пы́рскаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. чым. Раскідаць кроплі вадкасці, іскры, дробныя часцінкі чаго‑н. Калі Павел прыбег на панскі двор, там ужо было многа крошынцаў, а маленькі вёрткі чыноўнік Нервалодаў нешта крычаў і пырскаў слінаю на сялян. С. Александровіч. Язэп бачыў, як тол знік пад вадой, як цягнуў у глыбіню шнур, як той гарэў і пырскаў іскрамі. Асіпенка. // Рассейваць кроплі вады або якой‑н. вадкасці куды‑н. з якой‑н. мэтай. Маці набірае з конаўкі поўны рот вады і пырскае ў мой твар. Бядуля. [Тася Кабрынец] да свірна прыйшла, дзе пратручваюць сяброўкі льнасемя. Пырскаюць на яго спецыяльным растворам. Бялевіч.

2. Разлятацца, рассейвацца кроплямі, дробнымі часцінкамі. Афіцэр крычыць, аж пена з рота пырскае. Кулакоўскі. [Яўхім і Рыгор] удвух ідуць мокрым поплавам і вада пырскае з-пад іх ног. Чорны. / Пра дробны дождж. Пачаў пырскаць дробны дожджык, але цяпер ён быў няшкодным, нават адкрытае вогнішча ад гэтага не цярпела. Маўр. // перан. Моцна выяўляцца (пра пачуцці, настрой). [Злосць] поўніла ўсю .. істоту [Соміка], пералівалася цераз берагі, пырскала, біла фантанам. Крапіва. Гуллівы настрой, здавалася, так і пырскаў з.. [Таніных] агністых вачэй. Марціновіч.

3. Імкліва разбягацца, скакаць, накіроўвацца ў розныя бакі. Бясконцым.. хорам сакаталі конікі і пырскалі з-пад ног на ўсе бакі. Дуброўскі.

4. Не стрымаўшыся, пачаць смяяцца. Палашка грозна аглядала.. [дзяўчат] і выходзіла. Дзяўчаты не вытрымлівалі і дружна пырскалі смехам. Лынькоў. Шапталіся, паціху пырскалі ад смеху. Пянкрат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шаг м.

1. (движение ногой при ходьбе) крок, род. кро́ку м.;

сде́лать шаг вперёд ступі́ць (зрабі́ць) крок напе́рад;

кру́пные, ме́лкие шаги́ буйны́я, дро́бныя кро́кі;

во́льный шаг во́льны крок;

разме́ренные (ме́рные) шаги́ ме́рныя кро́кі;

отме́рить шага́ми адме́раць кро́камі;

2. (движение пешком) крок, род. кро́ку м.; (поступь) хада́, -ды́ ж.; ступа́, -пы́ ж.;

заме́длить, уско́рить шаг прыці́шыць, паско́рыць крок (хаду́);

ско́рым (бы́стрым) ша́гом шпа́ркім кро́кам (шпа́ркай хадо́й);

ти́хим ша́гом ці́хім кро́кам (ці́хай хадо́й, ступо́й);

3. перен. (действие, поступок) крок, род. кро́ку м.; (мера, мероприятие) за́хад, -ду м.;

ло́жный шаг няпра́вільны крок;

предприня́ть шаги́ зрабі́ць за́хады;

4. техн. шаг, род. ша́гу м.;

в двух шага́х крок ступі́ць; каля́ бо́ка;

на ка́ждом шагу́ што ні крок.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Ме́рва1 ’твань, балота’ (ТС), мерва́ ’вязкае, зыбучае балота’ (лельч., Талст.), укр. жытом. ме́рва, мʼе́рва, марва́, нерва́, нʼерва́ ’разрэджаны вадой чорны ніжні грунт’, ме̑рвʼісті ’мулкі’ (ЛАПП). Балтызм. Параўн. літ. mer̃kti, sumarkýti, лат. mḗrkt, mḗrcêt ’мачыць’, mḗrks ’невялікая сажалка на лузе’. Утворана пры дапамозе суфікса ‑ва, як дрыгва́, ад асновы merk‑. Апошні зычны ‑k‑ мог выпадаць (як у мерва) або пераходзіць у ‑х‑ (гл. ме́рхалаць ’тс’).

