Му́рза1 ’неахайны або мурзаты чалавек’ (ТСБМ, Гарэц., Нас., Чач., Растарг., Нікан., Сл. ПЗБ, ТС), ’губа’ (Нас.), мурзе́ля ’тс’, ’бруднае дзіцё’ (ТС), ’запэцканы твар’ (паўн.-усх., КЭС), клец. мурзэля ’тс’ (Нар. лекс.), міёр. мурза́ч, мурзэль, мурзэла, мурзэліна ’брудны, мурзаты’ (З нар. сл.), му́рзаць, му́рзацца ’пэцкаць твар, зубы’, ’рабіцца брудным’ (ТСБМ, Нас., Янк. 2, Шат., ТС; КЭС, лаг.). Балтызм. Параўн. літ. mùrza, лат. mur̃za ’брудны, мурзаты чалавек’, яшчэ літ. ’твар, рот’ (параўн. адпаведнае значэнне ў бел. лексемах), якія ад mùrti ’размакаць’, ’гразнуць, вязнуць’ пры дапамозе суфікса ‑z‑ (Лаўчутэ, Балтизмы, 121–122). Аналагічна ўкр. жытом. мурзатий, усх.-польск. murza, murzacz, murzać; murzaty, murzasty, ’сабака чорнай масці’, murzuwaty ’шэры конь’, mruźaty, mroźaty ’шэра-светла-карычневы конь’, рус. му́рза, мурза́, мурза́йка, мурза́ки ’твар’ (Літ., Латв. ССР).

Му́рза2 ’павідла з чарнікі і мукі’ (стол., Вешт. дыс.), ’страва з чарніц’ (ТС), мурза́ч ’страва з мукі і смятаны’ (петрык., Мат. Гом.). Укр. жытом. мурза ’павідла’. Відавочна, балтызм. Параўн. murzóti ’намазваць, мазаць’.

Мурза́ ’тытул татарскай феадальнай знаці ў XV ст.; асоба з такім тытулам’ (ТСБМ), ст.-бел. мурза, мурса, мырза ’тс’ (XV ст.) запазычаны са ст.-рус. мурза < тат. myrza < перс. mīrzā або і непасрэдна з крым.-тат. мовы (Булыка, Лекс. запазыч., 27) Жураўскі (Цюркізмы, 86) лічыць гэта слова экзатызмам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Круты́1 ’стромкі, высокі’ (ТСБМ, Бяльк., З нар. сл., Яруш., Касп., Сцяшк., Сержп. Ск., Мат. Гом., Сл. паўн.-зах.). Укр. крутий, рус. крутой ’тс’. Іншыя славянскія паралелі не ведаюць такога значэння. Але яно дакладна адпавядае літ. krañtas ’круты, стромкі бераг’, лат. krañts ’бераг’. Таму ёсць падставы аддзяліць ад аманімічнага прасл. krǫtъ (гл. круты2 і круты3). Можна таксама меркаваць аб тым, што прасл. bergъ ’круты бераг’ (магчыма, германскага паходжання) выцесніла прасл. krǫtъ у гэтым значэнні, *krǫtъ bergъ ’круты бераг’ рэалізавалася ў тых дыялектах, у якіх bergъ страціла значэнне ’круты’, а krǫtъ адпаведна яго зберагло. Параўн. Міклашыч, 138; Траўтман, 142; Брукнер, 267; Слаўскі, 18, 276–277.

Круты́2 ’спрытны, лоўкі’ (Сцяшк. Сл., Сл. паўн.-зах.). Гл. круты3.

Круты́3 ’моцна скручаны’ (ТСБМ, Бяльк., З нар. сл., ТС, Сл. паўн.-зах., Мат. Гом.). Укр. крутий, рус. крутой ’тс’, серб.-харв. кру̑т ’тлусты, цвёрды, тугі’, славен. krȏt ’люты, шалёны’, польск. kręty ’кручаны, сільны’, чэш. krutý, славац. krutý ’кручаны, сільны, шалёны’, н.-луж. kšuty ’моцна скручаны, тугі, моцны’, в.-луж. kruty ’цвёрды, моцны, шалёны’. Прасл. krǫtъ ’тугі, скручаны, сільны, шалёны’, відаць, усё ж такі генетычна звязана з krǫtъ ’круты, стромкі (бераг)’, але семантычна адышло ад яго (гл. круты1).

