хілі́ць, хілю, хіліш, хіліць; незак.

1. што. Нагінаць верхнюю частку чаго‑н.; надаваць чаму‑н. нахіленае становішча; нахіляць. Ой ты, вецер, сціхні, не шумі! Не хілі былінку ніцма-ніц, Дай паслухаць вольны спеў крыніц. Пушча. Не хіліць вецер куст ракіты, Не свішча сумна, як удзень... На гай, на поле і на хаты Спаўзае ночы лёгкі цень. Чарот. Ты бачыў, як шугае бура, А дуб не хіліць галавы, Стаіць крапак сярод суседзяў, Як непахісны вартавы. Прануза. Ніжай і ніжай хіліла сваю галаву, Зачараваную музыкай колаў, Марына. Куляшоў. / у безас. ужыв. Цемень у .. вачах [Кастуся] кружылася, і ўсяго яго хіліла на левы бок. Чорны.

2. што. Спец. Нахіляць набок (самалёт, судна і пад.). Вецер хіліць лодку.

3. каго-што. Ахопліваць, адольваць каго‑н. (пра сон, дрымоту). Станіслава хіліць сон, але спаць нельга, заснеш — загінеш. Мікуліч. / у безас. ужыв. Міканора і самога хіліла на дрымоту. Мележ. Стомленасць і ціхі шэпт хвой хіліў да сну, але партызаны сіліліся перамагчы дрымоту. Шчарбатаў.

4. перан.; на што. Хіліцца, набліжацца да чаго‑н. Лета хіліць на спад. Навуменка. / у безас. ужыв. Паколькі хіліла на вечар, Парфен налягаў з усіх сіл, каб паспець звеяць першую гару намалочанага. Кавалёў.

5. перан.; што і без дап. Накіроўваць да чаго‑н. (думку, справу і пад.). — Дакуль вам жыць пры сястры, — здагадаўся аграном, куды хіліць гаворку хлопец. Пальчэўскі. Я ўважліва слухаў старога, браў у рукі рэчы і не разумеў, да чаго ён хіліць. Хомчанка.

6. перан.; каго да каго-чаго. Прыцягваць, прывабліваць сабой каго‑н. Магчыма, мае значэнне і тое, што ў памяці нашай Касач звязаны шмат з чым, што не надта хіліць да вясёлай балбатні. Адамовіч. // безас. Гарнуць, цягнуць да каго‑, чаго‑н. Яго хіліць да кніжак. □ Тая акалічнасць, што гэты незнаёмы чалавек цікавіцца настаўнікам, хіліла дзяцей да Нявіднага. Колас.

•••

Куды вецер хіліць гл. вецер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

е́сці, ем, ясі, есць; ядзім, ясце, ядуць; пр. еў, ела; заг. еш; незак., каго-што.

1. і без дап. Прымаць ежу, перажоўваючы яе і глытаючы. Есці булку з маслам. Хацець есці. □ Не сказаць, каб вялікія ласункі былі з чэрствага хлеба, але еў яго Міколка з вялікай ахвотай. Лынькоў. // Ужываць у якасці ежы, для ежы. Не есці мяснога. □ Горкая рэдзька, ды ядуць, дрэнна замужам, ды ідуць. Прыказка. // Харчавацца. Прывезлі мяса дамоў. Дома пасалілі, — аж дванаццаць кадушак насалілі! Цэлы год тое мяса з гаспадаром елі. Якімовіч.

2. толькі ў інф. (у спалучэнні з дзеясл.). Ежа, харч. Варыць есці. □ Нясе жонка [аратаму] есці Цэлы спарышок. Купала.

3. Кусаць, грызці (пра насякомых, грызуноў). Моль есць футра. □ Ядуць вас мухі з камарамі. З нар.

4. Раз’ядаць, разбураць хімічна. Іржа на вышках есць парог. Купала. // Раздражняць, раз’ядаць (пра дым). Бела-сіні, надта горкі Лезе ў вочы, есць да слёз, Душыць горла дым махоркі, Самагон зрывае нос. Крапіва. Пыл есць вочы і горла забівае. Ермаловіч.

5. перан. Разм. Не даваць спакою, мучыць; грызці (пра сумленне, боль і пад.). Магло здавацца, што .. [Стафанковіча] есць з сярэдзіны нейкі боль. Чорны. Згрызае, есць яго нуда. Адзін ён тут у волкім змроку. Колас.

6. перан. Разм. Даймаць каго‑н. сваркамі, папрокамі, назаляць, не даваць спакою. Адразу пачаў гаварыць Апанас Сегень пра адвечную вясковую песню: за кавалак гнілой вяроўкі ўвесь век ядуць адно аднаго. Чорны.

•••

Дарэмна хлеб есці — гультаяваць, не прыносіць ніякай карысці.

Есці вачамі — пільна ўглядацца, не адводзячы позірку; упівацца вачамі.

Есці не просіць гл. прасіць.

Есці просяць гл. прасіць.

Есці чужы хлеб — жыць за чый‑н. кошт, знаходзіцца на чыім‑н. утрыманні.

Есць чарвяк каго гл. чарвяк.

Еш не хачу — усякай яды ўволю, з лішкам.

Мала кашы еў (з’еў) — яшчэ малады, нявопытны, каб брацца за сур’ёзную справу.

Пасаліўшы, есці можна — пра што‑н. пасрэднае, цярпімае.

Поедам есці — бесперастанку мучыць папрокамі.

Хлеб есці з чаго — мець карысць, даход з якога‑н. занятку.

Хоць воўк траву еш гл. воўк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ж 1, нескл., н.

1. Восьмая літара беларускага алфавіта, якая мае назву «жэ». Друкаванае ж. Курсіўнае ж.

2. Звонкі, шыпячы, зацвярдзелы зычны гук. Зацвярдзелае ж. Звонкае ж.

