параўня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак., з кім-чым.
1. Рухаючыся, аказацца на адной лініі з кім‑, чым‑н. [Фурманка] параўнялася з Цітковай хатай, потым гукі яе шырока рассыпаліся па валасным двары. Лобан. Параўнялася Палікарпаўна з дваром сваёй напарніцы Маланні і не ўтрымалася, заглянула ў акно. Кулакоўскі. Кожную раніцу, як толькі сонца параўняецца з вяршалінамі ліпы, што стаіць у канцы агарода, Тамара бярэ збан з малаком і нясе яго бабцы Кацярыне. Сіняўскі.
2. Стаць роўным, аднолькавым. І вось ён, век той чалавечы, — І параўняліся ўжо вы. Як станеш побач — плечы ў плечы І галава да галавы. Гаўрусёў.
3. Стаць нароўні з кім‑, чым‑н. у якіх‑н. адносінах. Нашы хлопцы, як заўсёды, У працы беззаганныя, Толькі цяжка параўняцца З дзеўчынай стараннаю. Русак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пяшчо́та, ‑ы, ДМ ‑шчоце, ж.
1. Поўнае задавальненне чыіх‑н. жаданняў, капрызаў. Руды ў пяшчоце дый у ласцы: Штодзень тры разы бульбы ў ражцы Даюць яму, ды ’шчэ й з мукою. Крапіва.
2. Пачуццё ласкі, замілавання, мяккасці ў адносінах да каго‑, чаго‑н. Мацярынская пяшчота. □ [Кіру] ахапіла такая пяшчота, што, убачыўшы бацьку.., яна абвіла яго шыю і пачала цалаваць у шчокі, у нос, у лоб. Карпаў. Агорнуты пяшчотаю да дзяўчыны, .. [Іван] адхіліў ад яе галавы навіслыя сцябліны маку, адагнаў беленькага .. матыля, які ўсё прымерваўся сесці на яе валасы. Быкаў. Чаго ж цяпер так хвалюе яе [Ганну] апошняя пяшчота цяпла, згалеласць палёў, смутак асенніх дзён? Мележ.
3. толькі мн. (пяшчо́ты, ‑чот). Учынкі, словы, якімі выказваюцца пачуцці ласкі, замілавання. Карызна ў бурныя пяшчоты пераліваў сваё, прывезенае з раёна, узрушэнне. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тума́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., каго-што.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Засцілаць, закрываць сабой (пра пыл, дым і пад.). Дым туманіць далягляд. // Засціць што‑н. чым‑н. Часамі пастушкі .. туманілі неба дымам сухога [бульбоўніку]. Чорны.
2. Завалакаць (вочы), перашкаджаць добра бачыць. [Антосіха] глядзіць на сваіх кватарантаў, і вочы яе туманяць слёзы. Кулакоўскі. // перан. Засціць (свядомасць, думкі); пазбаўляць здольнасці ясна разумець, успрымаць. Хмель помсты туманіў .. [Соміку] свядомасць. Крапіва. Скрыпелі да болю зубы, скрыпелі масніцы, злосць туманіла розум. Шашкоў. Усё цела .. [Яўхіма] поўнілася нецярплівай, гарачай прагай, якая ап’яняла, паліла, туманіла развагу. Мележ. // Разм. Рабіць няясным, незразумелым, блытаць. [Антон:] — Ведаеш, брыгадзір, давай на чыстату. Выкладвай, як яно было... І не тумань мне галавы! Савіцкі. І Змітрок не заходзіць. Яшчэ туманіць, што па справах да старасты. Разам на полі — не могуць дамовіцца. Мыслівец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́лецець, ‑лечу, ‑леціш, ‑леціць; зак.
1. Узняўшыся адкуль‑н., паляцець. Птушка вылецела з гнязда. □ З самага крайняга вулля нечакана вылецеў рой. Кулакоўскі. // З’явіцца, паказацца адкуль‑н. у час палёту. Самалёты вылецелі з-за хмары. // Пачаць палёт, адправіцца, адляцець. Самалёт ужо вылецеў з Кіева.