Ме́рва2, івац. мэ́рва ’жамерыны, адходы пры тапленні воску’ (іўеў., Сл. ПЗБ), бяроз. мэ́рва ’тс’ (Шатал., Сл. Брэс.). Укр. ме́рва, ме́рвисько ’мятая, пацёртая салома, атава’, ’дрэнь, непатрэбнае’, ровенск. ме́рва ’недаедзеныя рэшткі грубага корму’, рус. пск. мерва́дробныя адыходы пры трапанні льну’, мазав. mierzwa ’тс’, польск. ’мятая салома’, ’дробны гной’, луж. mjerwa, чэш. mrva ’тс’, славац. mrva ’труха’, славен. mŕva ’сена’, ’труха’, ’кавалак’, серб.-харв. мр̏ва ’кавалак’, макед. мрва, мрвка ’тс’, ’мякіш хлеба’, балг. мърва ’кавалачак мяса’, ст.-слав. мръвица ’кавалак’. Прасл. mьrva, якое, відаць, з’яўляецца роднасным да літ. marvà, mervà ’сумесь розных рэчаў, прадметаў’ і, магчыма, літ. marvà ’гурба, турма, натоўп, чарада’, ст.-в.-ням. mara ’рыхлы, далікатны’, ст.-ісл. merja ’раздрабіць, растаўчы’, ірл. meil ’мяккі, трухлявы’, уэльск. merv ’тс’, ст.-грэч. μαραίνω ’драблю’ (Фрэнкель, 413; Бязлай, 2, 204; Мацэнаўэр, LF, 10, 344). Брукнер (334) і Скок (2, 472) узводзяць лексему да і.-е. асновы *mer‑ ’расціраць’, пашыранай фармантам ‑u̯a. Махэк₂ (381), беручы пад увагу першаснае значэнне ’мятая (салома)’, прасл. mьrva, mьrviti збліжае з с.-в.-ням. werren ’мяць, кудлаціць, замотваць’, якое кантамінавала з іншым чэш. mruiti se, в.-луж. mjerwić so ’кішэць’ (параўн. і славац. mruiť ’мяць, крышыць, перабіраць, варушыцца, шавяліцца’). Мартынаў (вусн. паведамл.) дапускае, што гэта кельтызм, параўн. кельц. merb‑ (< merv‑) у с.-ірл. ro‑merblig ’кішэць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

парва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., што.

1. Моцна нацягнуўшы або рыўком раздзяліць на часткі, разарваць. Парваць вяроўку. □ Весялей трэба йграць, хоць бы й струны парваць, Хоць і сам мо вяселлю не рад. Чарот.

2. Разарваць на часткі, падраць. З дна куфра [Назарыха] дастала старыя льняныя абрусы і парвала на пялёнкі. Б. Стральцоў. Ліст сябра.. [Смачны] парваў і кінуў кавалачкі ў пячурку. Галавач. / Пра хмары. І раптам той жа вецер, які ўчора наганяў на людзей нуду, за ноч парваў на дробныя кавалачкі хмары, загнаў іх некуды за небасхіл і сам там жа знік. Сергіевіч.

3. Падраць, нарабіць дзірак. Плішчылася .. [Марылька], плішчылася праз гушчэчу, усё адзенне на сабе парвала. Якімовіч.

4. Пашкодзіць; падарваць. [Міхал:] Наладую падводы толам, парву немцу жалезку ад Віцебска аж да самай Оршы... Кучар.

