прасу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Прайсці, пралезці куды‑н. праз што‑н.; высунуцца. Межавыя палявыя слупы залезлі аж на .. [дарогу] — ледзьве з драбінамі льга прасунуцца. Чорны. Закалыхалася заслона і ў шчыліну прасунулася галава Параскі Бурцавай у вянку з васількоў. Хадкевіч.

2. Сунучыся, перамясціцца на нейкую адлегласць. Лявон з усяе сілы націснуў на педаль. Заскрыгаталі тармазы. Яшчэ імгненне — колы прасунуліся па жвіры. Хадановіч. Выкідваючы пярэднія ногі, конь тузануўся ў адзін бок, у другі, прасунуўся крокі два на жываце і, выбіўшыся з сіл, зноў лёг на бок і адкінуў галаву. Сіняўскі. // перан. Разм. Павольна прайсці, праехаць, праплысці. У часе глыбокага Сцёпкавага разважання па вуліцы прасунуліся дзве чорныя постаці. Колас. Толькі на рацэ дзе-нідзе прасунецца лодка ля аеру ды данясецца з гарода галасістае жаночае «а-а-кыш-кыш-кыш». Ваданосаў.

3. Прайсці ўперад у напрамку да чаго‑н. Пан Крулеўскі аддаў батальёну загад прасунуцца глыбей у лес і заняць новыя пазіцыі. Колас. Дрызіна зноў рушыла, зноў адкрыла шквальны агонь, але прасунулася недалёка. Кулакоўскі.

4. перан. Разм. Дабіцца выгаднага становішча, прыстасоўваючыся, хітруючы; пралезці. Прасунуцца ў начальства.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)