РЭПАРА́ЦЫІ (ад лац. reparatio аднаўленне),
адна з форм матэрыяльнай адказнасці суб’екта міжнар. права за шкоду, прычыненую ім інш. суб’екту міжнар. права ў выніку міжнар. правапарушэння. Выплата Р. можа рабіцца натурай, у выглядзе грашовай або інш. матэрыяльнай кампенсацыі або адначасова рэстытуцыі і кампенсацыі шкоды. Р. адрозніваюць ад кантрыбуцыі — даніны пераможцу ў вайне, якая існавала на практыцы да 1919. Напр., у Версальскім мірным дагаворы 1919 ужо гаворыцца толькі пра Р. як форму кампенсацыі шкоды, нанесенай Германіяй і яе саюзнікамі ў ходзе 1-й сусв. вайны 1914—18. У адпаведнасці з сучасным міжнар. правам прынцыпова важнае значэнне мае матэрыяльная адказнасць дзяржавы за развязванне ёю агрэсіўнай вайны, г. зн. ваенная Р. Так, у рашэннях Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі 1945 і Берлінскай (Патсдамскай) канферэнцыі 1945 прадугледжвалася выплата Р. Германіяй, а ў мірных дагаворах 1947 — выплата Р. дзяржавамі — былымі саюзнікамі Германіі ў 2-й сусв. вайне.
т. 14, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)