5. перан.; і з кім-чым. Спыніць, кончыць (сувязі, адносіны і пад.). Парваць знаёмства. Парваць з кампаніяй. □ Адзінокі, бо парваў усе адносіны з сям’ёй, разлучаны з блізкімі, .. [Давід] не сумаваў, не тужыў, як іншыя. Машара.

6. каго. Пакусаць (пра сабаку, ваўка і пад.). [Сцёпа] добра ведаў, што Рыгорка і кроку не зробіць. Інакш Палкан парве яго. Курто.

7. Сарваць усё, многае. [Лукаш:] — Каб не я, то ўвесь ваш боб парвалі б, далібог праўда. Лобан.

8. і без дап. Рваць некаторы час.

•••

Жылы парваць — надарвацца ад цяжкай працы.

Нервы парваць — папсаваць нервы моцным напружаннем.

Парваць жывот (жывата) — тое, што і надарваць жывот (жываты) (гл. надарваць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

больш, прысл.

1. Выш. ст. да прысл. многа. [Насця:] Слова назад я не бяру, але хачу больш прыгледзецца да цябе. Крапіва. Сцёпка пільна сачыў за выразам твару настаўніка. А настаўніцкі твар усё больш і больш прасвятляўся. Колас. // З колькаснымі назоўнікамі або з колькаснымі назоўнікавымі злучэннямі ўказвае на перавышэнне абазначанай колькасці. Больш за тону. Больш за метр. □ Нечакана зазванілі ў дробныя званы ў праваслаўнай кафедры. .. Званілі доўга, больш за пяць хвілін. Чорны.

2. У спалучэнні з прыметнікам або прыслоўем служыць для ўтварэння вышэйшай ступені. Міколка.. наважыўся падацца ў больш спакойнае месца, бліжэй да дзеда. Лынькоў. Усё гучней і больш рашуча чуліся патрабаванне міру, зямлі, свабоды. Дуброўскі.

3. У адмоўным сказе азначае: далей, у далейшым, ужо. Зязюля ў лесе больш не лічыць Гадоў старому ганчару. Бялевіч. // Разм. Апрача гэтага, яшчэ. [Зэня:] — А больш ты [Паўлік] з кім там гаварыў? Чорны.

4. Пераважна, галоўным чынам. Брыдка стала братам, радзей пачалі яны са стрэльбай ды вудай цягацца, а больш гаспадаркай займацца. Якімовіч.

•••

Больш за ўсё — пераважна, часцей за ўсё, найчасцей.

Больш-менш — у нейкай ступені, часткова.

Больш таго — ужываецца, калі трэба падкрэсліць важнасць таго, што будзе сказана далей.

Больш чым... — абсалютна, у вышэйшай ступені.

Куды больш — на многа больш.

Ні больш ні менш (як) — строга вызначаная сума, колькасць чаго‑н.

Тым больш (з дап. сказам) — ужываецца, калі трэба падкрэсліць важнасць прычыны, пра якую будзе зараз сказана.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́са, ‑ы, ж.

1. Цела ва ўсім сваім аб’ёме, колькасць матэрыі, якая складае цела; мера інерцыі цела ў адносінах да сілы, якая дзейнічае на яго. Маса атамнага ядра. Маса планеты.

2. Вялікая колькасць, мноства чаго‑н. Рухаючыся з поўначы на поўдзень, вялікія масы лёду драбнілі цвёрдыя пароды, цягнулі іх з сабою і пакідалі на сваім шляху буйныя валуны, дробныя каменні, гліну і пясок. В. Вольскі. Вільготнасць залежыць ад тэмпературы паветра і ўласцівасцей паветраных мас. Прырода Беларусі.

3. Цестападобнае рэчыва, якое не мае пэўнай формы; густая або студзяністая сумесь чаго‑н. Паблізу агрэгата ўжо роўнымі стосікамі ляжаць дзесяткі арматурных каркасаў, якія на наступных аперацыях запаўняюцца бетоннай масай і ў залежнасці ад форм прасуюцца пад розныя жалезабетонныя канструкцыі. «Беларусь».