Круты́4 ’посны’ (Мат. Гом.). Да круты3. Семантычнае развіццё: ’моцна звараны без тлушчу (аб кашы)’ > ’посны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жох1 ’прайдзісвет’ (ТСБМ). Рус. жох ’тс’. Улічваючы форму жег ’прайдзісвет’, якую Даль прыводзіць у гняздзе жечь, Шанскі (1, Д, Е, Ж, 296), як і Фасмер (2, 62), Праабражэнскі (1, 236), схіляецца да думкі пра сувязь з коранем жьг (гл. жога) і параўноўвае з прожженный, выжига, жиган. Хаця гэта этымалогія патрабавала б падтрымкі як у семантычных, так і ў фармальных адносінах, яна, магчыма, лепей, чым іншыя, напр., сувязь з жокер ’назва карты’ (< англ. ’падманшчык’) ці з цюрк. джок ’бядняк’ (Радлаў, Опыт, 4, 93), альбо шох ’цікавы, гуллівы, жартаўлівы’ (там жа, 1026). Гл. жох3.

Жох2 ’костка ў гульні’ (грозд., Нар. словатв., 269). Рус. дыял. жох ’адна са старон, палажэнне косткі ў гульні; сама костка; спіна, край’. Фасмер (2, 62), крытыкуючы няпэўную сувязь з жаць2, якую адзначыў Гараеў (111), недакладную паралель з польск. żoch ’страўнік’ (магчыма, з чэш. žock, žok < ням. Sack ’мех, мяшок’), выказвае нясмела думку пра магчымасць сувязі з жох1. Ці не трэба ўлічыць магчымасць сувязі з цюрк. джок, у некаторых мовах (напр., казах.) жок ’не, няма, згубленая рэч’ (Радлаў, Опыт, 4, 92–93)? Параўн. яшчэ Ціцэ (Tietze), Oriens, 10 (1957), 377.

Жох3 ’выклічнік, што ўказвае на раптоўнасць’ (полац., Нар. лекс., 26). Відаць, звязана з дзеяслоўным коранем *žьg‑ (гл. жага, жгаць). Параўн. укр. прожогом ’хутка, імкліва’. Гл. жох1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каду́к ’чорт, д’ябал’ (БРС, ТСБМ; слонім., Арх. Бяльк.; пін., Булг.; чач., Жыв. сл.; драг., З нар. сл.; чаш., сен., Касп.; КЭС, лаг.; Мат. Гом.; ст.-дар., Нар. сл.; Нас., Нас. Сб. посл., Некр., Нік. Напаў., Нік., Няч., Рам., Сцяшк., Федар., Шат.), ’лясун’ (Мат. Гом.), ’няшчасны выпадак’ (Нас.), у выразах: а кадук яго ведае (Бір. Дзярж.), кадук яго вазьмі (Сержп. Грам.), кадук не бярэ (Янк. БФ). Нікіфароўскі (Няч.) адзначае: «…от першабытных у свеце злачынцаў уцалелі некаторыя асобіны, рассеяныя па зямлі — гэта кадукі». Там жа, 45–46: «…кадук падобны здалёк на капу сена, ворах моху». Раманаў (Рам. 8) удакладняе, што кадук — «разнавіднасць чорта, які жыве ў старых гмахах, вадзяных млынах і г. д.». Укр. кадук, паводле Грынчэнкі, ’род хваробы’ і ’д’ябал, чорт’. Рус. уладз., смал. кадук ’падучка’, росл., смал. ’д’ябал, чорт’, зах.-бран. ’лаянка’. Запазычана з польск. kaduk (такія ж і іншыя значэнні), дзе ў помніках сустракаецца з XVI ст. Значэнне ’падучка’ вядома ў гаворках; літар. толькі выраз do kaduka ’да д’ябла’. Слаўскі (2, 17) лічыць, што значэнне ’чорт, д’ябал’ з’явілася ў XVIII ст. на базе ’хвароба’. Як аргумент прыводзіцца спасылка на паралельнае ўжыванне choroba і kaduk, kat, diabeł у праклёнах. Крыніцай польск. слова з’яўляецца лац. cadūcus ’хворы па падучку і інш.’

