больш, прысл.
1. Выш. ст. да прысл. многа. [Насця:] Слова назад я не бяру, але хачу больш прыгледзецца да цябе. Крапіва. Сцёпка пільна сачыў за выразам твару настаўніка. А настаўніцкі твар усё больш і больш прасвятляўся. Колас. // З колькаснымі назоўнікамі або з колькаснымі назоўнікавымі злучэннямі ўказвае на перавышэнне абазначанай колькасці. Больш за тону. Больш за метр. □ Нечакана зазванілі ў дробныя званы ў праваслаўнай кафедры. .. Званілі доўга, больш за пяць хвілін. Чорны.
2. У спалучэнні з прыметнікам або прыслоўем служыць для ўтварэння вышэйшай ступені. Міколка.. наважыўся падацца ў больш спакойнае месца, бліжэй да дзеда. Лынькоў. Усё гучней і больш рашуча чуліся патрабаванне міру, зямлі, свабоды. Дуброўскі.
3. У адмоўным сказе азначае: далей, у далейшым, ужо. Зязюля ў лесе больш не лічыць Гадоў старому ганчару. Бялевіч. // Разм. Апрача гэтага, яшчэ. [Зэня:] — А больш ты [Паўлік] з кім там гаварыў? Чорны.
4. Пераважна, галоўным чынам. Брыдка стала братам, радзей пачалі яны са стрэльбай ды вудай цягацца, а больш гаспадаркай займацца. Якімовіч.
•••
Больш за ўсё — пераважна, часцей за ўсё, найчасцей.
Больш-менш — у нейкай ступені, часткова.
Больш таго — ужываецца, калі трэба падкрэсліць важнасць таго, што будзе сказана далей.
Больш чым... — абсалютна, у вышэйшай ступені.
Куды больш — на многа больш.
Ні больш ні менш (як) — строга вызначаная сума, колькасць чаго‑н.
Тым больш (з дап. сказам) — ужываецца, калі трэба падкрэсліць важнасць прычыны, пра якую будзе зараз сказана.