4. Пра вялікі прадмет, прадметы, якія выступаюць у агульных рысах і ўспрымаюцца як цэлае. На шэрым фоне ўваходу [у пячору] вызначылася нейкая вялікая цёмная маса, спынілася, быццам здзіўленая, — пачуўся грозны, хрыплы рык. Маўр. Цемра ўсё згушчалася і згушчалася, зліваючы дрэвы ў адну суцэльную масу. Сіняўскі.

5. Шырокія колы працоўнага насельніцтва; народ. Народныя масы. // Пра групы, калектывы людзей, для якіх характэрны асаблівыя прыметы. Студэнцкая маса. □ Усе [хлопцы] набіраліся новых, свежых сіл, каб ноччу перайсці фронт і зноў уліцца ў чырвонаармейскую масу. Нікановіч.

•••

Зялёная маса — травяністая расліннасць, якую выкарыстоўваюць у свежым выглядзе як корм для хатняй жывёлы і птушак.

Пластычная маса — сінтэтычны або прыродны матэрыял, які пры награванні добра фармуецца, а потым устойліва захоўвае сваю форму.

[Ад лац. massa — кавалак, камяк.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хці́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які імкнецца ўзяць сабе, атрымаць, мець у сябе як мага больш чаго‑н. Скупы багацей пасадзіў вялікі вінаграднік і вельмі баяўся зладзеяў і хцівых зайздроснікаў. Страх прымусіў яго абнесці сад вялізнай сцяной. Майхровіч. Хцівыя да чужога багацця, акупанты наспех вывозілі ва ўсходнюю Прусію ўсё, што траплялася пад руку. «Маладосць». // Які выражае хцівасць. Сам Банадысь, .. пакуль сесці ў сані, ішоў побач з канём. Ля студні кінуў хцівае вока на Ладымера: — Гэта ж у цябе вядро новае! Чорны. // Пражэрлівы, ненасытны, прагны. Наўкол лясы, лясы, лясы, А над лясамі хцівы, дужы, Як і ў далёкія часы, Яшчэ каршун злавесна кружыць. Грахоўскі.

2. Скупы, карыслівы. Пад маскай «прыстойнасці» і ціхай пакорлівасці лёсу праяўляецца ў ім небяспечны драпежнік, хітры дзялок, хцівы і бессардэчны «накапіцель». Перкін. // Заснаваны на карыслівасці, імкненні да асабістай выгады. Ёсць і такія інтарэсы між самімі людзьмі. Не ў варожым стане, а між сваіх. Інтарэсы дробныя, хцівыя. Грамовіч. Паэт парадзіруе валацужную рамантыку, якая фактычна маскіруе хцівую пагоню за нажывай. Бярозкін.

3. Пажадлівы. Ядвісю хмурым майскім ранкам Наведаў хцівы Яська Смык.. — Я вамі жыў і штодзень марыў, Каб мне дасталіся хутчэй. Пушча. // Які выражае пажадлівасць. Іваноўскі хцівымі вачыма глядзеў на артыстку. Новікаў. [Анежка] ўспомніла сухі і злосны твар Парэчкуса, пагляд яго хцівых вачэй, і яе ўсю закалаціла. Броўка. // знач. наз. хці́вы, ‑ага, м. Чалавек, які вызначаецца прагнасцю да нажывы, карыслівасцю, скупасцю. Якім трэба быць бяздушным, хцівым, каб прымушаць працаваць цяжка хворага чалавека. Дадзіёмаў. [Леў Раманавіч:] — А не паспеў чалавек як след агледзецца, зямля даставалася другому, багатаму, хціваму. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даліка́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Ветлівы, ласкавы ў абыходжанні з людзьмі; уважлівы, паслужлівы. — Наш каморнік, дык гэта залаты чалавек. Спакойны, добры, далікатны. Чорны. [Купала:] — Вы, Міколачка, дрэнны крытык. Што я вам ні пачытаю — абавязкова спадабаецца. Вы чалавек далікатны і не хочаце пакрыўдзіць старэйшага. Хведаровіч. // Заснаваны на павазе; чулы, мяккі. Далікатныя адносіны паміж людзьмі. □ Здавалася, што .. [Зорык] выпешчаны багатымі бацькамі, з першых крокаў прывучаны да далікатнага абыходжання. Новікаў.

