Скі́цер ‘кавалак (сала)’ (бярэз., Сл. ПЗБ), ‘вялікі кусок сала’ (бярэз., бых., кіраў., ЛА, 4), скіце́р ‘свежаніна, якую даюць суседзям, родным’ (Мат. Гом.), ст.-бел. скитера (скитерть) ‘кавалак сала’ (1530 г., Булыка, Лекс. запазыч., 119). Паводле Непакупнага (Связи, 195–196), слова ў формах скіцер, аскіцер паходзіць з літ. sketerà ‘шыя (жывёліны); карак’, sketẽrius ‘тс’, ‘кавалак сала’, якое ў значэнні ‘свежаніна; кавалак мяса або сала, што нясуць суседзям пасля забою свінні (цяляці, авечкі)’ распаўсюджана ў Жлобінскім р‑не, на Чачэршчыне і ў Быхаўскім р‑не. Аднак, паводле яго заўвагі, ‑і‑ застаецца няясным. Агляд літ-ры гл. яшчэ Лаўчутэ, Балтизмы, 50.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Славу́ты ‘агульнавядомы; праслаўлены’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Байк. і Некр.), сюды ж ст.-бел. словутичъ ‘слаўны, славуты (пры звароце да каго-небудзь’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. славу́тний ‘тс’, рус. дыял. слову́тный ‘славуты, шанаваны, багаты’, преслову́тый ‘праслаўлены’, стараж.-рус. словутьнъ, ст.-рус. Словутичь — эпітэт Дняпра, польск. sławętny, sławetny (набліжана да sława — Брукнер, 499), каш. słavutny, słavuty, чэш., славац. slovutný. Дэрываты ад *slovǫtъ, першаснага незалежнага дзеепрыметніка цяп. часу ад прасл. *slovǫ, *sluti, гл. слыць (Фасмер, 3, 673; Махэк₂, 557). Паўночнаславянская інавацыя *slovǫtъ, *slovǫtьnъ. Славэ́тны ‘знаны, праслаўлены’ (Ласт.) запазычана з польскай. Гл. яшчэ Басай-Сяткоўскі, Słownik, 320–321 (адмаўляецца чэшскае паходжанне слова).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Слу́два ‘закалец у хлебе’, перан. ‘шчыльны, спрасаваны іл’ (ТС). Укр. слу́два ‘скала; сталактыт’, рус. дыял. слу́да ‘круты бераг ракі’, ‘камяністая глеба’, стараж.-рус. слуда, слуды, Р. скл. слудъве (адкуль беларуская і ўкраінская формы), ‘гара, круча, уцёс’, ц.-слав. слудъвьнъ ‘абрывісты, круты’. Параўноўвалі (Міклашыч, 308) з рус. слуд ‘заліўны луг’, слудь ‘шарон’, якое, магчыма, мае і.-е. паралелі: нарв. sludd, дац. slud ‘снег і дождж упярэмешку’, нова-в.-ням. Schlott, Schlutt ‘гразь; адліга’, с.-н.-ням. slôten мн. л. ‘град’, slôt ‘іл, лужа’; гл. Фасмер, 3, 676–677; далейшыя сувязі няясныя. Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 309–310.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Спа́дкі мн. л. ‘маёмасць, якая пасля смерці ўладальніка пераходзіць у карыстанне каго-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Касп., Байк. і Некр., Нік. Очерки, Сержп., Янк., Шат., Нар. сл.; в.-дзв., гродз., круп., докш., пруж., Сл. ПЗБ), ‘рэчы, якія застаюцца пасля ад’езду гаспадароў з дому’ (Сцяшк.). Ст.-бел. спадокъ ‘спадчына’ з ст.-польск. spadek ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 78). Форма мн. л. ужо ў беларускай мове. Польск. spadek < spaść ‘дастацца некаму ў спадчыну пасля памерлага’ < padać (гл. падаць); гл. Борысь, 568. Гл. яшчэ Кюнэ (Poln., 98). Спадкае́мец ‘той, хто атрымлівае спадчыну’ (ТСБМ, Байк. і Некр.) (ад спадкі і мець) — калька польск. spadkobierca ‘тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Справядлі́вы ‘згодны з правам, праўдай, аб’ектыўнымі фактамі; праўдзівы’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.; ашм., Стан.; Бяльк.), ‘праўдзівы, чэсны, правільны’ (Сл. ПЗБ), ‘сапраўдны’: справедлі́вы грыб ‘баравік, Boletus edulis Bull.’ (Пятк. 2, ЛА, 1), ст.-бел. справедливъ ‘праведны, праўдзівы, міласцівы’ (Альтбаўэр). Паводле Борыся (571), усходнеславянскія словы (укр. справедли́вий, рус. справедли́вый) з польск. sprawiedliwy, якое, у сваю чаргу, з чэш. spravedlivу́; апошняе з больш ранняга spravedlný пад уплывам прыметнікаў на ‑dl‑ivý (тыпу mlčedlivу́ ‘ціхі, маўклівы’), дэрывата ад назоўніка sprava ‘справа’, якое ад *praviti (гл. правіць). Гл. яшчэ Кохман, Stosunki, 127–129; Віткоўскі, Зб. Ліміту, 178; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 335 (“nie jest to formacja prasłowiańska”).