ж 2, (пасля зычных) жа ​1, злучн.

1. супраціўны. Злучае сказы з адносінамі супрацьпастаўлення, супастаўлення і неадпаведнасці. Звычайна ў гакі ясны летні вечар усюды.. гуляюць дзеці, усюды іх смех, крыкі, гоман. У гэты ж вечар дзяцей нідзе не было; і ад гэтага рабілася жудасна. Шамякін. [Маці і каханая] сваімі думкамі праводзілі .. [Рыгора] ў далёкую дарогу, сваімі ж сумненнямі выказвалі баязлівасць, каб гэтыя праводзіны не былі апошнімі. Гартны. Я хлеба ў багатых прасіў і маліў, — яны ж мне каменні давалі. Багдановіч.

2. далучальны. Ужываецца для далучэння сказаў з паведамленнем дадатковага або тлумачальнага характару. Вепры, дзе жыў Мартын Рыль, былі па дарозе на дзедаву вёску. Да дзедавай жа вёскі было адгэтуль кіламетры тры-чатыры. Колас.

ж 3, (пасля зычных) жа ​2, часціца.

1. узмацняльная. Ужываецца для ўзмацнення значэння папярэдняга слова або сэнсу таго, што выказваецца (пытання, сцвярджэння, наказу, ступені інтэнсіўнасці якога‑н. дзеяння або пачуцця і пад.). Ці ж мог пасля ўсяго гэтага Васіль паслухмяна цягнуцца за Чарнушкамі? Мележ. Слаў жа ты, песня, дзень радасны свята. Танк. А коні бягуць — падганяць не трэба — дарога чыстая, дарога слізкая, чаму ж не бегчы. Лынькоў. Нейкі час Васілька стаяў і баяўся зварухнуцца, — надта ж незвычайна было ўсё ў гэтай хаце. Крапіва.

2. Ужываецца пасля займеннікаў і займеннікавых прыслоўяў пры супастаўленні, параўнанні, каб падкрэсліць падабенства, супадзенне, аднолькавасць. Яны і на фабрыку прыйшлі з аднаго і таго ж мястэчка, жылі ў горадзе ў адным доме. Лынькоў. // Ужываецца пасля займеннікаў і займеннікавых прыслоўяў, каб падкрэсліць развіццё, засяроджана дзеі ў адным месцы, часе. На тых жа багнах, дзікіх, сумных, Разлёгся ўшыр тарфяны шчыт. Колас. Як толькі Грамадой пачуў пра гэта, у той жа дзень склікана была сямейная нарада, на якую запрасілі і свата — Андрэя Каржакевіча. Крапіва. // Ужываецца пасля займеннікаў і займеннікавых прыслоўяў, каб падкрэсліць нязменнасць, пастаянства. У шуме любой ракіты, Здавалася мне, напевы Адны і тыя ж гучаць. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скупы́, ‑ая, ‑ое.

1. Празмерна, да прагнасці ашчадны (пра чалавека). [Прымак:] — Ды і жонка мая скупая. У яе на чарку не выпрасіш. Шамякін. Таргаваліся, таргаваліся, ды ніяк не могуць у цане сысціся: пан, бач, скупы быў і надта даражыўся. Якімовіч. / у знач. наз. скупы́, ‑ога, м.; скупа́я, ‑ой, ж. Скупому рубель даражэйшы за душу. З нар.

2. Разм. Які крыху не дасягае пэўнай нормы, памеру і пад., няпоўны. Скупы кілаграм. Скупыя тры метры тканіны. □ Гэтай мукі можа яшчэ хопіць на два скупыя хлявы. Чорны. // перан. Няшчодры, ашчадны (пра прыроду і пад.). Скаціна лагодна, кожная на свой манер, вітае гаспадара простымі аднаскладовымі гукамі, што адпусціла для іх скупая прырода. Колас. Снег сышоў. Скупая паша На мурог і асаку. Маляўка. // Малы па колькасці, бедны, мізэрны. Пасля, поснага і скупога снедання хлопцы накіраваліся.. [на нядзельнік]. Чарнышэвіч. На румку засталося шмат драўніны — яе не паспелі сплавіць. Заработкі адразу сталі скупымі. Лынькоў. Ашчаджаючы скупы запас снарада, .. казакі непрыкметна зняліся з пазіцыі. Брыль.

3. перан. Недастаткова інтэнсіўны ў сваім праяўленні, дзеянні; слабы. У яго [Чарота] кучаравая галава, скупая ўсмешка і нясмелы жэст. Скрыган. Прагучэла кароткая скупая чарга. Мележ. Скупыя рыданні маці — яна ўжо выплакала ўсе вочы — на хвіліну сціхалі. Лынькоў. // Рэдкі (пра слёзы, кроплі дажджу і пад.). Дзве скупыя слязінкі скаціліся з вачэй Вацлава Незвала. Васілевіч. На некаторых магілах пачала прабівацца трава, па ёй блішчалі скупыя кроплі расы. Кулакоўскі. // Недастаткова яркі (пра святло і пад.). У акно пакоя заглядвала скупое зімовае сонца. Нядзведскі. Скупое святло палярнага дня цадзілася праз шыбачку ў дзвярах і падала на твар гаспадара. Шамякін.

4. перан. Недастаткова ў якіх‑н. адносінах. І за хмарамі ўначы Не задрэмле месяц ціхі, Лічыць рэбраў абручы На скупых баках ваўчыхі. Маляўка. // Кароткі (пра мову, пісьмо і пад.). Хлапец разумеў, што скупыя словы брыгадзіра і ў сотай долі не перадаюць таго, што тут было. Кулакоўскі. [Бацька] часта пісаў дадому, потым перастаў, а праз нейкі час прыйшло скупое паведамленне: загінуў смерцю адважных. Хадкевіч. З невыказным хваляваннем сачылі людзі за скупымі кінакадрамі. Шыцік.