2. Разм. Які патрабуе асцярожных, тактоўных адносін. Далікатная справа. □ — Яшчэ раз выбачайце .., Арцём Сямёнавіч. Я да вас па вельмі далікатнаму пытанню. Галавач.

3. Кволы, тонкі; выпеставаны. Далікатныя рукі. Чалавек далікатнага складу. Далікатныя рысы твару. □ На божы свет, як бы з магілы, З зямлі травінкай далікатнай, Густою шчотачкаю здатна Выходзяць дробныя зярняткі. Колас. // Не простага паходжання (пра чалавека). Сцепаніда Гаўрылаўна, хоць і зваў яе Чмаруцька ў вясёлую хвіліну княгіняй, ніякага дачынення да такога далікатнага роду не мела. Лынькоў. // Які патрабуе беражлівых адносін, догляду, лёгка псуецца пры карыстанні. Машына гэта далікатная, яна не любіць, калі дакранаецца да яе які-небудзь таптун, а не сапраўдны вадзіцель. Кулакоўскі. Рукі страцілі меру націску і, беручы далікатную рэч, баішся, каб не раздушыць. Крапіва.

4. Складаны, тонкі па выкананню. Работа такая далікатная, ажно страх бярэ нас — малых. Бядуля.

5. Кволы, мяккі, прыемны навобмацак (пра валасы, пух, тканіну і пад.). Далікатная скура. Плацце з далікатнай матэрыі. □ Птушаняты ўсе былі жывыя, голенькія, ружовыя, з жоўтымі роцікамі і далікатным рэдзенькім пушком на галоўках. Ляўданскі.

6. Прыемны на смак, пах, гучанне і пад. Далікатныя духі. □ — Ды што той гарадскі харч! Ён можа і далікатны, але наедку з яго мала. Лынькоў. — От хоць раз найграешся, Піліп... — Не кажы ты — вельмі далікатную музыку люблю. Скрыган.

[Ад фр. délicat.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разляце́цца, ‑лячуся, ‑ляцішся, ‑ляціцца; ‑ляцімся, ‑леціцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Паляцець з аднаго месца ў розныя бакі (пра некалькіх, многіх птушак і пад., некалькі, многа самалётаў і пад.). Нашы самалёты разляцеліся і, апісаўшы кругі, з-пад нізу ўдарылі па фашыстах, разагналі іх строй. Жычка. // Разнесціся ў паветры, адляцець у розныя бакі. Лісты разляцеліся па падлозе. □ Калі ж бабёр убачыць нешта падазронае, ён так трахне хвастом, што ажно пырскі разляцяцца ва ўсе бакі. Матрунёнак. Разлютаваны Лявон як крутнуўся, дык тры Алішэўцы разляцеліся, што тыя трэскі. Сабаленка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Раз’ехацца ў розныя бакі, па розных месцах. Маці тупала ля печы — рыхтавала снеданне. Раз’ехаліся, разляцеліся яе дзеці. Адна з .. дачок .. аж на Сахалін забралася. Даніленка. — Вось і разляцелася наша сям’я, — нявесела ўсміхнулася Маша. Шамякін. // перан. Зрабіцца вядомым многім; шырока разысціся. Слава аб стаенніках пана Вашамірскага разляцелася па ўсіх ваколічных і нават далёкіх маёнтках. Бядуля. Нарэшце «вышкаўцы» дасталі грудку солі. Чуткі пра гэта вельмі хутка разляцеліся па ўсіх вёсках. Кулакоўскі.

