Лічкава́ты ’прыгожы’ (браг., Мат. Гом.). Утворана ад дзеяслова ⁺лічкаваць < лі́чка < ліцо, параўн. ст.-бел. личко ’тварык’ (XVI ст.), а таксама личковати ’памячаць, пазначаць украдзенае, апазнаную рэч’ (1541 г.) і рус. кур. личковать ’класці наверх лепшыя ўзоры тавару, вырабаў’, уладз., ніжнегар. ли́чка ’шліфаванне, паліраванне вырабаў’, дан. личко́вка ’бялілы для твару’, кур. личку́н ’багамаз, які малюе толькі твар і рукі’, укр. личкувати ’маскіраваць’, ’выгладжваць паверхню каменя ў млыне’, ’падбіраць рэчы лепшую да лепшай’, личко́ваний ’аздоблены з выгляду’, ’шліфаваны’. Усе да прасл. ličiti ’быць прыметным’, ’фарміраваць, утвараць’ (Слаўскі, 4, 247; Махэк₂, 331, Трубачоў, Эт. сл., 15, 81–82).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лі́шні, лі́шній, лі́шненькій ’які перавышае ўстаноўленую норму, колькасць’, ’празмерны’, ’непатрэбны’, ’дадатковы’ (Бяльк., Яруш., ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), лі́шне, лі́шня, лі́шнё ’надта, празмерна’ (Шат., Сл. ПЗБ, ТСБМ), лі́шняго ’больш за норму’ (Янк. 1). Укр. ли́шній, ли́шний, рус. ли́шний, ст.-рус. лишьнии; польск. liszhy, liszni (запазычаныя з бел. мовы), н.-луж. устар. lišny празмерны’, серб.-харв. устар. najlišno ’найбольш’, балг. лишен ’непатрэбны’, прасл. lišьnъ ’які застаецца’, празмерны’, ’непатрэбны’ (Слаўскі, 4, 293–294). Да lixъ > лі́ха (гл.). Сюды ж лі́шніца ’лішак; большае, чым можна’, ’дастатак’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш., Яўс., ТС, Шат.; пух., Жд. 2; лях., карэліц., Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліўрэя ’фірменная адзежа швейцараў, лакеяў, фурманаў’ (ТСБМ). Запазычана з рус. ливрея ’тс’, якое з франц. livrée ’тс’, першапачаткова — ’адзежа, якую дзяржава і высокая шляхта выдавалі свіце’ < франц. livrer ’выдаваць’ < с.-лац. liberāre ’тс’. Аднак пры пасрэдніцтве франц. livrée і ісп. librea яшчэ ў XIII ст. слова пранікла ў ням. дыялекты і ў форме Liberei ’спецыяльная форма для прыслугі’ трапіла ў ст.-польск. мову (liberyja, XVI ст.), адтуль у ст.-бел. у выглядзе либерия ’ліўрэя’ (XVII ст.). Больш падрабязна гл. Фасмер, 2, 494; Слаўскі, 4, 219–220; Булыка, Запазыч., 107.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вяхра́нец ’нячысцік’ (Бяльк.). Зыходзячы з семантыкі, верагодней усяго параўноўваць з віхар ’нячысты дух’, віхор ’чуб’. Да першага параўн. рус. дыял. вихорный ’род міфічнай істоты’, смал. вихровой ’дух, які жыве ў віхры’ і да т. п. Да віхор ’чуб’; параўн. бел. хахлаты ’нячысцік’. Пярэчыць гэтай думцы наяўнасць я < і ў першым складзе перад націскам, аднак не выключана, што трэба аднаўляць форму *вехранец. Для такога тлумачэння параўн. рус. дыял. ве́харь і вехо́рь ’моцны вецер, віхар’. Здаецца, аднак, што можна лёгка вытлумачыць я і як вынік «гіпер’якання», выпадкі якога вядомы на сумежных тэрыторыях.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Віж1 ’шпіён, чалавек, які імкнецца непрыкметна выведаць, высачыць пра другіх’ (Янк. I, Жд., 2, КТС), ст.-бел. вижь ’судовы прыстаў, судовы выканаўца, які меў абавязак дастаўляць у суд адказны бок, абвінавачаных і рабіць агляды і дазнанні’ (Гарб.), укр. віж ’камісар, судовы прыстаў (у старых судах)’, польск. widz ’сведка’, ст.-польск. widz ’віж’. Да прасл. vidjь ’той, хто бачыць’ < viděti.