2. З сілай вырвацца, выйсці на паверхню, прастор. Куля вылецела з ствала. Корак вылецеў з бутэлькі. // Імгненна выпасці адкуль‑н., з чаго‑н. Вылецелі шыбы ад выбуху.
3. перан. Імкліва выехаць, выбегчы адкуль‑н. Раптам з-за павароту дарогі вылецелі насустрач.. машыне тры грузавікі. Шамякін. Грыша схапіў кашулю і подскакам вылецеў з пакоя. Пестрак.
4. перан. Разм. Выбыць адкуль‑н. не па свайму жаданню. Вылецець з інстытута. Вылецець са службы.
•••
Вылецець (выскачыць) з галавы (з памяці) — забыцца.
Вылецець кулём (куляю) — тое, што і выскачыць кулём (куляю) (гл. выскачыць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мі́лы, ‑ая, ‑ае; міл, міла.
1. Які выклікае прыемнае ўражанне, прыхільнасць да сябе; чароўны, абаяльны. Ходзіць гоман між збажынкі, Мілы і шчаслівы. Колас. І вось няма яго, Васі Чычына, мілага, слаўнага хлопца. Лынькоў. У мяне.. не выходзіла з галавы прыгожая дзяўчына з мілымі вачыма. Нікановіч.
2. Дарагі, любімы; блізкі сэрцу. Месца было роднае і такое мілае, што Віця аж заплакаў крадком. Чарнышэвіч. Радзіма! Адчуў я ў разлуцы з табою, Як люб мне і дораг кут мілы бацькоў. Прыходзька. Кожнаму свой куток мілы. Прыказка.
3. Ужываецца пры сяброўскім звароце. Даніла, мілы мой Даніла! Ах, натварыў сабе ты бед! Колас. [Шульга:] — Давай спярша, міл чалавек, дамовімся аб плаце. Васілёнак.
4. у знач. наз. мі́лы, ‑ага, м.; мі́лая, ‑ай, ж. Каханы, каханая. — Мілая, ну, глянь, хоць разік глянь! Колас.
•••
За мілую душу гл. душа.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
накруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., што і чаго.
1. Навіць, наматаць на што‑н. Накруціць нітак на шпульку. □ [Саньку] чамусьці то хацелася накруціць на палец і выскубнуць з галавы пасму сваіх саламяных валасоў, то адарваць сабе чырвонае вуха. Сяркоў.
2. Навінціць на што‑н. Накруціць гайку на болт.
3. Насвідраваць адтулін, дзірак.
4. перан. Разм. Вельмі ўскладніць што‑н., нарабіць чаго‑н. лішняга, непатрэбнага. Накруцілі калідораў — Навасельцам проста гора: У пакой пакуль прабіўся — Разоў восем заблудзіўся. Гілевіч. Тут, адным словам, вельмі трэба падумаць .., бо ў гарачцы такога можна накруціць, што потым.. ніякае рады не дасі. Савіцкі.
5. Разм. Прывесці ў дзеянне спружыну якога‑н. механізма. Ігнась накруціў гадзіннік, навёў званок, каб не праспаць, і таксама лёг. Пальчэўскі.
•••
Накруціць вушы — пакараць каго‑н., пацягаўшы за вушы.
Накруціць хвост — даць наганяй, прабраць каго‑н. за што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
партэ́р, ‑а, м.
1. Ніжні паверх звычайна тэатральнай залы з месцамі для гледачоў. Пражане любяць свой тэатр. Усе месцы, і ў партэры, і на ярусах, былі запоўнены. Мележ. // перан.; зб. Разм. Людзі, што займаюць гэтыя месцы. У тую хвіліну, калі зарагатаў партэр і калі Гогіберыдзе зразумеў у чым справа, — кроў прыліла да галавы, яго ахапіў гнеў. Самуйлёнак.
2. Адкрытая частка парку або саду, размешчаная звычайна на роўнай мясцовасці, аформленая газонамі, кветнікамі, вадаёмамі. Ад замка вялі ўніз травяныя партэры. Караткевіч.
