сірэ́на, ‑ы, ж.

1. У грэчаскай міфалогіі — марская істота, якую ўяўлялі ў выглядзе жанчыны з хвастом рыбы або птушкі з жаночай галавой і якая сваімі спевамі заваблівала маракоў у гібельныя месцы.

2. Сірэ́ны, ‑рэ́н. Атрад буйных водных млекакормячых з ластамі і хваставым плаўніком, што жывуць у цёплых морах і рэках.

3. Прылада для атрыманая гукаў рознай вышыні і вымярэння гукавых ваганняў.

4. Апарат, прыстасаванне для падачы моцных, рэзкіх гукавых сігналаў; гукі, якія падаюцца такімі прыстасаваннямі. Раптам завыла сірэна, абвясціўшы паветраную трывогу. Няхай. Рыгор прачнуўся і прыслухаўся: у пакой урывалася зычнае гудзенне фабрычных сірэн. Гартны. За бакенамі ўзнік абрыс, Пачуўся гук сірэны стрэчнай. Лужанін. Горад бурліў і кіпеў пасля начнога спачынку, і, здавалася, у адно зліваліся і шоргат крокаў пешаходаў, і лёскат трамваяў, і сірэны аўтамашын. Хадкевіч.

[Ад лац. siren.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ме́ра, ме́рка ’адзінка вымярэння (мера збожжа ў 20 гарнцаў; круглая пасудзіна з клёпак для сыпкіх цел ≈ 1 пуд; краўцоўскі метр; лубянка; для ручнога абмервання палеткаў; памер за памол у млыне)’, ’велічыня, ступень’ (ТСБМ, Яруш., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк., Сцяц., Шат., Мат. Гом., Нас.; кір., Нар. сл.). Укр. мі́ра, рус. ме́ра, польск. miara, н.- і в.-луж. měra, чэш. míra, славац. miera, славен. mẹ́ra, серб.-харв. мје̏ра, макед. мера, балг. мяра, ст.-слав. мѣра. Прасл. měra. Утворана ад і.-е. асновы *mē‑ пры дапамозе суфікса ‑ra. І.‑е. адпаведнікі: літ. mãtas, mãstas, ст.-інд. māti ’мерае’, mátram, mátrā ’мера’, лац. mētior ’мераю’, ст.-грэч. μητίς ’рада, розум’, μητιάω ’раблю выснову’, гоц. mēla ’меха — мера збожжа’, mot ’год’, літ. mẽtai ’тс’, ст.-в.-ням. meʒʒan ’мераць’, māa ’мера’ (Бернекер, 2, 50; Траўтман, 179; Мее, 404; Фасмер, 2, 600; Скок, 2, 437; Бязлай, 2, 178; Шустар-Шэўц, 12, 899; Чайкіна, РР, 1972, 2, 112–114). Сюды ж ме́раць, ме́рыць ’вызначаць велічыню, колькасць, ацэньваць’, ’надзяваць для прымеркі’ (ТСБМ, Др.-Падб., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), ме́рны ’рытмічны’, ’сярэдні паводле сілы, памераў’ (ТСБМ, Нас., ТС), ме́ршчык ’той, хто мерае’ (Нас.), ме́рыцца ’меціць, намервацца’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́ска1 ‘трэска’ (Нас., Некр. і Байк., ТС), труска́ ‘акаліна’ (пух., Сл. ПЗБ), ст.-бел. труска ‘адзінка вымярэння колькасці хмелю’ (Ст.-бел. лексікон), ‘вязанка, пучок’ (ГСБМ), ‘друзачка, трэска’: лукъ в​s трꙋскы зломи​т (XVI ст., Карскі 2–3, 424); сюды ж тру́сачка ‘парушынка’ (Ласт.), трушчы́на ‘гушча, што застаецца на дне (напр., у квасе)’ (Нас., Растарг.), ‘што-небудзь кіслае, салёнае і горкае’ (Растарг.), трушчы́нка ‘жамерыны, макуха ад выціснутага соку, малака ці дробнага насення’ (Нас.), трушчы́ны ‘вашчыны’ (там жа). Параўн. рус. труска́ ‘мякіна, труха’, в.-луж. truska ‘металічнае пілавінне’, ‘кавалак шлаку’, чэш. trůska, struska ‘акаліна’, ст.-чэш. tróska ‘адходы пры апрацоўцы металу’, славац. troska ‘тс’, ‘шлак’, славен. trôl1ska ‘жамерыны’, ‘шлак’, ‘акаліна’, серб. тро̏ска, тру̏ска, харв. trȍska, trȕska ‘акаліна, га́раль на метале’, балг. тру́ска ‘асколкі пры каванні’. Прасл. trǫska ‘асколак, трэска’ (Сной₂, 787), якое ад дзеяслова *truskati < treskati (Махэк₂, 652–653) з далейшай семантыкай ‘разбурацца, распадацца’ (Куркіна, Этимология–1994–1996, 50), параўн. трусіць, трушчыць, гл. Сной₂ (там жа) дапускае асіміляцыю са звонкага варыянта *drǫska, роднаснага літ. drum̃stas ‘мутны’; магчыма, літ. druskà ‘соль’, параўн. смал. аргат. тру́ска ‘тс’, з больш раннім значэннем у лат. druska ‘крышка, крыха’ (Анікін, Опыт, 289), параўн. тру́сачка ‘драбок, шчопаць’: дай трусочки соли (Нас.).

