ‘куродым, сажа’ (Фасмер, 4, 119; ЕСУМ, 5, 674–675; Арол, 4, 116; Аткупшчыкоў, ЭИРЯ, 4, 141; Жураўлёў, Язык и миф, 830). Сюды ж тумане́ць ‘з’яўляцца (аб тумане)’ (Шат.), тума́ніць ‘падманваць, пускаць пыл у вочы; затуманьваць, чмуціць’ (Нас., Некр. і Байк.), ‘адурманьваць’ (Шат.), ‘засцілаць, закрываць сабой (пра пыл, дым)’, ‘завалакаць (вочы)’, ‘пазбаўляць здольнасці ясна разумець, успрымаць’, ‘блытаць’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), ‘курыць (самасад)’ (Юрч. СНЛ), ‘піць, баляваць дужа шчыра’ (Вушац. сл.), ‘ілгаць’ (гродз., ЖНС), туманіць вочы (галаву) ‘задурваць, падманваць’ (Юрч. Фраз.), тума́ніцца ‘губляць разважлівасць’ (Нас.), ‘угаворваць’ (свісл., Шатал.), ‘рабіцца няясным ад слёз у вачах’ (ТС), тума́ненне ‘падманванне’ (Юрч. Вытв.), ‘выпрошванне шляхам ліслівасці’, тума́нны ‘ілжывы, ліслівы’, тума́нка ‘ашуканка’, ‘дакучлівая просьбітка’, тума́ншчык ‘хлус’ (Нас.), тума́ннасць ‘густы туман’, ‘вялікая колькасць зорак у адным месцы далёка ад зямлі’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

блы́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. толькі мн. Бязладна пераплятацца (пра ніткі, валасы, дарогі і пад.). У лагчынах, далёка, туліліся да зямлі палявыя хаты, — далі там былі дымна-сінімі, і вузкімі стужкамі блыталіся дарогі. Чорны.

2. Чапляцца за што‑н., заблытвацца. Ногі спатыкаліся на барознах, блыталіся ў густым бульбяніку і непрыемна нылі пад каленьмі. Брыль. [Провад] блытаўся ў парастках маладых раслін. Новікаў. З шашы на наш гарод за хату мякка каціўся белымі клубкамі пыл, блытаўся ў густым частаколе. Адамчык.

3. Збівацца; рабіць, гаварыць няправільна, няясна, недакладна. Брыгадзіры дакладвалі па чарзе і, непадрыхтаваныя, блыталіся, увачавідкі выдумваючы лічбы і стараючыся давесці, што нічога страшнага няма. Хадкевіч. [Стэфа:] — Другое пытанне было па тэхніцы бяспекі. Я не блыталася, адказвала хутка і дакладна. Савіцкі. Васька блытаўся, чырванеў і ніяк не мог выказаць таго, што хацеў. Пянкрат.

4. Траціць яснасць, дакладнасць, рабіцца бязладным (пра думкі, словы і пад.). З явай блытаўся сон. Куляшоў. Усё пачало блытацца ў.. свядомасці [Барыса]. Мікуліч. Раман ішоў дамоў, і супярэчлівыя думкі блыталіся ў яго галаве. Чарнышэвіч.

5. Разм. Пераходзіць з месца на месца, сланяцца; блукаць. Каго мог цікавіць мурзаты падлетак, які блытаўся з вёскі ў вёску, свецячы парванымі каленямі. Дуброўскі. Мікіта доўга блытаўся па затонскіх хатах, покі не знайшоў старшыню праўлення Лукаша Гулака. Колас. Ды яшчэ ці мала людзей блыталася па нізкіх кустах, па мокрых алешнікавых паплавах, у гушчарніках лазовых за рэчкамі. Чорны.

6. Разм. Падтрымліваць сувязь з людзьмі, паводзіны якіх выклікаюць неадабрэнне. Блытацца з падазронай кампаніяй.

7. Разм. Невыразна, блытана вымаўляць, гаварыць (пра язык). Хутка язык пачынаў блытацца, і поп плёў абы-што. Галавач.

8. Зал. да блытаць.

•••

Блытацца пад нагамі — замінаць, перашкаджаць каму‑н.

