прасу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Прайсці, пралезці куды‑н. праз што‑н.; высунуцца. Межавыя палявыя слупы залезлі аж на .. [дарогу] — ледзьве з драбінамі льга прасунуцца. Чорны. Закалыхалася заслона і ў шчыліну прасунулася галава Параскі Бурцавай у вянку з васількоў. Хадкевіч.
2. Сунучыся, перамясціцца на нейкую адлегласць. Лявон з усяе сілы націснуў на педаль. Заскрыгаталі тармазы. Яшчэ імгненне — колы прасунуліся па жвіры. Хадановіч. Выкідваючы пярэднія ногі, конь тузануўся ў адзін бок, у другі, прасунуўся крокі два на жываце і, выбіўшыся з сіл, зноў лёг на бок і адкінуў галаву. Сіняўскі. // перан. Разм. Павольна прайсці, праехаць, праплысці. У часе глыбокага Сцёпкавага разважання па вуліцы прасунуліся дзве чорныя постаці. Колас. Толькі на рацэ дзе-нідзе прасунецца лодка ля аеру ды данясецца з гарода галасістае жаночае «а-а-кыш-кыш-кыш». Ваданосаў.
3. Прайсці ўперад у напрамку да чаго‑н. Пан Крулеўскі аддаў батальёну загад прасунуцца глыбей у лес і заняць новыя пазіцыі. Колас. Дрызіна зноў рушыла, зноў адкрыла шквальны агонь, але прасунулася недалёка. Кулакоўскі.
4. перан. Разм. Дабіцца выгаднага становішча, прыстасоўваючыся, хітруючы; пралезці. Прасунуцца ў начальства.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пля́ма, ‑ы, ж.
1. Знак, месца на паверхні як брудны след чаго‑н. На жоўтым століку выразна віднелася чарнільная пляма, вельмі падобная на след дзіцячай далонькі. Лынькоў. Кожны .. [Раманаў] крок адбіваўся на падлозе мокраю плямаю. Колас. // Частка паверхні, якая выдзяляецца чым‑н. Пасля ліўня яшчэ з раніцы зялёныя ўзгоркі ляжалі чорнымі плямамі. Васілевіч. Маленькае акенца ледзь выдзялялася жаўтавата-шэрай плямай. Кулакоўскі.
2. перан. Што-небудзь ганебнае. Але калі ўчора .. [Пракоп] хацеў знайсці якую-небудзь пляму ў жыцці калгаса, то цяпер ён шчыра хацеў, каб гэтых плям тут не было. Колас. [Гарлахвацкі:] Спадзяюся, што смецця з хаты выносіць вы не будзеце, каб гэта не лягло бруднай плямай на нашу ўстанову. Крапіва.
•••
Белая пляма — а) недаследаваны або маладаследаваны раён; б) перан. аб якім‑н. нявырашаным пытанні.
Жоўтая пляма — вельмі чуллівае да святла месца сятчаткі вока каля выхаду зрокавага нерва.
Радзімая пляма — а) прыроджанае змяненне скуры; б) перан. недахоп, які з’яўляецца перажыткам чаго‑н.
Сляпая пляма — месца ўваходу ў сятчатку валокнаў зрокавага нерва, якое пазбаўлена палачак і колбачак.
Сонечныя плямы — утварэнні на паверхні сонца, якія здаюцца цёмнымі плямамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паці́ху, прысл.
1. Нягучна, ціха. [Вучні] баязліва тапталіся, азіраліся, а некаторыя паціху пыталі ў бабкі: — А што, бабка, ён [настаўнік] сярдзіты? Колас. Мікола паціху загадаў: — Кладзіся! — і сам адпоўз за куст. Шчарбатаў. // Ледзь-ледзь, злёгку. Над галавой паціху шумелі сосны, мігацела зоркамі чорнае неба. Асіпенка. // Асцярожна, стараючыся не рабіць шуму. Паціху, каб не пабудзіць старых, .. [Паходня] пасунуўся быў у свой пакой, але на печы пачуўся шорах і потым голас гаспадыні. Хадкевіч. // Асцярожна, злёгку. Таццяне здалося, што камісар задрамаў, і яна нахілілася і паціху дакранулася рукою да яго пляча. Шамякін.
2. Павольна, не спяшаючыся. Спачатку ішлі паціху, затым камандзір загадаў падцягнуцца. Жычка. Іван паціху наламаў ядлоўцу і густа падаслаў пад бок. Новікаў. Дый чарвячка не грэх было ўжо замарыць. Паціху Касцёр расклалі пад старой Сасной. Корбан. // Мала-памалу, непрыкметна. Праз мост пантонны полк ішоў да рання, Не бачачы, што ён паціху тоне. Гаўрусёў. Лагер лесарубаў паціху засыпаў. Машара. // Спакойна, без хваляванняў. [Стараста:] На ліха я ў старасты пайшоў, паціху сядзеў бы, свой кавалак хлеба маючы. Самуйлёнак.