5. на што і ў чым. Стрыманы ў праяўленні чаго‑н. А бацька.. [Каці], відаць, быў ад роду скупы на пяшчоты, ва ўсялякім выпадку яна амаль не бачыла ад яго ласкі. Гаўрылкін. Я пішу і не плачу, я стала скупою на слёзы. Куляшоў. Ты й мяне прывучыў Быць скупою ў пачуццях услых. Мацяш. [Крапіва] строгі, каменна-маўклівы, скупы на слова, на жэст, па ўсмешку. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і чаго.

1. Старацца знайсці, выявіць (скрытае, схаванае, згубленае). Дрыготкімі ад узрушанасці рукамі .. [Маша] шукае плацце і не можа знайсці. Мележ. Было чуваць, як .. [незнаёмы] атрасаецца ад дажджу, доўга выцірае ногі і шукае ўпоцемках клямку. Грахоўскі. Памуляліся швагры — нічога не зробіш: трэба ехаць шукаць кабыліцу. Якімовіч. [Крамарэвіч] доўга шукаў сцежкі. Чорны. // Займацца пошукамі, старацца даведацца пра наяўнасць, месцазнаходжанне каго‑, чаго‑н. Шукаць кватэру. □ Як толькі прыходзіў свежы нумар газеты, Міхалка з нецярплівасцю шукаў на яе слупках сваю карэспандэнцыю. Бядуля. [Таня] мусіла брыгадзіра шукаць, а брыгадзір, сказалі ёй, недзе ля трактара, у полі. Гроднеў. // Прабівацца, рабіць праход, выйсце адкуль‑н. Глядзі — скрозь ковы ледзяныя Сачацца кропелькі жывыя, Дарогу новую шукаюць І лёд вадою заліваюць. Колас. Туман. Раса шукае выйсця — Стрывожаная вецярком, З пажоўклых жылаватых лісцяў, Нібы з далоняў, лье цурком. Панчанка.

2. Дабівацца, патрабаваць чаго‑н., старацца атрымаць што‑н. Шукаць сустрэч. Шукаць дапамогі. □ Вольга Аляксандраўна доўга шукала работы. Новікаў. [Шабуня] нібы шукаў падтрымкі ў камісара. Мележ. Верка ўпарта шукала выпадку бліжэй пазнаёміцца з Косцем. Карпюк. // Імкнуцца, крочыць да чаго‑н. новага, перадавога, больш дасканалага. Шукаць, ствараць Такое трэба нам сугучча, Дзе б сэрца Леніна жыло, — Яно да дружбы неўміручай Народы нашы прывяло. А. Александровіч. — Цьфу! Якая гэта агіднасць! — думаў далей малады настаўнік: — Жывеш, складаеш планы, чагось шукаеш, чагось дабіваешся, спадзяешся, а прыйдзе час — і ты будзеш труп, гніль, спажытак чарвей. Колас.

•••

Бобу ў гаросе шукаць — рабіць што‑н. бяссэнснае, недарэчнае, бязмэтнае.

З хлеба крошак шукаць — быць незадаволеным тым, што ёсць, рэальна існуе.

Удзень са свечкаю (днём з агнём) шукаць — пра тое, што вельмі цяжка, немагчыма адшукаць, знайсці.

Цераз хлеб ды хлеба шукаць — ад добрага ды шукаць лепшага.

Шукаць вачамі — імкнуцца ўбачыць каго‑, што‑н. [Партызаны] вярнуліся ў сасоннік, дзе Шура начаваў, — ён шукаў вачамі мясціну, выкладзеную хваёвымі лапкамі, і не знаходзіў. Навуменка.

Шукаць ветру (лавіць вецер) у полі — пра марныя пошукі каго‑н.

Шукаць гуза — нарывацца на непрыемнасці.

Шукаць дурняў — старацца абхітрыць, падмануць каго‑н.; хітрасцю прымушаць каго‑н. рабіць што‑н.

Шукаць лёгкага хлеба — пазбягаць цяжкасцей, старацца ўсё рабіць, не прыкладаючы ўласнай працы, намаганняў.

Шукаць пятлі на шыю — лезці ў небяспечныя, рызыкоўныя справы.

Шукаць слоў (слова) — з цяжкасцю падбіраць патрэбныя словы, мець цяжкасці з выражэннем думак.

Шукаць учарашняга дня — спадзявацца вярнуць тое, што назаўсёды страчана, чаго ўжо няма.

Шукаць як хлебанадта шчыра, старанна шукаць чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скака́ць, скачу, скачаш, скача; незак.

1. Рабіць скачок, скачкі; падскокваць. Крычаць малыя шалапуды, Бягуць і скачуць, б’юць у ладкі. Колас. Танцуюць хлопцы «Збуйніцкі» танец, Скачуць з дзяўчатамі цераз касцёр. Танк. Сабакі адразу пазналі Тынэлькута і пачалі віляць хвастамі, радасна вішчаць, скакаць на яго. Бяганская. Кожны раз, як з працы Вечарам прыйду я, Прада мной дачушка Скача і танцуе. Астрэйка. // Рухацца скачкамі. Скачуць з галінкі на галінку вяртлявыя рыжахвостыя вавёрачкі. Якімовіч. На адталым дзірване Павесялелы скача верабей... Лось. // Рабіць спартыўныя скачкі; займацца скачкамі як спортам. Скакаць з парашутам. □ У сектарах было многа юнакоў і дзяўчат, якія скакалі, штурхалі ядро, займаліся на гімнастычных прыладах. Шыцік. // Кідацца ўніз скачком. — Калі купацца можна, дзед? Скакаць у рэчку з вышкі? Бялевіч. Зіна ніколі не скакала ў ваду з такой вышыні, ды і плавала не надта ўжо і добра. Васілёнак. // перан. Імкліва цячы па ўступах, каменні і пад. (аб рэчцы, ручаі і пад.). З другога боку, унізе, скача па кам[янях] вясёлы гаманлівы ручай. Шамякін. // перан. Разм. Мітусіцца, імкнучыся дагадзіць. Такароўцы.. стараліся скакаць перад панам Магдановічам на ўсе лады. Бядуля. // перан. Разм. Мітусіцца (пра думкі і пад.). Цяпер думкі адна за адной скакалі ў яго [Сымона] галаве. Чарнышэвіч.