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плыт1 плут ’бярвенне, звязанае ў адзін або некалькі радоў для сплаву па вадзе’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Яруш., Маш., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, Серб., Сцяшк. МГ, жытк., Мат. Гом.; ашм., Стан.), укр. плит, пліт, рус. плот, стараж.-рус. плътъ, ст.-чэш. plet, польск. płet, płyt. Паўн.-прасл. *plъtъ, роднаснае лат. pluts ’плыт, паром’, ст.-інд. plutáṣ ’абмыты’, ’які плыве’, ст.-грэч. πλυτός ’мыты’; н.-ням. floss ’плыт’ < і.-е. *plu‑t‑o‑s < *pleu̯‑ ’плыць’ (Фасмер, 3, 285; Банькоўскі, 2, 623). Бяднарчук (JP, 64, 1–2, 26) разглядае формы плыт/płyt у якасці польска-беларускай інавацыі дагістарычнай эпохі (чаргаванне ŭ/ū), аднак першаснай усё ж была форма *plъtъ, а форма *plytъ узнікла пад уплывам асновы цяп. ч. *plynǫti, плы́нуць. Мартэнаў (Лекс. взаим., 100–102) з адноснай надзейнасцю выводзіць прасл. plъtъ з прагерм. flut‑. Сюды ж плытаць, плы́ціць ’вязаць у плыт’ (Нас.; паст., в.-дзв., Сл. ПЗБ), плытагоніць ’ганяць плыты’ (рагач., Сл. ПЗБ), плы́тнік ’плытагон’ (Нас.; Яруш., Гарэц.; Шат.; Сцяшк. МГ; іўеў., Сл. ПЗБ; б.-каш., маст., віл., бераз., рагач., Нар. лекс.; ашм., Стан.), плыта́р ’тс’ (Сл. Брэс.), плытагон (барыс., рэч., Нар. лекс.), плытагоншчык (віл., тамсама); плы́тніцкі (хлеб) ’тоўсты кавалак (хлеба)’ (Шатал.).

Плыт2, плытюга́ ’рэдка звязаны світэр’ (драг., Жыв. НС). Да плот1 — у выніку пераносу значэння паводле падабенства.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пруд1 прудок ’будынак млына; млын (звычайна вадзяны)’ (Нас., Шат., Мік., Яруш., Бяльк., Касп.; маг., Шн. 2; полац., Нар. лекс.; Мат. Маг., дубр., Хрэст. дыял.), ’невялікі вадаём, сажалка’, ’раўчак’, ’яма ў вадаёме’ (калінк., гродз., паст., воран., Сл. ПЗБ), ’штучнае возера, ставок’ (Касп., Мік., Мядзв.), ’курган, высокае месца, якое агібаецца ракой’ (слаўг., Яшк.). Сюды ж пру́днік ’млынар’ (Нас., Касп., Мік.). Рус. пруд ’сажалка’, укр. пруд ’хуткае цячэнне’, ст.-рус. прудъ ’паток, напор; запруджанае месца’, польск. prąd ’паток, цячэнне’, чэш. proud, славац. prúd ’тс’, серб.-харв. пру̑д ’водмель, дзюна’, славен. pród ’галька, водмель’. Прасл. *prǫdъ перш за ўсё ў значэнні ’тое, што стварае перашкоду, сціскае, звужае магчымасці вольнай плыні’, найлепш прадстаўленае ў запру́да ’гаць, плаціна’; чаргуецца з pręd‑, якое ў пра́нуць ’кінуць’, рус. пряда́ть, пря́нуть ’адскочыць’. Роднасныя ў іншых і.-е. мовах: с.-в.-ням. sprinzen ’скакаць’, ст.-ісл. spretta ’скакаць; пырскаць, пускаць парасткі, струменіць’, с.-в.-ням. sprenzen ’пырскаць, крапіць’, spranz ’ускокванне; прарастанне’ (гл. Міклашыч, 263; Махэк₂, 485 і наст.; Фасмер, 3, 388; тут гл. і інш. літ-py; Бязлай, 3, 125; Банькоўскі, 2, 768; ЕСУМ, 4, 616; Шустар-Шэўц, 2, 1163).