3. Употай, непрыкметна для каго‑н. Кузьма паціху ў вус пасмейваецца, сам сабе хітра падміргвае і ўголас гаворыць: — Нічога, прывыкнеш, Настачка! Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
твары́ць, твару, творыш, творыць; незак., што.
1. і без дап. Ствараць у працэсе творчай дзейнасці матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. У самоце-адзіноце Песні, байкі ён [Сымон] тварыў. Колас. Не для славы імкнуся цябе я тварыць, Мая песня, мой заклік свабодны. Васілёк. [Андрэй:] — Да гэтага часу .. [фашысты] дамагліся толькі аднаго: спаганілі сваю ўласную мову, цудоўную нямецкую мову, на якой тварылі Гёте і Гейнэ, Маркс і Тэльман. Шамякін.
2. Рабіць, здзяйсняць. Тварыць вялікія справы. Тварыць дабро. □ Па тэлефоне Фінця Паўлаўна дазналася, што ў Маскве ёсць Інстытут касметычнай медыцыны. Там усё можна высветліць. Там твораць цуды касметыкі. Грамовіч. У чалавека ёсць два жыцці: адно жыццё творыць ён сам, а другое не залежыць ад яго і часта выходзіць за межы яго волі .. Так адчуваў Лабановіч, але замацаваць сваё адчуванне ў пэўнай форме не здолеў. Колас. Мы і гісторыю нашу Знаем ад самых асноў — Мы яе творым на справе Болей чым трыццаць гадоў. Куляшоў. // Чыніць, вырабляць што‑н. такое, што выходзіць за рамкі звычайнага, нармальнага. Ганна добра ведала, якія жахі твораць фашысты на акупіраванай тэрыторыі. Няхай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трапа́ць, траплю, трэплеш, трэпле; незак., каго-што.
1. Ачышчаць валакно спецыяльнай прыладай, выбіваючы кастрыцу. Можна было цэлы дзень трапаць поруч з .. [Аняй] лён або стаяць ля малатарні і не пачуць ад яе ніводнага слова. Васілевіч. Жанчыны, на хаду падвязваючы фартухі, па адной і чародкамі беглі паўз Ярыніну хату ў сушню церці і трапаць лён. Бажко.
2. Ласкава пагладжваць, пастукваць рукой, пальцамі. [Гарлахвацкі:] (Трэпле яе па плячах). Бядовая ты ў мяне, Нюра. Крапіва. — З табою, брат, не прападзеш, — сам сабе пасміхаецца Амяльян і трэпле каня па крутой шыі. Колас.
3. Тузаць, гайдаць (пра вецер). Гуллівы вятрыска трэпле падалы .. спаднічак [дзяўчат], і яны прытрымліваюць іх рукой. Асіпенка. Расшпілены кажушок трапаў вецер. П. Ткачоў.
4. Частым або неакуратным ужываннем рабіць якую‑н. рэч непрыгоднай. Шкада, што [Сафрон] новыя боты па лясных дарогах трэпле.. Але нічога не зробіш. На такую работу не ў лапцях ісці. Чарнышэвіч.
5. Разм. Ісці вялікую адлегласць. [Сцёпка:] — Я сам гатаваўся, сто вёрст [пехатой] трапаў, здаў экзамены... Колас.
6. Пачаць біць, калаціць, уцягваць ворага ў частыя баявыя сутычкі. Трапаць варожую армію.
•••
Трапаць нервы — хвалявацца; моцна нерваваць каго‑н.
Трапаць (мянціць, малоць) языком — гаварыць шмат і без толку, гаварыць бязглуздзіцу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ты́сячны, ‑ая, ‑ае.
1. Ліч. парадк. да тысяча. Тысячны кіламетр. // Частка, доля, атрыманая ад дзялення чаго‑н. на тысячу роўных частак. Тысячная доля мінуты. // Вельмі малая частка, доля чаго‑н. Пісьмо і тысячнай долі не раскажа таго, што хацелася сказаць. // Шматразовы, незлічоны. І што яно будзе? — у соты, у тысячны раз пытае сябе Пракоп і не знаходзіць адказу. Колас. Ніхто нічога не рабіў, толькі збіраліся па хатах і тысячны раз апавядалі адны другім, што здарылася з эшалонам. Карпюк.
2. Які складаецца з тысячы якіх‑н. адзінак. Тысячны атрад. // Які складаецца з вялікай колькасці, мноства каго‑, чаго‑н., які налічвае тысячы. Калі падыходзіць час нерасту, рыба, асабліва каштоўная (кета, гарбуша, чавыча), тысячнымі чародамі заплывае з Ахоцкага і Берынгава мораў у рэкі Камчаткі. Гавеман.
3. Вартасцю ў тысячу рублёў. // Які ацэньваецца тысячамі рублёў. Тысячныя даходы. □ [Андрэй:] — А вось скажы ты мне праўду. Калі б я не быў басяком-выгнаннікам, а важным чыноўнікам з акладам у тысячу рублёў, тады колькі дзён туліў бы ты мяне? [Валоціч:] — Атрымай тысячны аклад, і тады пытайся... Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ухілі́цца, ухілюся, ухілішся, ухіліцца; зак.