Тру́ска2 ‘ператрус, вобыск’ (Клім.; Горбач, Зах.-пол. гов.). Гл. трус3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарпа1 ’вялікая сцірта снапоў або саломы пад адкрытым небам’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Байк. і Некр.), ’куча снапоў, складзеная камлямі навонкі, а каласамі ў сярэдзіну’ (Варл.), ’застаронак у гумне’ (тураў., ЛА, 2), ’частка ў гумне, якая заложана адным відам збожжа’ (кругл., валож., ЛА, 5), ’прыстаронак, месца ў гумне паабапал току, дзе складваецца збожжа’ (Сл. ПЗБ, Шатал.), ’сцірта, складзеная ў гумне паміж дзвюх супрацьлеглых сцен вузкай паласой; дах на слупах без сцен, дзе складалі сена’ (Касп.), торп ’сцірта снапоў у гумне’ (ТСБМ, Тур., Сцяшк.; ашм., Стан.), ’адгароджаная частка гумна, застаронак’ (Сл. ПЗБ), тарпі́на ’застаронак’ (гродз., Сл. ПЗБ), торпы́на ’сцірта (сена, саломы, збожжа)’ (стол., ЛА, 2), ст.-бел. торпъ ’тс’ і адзінка для вымярэння неабмалочанага збожжа’. Фіксуецца з 1539 г. і лічыцца запазычаннем з літ. tárpas (Буга, Rinkt. 2, 630; Булыка, Лекс. запазыч., 95; Лаўчутэ, Балтизмы, 34; Гутшміт, ZfSl, 19, 269), дзе развіццё значэння ад ’прамежак’ да ’застаронак’, гл. Анікін, Опыт, 288. Разглядаецца як балта-фрака-беларуская ізаглоса, параўн. фрак. tarpas, terpas ’зазор, прамежак’, гл. Санько, Бел. гіст. агляд, 14, 1–2, 329.

Тарпа2 ’торф’ (Сцяшк., Сл. Брэс., Янк. 2; дзятл., маст., брасл., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), ’тарфяное балота’ (брасл., Сл. ПЗБ), торпа́ ’торф, іл’ (жыт., Жыв. НС). Адаптаванае ў народнай мове торф (гл.; замена ф > п, канчатак ж. р. ‑а з-за фанетычна не ўласцівага канцавога спалучэння ‑рп, перанос націску на канцавы склад), гл. таксама торп2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыла́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Прыстасаванне, пры дапамозе якога выконваецца якая‑н. праца, работа. Прылады працы. Прылады вытворчасці. □ Калгаснікі складалі на павозкі розныя прылады, запрагалі коней і раз’язджаліся ў розныя бакі: адны ехалі араць папары, другія вазіць лес для новага кароўніка, трэція — на сенажаці. Якімовіч. Звычайны, груба завостраны аловак, крэслячы праект брамы, набыў у .. руцэ [маёра] значэнне актыўнай прылады стварэння. Брыль.