Віж2 ’глядзі’ (Нас.), рус. вижь ’вось, вось жа, глядзі’, вишь ’тс’, ст.-рус. вижь, ст.-слав. виждь, чэш. viz, макед. види ’тс’ і г. д. Прасл. vidjь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гайда́р, гайда́й ’паганяты жывёлы’ (палес., Выгонная Л. Ц., вусн. паведамл.), гайда́й, гойда́й ’гандляр коньмі’ (лун., Шатал.). Параўн. Вяр.-Крыв.гайдай у песнях (Дзмітр.). Як відаць з геаграфіі слова, у бел. мове яно вядома толькі на поўдні. Укр. гайда́р(ь), гайдай ’пастух авечак’ (агляд іншых форм гл. у Рудніцкага, 528). Як мяркуе Рудніцкі (там жа), мабыць, ад выклічніка га́йда́ (цюрк.). Гэта этымалогія ёсць ужо ў Цімчанкі. Слоў гайда́р, гайда́й няма, здаецца, у рус. мове (няма ў Даля і ў СРНГ). Можна думаць, што гэтыя словы ўтварыліся ва ўкр. мове (параўн. і ўкр. прозвішча Гайда́й, Гайда́р).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галаві́зна ’галавізна’ (БРС), ’прыдатныя да яды часткі галавы жывёлы’ (Шат.). Вытворнае прасл. характару ад *golva ’галава’ (суф. ‑izna). Прасл. *golvizna з рознымі значэннямі вядома не ва ўсіх слав. мовах, але размеркаванне гэтага слова такое (ст.-слав., славен., чэш., славац., польск., рус., бел.), што дазваляе думаць пра яго прасл. характар, але, магчыма, толькі як марфалагічнае ўтварэнне (значэнні слоў, наогул, маюць дачыненне да галавы, але канкрэтная іх семантыка не дазваляе зыходзіць з аднаго прасл.). Падрабязны агляд форм і значэнняў *golvizna па слав. мовах гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 10.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гале́лы ’шэлег’ (манета; Нас., з заўвагай: «Dinarii Halenses была мелкая саксонская манета»). З формы галеръ ’назва манеты’, якую прыводзіць Булыка (Запазыч., 77), форму гале́лы атрымаць немагчыма, нават калі лічыць, што тут адбылася асіміляцыя: гале́лы < *галеры. Трэба шукаць іншае зыходнае слова. З нумізматычных даследаванняў вядома, што назва манеты denarii Hallenses ці проста Hallenses (ад назвы швабскага горада Hall) ужывалася і ў форме Halleri (гл. R. Kiersnowski, Wstęp do numizmatyki polskiej wieków średnich. W‑wa, 1964, с. 121). Гэта апошняя праз пасрэдніцтва польск. мовы патрапіла ў бел.: гале́лы (націск!) < Halleri (з асіміляцыяй lr > ll).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гамзе́ць ’турбаваць (пра зубы)’ (Сцяц.). Відаць, таго ж паходжання, што і іншыя словы, якія адносяцца да прасл. *gъmъz‑ (гл. га́мзаць, там і літ-ра). Параўн. у Фасмера (1, 435) рус. гомоза́ ’непаседа’, гомози́ть ’мітусіцца, турбавацца’, гомза́ть ’кішэць’. Зыходным значэннем можа быць ’капашыцца, пакусваць’ → ’пакусваць (спачатку аб насякомых)’ → ’пакусваць, турбаваць’ → ’турбаваць’. Параўн. Трубачоў (Эт. сл., 7, 193), дзе прыводзіцца в.-луж. hemzać ’капашыцца, пакусваць’, польск. giemzać ’зудзець і да т. п.’ Бел. гамзе́ць ’турбаваць (пра зубы)’. Трубачоў (там жа, 194) таксама адносіць да слав. *gъmъz‑ (пад агульнай праформай *gъmъzěti ()).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ґе́ґа1 ’крэмень’ (гродз., таксама ў бел. гаворках Польшчы; гл. Лекс. балтызмы, 40–41), ’камень’ (Сцяшк.). Мяркуюць, што гэта магчымае запазычанне (з варыянтам дзе́га) з літ. мовы. Параўн. літ. dẽgti, dẽginti ’паліць’, dẽgas, dẽgalas ’галавешка, кнот’ (гл. Смулкова, Лекс. балтызмы, 40–41; Смулкова, Z polsk. stud. slawist., ser. 2, 1963, 215–221). Параўн. яшчэ Сл. паўн.-зах., 439.

Ґе́ґа2 ’парода гусей’ (Сл. паўн.-зах.). Паводле Сл. паўн.-зах., запазычанне з літ. gẽgalas ’нырок’, gẽgė ’зязюлька’. Але, магчыма, і самастойнае ўтварэнне (ад ге́гаць, ґе́ґаць, гл.). Параўн. польск. gęga ’гусь’ (< gęgać ’гегаць’). Гл. Слаўскі, 1, 272.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)