Ногі блытаюцца гл. нага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Жо́ўкнуцьрабіцца жоўтым, жаўцець (пра зеляніну)’ (ТСБМ). Рус. же́лкнуть, укр. жо́вкнути, польск. żółknąć, славац. žltnúť, дыял. žlknuť, балг. жлътвам се, серб.-харв. жу̏тнути ’жоўкнуць’, чэш. žluknouti ’набываць непрыемны запах і горкі смак, псавацца (пра тлушч)’, славен. žółgniti, žółkniti ’псавацца (пра арэхі, муку і г. д.)’. Балг., серб.-харв., славац. формы з ‑t‑ адлюстроўваюць кантамінацыю з жоўты (гл.). Для іншых рэканструюецца прасл. *žьlknǫti са значэннем ’псавацца, горкнуць, жоўкнуць (пра зеляніну)’, дзе ‑nǫ‑ti — дзеяслоўныя суфіксы. Элемент *žьlk‑ (Брукнер, 665) выступае ў значэнні ’горкі’ (жоўклы агурок, жаўкляк таксама, як і тлушч, і арэхі, горкі); ён, аднак, ужо адлюстроўвае ўплыў *žьlt‑. Зыходнай слав. формай можна лічыць *zьlknǫti. Магчыма, такая форма адлюстравана ў чэш. дыял. zelknouti, zliknút ’жоўкнуць’, zalklý ’затхлы’, якія прыводзіць Махэк₂, 729. Менавіта ад формы *zьlk‑ ’горкі’ ўтвораны адцягнены назоўнік ад прыметніка на > ‑ь: *zьlčь ’жоўць’, адлюстраваны ў ранейшых. ст.-слав. помніках як злъчь. Назва жоўці (гл.) потым зазнала ўплыў слова жоўты, як і жоўкнуць. І.‑е. адпаведнікам для *zьlk‑ ’горкі’, магчыма, трэба лічыць занатаваную у Покарнага (1, 434) форму gʼhēlā: ст.-інд. hālā ’гарэлка’, грэч. χάλις ’неразбаўленае віно’. Але магчыма, што сюды і корань gʼhel‑ (Покарны, 1, 429), прадстаўлены грэч. χολος ’жоўць, злосць’, ст.-в.-ням. galla ’тс’. ‑к‑ звычайна — пашырэнне кораня. Магчыма, без гэтага пашырэння корань прадстаўлены ў *zъlъ (гл. злы), які ў Покарнага (1, 489–90) семантычна не вельмі верагодна аднесены да сям’і *g̑h​uel ’згінацца’: не выпадкова так шырока вядома пераноснае значэнне *žьlčь ’злоба’. Іншыя тлумачэнні: Махэк₂ (729) супастаўляў žluknouti (бел. форму ён не ўказваў) з рус. ёлкийбел. ёлкі, ёлкнуць, гл.) і выводзіў žluknouti з jьz‑jьlъk‑nǫti. Фасмер (2, 43 і 45), спасылаючыся на познюю фіксацыю желкнуть, схільны лічыць яго прадуктам трансфармацыі желтый, а ўзнікненне ‑к‑ на месцы ‑т‑ тлумачыць праз форму *žьltlъ (адкуль желклый), у якой, відаць, адбылася дысіміляцыя. Так ці іначай форма жоўкнуць*zьlčь > жоўць) у далейшым семантычна развівалася побач з жоўты і пад яго моцным уплывам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́ча ‘вялікая хмара’ (Ян.; брасл., Сл. ПЗБ), ‘хмара’ (Гарэц., Ласт., Бяльк., Брасл. сл., Федар. 4, Сл. ПЗБ), ‘дажджавая хмара’ (зэльв., маст., паўд.-палес., віц., усх.-маг., усх.-гом., ЛА, 2): вышла да сіняя туча з‑пад цёмнага бору (паст., Песні нар. свят), ‘залева, праліўны дождж’ (ТС), ‘навальнічная хмара з маланкай’: Kab ciebe … lichaja tucza ŭbiła! (ваўк., Федар. 4), ‘граданосная хмара’: ту́ча кажуць, ек град (КСТ), ту́цы ‘хмары’ (гарад., ЛА, 2); ту́чка ‘светлая хмарка ў пагодлівы дзень’ (шарк., талач., касцюк., ЛА, 5), ту́чкі ‘воблачнасць несуцэльнага характару’ (Інстр. 1), ст.-бел. туча ‘хмара’, тученосный ‘які нясе хмары’: ильꙗ тоученосный ѡблакъ (ГСБМ); сюды ж тучы́на, тучынка ‘хмарка’ (Нас.); ту́чышча ‘вялікая хмара’ (Юрч. СНЛ), тучы́сты ‘праліўны’ (ТС), ту́чанне (ту́чыньня) ‘хмаранне’ (Юрч. СНЛ), ту́чыцца ‘хмарнець’ (Нас.), ‘хмарыцца’ (Юрч., Мат. Гом.), ту́чыць ‘тс’ (Юрч. Сін.); перан. ту́ча ‘вялікая колькасць чаго-небудзь (аваднёў, птушак, варон)’ (в.-дзв., дзятл., ЛА, 1; глыб., брасл., Сл. ПЗБ); магчыма, сюды і параўнанне як ту́ча ‘вельмі тоўсты’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. ту́ча ‘густая цёмная хмара’, ‘вялікая колькасць’, ‘грымоты з дажджом’, ‘праліўны дождж з градам’, ‘вецер, бура са снегам’, дыял. ‘вясёлка’, рус. ту́ча ‘хмара’, стараж.-рус. ту́ча ‘дождж’, ‘бура’, ‘хмара’; польск. tęcza ‘вясёлка’, каш. tącz(a) ‘залева’, палаб. tǫ́co ‘хмара’, н.-луж. tyca ‘вясёлка’, в.-луж. tuča ‘хмара з бурай’, tučel, tučałka ‘вясёлка’, славен. tóča ‘град’, серб. ту̏ча, харв. tȕča ‘тс’, ст.-слав. тѫча ‘дождж, залева, снег’. Прасл. *tǫča (< *tǫk‑ja) ‘дажджавая, навальнічная, градавая хмара’, роднаснае літ. tánkus ‘густы, часты’, ‘шчыльны, дзябёлы, тугі’, ст.-інд. tanákti ‘сціскае, збівае разам’, авест. taxma‑ ‘храбры, моцны’, арм. t‘anjr ‘густы’, ірл. técht ‘загуслы’, гоц. þeiƕo ‘гром’ < і.-е. *ten‑k‑ ‘сцягвацца, збірацца, збівацца’ < і.-е. *ten‑ ‘цягнуць, валачы’; першапачаткова *tęča‑ ‘збітая маса’ > ‘сабраная ў хмару’ і іншыя пераносныя значэнні (Фасмер, 4, 129; Брукнер, 570; Скок, 3, 517— 518; Борысь, 630; ЕСУМ, 5, 688). Як варыянт індаеўрапейская аснова падаецца ў выглядзе *temk‑рабіцца цвёрдым, згушчацца’ (Покарны, 1068; Сной, 769; ESJSt, 16, 973: тут крытыка версіі пра сувязь з *tukъ, гл. тук1, падрабязней Жураўлёў, Язык и миф, 340). Зводку ранейшай літаратуры гл. у Арол, 4, 122–133.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)