2. Спецыяльнае прыстасаванне, механізм, прызначаны для якой‑н. мэты (вымярэння, вылічэння, кіравання і пад.); прыбор. Вымяральная прылада. Аптычная прылада. □ Шпаркасць .. прабегу [часу] нельга змераць самымі далікатнымі прыладамі. Крапіва.

3. часцей мн. (прыла́ды, ‑лад). Камплект, набор прадметаў для выканання аднаго працэсу, аднаго напрамку работ. Рыбалоўныя прылады. Спартыўныя прылады. Сельскагаспадарчыя прылады. Пісьмовыя прылады. □ Пальцы .. [Алесевых] рук.. перабіралі алоўкі, цыркулі і ўсякія іншыя дробныя каморніцкія прылады на стале. Чорны. Стары закашляўся: нешта раптам вельмі сціснула яго горла. Потым дастаў з кішэні свае курэцкія прылады: капшук з тытунём, люльку і крэсіва. Якімовіч. Дзяўчына падышла да маленькага століка, на якім стаялі прылады дзявочага туалету. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Адпаведны размер чаго‑н. Каб абутак шыць па мерцы: Не вялікі, не малы, Прымяраеш, круціш-верціш — Падбіраеш капылы. Непачаловіч.

2. Прадмет, які служыць для вымярэння даўжыні. Калі заходзім у другую палавіну хаты нашага калгаснага садоўніка .., у вочы адразу кідаецца двухметровая, з адламаным канцом-нагой, брыгадзірская мерка «каза». Шуцько.

3. Пасудзіна для мерання чаго‑н. вадкага або сыпучага. — Гэты хлапчук без чаргі, не адпускайце, — нібы прачнулася .. [жанчына] ад бразгату літровай меркі аб бітон. Пальчэўскі. Хлеба нам гаспадыня не прыбаўляла, бульбы таксама насыпала адну мерку: хочаш — еш, хочаш — бяры з сабою. Якімовіч.

4. перан. Спосаб ацэнкі, крытэрый. — Я пачынаю думаць, што да ўсяго трэба падыходзіць з нейкаю меркаю, але гэтай меркі ў мяне няма. Колас. Кастрычнік, Ні ў чым ты не знаеш стандарту, Нічога не мераеш меркай крывою. Барадулін.

5. Уст. Плата збожжам за памол у млыне. Пакуль прымаць мерку ў новых завознікаў, студэнт паглядзеў на вялікія, як добрыя парсюкі, мяхі Сценкі Мякіша, што хітра прысуседзіліся каля самага каша. Брыль.

•••

Мераць усё (усіх) сваёй меркай гл. мераць.

Мераць усіх адной меркай гл. мераць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

све́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Палачка з тлушчавага рэчыва з кнотам усярэдзіне, якая служыць для асвятлення. Стэарынавая свечка. □ Куча саломы ляжала ў адным куце, у другім — гарэла самаробная васковая свечка. Шамякін. Шура чыркнуў запалку і паднёс трапяткі жоўты агеньчык спачатку да Валодзевай свечкі, пасля запаліў сваю. Арабей.

2. Адзінка вымярэння сілы святла. Увечары ў новай Пракопавай хаце ярка гарэла вялікая электрычная лямпачка — у сто пяцьдзесят свечак. Ермаловіч.

3. Медыцынскі прэпарат у выглядзе тлушчавай палачкі, які выкарыстоўваецца пры лячэнні гемарою і пад. Гемараідальныя свечкі.

4. Назва некаторых прыстасаванняў для запальвання гаручай сумесі. Запальныя свечкі рухавіка.

5. (звычайна з дзеясл.: «даць», «рабіць»). Вертыкальны пад’ём, узлёт уверх (мяча, самалёта і інш.). Футбаліст даў свечку. □ Урга злёгку, пужаючы, даў свечку. Потым апусціўся на пярэднія ногі і затанцаваў. Караткевіч. // у знач. прысл. све́чкай. Проста ўверх, вертыкальна. Мяч час ад часу свечкай узлятае над сеткай. Даніленка.

