Катэ́лка ’хлебны, гліняны шарык’ (Касп.). Не вельмі яснага паходжання; няма, здаецца, падобных форм у іншых мовах (гл. СРНГ, Даль, Трубачоў, Эт. сл.). Зыходзіць трэба, магчыма, з вядомага ўтварэння, празрыстага марфалагічна *katalъka (ад *katati; з элементам ‑l‑, што сустракаецца ў дзеепрыметніках мінулага часу). Параўн. у Даля: ката́лка ’што качаюць, дзіцячыя цацкі на колах; чым качаюць, качалка для качання бялізны; на чым катаюцца, каток, горка, рагожка для катання’ (гл. яшчэ СРНГ, 13, 121–122). Магчыма, калісьці націск быў на першым складзе (параўн. рус. ка́талки ’гульня ў шар’). Пры перанясенні націску на другі склад нібы аднаўляецца вакалізм «э» пад націскам. Параўн. чаргаванне ў бел. мове эа ў залежнасці ад месца націску.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кацаве́йка ’кароткая кофта на ваце, футры або на падкладцы, кабат з рукавамі’ (ТСБМ, БРС). Параўн. рус. кацаве́йка ’кароткая куртка, кофта’, укр. кацаве́йка, кацаба́йка, куцба́йка. Паводле Фасмера, 2, 212–213, запазычанне праз польск. kucbaja, kuczbaja (і, магчыма, формы, узятыя з укр., kacabajka, kacawejka) з ням. мовы. Параўн. ням. Kutzboi ’грубае сукно’ (якое мае далейшыя сувязі ў ням. лексіцы). Гл. яшчэ падрабязна ў Слаўскага, 2, 11–12. Да гэтай групы слоў адносіцца і бел. кучбай ’тканіна з шэрсці’ (Нас.). Шанскі (2, К, 103) мяркуе, што ўкр. кацаве́йка (якое было формай-пасрэднікам і для некаторых форм іншых моў) узнікла з кацабайка пад уплывам дзеяслова веять, развеваться, з якім, быццам па народнай этымалогіі, было звязана.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апрэ́снік, опрі́снок ’праснак’ (КТС, Інстр. I, Лекс. Палесся, 115–116), оприснячок ’рытуальны хлябец, які выпякаецца ў час пахавання нябожчыка’ (Клім.). Рус. опре́сно́к ’праснак’, ’маца’, опресноки ’яўрэйская пасха’, укр. опрі́снок ’праснак’, опрісноки ’пасха’. Польск. oprzasnek ’праснак’, славац. opresek ’тс’, славен. oprẹ̑snik ’тс’. У чэш., польск. без о‑: přesník, przaśnik ’праснак’, ’маца’. Ст.-слав. опрѣснъкъ, ст.-рус. опрѣснъкъ, ‑окъ ’праснак, маца, каталіцкая прасвіра’ (Сразн.), ст.-бел., ст.-укр. опрѣснокъ ’безквасие’ (Бярында). Суфіксальна-прэфіксальнае ўтварэнне ад прэсн‑ы; беларускі суфікс ‑ік, магчыма, у выніку словатворчай перапрацоўкі ст.-рус. з суфіксам ‑ъкъ, як і ў славенскай, ці ў выніку кантамінацыі дзвюх форм: опрѣснъкъ і прѣсникъ (адкуль чэшскія, польскія формы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ком1 ’круглаваты зацвярдзелы кавалак рыхлага рэчыва’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Ян., Нар. лекс., Яшк., Яруш.). Укр. кім, рус. ком ’тс’, польск. kom ’тс’, славен. kom ’круглаваты прадмет’, балг. комина, серб.-харв. ко̏м, ко̏мина ’жамерыны’, чэш. kominy ’тс’. Бліжэйшыя адпаведнікі: лат. kams ’ком’, літ. kamuolỹs ’клубок’. Іншыя індаеўрапейскія паралелі больш праблематычныя. Калі прызнаць адзінае паходжанне для ўсіх славянскіх форм, то можна разглядаць прасл. komъ як рэгулярны апафанічны адпаведнік да незафіксаванага на славянскай моўнай глебе дзеяслова *kemti. Параўн. літ. kim̃šti ’напіхваць’ і прасл. čęstъ ’густы’ (Бернекер, 1, 557; Трубачоў, Эт. сл., 10, 180).

Ком2 ’бульбяная каша, камы’ (Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Сл., Жыв. сл., З нар. сл.). Гл. ком1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дуб1 ’дуб’. Рус. дуб, укр. дуб, польск. dąb, чэш. dub, серб.-харв. ду̑б, ст.-слав. дѫбъ. Прасл. *dǫbъ, дуб’ (падрабязны агляд форм і семантыкі гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 95–97). Паводле Трубачова, прасл. *dǫbъ — гэта назва-эўфемізм, якая звязана з лексікай з шырокай семантыкай: *dǫbrava, *dъbrь. У аснове ляжыць і.-е. *dheu̯bh‑ ’глыбокі’, але Трубачоў разумее *dǫbъ як іншасказальнае слова: першапачаткова ’нізіннае (дрэва)’. Сюды адносіцца і бел. дуб ’вялікі човен’ (Бяльк.), рус. дуб, укр. дуб. Прасл. характар маюць *dǫbiti (бел. дубі́ць і г д.); гл. Трубачоў, там жа, 91–92; прасл. dǫbina (у тым ліку бел. дубі́на, рус. дуби́на, укр. дуби́на).

