ЗВЯ́ЗКА,

дзеяслоў са страчаным ці аслабленым лексічным значэннем, які ўваходзіць у састаўны выказнік як службовае слова. Выражае сувязь іменнай часткі выказніка з дзейнікам, У сучаснай бел. мове ёсць З. незнамянальныя («быць», «з’яўляцца»), паўзнамянальныя («станавіцца», «рабіцца», «выглядаць», «здавацца»), знамянальныя («ісці», «хадзіць». «прачынацца», «сядзець», «спыняцца»).

т. 7, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛАМАТЫ́ЧНЫ КО́РПУС,

кіраўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў, акрэдытаваных у краіне. Д.к. у шырокім сэнсе — усе дыпламаты, што працуюць у дыпламат. прадстаўніцтвах у дадзенай краіне, а таксама з пэўнымі абмежаваннямі і члены іх сем’яў: жонка (муж) дыпламата і непаўналетнія дзеці, паводле міжнар. звычаю і дарослыя незамужнія дочкі дыпламата, што пражываюць сумесна з ім і знаходзяцца на яго ўтрыманні. Узначальвае корпус дуаен. Д.к. не з’яўляецца юрыд. асобай ці паліт. утварэннем. Ніякія сумесныя паліт. выступленні з боку Д.к. недапушчальныя: ад яго імя могуць рабіцца калект. заявы выключна па пратакольных, пераважна цырыманіяльных, пытаннях.

Ю.​П.​Броўка.

т. 6, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕДАТЫКА́ЛЬНАСЦЬ АСО́БЫ,

адно з фундаментальных і неадчужальных асабістых правоў чалавека. Мае на ўвазе недапушчальнасць адвольнасці пры выкарыстанні рэпрэсіўных мер. Канстытуцыйныя гарантыі Н.а. заключаюцца ў тым, што: склад злачынства павінен быць устаноўлены раней выдадзеным законам; затрыманне можа быць абскарджана ў судзе і ўстанаўліваецца максімальны тэрмін затрымання без рашэння суда; арышт павінен рабіцца толькі на падставе суд. прыгавору або з санкцыі пракурора; пазбаўленне волі павінна быць пакараннем, якое накладаецца на чалавека пасля ўстанаўлення яго віны ў працэсе следства і суда. Права на Н.а. гарантуецца арт. 25 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 11, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКВІЗІ́ЦЫЯ (ад лац. requisitio патрабаванне),

1) у міжнародным праве — прымусовае аплатнае адабранне розных відаў маёмасці для выкарыстання арміяй варожай дзяржавы. Паводле Гаагскай канвенцыі аб законах і звычаях сухапутнай вайны 1907, Р. могуць рабіцца толькі для патрэб акупацыйнай арміі і не павінны ажыццяўляцца для забеспячэння патрэб ваюючай дзяржавы наогул. Яны павінны адпавядаць сродкам краіны і быць такімі, каб не накладаць на насельніцтва абавязку ўдзельнічаць у ваен. дзеяннях супраць сваёй айчыны. Р. могуць рабіцца выключна камандаваннем акупіраванай мясцовасці (асобныя салдаты і афіцэры неправамоцныя іх патрабаваць) толькі ў той меры, у якой гэта выклікана ваен. неабходнасцю. Усе Р. павінны быць аплачаны наяўнымі грашамі, а ў выпадку, калі гэта зрабіць немагчыма, адабранне належыць засведчыць распіскай, і аплата належнай сумы павінна быць ажыццёўлена па магчымасці ў найхутчэйшы тэрмін.

2) У цывільным праве Рэспублікі Беларусь Р. — адна з падстаў спынення права ўласнасці. Паводле арт. 243 Цывільнага кодэкса ў выпадках стыхійных бедстваў, аварый, эпідэмій, эпізаотый і пры інш. акалічнасцях, што маюць надзвычайны характар, маёмасць у інтарэсах грамадства паводле рашэння дзярж. органаў можа быць забрана ад уласніка ў парадку і на ўмовах, устаноўленых законам, з выплатай яму кошту маёмасці. Ацэнка, па якой уласніку кампенсуецца вартасць рэквізаванай маёмасці, можа быць аспрэчана ім у судзе. Асоба, маёмасць якой рэквізавана, мае права пры спыненні дзеяння акалічнасцей, у сувязі з якімі адбылася Р., патрабаваць праз суд вяртання маёмасці, што захавалася.

Г.​А.​Маслыка.

т. 13, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭПАРА́ЦЫІ (ад лац. reparatio аднаўленне),

адна з форм матэрыяльнай адказнасці суб’екта міжнар. права за шкоду, прычыненую ім інш. суб’екту міжнар. права ў выніку міжнар. правапарушэння. Выплата Р. можа рабіцца натурай, у выглядзе грашовай або інш. матэрыяльнай кампенсацыі або адначасова рэстытуцыі і кампенсацыі шкоды. Р. адрозніваюць ад кантрыбуцыі — даніны пераможцу ў вайне, якая існавала на практыцы да 1919. Напр., у Версальскім мірным дагаворы 1919 ужо гаворыцца толькі пра Р. як форму кампенсацыі шкоды, нанесенай Германіяй і яе саюзнікамі ў ходзе 1-й сусв. вайны 1914—18. У адпаведнасці з сучасным міжнар. правам прынцыпова важнае значэнне мае матэрыяльная адказнасць дзяржавы за развязванне ёю агрэсіўнай вайны, г. зн. ваенная Р. Так, у рашэннях Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі 1945 і Берлінскай (Патсдамскай) канферэнцыі 1945 прадугледжвалася выплата Р. Германіяй, а ў мірных дагаворах 1947 — выплата Р. дзяржавамі — былымі саюзнікамі Германіі ў 2-й сусв. вайне.

т. 14, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)