•••

Ні богу свечка, ні чорту качарга — пра пасрэднага чалавека, які не вызначаецца здольнасцямі да чаго‑н.

Прыйсці свечкі тушыць гл. прыйсці.

Са свечкай не знойдзеш гл. знайсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ста́нцыя, ‑і, ж.

1. Месца прыпынку паяздоў і іншых транспартных сродкаў, якія курсіруюць па пэўнаму маршруту. Чыгуначная станцыя. □ Кажуць, станцыяй хутка паўстанак той стане — Значыць, стрэнецца шчасце маё і яе. Бачыла. На станцыях .. [Гарышны] выскокваў з вагона ўзяць бутэльку піва. Ракітны. // Будынак на прыпынках, спецыяльна абсталяваны для пасажыраў. Уперадзе, з-за ўзгорка, выпаўзалі чырвоныя камяніцы станцыі. Мележ. // Адлегласць паміж двума такімі прыпынкамі. Яшчэ дзве станцыі засталося ехаць.

2. Спецыяльная ўстанова, якая абслугоўвае ў якіх‑н. адносінах насельніцтва, арганізацыі раёна, тэрыторыі. Санітарна-эпідэміялагічная станцыя. Лодачная станцыя. Тэлефонная станцыя. □ Каб суняць плывуны і зрабіць іх падатлівымі людзям, непадалёку ад ствалоў была пабудавана магутная станцыя замарожвання глебы. Кулакоўскі. // Група навуковых супрацоўнікаў, якія вядуць даследчую работу па спецыяльнай праграме. Дрэйфуючая станцыя «Паўночны полюс». Селекцыйная станцыя.

3. Спец. Серыя гідралагічных, метэаралагічных і пад. назіранняў, атрыманых на моры, на пэўнай тэрыторыі зямной паверхні. Глыбакаводныя станцыі. Магнітныя станцыі.

•••

Гідраметрычная станцыя — пункт на рацэ для вымярэння вышыні ўзроўню вады, хуткасці цячэння, расходу вады і пад.

Касмічная станцыя — штучны спадарожнік Зямлі, на якім можа жыць і працаваць зменны экіпаж касманаўтаў.

Сартавальная станцыя — чыгуначная станцыя, асноўнае прызначэнне якой — фарміраваць і расфарміроўваць чыгуначныя саставы.

[Ад лац. stantia.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пуд1 ’мера вагі (16 кг)’, (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Варл., Бяльк., Мат. Гом.), ст.-бел. пудъ ’адна з асноўных адзінак меры і вагі ў ВКЛ, звычайна мёду, воску, радзей інш. (ад 15 да 18,7 кг)’ (Ст.-бел. лексікон), у дамове смаленскага князя з Рыгай 1229 г. слова мела агульнае значэнне ’вага’, ’вагавы эталон’ (Скурат, Меры, 113), пра што сведчыць прыметнік пудъный: А соль весите пудънымъ ременемъ по старому закону (дамова Полацка з Рыгай 1405 г.); сюды ж вытворнае пудовня ’адзінка вымярэння сыпкіх рэчываў, роўная пуду’ (Нас. гіст.), ’мерка, у якую змяшчаўся пуд пэўнага рэчыва’, адзначанае і ў сучасных народных гаворках: пудо́ўня ’пуд’ (Ян.), а таксама пудо́вік, пудаві́к ’тс’ (Мат. Гом.), пу́дзіць ’купляць пудамі што-небудзь; купляць на вагу’ (Нас.); укр. пуд, рус. пуд. Запазычана са ст.-нардыйск. pund ’фунт’, параўн. ст.-ісл. pund ’тс’, продкамі ўсходніх славян у праформе *pǫd‑ > пудъ (Векслер, Hist., 104). Крыніцай агульнагерманскага слова з’яўляецца аблатыўная форма лац. pondo, выдзеленая са спалучэння libra pondo ’вагой у адну лібру’, якая ўжывалася як нескланяемы назоўнік у якасці сіноніма да libra. У адпаведнасці з рэгулярнымі фанетычнымі зменамі зыходнае слова было перааформлена ў ст.-в.-ням. pfunt, якое з XIV ст. у форме фунт (гл.) замацавалася ў славянскіх мовах.

