параўня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак., з кім-чым.

1. Рухаючыся, аказацца на адной лініі з кім‑, чым‑н. [Фурманка] параўнялася з Цітковай хатай, потым гукі яе шырока рассыпаліся па валасным двары. Лобан. Параўнялася Палікарпаўна з дваром сваёй напарніцы Маланні і не ўтрымалася, заглянула ў акно. Кулакоўскі. Кожную раніцу, як толькі сонца параўняецца з вяршалінамі ліпы, што стаіць у канцы агарода, Тамара бярэ збан з малаком і нясе яго бабцы Кацярыне. Сіняўскі.

2. Стаць роўным, аднолькавым. І вось ён, век той чалавечы, — І параўняліся ўжо вы. Як станеш побач — плечы ў плечы І галава да галавы. Гаўрусёў.

3. Стаць нароўні з кім‑, чым‑н. у якіх‑н. адносінах. Нашы хлопцы, як заўсёды, У працы беззаганныя, Толькі цяжка параўняцца З дзеўчынай стараннаю. Русак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)