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ста́раста ‘выбраны або прызначаны ў абшчыне, арцелі; адказны класа, гурту і пад.’ (ТСБМ, Бяльк., Рам. 3), ‘сват на вяселлі’ (пін., Шатал.), ста́руста ‘тс’ (Сл. Брэс.), ст.-бел. староста ‘службовая асоба, якая кіравала паветам у ВКЛ’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. ста́роста, рус. ста́роста ‘тс’, польск., в.-луж. starosta ‘стараста абшчыны’, славац. starosta ‘тс’, чэш. starosta ‘правадыр, начальнік’. Параўн. яшчэ стараж.-рус. староста ‘стары; старшыня; стараста; кіраўнік, эканом’. Прасл. *starosta. Да стары; гл. Фасмер, 3, 747; Брукнер, 514; Махэк₂, 574; Борысь (575) мяркуе, што першапачаткова гэта быў абстрактны назоўнік на ‑ostь: *starostь, які потым перайшоў у катэгорыю назоўнікаў на ‑а тыпу слуга, ваявода.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сцякло́ ’шкло’ (брасл., Сл. ПЗБ; ст.-дар., Ск. нар. мовы), сцекло́ ’шкло лямпы’ (Арх. Вяр.), сцяклі́на ’аконнае шкло’ (Мат. Гом.), сцякля́нка ’шкляны слоік’ (ПСл, Мат. Гом., Ян.). Параўн. укр. скло, шкло, рус. стекло́, стараж.-рус. стькло, польск. szkło, старое польск. śćkło, чэш., славац. sklo, в.-луж., н.-луж. škla ’міска’, славен. stȇklo, серб.-харв. ста̏кло, скло̏, балг. стъкло, макед. стакло, ст.-слав. стькло. Прасл. *stьkIo лічыцца запазычаннем з гоц. stikls ’келіх’ яшчэ ў праславянскі перыяд з пераносам на агульную назву матэрыяла (Фасмер, 3, 753; Шустар-Шэўц, 1442- 1443; Скок, 3, 325; Борысь, 604; ЕСУМ, 5, 276). Гл. таксама шкло.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тайба́ ’трыманне ў тайне, тайна’, ’утойванне, хаванне’: тайба грошай (Нас.). Прамая паралель у сучасных славянскіх мовах толькі ў славен. дыял. tȃjba (гл. Фурлан у Бязлай, 4, 147), што можна разглядаць як сепаратную беларуска-славенскую ізаглосу. Параўн., аднак, ст.-слав. таибьна ’тайна’, таибьно ’таямнічы, таемны’, таибьникъ ’асоба, якая валодае тайнай, жрэц, святар’ (толькі ў Супрасльскім кодэксе), стараж.-рус. таиба ’тайна’. Непасрэдна да прасл. *tajьba (сінанімічнага *tajьna, гл. тайна), якое з’яўляецца вытворным з суфіксам ‑ьbа (аб ім, але без кантынуантаў *taj‑ гл. Слаўскі, SP, 1, 61–62) ад *tajь ’таямніца, тайна’, ’таямніча, скрытна’ (< *tajiti, гл. таіць). Гл. яшчэ Скок, 3, 434.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тало́піцца 1 ’тоўпіцца’ (Сцяшк.). Параўн. польск. дыял. tłopić się ’пхацца, ціснуцца, набівацца’, чэш. ‑těloupit se, ‑taloupit se ’ўскокваць; прарывацца’, славац. ťalúpiť sa ’брысці’, серб.-харв. тла́пити ’мроіць, трызніць’, балг. радоп. тлапу́вам ’тс’. Роднаснае тоўпіцца (гл.), далейшыя сувязі з літ. tilpti ’змяшчацца’, дыял. tùlpinti ’змяшчаць, упіхваць; збіраць’, лат. tulpîtiês ’збірацца’, параўн. Брукнер, 572; Махэк₂, 639; Скок, 3, 477 (сербскае слова выводзіць з кла́пити, відаць, беспадстаўна); Дурыданаў, БЛ, 37, 3, 65–70. Гл. яшчэ таўпа і наступнае слова.
Тало́піцца 2, тало́піць (талупіць) вочы ’засяроджана глядзець, пазіраць’ (Ласт.). Відаць, да папярэдняга слова, бліжэйшы адпаведнік, што тлумачыць семантыку, польск. дыял. tlopić się ’гвалтам набівацца’. Гл. уталопіцца.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ільга́, льга ’можна, магчыма’ (ТСБМ, Мал., Гарэц.), льга ’магчымасць, ільгота’ (Нас.). Рус. дыял. льга ’лёгкасць, аблягчэнне; ільгота’, ’магчыма’, пск. ильзя́ ’магчыма’, чэш. lze ’можна’, славац. уст. ľza, ľzā ’можна, магчыма’, ст.-слав. льза ’магчымасць’, льзѣ ’можна’, ст.-рус. льзѣ, льзя ’магчыма’, льга ’карысць’; параўн. яшчэ ўкр. пільга ’льгота’, польск. ulga ’аблягчэнне; ільгота’. Вельмі шырока ўжываецца з адмоўем: бел. не́льга, рус. нельзя́ і г. д. Утворана ад кораня lьg‑ (параўн. лёгкі, ільгота) з пратэзай і‑. Першапачатковае значэнне прасл. *lьga, відаць, ’лёгкасць, магчымасць’. Гл. Бернекер, 1, 753; Брукнер, 304; Махэк₂, 346; Фасмер, 2, 543; Слаўскі, 4, 85–87 (з літ-рай).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)