Пуд2 ’страх, сполах, ляк’ (ТСБМ; Гарэц.; Шат., брасл., віл., ст.-дар., круп., Сл. ПЗБ; Бяльк.; петрык., светлаг., калінк., Мат. Гом.; ТС, Маш., Шн. 2; капыл., Жыв. сл.; докш., Янк. Мат.), ’сполах жывёл’ (Варл.), укр. пуд ’страх’, польск. pęd ’рух, імкненне’ > бел. пэнд (гл.), чэш. pud ’інстынкт’. Самастойныя ўтварэнні ў кожнай са славянскіх моў ад прасл. *pǫditi ’гнаць, прыспяшаць’, ці, паводле Когена (Запіскі, 2, 239), ’піхаць, цясніць’, гл. пудзіць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суткі1 ’адзінка вымярэння часу, роўная 24 гадзінам; дзень і ноч’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., Пятк. 2, ТС, Сл. ПЗБ), су́дкі ’тс’ (Нас., Арх. Вяр., ТС), су́тка ж. р. ’тс’ (воран., Сл. ПЗБ). Укр., рус. су́тки ’тс’. З су- і *тъка, якое звязана з тыкаць, першапачаткова ’сутыканне дня і ночы’; гл. Фасмер, 3, 811 з літ-рай. Бузук (Асн. пыт., 58) мяркуе пра першаснае значэнне ’змярканне’, ’пярэдні кут у пакоі’: спалучэнне часавага і прасторавага значэнняў (гл. наступнае слова).

Су́ткі2, су́тачкі ’вузкі прамежак паміж будынкамі, хатай і плотам’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., ЛА, 5, ТС), ’вузкая прастора паміж печчу і сцяной, запечак’ (брэсц., пін., люб., ЛА, 4), ’сцежка, дарожка паміж пабудовамі, агароджамі’ (гом., ЛА, 5), ’вузенькі пакойчык, старана ў гумне’ (брэсц., ЛА, 5; ТС, ПСл), ’дрывотнік’ (Мат. Гом.); іншыя варыянты: су́дкі (ТС), сутка́, су́тачкі (Сцяшк. Сл.), су́тачкі, су́дачкі, су́ткі, сутке́, су́дкі (Сл. ПЗБ), су́дачкі (Сл. Брэс.; стаўб., З нар. сл.), су́тачкі (Байк. і Некр.), суто́чка ’месца злучэння бэлек у сцяне’ (Бяльк.), суто́к ’дарожка паміж сценамі будынкаў’ (Яшк.). Укр. дыял. су́тки, су́точки ’вузкі праход паміж будынкамі або платамі’, ’цесная нізіна’ (Чарапанава, Геогр.), рус. наўг. су́тки ’вуглы ў хаце’, польск. sutka, sutki ’цесны праход паміж будынкамі’ (з усходнеславянскіх моў), чэш. дыял. soutka ’вузкі праход’, soudička ’вузкая вуліца’. Прасл. дыял. *sǫtъka ’стык чаго-небудзь’, ад прасл. *tъkǫ < *tykati ’тыкаць’, *tъknǫti ’тыкнуць’ з прыст. *sǫ‑ (гл. тыкаць) (Фасмер, 3, 811; ЕСУМ, 5, 485; Махэк₂, 568). Уключэнне сюды ж славен. sot ’горная дарога’, роднаснага ст.-ірл. sēt ’дарога’ (Бязлай, Eseji, 143), а таксама славац. suteska ’вузкі праход паміж высокімі крутымі скаламі’, серб.-харв. су̀тјеска ’вузкая горная цясніна’ (Талстой, Лексика Пол., 12) патрабуе далейшага абгрунтавання, гл. Куркіна, Этимология–1988, 98. Борысь (Prefiks., 107–108) разглядае як дэрыват (nomen actionis > nomen acti) ад прасл. *sъ‑tъknǫti ’сутыкнуць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)