3. Разм. Разбіцца, распасціся на часткі, кавалкі ад удару, узрыву. Шклянка ўдарылася аб камень і са звонам разляцелася на дробныя асколкі. Васілеўская. Снавалі сюды-туды нямецкія аўтамашыны, і ўжо не адна з іх разляцелася па трэскі разам з пасажырамі. Кулакоўскі.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Разм. Знікнуць, аказацца нерэальным. Самуіл ужо сам думаў аб тым, каб знайсці дзе месца ў Вільні, але раптам усе яго планы разляцеліся. С. Александровіч. Здавалася, ушчэнт разляцеліся юнацкія мары пра гераічныя подзвігі. Асіпенка.

5. У палёце набраць вялікую скорасць; пачаць палёт з вялікай скорасцю. Жук, разляцеўшыся, ударыўся ў шыбу. // Разм. Набягу набраць скорасць; разбегчыся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ску́бці, скубу, скубеш, скубе; скубём, скубяце; незак., каго-што.

1. Цягнуць рыўкамі; цягнучы, браць патроху. Скубці сена. □ Каля самага прыгумення [Курловіч] пачуў, як нехта шастае саломай, скубучы яе са стажка. Дуброўскі.

2. Расскубваць што‑н. пальцамі, разрываць на дробныя часткі. Скубці пер’е. □ Пакрысе .. [маці] скуплівала воўну, прамывала і скубла. Бядуля.

3. Вырываць, адрываць (пра траву і пад.). Поле травіцаю соннай адзелася, Вышла скацінка і дружна скубе. Купала. Бабка Кацярына сядзела ў разоры і жвава скубла маладую лебяду. Якімовіч. Буланы конь за дзень папрацаваў. Цяпер адпачываў і скуб траву. Корбан. // Вырываць, выскубваць (пер’е, пух і пад.). Скубці гусей. □ Паволі таптаўся [Астап] ля печкі, пачаў скубці курыцу. Лынькоў. // перан. Разм. Наносіць урон, шкоду. Відаць, скублі .. [немцаў] тут з усіх бакоў... Няхай.

4. Перабіраць пальцамі, патузваць. Хвалююся. Гімнасцёрку скубу, абцягваю, пілотку папраўляю. Ракітны. Пальцы .. [Люды] нервова скублі батыст насоўкі. Савіцкі. — Зямля відаць мне навылёт, Заткну за пояс вас! — І грозна стукнуў кулаком, Нервова вус скубе [бацька]. Бялевіч. // Тузаць, трэсці. — Дай мне слова! — скубе за рукаў старшыню Гарбач. Мурашка. Юзік .. засаромеўся сваіх таварышаў, якія скублі яго за полы ватовай капоты. Чорны. // Цягнуць рэзкімі рухамі. — [Бацька] ўжо не вернецца? — пытае Зміцерка. — Маўчы, дурненькі, — кажа Ганначка і балюча скубе Зміцерку за валасы. Асіпенка. / Пра вецер. Гусцее пад далёкім полем вячэрняя смуга. Вецер зласней скубе фіранку, — спяшае, каб хутчэй аціхнуць нанач. Пташнікаў.

5. Зашчэмліваючы пальцамі скуру, прычыняць боль. — Анэлька, баліць, дурная ты! — азвалася ціха Яніна. — Баліць... Я ж і хачу, каб балела... — праказвала яна, скубучы тую, дзе пападзе. Мурашка.

6. перан. Непакоіць, дакучаць; патрабаваць чаго‑н. [Старшыня:] — Цябе адзін загадчык райана скубе, а мяне ўсё раённае начальства. Асіпенка. Тут табе і яблычак свежы, і мядок пахучы, не якая-небудзь ферма, дзе цябе кожны скубе, а павагі ніякай. Ермаловіч. // Крыўдзіць. [Галя:] — [Іру] ўсе тузаюць і скубуць у класе. Гарбук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)