2. Стукаючыся аб што‑н. цвёрдае, адскокваць убок ці ўверх. Дождж.. Кроплямі па шкле аконным скача... Макаль. Гумавыя шыны лёгка скакалі па кар[анях], і на гэтыя частыя штуршкі ледзь чутна адклікаўся званок. Кулакоўскі. Уся.. маленькая постаць [хлопчыка] цягнулася наперад да капрызнага мяча, які можа так слаўна скакаць. Лынькоў.

3. перан. Падскокваючы, рабіць рухі, якія нагадваюць скокі. Коні ў загарадзе пачынаюць скакаць і станавіцца на дыбкі. Мурашка. Рыбкі шмыглівыя скачуць, купаюцца. Купала. // Дрыжаць, падскокваць, рабіць бязладныя рухі. Над лабавым шклом.. [аўтобуса] скакалі-калаціліся дзве фанерныя закладкі з назвамі «Бабруйск» і «Мазыр». Ракітны. Скакала тупая піла, Звінела, як шкло, асіна. Барадулін. Рукі.. [пані Яндрыхоўскай] калоцяцца, аловак скача па паперы. Крапіва. / Пра полымя, агонь і пад. Мігатлівыя языкі агню весела скакалі над распаленым вуголлем. Арочка. Полымя скакала каля самых [акон], пачынала лізаць сцены. Бураўкін. / Пра святло, цені, водблескі і пад. Сонечная ўбіраецца ў сілу раніца. Вясёлыя водблескі скачуць на люстраной роўнядзі копанкі. Навуменка. Чырвоныя водсветы гарматных выбухаў скакалі на сценах. Мележ. Ад смеху дрыжэла лучынка ў.. руцэ [Надзі], доўгія цені скакалі па сцяне. М. Ткачоў. // Пра знакі, вобразы і пад., што мітусяцца перад вачыма. У хаце быў паўзмрок, і Паўлік.. не адразу змог убачыць постаць дзеда. У вачах яшчэ некаторы час скакалі літары і малюнкі. Шамякін. // Пра вочы, якія выражаюць унутраны стан чалавека. Сцёпка сядзеў на краі табурэта, насцярожаны і натапыраны, як дзядоўнік. А ў вачах скакалі хітрыя агеньчыкі. Хомчанка. У вачах [Зіны] ужо не скакалі былыя чорцікі, якіх пабойваўся некалі Алесь. Шыцік.

4. Разм. Міжвольна трэсціся, дрыжаць (пра часткі цела, твару). На твары скакаў і дрыжаў кожны мускул, трапяталася кожная рыса. Крапіва. На поўнай круглай шыі скакала жылка. Пташнікаў.

5. Разм. Нечакана хутка змяняцца. Тэмпература скача. Цэны скачуць.

6. Разм. Танцаваць. Зайграў музыка; хлопцы і дзяўчаты Пад музыку пусціліся скакаць... Купала. — А памятаеш, Марфачка, як мы кадрыль скакалі на тваім вяселлі! — раптам загараецца ўся ўспамінам Таццяна. Васілевіч. Вось і полечка, браточкі! А чаму ж нам не скакаць, Калі ўмеем працаваць. Грамыка.

7. Бегчы наўскач, з вялікай хуткасцю (пра каня). Скача полем тройка коней, Поўны сані ездакоў. Галіноўская. Галопам скачуць рысакі. І пада мной палоззе, Як спараваныя смыкі, Іграе на марозе. Смагаровіч. // Ехаць (на кані, конях) вельмі хутка. Скачуць тымі стэпамі казакі. Звонак.

8. Разм. Хутка бегчы да каго‑н., куды‑н. з якой‑н. мэтай.

9. Разм. Часта змяняць месца работы, вучобы.

•••

Па сабаку з рота скача — пра таго, хто брыдка лаецца.

Скакаць (танцаваць) пад чыю дудку — рабіць так, як хоча хто‑н., падпарадкоўвацца чужой волі. [Сцёпка:] — Досыць скакаць пад яго [Шупіка] дудку. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сысці́ся, сыдуся, сыдзешся, сыдзецца; пр. сышоўся, ‑шлася, ‑шлося; заг. сыдзіся; зак.

1. Ідучы з розных бакоў, сустрэцца, сутыкнуцца з кім‑н. [Хлопцы] і не заўважылі, як амаль усутыч сышліся з незнаёмым чалавекам. Колас. А то яшчэ сыдуцца твар у твар на шматлюднай вуліцы, [нібы] знарок падстроена кім-небудзь гэтая сустрэча. Пальчэўскі.

2. Прыйсці з розных бакоў у адно месца; сабрацца — пра ўсіх, многіх. Сход быў доўгім .. Сышлася ўся вёска — і калгаснікі, і гаспадары. Чорны. Паглядзець на студэнту сышлася радня. Васілевіч. Хаваць Леаніда Андрэевіча з блізкіх і далёкіх вёсак сышліся тысячы людзей. Грахоўскі. // Прыйшоўшы куды‑н., убачыцца, сустрэцца з кім‑н. [Старэйшы:] — На сёння хопіць работы. Трэба, каб і заўтра ў нас яшчэ была прычына сысціся тут. Машара. Развіталіся з містэрам Тэлпі і раз’ехаліся ў розныя бакі. Раз’ехаліся, каб зноў сысціся праз тыдзень, вырашыць спрэчку... Б. Стральцоў. // Аб’яднацца (у які‑н. калектыў). Але калі Старыца апынулася ў партызанскай зоне, яе жыхары зноў сышліся ў калектыў і ўвялі ў вёсцы даваенныя парадкі. Хадкевіч.