3. У некаторых краінах — назва паверха над падвальнымі памяшканнямі; першы паверх. Што там! — яны не адчувалі нават цяжару таго, што валаклі неўзабаве з партэра на паверх: пры гэтай дзяўчыне раяль здаўся ім... от, нібы ложак які. Брыль.
4. Спец. Становішча ў спартыўнай барацьбе, калі барэц ляжыць на дыване або, стоячы па каленях, абапіраецца на дыван рукамі.
[Фр. parterre.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ска́рдзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; незак.
1. Выказваць скаргу (у 1 знач.), незадавальненне. Ды яшчэ збіраліся пажылыя дзядзькі: скардзіліся адзін аднаму на свой лёс, расказвалі дзіўныя гісторыі, каб забыць хоць на час пра сваё шэрае жыццё. Шахавец. Не раз і старыя .. скардзіліся на нявестку. Васілевіч. Ля каменя ўпала Цярплівая маці ў знямозе, У роспачы скардзіцца стала Знаёмай дарозе. Куляшоў. Прыходзіць і прыязджае ў бальніцу многа людзей, што скардзяцца найбольш на боль галавы. Пестрак.
2. Падаваць, прыносіць скаргу (у 2 знач.). Міхал Стальмаховіч прыходзіў у тыя дні ў сельсавет да Кастуся і Мікалая скардзіцца, што Мікуць хацеў стравіць яму сенажаць. Чорны. Але скардзіцца Ільюк не пайшоў: Шэметы ніколі не скардзіліся, самі разбіраліся са сваёю крыўдай. Лобан.
3. Разм. Даносіць, нагаворваць. «Сам вінаваты, а бяжыць скардзіцца». Шыловіч. — Ідзі, ідзі, скардзіся!.. Мала я дбаю, што ты пажалішся. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
схіну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Схіліцца, нахіліцца; сагнуцца. Тут краскі ранняю вясною Схінуцца ветла над табой. Прануза. Хацелася думаць, што ўсё гэта сон І варта толькі прачнуцца — Бароў беларускіх заные звон, Сівымі матулямі ніцыя вербы схінуцца. Барадулін.
2. Адхіліцца, адысці ўбок. Мы мужна і шчыра стаім ля стырна. І хто калі з шляху схінецца на момант, Узнімі яго песняй, каб сэрца ў агні не ведала, дружа, ні болю, ні стомы і дужым і моцным дайшло ў камунізм. Маракоў.
3. Абл. Схавацца за чым‑н.; знікнуць з поля зроку. Двое танкістаў аселі на брук тут жа каля гусеніц, скошаныя кулямі. А двое тых, што выскачылі першымі, паспелі перабегчы вуліцу і схінуцца за дамы... Беразняк. Толькі куды схінуўся звер? — не выходзіла ў .. [Андрэя] з галавы. Трэба слухаць, дзе ён ачуецца. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ула́дны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн.
1. Схільны навязваць сваю волю, загадваць, падначальваць сабе. Быстры, уладны і настойлівы, .. [Ермакоў] заўсёды кіраваў іншымі і прызвычаіўся, каб яго паважалі і слухаліся. Мележ. Мужчына ішоў з сабакам, моцны і шыракаплечы, уладны і пераможны і сам падобны на Геракла. Караткевіч. // Які выражае ўладу, волю, рашучасць; уладарны. [Жанчына] акінула Анатоля з галавы да ног уладным позіркам.. і лагодна ўсміхнулася. Ваданосаў. — Стой! Не варушыся! — пачуў .. [Карніцкі] уладны і моцны шэпт, як толькі выбраўся на супрацьлеглы бераг. Паслядовіч.
2. (звычайна з адмоўем «не»). Які мае права, уладу што‑н. рабіць. Агонь у камінку гарэў ласкава і роўна, над ім не ўладны быў асенні вецер, што зласліва шастаў за акном... М. Стральцоў.
3. перан. Неадольны, усемагутны. Уздыхне зямля шчасліва — і з пачуццём асалоды, Уся аддасца ўладнай сіле рук працоўных чалавека. Буйло.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)