схіну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Схіліцца, нахіліцца; сагнуцца. Тут краскі ранняю вясною Схінуцца ветла над табой. Прануза. Хацелася думаць, што ўсё гэта сон І варта толькі прачнуцца — Бароў беларускіх заные звон, Сівымі матулямі ніцыя вербы схінуцца. Барадулін.

2. Адхіліцца, адысці ўбок. Мы мужна і шчыра стаім ля стырна. І хто калі з шляху схінецца на момант, Узнімі яго песняй, каб сэрца ў агні не ведала, дружа, ні болю, ні стомы і дужым і моцным дайшло ў камунізм. Маракоў.

3. Абл. Схавацца за чым‑н.; знікнуць з поля зроку. Двое танкістаў аселі на брук тут жа каля гусеніц, скошаныя кулямі. А двое тых, што выскачылі першымі, паспелі перабегчы вуліцу і схінуцца за дамы... Беразняк. Толькі куды схінуўся звер? — не выходзіла ў .. [Андрэя] з галавы. Трэба слухаць, дзе ён ачуецца. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)