3. Сустрэцца для паядынку, спаборніцтва, бітвы. На кросе мы яшчэ з табою сыдземся. Савіцкі. У хмызняку, за гародамі, нашы танкі замаскіраваліся і ў змроку, перад світаннем сышліся з фашысцкімі браневікамі і танкеткамі. Кухараў.

4. Уступіць у блізкія, сяброўскія адносіны; пасябраваць. Гаваркі, рухавы Іван умеў сысціся з кожным, але былі тайны, у якія пасвячаўся адзін толькі Ягор. Навуменка.

5. перан. Уступіць у шлюб, у любоўную сувязь, сужыццё. [Бабка:] — Я ж у Лукерчыка жонкай была — не служанкай. Праўда,.. не першай — сышліся мы ў пяцідзесятым годзе. Вышынскі. Малодшая ж хітрэйшай, відаць, была, — махнула ў Кустанай і там сышлася з камбайнерам, па сэрцу, без вянца. Корбан.

6. перан. Аказацца адзінадушным у чым‑н., прыйсці да згоды. [Лях:] — І пасварыўся і не пасварыўся — не разбярэш. Духу майго Журавінка не зносіць, а я — яго. [Вот] так і не сышліся характарамі. Лобан. І сышліся хлопцы-верхаводы на Алесевай кандыдатуры. Шынклер. // Аказацца аднолькавым з чым‑н., падобным да чаго‑н. Так мы з сынам шчасліва У сваіх думках сышліся. Кірэенка.

7. перан. Разм. Прыйсці да пагаднення, згаварыцца. Таргаваліся, таргаваліся, ды ніяк не могуць у цане сысціся: пан, бач, скупы быў і надта даражыўся. Якімовіч. — Дам стрэліць, — сказаў Сцёпка. [Яська:] — Тры разы? — Адзін раз. — Жмінда. — Сышліся на двух стрэлах. Хомчанка.

8. Разм. Атрымацца, аказацца ў адпаведнасці адно з другім; супасці. Паказанні прыбораў сышліся. □ Вулю трэба закрыць ведамасць — і ўсё. Яшчэ — каб сышлося капейка ў капейку. Пташнікаў.

9. перан. Разм. Адбыцца адначасова (аб якіх‑н. падзеях). — Толькі што сын мой паехаў у войска служыць, — гаварыў Марцін, — а ў Перавозе дачка сабралася дзіця раджаць. Нейк усё сышлося адразу як з-пад маланкі. Чорны.

10. Наблізіцца адзін да аднаго, даткнуцца, дакрануцца. І задрамаў ён [сын] стомлены, Бы явар ля ракі, Як абцугі, над скронямі Сышліся дзве рукі. Панчанка. Калматыя бровы гаспадара сышліся над перанос[сем], папаўзлі ўгору. Асіпенка. // Разм. Аказацца па памерах дастатковым для таго, каб зашпіліць або захінуць (пра адзенне). Пояс сышоўся.

11. Прымкнуўшы шчыльна адно да аднаго, злучыцца. Высозныя горы, як сцены, Абапал. То воддаль адступяць Ад Струмы-ракі, То блізенька-блізенька Сыдуцца раптам. Гілевіч. А ён [чалавек] у траву паваліўся, У зялёных хвалях стаіўся. Сышліся над ім тыя хвалі, І вершаліны, як хвалі, Над гэтым месцам сышліся — Чалавека схавалі. Сіпакоў. У пачатку стагоддзя хаткі рабочых амаль сышліся з горадам. П. Ткачоў.

12. Аказацца, сканцэнтравацца ў адным месцы. Лініі сышліся ў адной кропцы. □ Усе сляды сышліся ля Яўхімавай пуні. Жычка. // перан. Злучыцца. Бачанае і чутае, перажытае і перадуманае — усё сышлося ў адно і разгортваецца перад вачамі, як доўгі маляўнічы скрутак. Палтаран.

•••

Свет клінам (не) сышоўся гл. свет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насі́ць, нашу, носіш, носіць; незак., каго-што.

1. Тое, што і несці ​1 (у 1 знач.), але абазначае дзеянне, якое пастаянна паўтараецца, адбываецца ў розных напрамках і ў розны час. Насіць ваду з рэчкі. Насіць дзіця на руках. □ Конь спачатку не хацеў насіць чалавека на сваёй спіне, іржаў, брыкаўся. Бядуля. // Трымаць нейкім чынам, у нейкім становішчы. Насіць руку на павязцы. □ [Старшыня] быў невысокага росту і можа таму заўсёды высока насіў галаву з чорным жорсткім вожыкам. Гаўрылкін. // Адносіць, дастаўляць куды‑н., каму‑н. Бацька вярнуўся ад солтыса, якому насіў падатак. Брыль. Жанчыны пайшлі раніцой .. здаваць малако, якое насілі яны .. штодня. Лынькоў. // Збіраць на кветках і дастаўляць у вулей (пра пчол). Жывуць сабе пчолкі і мядок носяць, і размнажаюцца... Кулакоўскі. // Трымаць доўгі час у чым‑н., дзе‑н. Насіць ліст у сумачцы. □ У хустачцы быў пачак новых трохрублёвак, крыху змятых ад таго, што іх насілі ў кішэні ці за пазухай. Чорны.