Пруд2, прут, пруды́ ’паз у драўляным посудзе’ (лаг., віл., Сл. ПЗБ), прут ’паз’ (круп., Нар. сл.). Гл. апруды, абруд, прыд.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Піха́ць, піхану́ць, піха́цца ’пхаць, штурхаць’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Яруш., Мік., Шат., Касп.; докш., баран., беласт., Сл. ПЗБ; аг.-бел., ЛА, 2), ’запіхваць’, ’малаціць пшаніцу’ (Нас.), пі́хаць ’даваць’ (Юрч. Вытв.), піхену́ць ’піхнуць’ (ТС), піха́ць ’есці прагна, груба і многа’ (Нар. лекс.), піхані́на ’штурханіна’ (міёр., Нар. словатв.), піхну́ць ’раптам папхнуць’. Укр. пиха́ти, пхати, рус. пиха́ть, пхать, ст.-рус. пихати, пьхати, польск. pichać, pchąć, чэш. pcháti, pchnouti, славац. pchať, pichať ’тс’, славен. peháti ’тс’, pháti ’таўчы, абдзіраць зерне’, харв. чак. ophati ’таўчы ячмень’, балг. пъ́хам ’соваю, тыцкаю’, ст.-слав. пьхати ’таўчы’. Праз чаргаванне ў аснове звязана з чэш. pěchovati ’трамбаваць’, а таксама з пест, пшано, пшаніца. Прасл. *pixati, *pьxati. Да і.-е. *pis‑, *pei̯s‑ ’таўчы, таптаць’: літ. pìsitі ’fuluere’, paisýti ’абдзіраць ячмень, малоцячы яго цапамі’, piestà ’таўкач’, лат. pàisît ’церці лён’, ст.-грэч. πτίσσω ’б’ючы, таўкучы, мелючы, ачышчаць, абдзіраць зерне ад абалонкі, шалупіння’, πτίσισ ’шалупінне’, πτισάνη ’ячныя крупы’, πτίσμα ’шатраванае зерне’, ст.-інд. pináṣṭi ’таўчы, драбіць’, piṣṭa ’змолаты’, ’мука’, перс. pist ’тс’, лац. pīnsō, ‑ere ’стаптаць, стаўчы’, с.-н.-ням. fesa ’вотруб’е’, vîsel ’ступа’ (Міклашыч, 270; Праабражэнскі, 2, 50; Траўтман, 220; Фасмер, 3, 269–270; Мюленбах-Эндзелін, 3, 34; Вальдэ-Гофман, 2, 307; Аткупшчыкоў, Из истории, 230; Бязлай, 3, 33; Борысь, Czak. stud., 100–102). Гл. таксама пхаць. Сюды ж піхма піхаць ’узмоцнена піхаць’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ражо́н ’завостраны кій’ (ТСБМ), ’вострая палка’ (іўеў., воран., паст., трак., Сл. ПЗБ), ’кол’ (карэліц., Сл. ПЗБ), ’дзяржанне’ (слонім, Сл. ПЗБ), ’стрэмка’ (паст., астрав., смарг., ігн., швянч., Сл. ПЗБ), ’стрыжань пяра птушкі’ (гродз., шчуч., Сл. ПЗБ), ’шост’ (ваўк., Сл. ПЗБ), ’сцябло’ (пух., воран., Сл. ПЗБ), ’галлё, палка’ (Сцяшк., Нар. Гом., Др.-Падб., Янк. 2), ’палка, на якую набіваюць жалезную частку вілаў’ (Выг.), ’драўляны пруток, на якім смажаць сала’ (Нар. словатв.), рожо́н ’завостраны кіёк’ (ТС), ро́жан ’тс’ (Мат. Гом.), ражэ́нь ’тс’ (Юрч. СНЛ), рожно́ ’тс’ (Сл. Брэс.). Сюды ж ражэ́ннік ’ламачча’ (Юрч. СНЛ). Рус. рожо́н, ’кол, вострая жэрдка’, рожны́ ’вілы для гною’, укр. роже́н ’ражон’, польск. rożen, в.-луж. rožeń, н.-луж. rožeń, rožon, чэш. rožeň, славац. ražež, славен. ráženj, серб.-харв. ра́жањ ’ражон’, балг. ръже́н ’качарга, ражон’, ц.-слав. ражьнъ, раждьнъ ’кол’. Прасл. *oržьnь/ь, параўн. літ. rãžas ’сухі прут, сцябло’. Калі лічыць утварэннем ад рог1 (Махэк₂, 521–522), тады незразумелымі застаюцца формы на ра‑, якія дазваляюць дапускаць паходжанне з *oržьn‑ або *orzni̯o‑ (Фасмер, 3, 493; Брукнер, 466; Бязлай, 3, 161). Але гэтая версія таксама недастаткова матываваная. З іншага боку, ставіцца пытанне аб паходжанні ад *razъ, *raziti і збліжэнні з *rogъ (Брант, РФВ 23, 100). Непераканальным падаецца параўнанне з грэч. όρχατος ’агароджа’, όρχάς ’плот’ (Лёвенталь, AfslPh, 37, 391).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рата́й ’араты’ (ТСБМ), ’араты, земляроб’ (Сл. ПЗБ, Кольб., ПСл; стол., Нар. лекс.; З нар. сл., Мат. Гом.; івац., Жыв. сл.; Сл. Брэс., ТС, Лексика Пол.), ріта́й ’тс’ (Бяльк.), ората́й ’тс’ (Лексика Пол.); арата́й ’тс’ (Ян.), параўн. укр. рата́й, рус. ра́тай ’араты’, польск., н.-луж. rataj ’парабак, падзёншчык; земляроб’, палаб. råtoj, чэш., славац. rataj ’араты, парабак’, славен. rátaj, серб. ра̀тај ’тс’, балг. рата́й ’парабак’, макед. ратај, ратеј ’хто цяжка працуе’, ст.-слав. ратаи ’араты’. Праслав. *ra + tajь < *or‑tajь, ад прасл. дзеяслова *orti ’араць’. Параўн. літ. artojas ’тс’, ст.-пруск. artoys ’тс’; у аснове якіх зыходнае і.-е. *er‑/*or‑/*ar‑ з шырокай семантыкай ’раздзяляць, распорваць, рваць, драпаць’, параўн. разараць (гл. разарыць). Старажытная мадэль з суф. ‑тай сустракаецца ў назвах выканаўцаў дзеяння, напрыклад, гультай, рус. ходатай, глашатай (Фасмер, 3, 447; Бязлай, 3, 155; БЕР, 6, 190). Мартынаў (Лекс. балтызмы, 25) лічыць лексічным пранікненнем прыбалтыйскага *artojis > прасл. *ortajь, паколькі суфікс ‑ta‑ з нарашчэннем ‑io не сустракаецца ў іншых індаеўрапейскіх мовах, акрамя балтыйскіх і славянскіх. Паводле Шустэра–Шэўца (2, 1208) гутарка ідзе пра суфікс *‑ajь, а ‑t‑ адносіцца да асновы *ar(t)‑ ’араць’, як у рус. ра́тай ’воін’ (гл. раць, ратнік), аналагічна літ. árti ’араць’ > artójis ’араты’, што не пераконвае. Гл. таксама араты.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́ры1 ‘дугападобная дэталь калаўротка, замацаваная на той жа восі, што і шпуля’ (брэсц., Нар. лекс.), ‘вілападобная дэталь з металічнымі кручкамі ў калаўроце (для намотвання нітак на шпульку’ (гродз., Нар. сл.), се́ры ‘прылада ў калаўроце, куды ўсаджваюць шпулю’ (Сл. рэг. лекс.), сі́ры ‘тс’ (Скарбы), польск. дыял. śery ‘вілачкі ў калаўроце, у якія ўстаўлены кручочкі з дроту’. Зданцэвіч (LP, 1960, 348) адносіць да літуанізмаў, але без этымону. Лаўчутэ (Балтизмы, 148) адносіць да слоў, балцкае паходжанне якіх недастаткова абгрунтавана. Няясна.