1. Адхіліцца ўбок, адхіснуцца. Жаўнер, на якога замахнуўся дзед, пабялеў, як палатно, і падаўся крута ўбок, каб ухіліцца ад сякеры. Колас.
2. Звярнуць, павярнуць у якім‑н. напрамку. [Сцяпанаў:] — Вяртаючыся дамоў, я знарок ухіліўся ад курсу ў правы бок. Алешка.
3. перан. Адысці, адхіліцца ад чаго‑н. асноўнага, першапачатковага. [Клёст:] — Э, сябры мае мілыя, ды мы ж ад тэмы ўхіліліся! Вася, налівай. Зробім яшчэ па адной. Шашкоў.
4. перан. Пазбавіцца ад чаго‑н. Міхал ідзе ды йдзе ў абходы, І не ўхілішся ад шкоды: То дуб ссякуць, бярозу зваляць. Колас. Нават самаму вопытнаму драматургу вельмі цяжка ўхіліцца ад памылак «тэхнічнага» характару. Ярош.
5. перан. Адмовіцца, устрымацца ад якіх‑н. учынкаў, дзеянняў. Няхай сабе і ноч ідзе, Не ўхілюся ад сустрэчы З усім, што прыйдзе да мяне. Буйло. Мне ўхіліцца б лепш тады адразу і ад спрэчак, і ад вашых спраў. Русецкі. // Пазбегнуць прамых, адкрытых выказванняў, меркаванняў. — А хіба мы з табой адны на свеце? — спытаўся я, каб ухіліцца ад адказу. Гарбук. — Дзе ж ты быў? — спытала маці. — Ды так, хадзіў поле аглядаць, сенажаці, — ухіліўся.. [Андрэй] ад прамога адказу. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ушчамі́ць, ушчамлю, ушчэміш, ушчэміць; зак., каго-што.
1. Заціснуць, сціснуць з двух бакоў; зашчаміць. Ушчаміць палец. □ [Сабака] кідаўся на вароты, на шчыльныя веснічкі, і ўжо не брахаў, а сычэў, нібы яму хвост ушчамілі. Сабаленка. // Сціснуць у клюшні, ушчыпнуць. Страшны рак быў, грозны рак, Як ушчэміць — будзе знак. Колас. // Уціснуць, усунуць паміж чаго‑н. Каб дзікі звер не нішчыў пасеваў, яшчэ пры цары павялося гарадзіць ад лесу поле такім густым частаколам, што парася галаву не ўшчаміла б. Карпюк.
2. Разм. Запрэгчы. Тады Даніла Шчупак ушчаміў у аглоблі Мышака і выехаў у Луцішчы на кірмаш. Баранавых. [Бацька:] — От ушчаміў коніка і прывёз воз галля. Ракітны. А калі надышоў адвячорак і пасыпаліся фурманкі на Заброддзе, не сцярпеў Верамейчык: ушчаміў кабылу ў аглоблі і па хвасце — услед за людзьмі. Крапіва.
3. перан. Абмежаваць (чые‑н. магчымасці, правы і пад.). Ушчаміць у правах. Ушчаміць самалюбства. // Паставіць у няёмкае становішча. І змоўклі ўсе адразу ў хаце: Як адказаць? З чаго пачаці? — Ага! — Тут хлопцы падхапілі: — Цяпер і мы вас ушчамілі. Колас.
•••
Ушчаміць хвост каму — абмежаваць свабоду дзеяння, учынкаў каго‑н.; паставіць у нязручнае або нявыгаднае становішча.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адле́гласць, ‑і, ж.
1. Прамежак паміж двума прадметамі. За дзедам на некаторай адлегласці пайшлі і яго сыны. Колас. // Адрэзак шляху пэўнай велічыні, працягласці. За мінуту штучны спадарожнік праходзіць велізарную адлегласць. □ Дзімін, відаць, хваляваўся, бо рукі ў яго былі закладзены за спіну і мераў ён адлегласць — крокаў дзесяць туды, крокаў дзесяць назад — таропка, нецярпліва. Карпаў. // Прамежак у часе. Адлегласць доўгую да перамогі Гадамі давялося вымяраць. Аўрамчык.
2. Больш-менш аддаленае месца; далечыня. Перадача электрычнай энергіі на далёкія адлегласці.
•••
Трымаць на адлегласці гл. трымаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адме́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Мераючы, аддзяліць або адзначыць пэўную колькасць чаго‑н. Адмераць тры літры малака. □ Участак, які адмерала Вера, запісалі на яе імя. Галавач. Сем разоў адмерай, адзін раз адрэж. Прыказка. // Разм. Прайсці, праехаць пэўную адлегласць. Толькі надвячоркам сябры прыйшлі ў Панямонь, адмераўшы дзесяткі лішніх вёрст, каб замесці свае сляды. Колас. // Разм. Лічачы, панесці каму‑н. пэўную колькасць удараў бізуном, шомпалам і пад. Дарэмна.. [Лявон] ляжаў пластом на зямлі і лічыў, колькі ўдараў адмерае яму гэты баязлівец Юзік. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)