2. (звычайна ў спалучэнні са словамі «пад сэрцам»). Быць цяжарнай. Насіць дзіця пад сэрцам.

3. Перамяшчаць з месца на месца сілай свайго руху (пра вецер, ваду і пад.). Вецер насіў па вуліцах абрыўкі газет і папер, сыпаў пяском у вочы. Навуменка. // перан. Перадаваць, распаўсюджваць. Носяць .. [весткі] з сяла да сяла маладыя хлопцы і дзяўчаты — ганцы падполля. Пестрак.

4. Адзявацца пэўным чынам, надзяваць на сябе, а таксама мець на сабе. Насіць ваенную форму. Насіць акуляры. □ З свайго тавару былі боты, з свайго лыка і лапці: хто што мог насіць. Чорны. Шапку насіў [Коля] пераважна вайсковую і казырок насоўваў на вочы. Кулакоўскі. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аб прынятай модзе. Зараз носяць туфлі на шпільках. □ Неяк маці прыслала мне ў Вільню вышытую кашулю, якую насілі ў нас на вёсцы. Карпюк. // Аб прынятых правілах, форме нашэння. Ордэн Леніна носяць на левым баку грудзей. // Мець, захоўваць. Насіць косы. □ Бараду, кажуць, .. [старшыня] носіць з часоў партызанскай дзейнасці. Шамякін. // Трымаць, мець заўсёды пры сабе. Насіць пасведчанне ў кішэні. □ Сякера ў .. [Карпа] была свая, з ёй ён не разлучаўся ніколі — заўсёды насіў за поясам. Шамякін. // Мець як адзнаку прыналежнасці да якой‑н. арганізацыі. Я з твайго неспакойнага племені, Партыя, Хоць ля сэрца білет твой яшчэ не нашу. Бураўкін.

5. Мець якое‑н. імя, прозвішча, званне, тытул і пад. Насіць прозвішча мужа. □ Добрая справа здабыць сабе права Званне «мінчанін» горда насіць! Панчанка. Дзед Міцяй .. і ўся дзедава сям’я насілі вулічную мянушку Жыліны. Васілевіч. // Мець якую‑н. назву, называцца. Імя Леніна з гонарам носіць камсамол. □ Сюды [на Лісіныя горы] мы хадзілі ў арэхі. Назву такую насіла гэта месца з даўніх часоў. Грамовіч.

6. (часцей за ўсё ў спалучэнні з назоўнікам «характар»). Мець адзнакі чаго‑н., характарызавацца чым‑н. Навучанне носіць актыўны характар. □ Выдавецкая дзейнасць. Францішка Скарыны, насіла ў першую чаргу асветніцкі характар. С. Александровіч. // Мець сляды ад чаго‑н. А ў самой вёсцы Кармянцы яшчэ не паўміралі тыя, што носяць на целе пісагі ад .. плётак [стражніка]. Крапіва. // перан. Мець адзнакі чаго‑н. Будынак носіць сляды ўсходняй архітэктуры.

7. перан. Утрымліваць у сабе; адчуваць, што‑н., думаць што‑н. Я надзею нашу І ніколі не трачу, Што пабачу ізноў дарагія куткі.. Броўка. Наўрад ці ведае хто, якую вялікую крыўду насіла ў сваім сэрцы Ева. Колас. // Выражаць нейкае пачуццё. Памяты і нервовы твар .. [Зынгі] носіць на сабе ў гэтыя хвіліны адбітак нейкай прыніжанасці і просьбы. Чорны. Абрам на сваім бледным твары заўсёды насіў выраз ні то сарказму, ні то весялосці. Пестрак.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.), часта безас. Разм. Аб тым, што прымушае хадзіць, ездзіць дзе‑н., знаходзіцца далёка ад дому (часцей у пытальных і клічных сказах). Дзе цябе носіць?! □ Мама... Мама... Заўжды ёй хочацца, Каб пры доме былі ўсе дзеці. Іх жа носіць па белым свеце. Тармола.

9. (1 і 2 ас. не ўжыв.), часта безас. Разм. Быць вельмі ўзбуджаным. — Ой, дзядзька, цётка! — ён галосіць, І нейкі рух яго аж носіць. Колас.

•••

Дзе цябе (вас) бог носіць? гл. бог.

За плячамі не насіць — аб чым‑н. такім, што не абцяжарвае.

Ледзь ногі носяць гл. нага.

Насіць ваду ў рэшаце — займацца чым‑н. бескарысным, рабіць што‑н. заведама ўпустую.

Насіць камень за пазухай — мець злосць на каго‑н.; быць гатовым адпомсціць, зрабіць што‑н. дрэннае каму‑н.

Насіць маску — тое, што і надзяваць маску (гл. надзяваць).

Насіць на рукахнадта песціць каго‑н., удзяляць многа ўвагі каму‑н.; балаваць.

Пакуль ногі носяць гл. нага.

Чэрці носяць гл. чорт.

Як (толькі) зямля носіць; каб зямля не насіла гл. зямля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ды 1, злучнік.

I. спалучальны.

1. Ужываецца для сувязі аднародных у сэнсавых адносінах членаў сказа і сказаў; адпавядае па значэнню злучніку «і». Пад вяслом і шастом ласкава плёхала ды булькала вада. Брыль. І паплыло сялянства з коньмі, каровамі і ўсімі сваімі пажыткамі ў лес ды на балота хавацца ад панскага бізуна, ад кулі жандара. Чарот. // Злучае паўторныя словы і ўтварае спалучэнні са значэннем працягласці або паўторнасці дзеяння. А дождж ідзе ды ідзе.

2. Ужываецца для сувязі паслядоўных паведамленняў, звязаных адзінствам накіраванасці дзеяння. Дома выпілі [Толя з Міхасём] па кубку малака з хлебам ды падаліся на вышкі. Якімовіч. Лабановіч зрываецца з месца, бярэ паперу і прылады пісьма ды прысядае да Аксёна. Колас.