Се́ры2 ‘шэры’ (ЛА, 4). Параўн. укр. сі́рий, рус. се́рый, ц.-слав. сѣръ, стараж.-рус. сѣрыи, серб.-харв. си̏јер ‘шэры, сівы, палавы’, славен. sér, sîr ‘тс’, балг. дыял. сер, сяр ‘шэры’. Рэканструкцыя зыходнай формы няпэўная ў сувязі з чаргаваннем s/š (гл. шэры): *sěrъ/*šěrъ узводзяць да прыметніка *xe̊rъ ‘шэры, сівы’, ж. р. *xěra, роднаснага ст.-ісл. hárr ‘шэры, сівы’, англ.-сакс. hár, ст.-в.-ням. hêr ‘паважаны, велічны’, с.-в.-ням. hêr(e) ‘тс’, ірл. ciar ‘цёмны’ (< герм. *haira‑), што з няпэўнасцю з-за фанетычных цяжкасцей звязваецца з і.-е. *ḱoi̯‑ro ‘цёмны, шэры, карычневы’ (гл. Бязлай, 3, 229; Сной₂, 650; Фасмер, 3, 611). Інакш Махэк₂ (605), які параўноўвае праславянскую форму з гоц. skeirs ‘ясны, светлы’, ст.-ісл. skīrr ‘тс’, што роднасныя *sьjati (гл. ззяць). Агляд версій гл. ESJSt, 13, 803–804.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)