Дуб2 ’вялікі човен’. Гл. дуб1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казі́цца ’нараджаць казлянят, прывесці прыплод’ (Бяльк.; мядз., Нар. сл., 60). Рус. зах.-бран., цвяр., калін. козиться, серб.-харв. kòziti, kòziti se, макед. кози се, балг. дыял. кози, кози се ’тс’. Нягледзячы на супадзенне форм дзеяслова ў незалежных арэалах, нельга меркаваць аб старажытным паходжанні слова, паколькі не выключаецца адносна позняе ўтварэнне па вядомай мадэлі. Аднак аргументаў на карысць позняга паходжання слова таксама няма. Архаічны характар утварэння можна пацвердзіць літ. ožinótis, ožkúotis у тым жа значэнні, што і слав. лексемы. Гэта дазваляе прапанаваць прасл. рэканструкцыю: koziti (sę) для разглядаемага слова са значэннем ’нараджаць казлянят’. Значэнне ’прывесці прыплод’ (у Бялькевіча) можна разглядаць як другаснае; больш ясна такое значэнне развіваецца ў дзеяслова каціцца (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скастры́ць1 ‘вылегчаць, выкласці’ (Барад.). Магчыма, архаізм, што узыходзіць да прасл. *kostriti, для якога Трубачоў (ЭССЯ, 11, 162) адмаўляе сувязь з балк.-лац. castro ‘рэзаць, пакладаць’, ці да *kostyrь (да *kes‑/*kos‑ ‘рэзаць’, гл. БЕР, 2, 666). Ва ўсякім разе, можна дапусціць уплыў слоў, што ўзыходзяць да названых форм, на вытворнае ад русізма кастри́ровать пры народным пакладаць, лягчаць. Гл. наступнае слова.

Скастры́ць2 (skastryć) ‘закінуць’ (Вяр.). Вярыга (там жа, 18) выводзіць з кастра́ ‘кастрыца’ (< *kostra з шырокім колам значэнняў, гл. ЭССЯ, 11, 158–159), заўважаючы, што ў “polaków litewskich” kostro ‘сажань, касцёр дроў, куча галля’. Семантыка паказвае на магчымую сувязь з *kostriti, параўн. смаг. кастри́ть ‘рубаць дровы’ (Дабр.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сурэ́па ’пустазелле з жоўтымі кветкамі’ (Сцяшк., Мат. Гом.), сурэ́пка ’пустазелле свірэпа’ (Цых.), сурэ́піца ’рапс’ (Ласт.). Параўн. укр. суріпа, сурі́пиця ’тс’ і ’свірэпа’, рус. суре́па, суре́пка, суре́пица ’свірэпа’. Гл. свірэпа; варыянтны пачатак слова тлумачыцца наяўнасцю паралельных зыходных форм прыметніка *svirěpъ/*surěpъ ’дзікі, раз’юшаны’, параўн. рус. свире́пый, суре́пый ’тс’, балг. свире́п, дыял. суря́п, зуре́пав ’раз’юшаны’ і пад. Семантыка слова на базе ’дзікая, некультурная расліна’, гл. Мяркулава, Этимология–1994, 78; інакш — з су- (са значэннем няпоўнага падабенства) і рэпа (гл.) — тлумачыць адпаведныя формы Пічхадзе (Новое в рус. этим., 1, 229), што адлюстроўвае падабенства лістоў розных раслін да лісця рэпы, параўн. рапак, гл. Гл. яшчэ Жураўлёў, Язык и миф, 373.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тым — слова, суадноснае са злучнікам чым, падкрэслівае большую ступень праяўлення прыкметы; састаўная частка складаных злучнікаў між тым, як; перад тым як; тым больш што; тым часам ‘тады’ і інш. (ТСБМ, ТС, Нас., Шат., Бяльк.). Творны склон займенніка той (< *tъ‑jь), старая аснова выводзіцца з *tŏ‑, якая перад суфіксам на зычны пашыралася элементам *‑ĭ‑ ; *‑ŏĭ‑ манафтангізавалася, утварыўшы ‑ě‑. Да займеннікавай асновы *tě‑ далучаўся канчатак іменнага скланення творнага склону *‑mь, што давала форму Тв. скл. *těmь; апошняя форма ў частцы дыялектаў праславянскай мовы змянілася на *tymь (пад уплывам форм займеннікаў мяккай разнавіднасці). Ст.-бел. тымъ адлюстроўвае ўплыў жывой гутарковай мовы і адзначана з XV ст. (Мова бел. пісьм., 153).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́пка1, апе́лька ’пятля для кручка’ (Жд. 1), га́пка ’пятля ў адзенні’ (Сцяц. Словаўтв.), га́пка, гапе́лечка, гапе́лька ’пятля’ (Шатал.), га́пачка ’самаробны гузік; пятля’ (Сцяшк. МГ). Падрабязны агляд форм гл. Сцяц. Нар. лекс., 125. Сцяцко (там жа) лічыць, што бел. форма га́пка ўзята з польск. haptka ’тс’ (гэта з’яўляецца дыялектнай формай польск. haftka < ням.; аб этымалогіі гл. Слаўскі, 1, 390). Гэта магчыма, але можна лічыць зыходным і польск. haftka; на бел. глебе замена ф > п, што звычайнае ў слав. мовах. Параўн. га́птка, га́фтка.

Га́пка2 ’свіны страўнік’ (Шатал.). Няясна. Магчыма, ад уласнага жаночага імя Гапка (ад уласных імён нярэдка ўтвараюцца назвы розных прадметаў, у прыватнасці назвы часцей цела). Параўн. укр. дыял. га́пка ’задняя частка цела, podex’ (Грынч.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)