II. супраціўны.

1. Злучае процілеглыя члены сказа і сказы; блізкі па значэнню да злучнікаў «але», «аднак». Навальніца насоўвалася павольна, ды.. настырна. Колас. Локцям рабілася свежа ад зямлі, ды Толя гэтага не заўважаў. Брыль. І заскрыпелі тут і там Смычкі тугой дажджлівай шэрай, Ды наша моладасць слязам І сумным песням не паверыць. Танк. // У гэтым жа значэнні ужываецца для сувязі процілеглых членаў сказа і сказаў з абмежавальным адценнем. Сады маладыя Вайна пакасіла, Ды толькі не скосіць Народную сілу. Бялевіч. Саўчанка дазволіў разлікам добра адаспацца. Ды на холадзе, у сырых нішах, не надта спіцца. Шамякін. // Супроцьпастаўляе галоўны сказ даданаму ўступальнаму або адзін з членаў сказа другому з уступальным злучнікам «хоць». Хоць рэдка, ды метка. Прыказка. // У спалучэнні са злучнікам «затое» ужываецца пры замяшчальным проціпастаўленні. І сілу яна мела як у таго камара... Ды затое была Марылька такая смелая, што і хлопец другі не дакажа. Якімовіч.

2. Злучае члены сказа і сказы з узаемным выключэннем і значэннем неадпаведнасці. Стагналі людзі ў цёмных мурах, Ды не спынялі барацьбы І не згіналіся пад бурай, Як векавечныя дубы. Колас.

III. далучальны.

1. Далучае сказы і члены сказа, якія дапаўняюць, паясняюць ці падагульняюць выказаную раней думку. А вакол стаяць дзяўчаты, Шмат хлапцоў, мужчын, кабет. Тут сынок, ды тут і тата, Тут і ўнучак, тут і дзед. Крапіва. Калгаснікі стараліся ўправіцца з лепшай бульбай ды якая бліжэй к дому, а ўчастак пад ляском чакаў сваёй чаргі. Кулакоўскі. / У спалучэнні са злучнікам «і», які ўзмацняе далучальную сувязь. Падступіцца да гарэўшых цыстэрнаў не было ніякай магчымасці, ды гэта было і небяспечна. Лынькоў. Усюды панаваў нейкі ўрачысты святочны настрой. Ды і было чаго: ніколі яшчэ Закружжа не ўпраўлялася так хутка з сенакосам. Асіпенка. / У спалучэнні з прыслоўямі і займеннікамі «так», «калі (яшчэ)», «які», «такі», што ўзмацняюць далучальную сувязь. І зноў пачынае [Платон] распісваць кубанскія станы, уборку пшаніцы, ды так, што сапраўды заслухаешся. Шамякін. Але вось аднаго разу негадана-нечакана бяда здарылася, ды такая, якой самы старэйшы селянін вёскі не памятае. Чарот. // Далучае члены сказа і сказы, якія носяць характар дадатковага паведамлення (звычайна ў спалучэнні з прыслоўямі «яшчэ», «прытым»). — Новы брыгадзір пайшоў па сцежцы старога, ды яшчэ, бадай, апярэдзіў яго ў некаторых справах. Кулакоўскі.

2. Ужываецца пры нечаканых пераходах да другіх падзей, якія завяршаюць папярэднія выказванні. Рвануўся Цімох з усіх сіл Ды далей ад страшнае хвоі! Колас. Біўся, біўся ды з сілы выбіўся. Крапіва.

3. Далучае пры пералічэнні члены сказа з супраціўна-ўзмацняльным значэннем. Панізіўшы голас, шэптам сказаў дзед з узрушэннем: — У лес трэба перабірацца, ды не сядзець там, злажыўшы рукі, ды не пазіраць спакойна збоку, як яны [акупанты] тут гаспадараць. Колас.

•••

Ды і то (дый то) — далучае члены сказа і сказы з абмежавальным адценнем. Слых мой толькі праз момант ловіць музыку ціхага шуму лісця, ды і то мне спачатку здаецца, што гэта ўсё яшчэ шуміць у галаве. Брыль.

Ды і толькі (дый толькі) — нічога іншага, акрамя гэтага. Плача без канца, ды і толькі.

ды 2, часціца, узмацняльная.

Ужываецца ў пачатку сказа для ўзмацнення выразнасці выказвання. Ды мы даўно падрыхтаваліся! Ды што з вамі гаварыць! Ды хто ты такі? // У сярэдзіне сказа перад выказнікам ці групай выказніка ўзмацняе іх значэнне. — Не бядуй, што-небудзь ды прыдумаем, і ўсё бу дзе добра. Гартны. Э, дзе-небудзь ды знайдзем і баравік. Колас. // Пры загадным ладзе служыць для выражэння настойлівай просьбы, пажадання. — Ды хутчэй жа ты! — злуецца лёкай, — а то пан цябе розгамі засячэ... Якімовіч. — Валодзька! — крыкнуў я. — Ды годзе ўжо табе. Не чапайце, не трэба! Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чорт, ‑а, М ‑рце, м.

1. Паводле забабонных уяўленняў — злы дух, які мае выгляд істоты, пакрытай чорнай поўсцю, з рагамі, капытамі і хвастом; д’ябал. Хто супроць нас? Прэч з дарогі! Бачыш нашу грамаду? Мы [камсамольцы] саб’ём і чорту рогі, Богу вырвем бараду. Крапіва. Хацеў чорт балота запаліць, але гарэць не хоча. Прыказка.

2. Разм. Ужываецца як лаянкавае слова. — Стойце, чэрці! — зноў крыкнулі салдаты. Маўр. [Афіцэр] гнеўна крыкнуў старому: — Ты, стары чорт... Табе хлеб даю, што ты робіш? Лынькоў. [Камандзір:] — А ты [Рома], чорт, не зяваў бы на сонцы, а сеў ды чытаў. Брыль. // Разм. Ужываецца як пабочнае слова і ў значэнні выклічніка для выражэння прыкрасці, незадаволенасці, раззлаванасці. [Апанас:] — От чорт! Акурат такі самы, як Параска. Чарнышэвіч. [Боткін:] — Прыязджаю — пляменнікі скігочуць... От чорт! Ламі цяпер галаву, як вярнуць.. [цётку] з дарогі. М. Ткачоў.

3. перан. Разм. Пра каго‑н. вельмі спрытнага, смелага, дужага і пад. Прыборны засмяяўся. — Вось чэрці, гэтыя жаўноўцы. Хвіліны супакою фрыцам не даюць. Шамякін. Васіль Гайдук, цябе мы, чорт, усе, Гарачы палкавы наш агітатар, Прамоў і песень баявых аматар, Любілі ў прыфрантавой паласе. Панчанка.

•••

Аддаць (прадаць) чорту душу гл. аддаць.

Адзін чорт — тое, што і адна трасца (гл. трасца).

Да чорта — пра вялікую колькасць, мноства каго‑, чаго‑н.

Куды яго чэрці ўхапілі — куды ён дзеўся, знік.

К чорту — а) на кавалкі, ушчэнт. А потым, брат, калі рвануўся, — Усё к чорту — вуда і кручок, Пайшоў гуляць мой шчупачок! Колас; б) прэч, вон; выражае злосць на каго‑, што‑н., жаданне пазбавіцца ад каго‑, чаго‑н. К чорту касцёлы, капліцы, Цэрквы, званіцы, званы! Досыць працоўным маліцца Рэчам папоўскай маны. Крапіва.

К чорту на рогі — вельмі далёка, у глухія мясціны (ехаць, адпраўляцца і пад.).

К чорту ў зубы — у небяспечнае месца, на рызыкоўную справу (ісці, лезці, трапіць і пад.).

На чорта (груб.) — навошта, дзеля чаго?

Ні богу свечка ні чорту качарга гл. свечка.

Ні к чорту (не варты) — ні на што не прыгодны.

Ніякага чорта — нічога.

(Сам) чорт галаву (нагу) зломіць — аб вялікім беспарадку дзе‑н.; пра непраходнае месца, дарогу.

Сам чорт не брат каму — пра таго, хто нічога не баіцца, ні ад кога не залежыць, якому ўсё лёгка, даступна.

Скруціць чорту рогі гл. скруціць.

Чарцям млосна (будзе, стане) гл. млосна.

Чорта лысага — абазначае поўнае адмаўленне чаго‑н. — Кінь званіць! — у абурэнні крыкнуў .. [Петрусю] а. Ціт і ціха дадаў: — Ні чорта лысага не вызваніш там. Колас.

Чортам падшыты гл. падшыты.

Чортам свістаць гл. свістаць.

Чорт ведае (хто, што, які, куды, дзе і пад.) — невядома (хто, што, які, куды, дзе і пад.).

Чорт ведае што! — а) нешта неймавернае, такое, што цяжка ўявіць; б) усё, што хочаш.

Чорт (кадук, ліха, пярун, халера) з ім (з табой, з ёй, з вамі, з імі) — хай, няхай будзе так.

Чорт лазаты — пра таго, хто з’яўляецца ўвасабленнем зла, несправядлівасці. Ён [Богут] там здохне, чорт лазаты, І захлынуцца ўсе паны. Колас.

Чорт не бярэ (не возьме) — нічога не здараецца (не здарыцца), не шкодзіць (не пашкодзіць).

Чорт падаткнуў — аб якім‑н. дзеянні, якое робіцца без патрэбы, невядома для чаго.

Чорт пацягнуў каго за язык — навошта было гаварыць што‑н. (як шкадаванне з прычыны сказанага недарэчы, не па сутнасці).

Чорт прынёс (паднёс, прыгнаў) каго — пра таго, хто прыйшоў, з’явіўся не ў пару, недарэчы, не тады, калі трэба.

Чорт сеў (уссеў) на каго — пачаць нервавацца, раптоўна праявіць раздражненне, злосць.

Чорт сядзіць у кім — пра злоснага, свавольнага чалавека з дрэнным характарам.

Чорту лысаму — некаму, невядома каму (аддаць, пакінуць і пад.).

Чорт што — а) нешта недарэчнае, незразумелае, што выклікае злосць, раздражненне. — Чорт што, — раптам вырвалася ў .. [Мароза], і ён хапіўся за кішэні. — Ты [Шэмет] разумееш? Вот ключ не магу знайсці. Лобан; б) вельмі многа. [Базылькевіч:] — То вы ж, пане Бірыла, чорт што збожжа прадалі! Чорны.

Чорт яго бяры — добра, няхай будзе так; згода.

Чорт яго (цябе, яе, вас, іх) ведае — тое, што і бог яго (цябе, яе, вас, іх) ведае (гл. бог).

Чэрці носяць каго — аб тым, хто ходзіць невядома дзе, невядома нашто.

Што за чорт! — як выражэнне здзіўлення, незадаволенасці.

Якога чорта — выражэнне негатыўных адносін да каго‑н., зласлівасці, незадавальнення.

Як чорт ад ладану — усімі сіламі, любымі сродкамі, імкнучыся пазбавіцца (бегчы, адмахвацца і пад.) ад каго‑, чаго‑н.

Як чорт крыжа (ладану) — вельмі, надта моцна (баяцца каго‑, чаго‑н.).

Як чорт пад крыжам — вельмі моцна (дрыжаць, калаціцца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)