Ка́ска ’каска’ (ТСБМ, БРС). Рус. ка́ска, укр. ка́ска. Лічыцца запазычаннем з франц. мовы. Параўн. франц. casque ’тс’ (а гэта ўзята з ісп. casca). Гл. Фасмер, 2, 206. У рус. мове гэта слова з’явілася ў XVII ст. (параўн. Шанскі, 2, К, 83–84). Ісп. casca (casco) паходзіць ад casco ’чэрап, чарапок, галава’ (звязана з дзеясловам cascar ’разбіваць’ і далей з народным лац. *quassicāre ’тс’; параўн. лац. quassō ’разбіваю’, таксама guatiō). У франц. мове была таксама вытворная форма casquette ’шапка з казырком’ (адсюль з часоў Пятра I, праз польск. мову, запазычаны кашке́т і каске́т; апошняе з франц.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каўга́н ’міска, выдзеўбаная з дрэва’ (Шат.), ёсць таксама ў рус. мове. Параўн. рус. калган ’драўляная міска’, вядомае ў розных рус. гаворках, якое. мае таксама формы калей, калгашка ’драўляная кружка, коўш’, калгиска ’чашка’. Слова цёмнага паходжання. У свой час Гараеў (440) меркаваў, што гэта, магчыма, запазычанне з усх. крыніцы і прыводзіў цюрк. kolyan, якое Фасмер (2, 165) лічыў вельмі няпэўным. Сапраўды, надзейных паралелей да форм тыпу каўган, калган няма, але камбінацыя фанем у слове вельмі нагадвае камбінаторыкуусходніх моў. Параўн. яшчэ няяснае каўган ’хмара, кучавас воблака’; ’кепскі майстар’ (Сл. паўн.-зах., 2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́мерхацца ’прагаладацца, аслабець ад вялікай затраты сілы’ (БРС, Касп., Янк. III, Касп., Мат. Гом.), вы́мірьхацца ’тс’ (З нар. сл., маг.), вы́мяркацца ’захацець есці пасля хадзьбы’ (Бір. Дзярж.), виме́рхувать, ви́мерхать ’стаміцца’ (Ліс.). Укр. ви́мерховати ’прагаладацца’; параўн. таксама польск. merchać, myrchać ’раскідваць, мяшаць салому, прыводзіць яе да непрыгоднасці’. У беларускай мове, відавочна, запазычанне з укр., дзе яно ўтворана ад дыял. ме́рха, ми́рха ’падла’. Параўн. таксама чэш. mrcha ’кляча’; ’падла; сцерва (лаянка)’, польск. marcha, mercha ’кляча; сцерва’, славен. mrha (лаянка), запазычаныя з с.-н.-ням. marhe ’конь, кляча’ (Брукнер, 322; Клюге, 1960, 454, 463; Махэк₂, 379).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гарабе́й ’верабей’ (Сцяшк. МГ), гарабе́шак ’тс’ (Шатал.). Параўн. таксама формы арабей, верабей (гл.). Формы з пачатковым г‑ (замест в‑; гэтыя апошнія з’яўляюцца зыходнымі, прасл. тыпы можна звесці да *verb‑: *vorb‑ з рознай суфіксацыяй; гл. Трубачоў, Слав. языкозн., V, 177) другаснага паходжання. Яны адлюстроўваюць трактоўку зыходнага пачатковага гука *v‑ (адсюль мена г : в). Можна таксама меркаваць і аб дадатковым моманце: ва ўкр. мове побач з формамі воробе́ць, горобе́ць існуе і гворобе́ць. Гэта можа сведчыць і аб іншай фанетычнай з’яве — устаўцы перад пачатковым в‑ «паразітнага» гука г. Але першы варыянт тлумачэння больш верагодны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нару́б ’надмагільны помнік; драўляная калода з суком, на якім выразаны крыж’ (Клім.), паруб, поруб ’зруб (у калодзезі і інш.)’ (ТС). Ад парубиць ’насячы’ (гл. рубиць), што адлюстроўвае спосаб пабудовы зруба (з вырубанием гнёздаў на канцах бярвёнаў); назва надмагільнага помніка, відаць, другасная, пра што сведчыць іншая назва рэаліі прыхором (Полесский этнолингвистический сб. М., 1983, 25), а таксама археалагічныя даныя аб рэштках спаленых прамавугольных зрубаў з пахаваннямі (Звод помнікаў гіст. і культ. Беларусі: Брэсцкая вобл. Мн., 1984, 349); параўн. таксама запіс з Кобрынскага p-на: Нарублелы пару́бом могылу (Міхайлаў, вусн. паведамл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Няго́ ’няўжо’ (Бяльк., Яўс., Крыў., Дзіс.), няго́, няго́ж, няго́ш ’тс’ (Касп., Сл. ПЗБ, Сл. ЦРБ), параўн. таксама няўго́ ’тс’ (гл.). Паводле Карскага (2–3, 83), таго ж паходжання, што няўжо́ (гл.), рус. неужели ’тс’; (ў)го замест ўжо, відаць, адлюстроўвае старажытную варыянтнасць часціц *‑go і *‑že, параўн. прасл. *nego/neže, ESSJ SG, 2, 455; гл. таксама ужэ́, угэ́, уге́, ’ужо’ (ТС). Меркаванне пра запазычанне бел. няго́, няўго́ з літ. niaugù ’тс’ (Грынавяцкене і інш., Baltistica, III (1) Priedas, 72) у святле сказанага вышэй здаецца недастаткова абгрунтаваным, хутчэй мела месца арэальная падтрымка пры захаванні архаізма.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ні́веч (нивичь) ’нішто, нікчэмнасць’: въ нивичь пошло (Нас.), укр. невіч ’тс’, нівець ’тс’: пішло в нівець. Відаць, запазычана з польск. арх. niwecz ’у нішто’, звычайна wniwecz, wniwec ’тс’, што са спалучэння *пі иъ іь літаральна ’ні ў вошта’ (*čъ — старая форма наз. він. скл., гл. што); пра запазычанне сведчыць незвычайная вакалізацыя прыназоўніка *иъ, параўн. у ст.-бел. в ни ве што (з паўтарэннем прыназоўніка) побач ни в што (XV ст., Карскі 2–3, 215), а таксама ўкраінская форма з «мазурэннем» (ц замест ч). Параўн. Брукнер, 364; Махэк₂, 399; ESSJ SG, 2, 489. Гл. таксама нявечыць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ашва́к ’вушак, шула ў сцяне’, ашванык (палес., Лучыц-Федарэц., Бел.-укр. ізал., 44), ошвак ’шула ў сцяне’ (Тарнацкі, Studia), ’бакавы слуп, да якога прымацоўваецца рама акна’ (Шушк.). Няясна; магчыма, з аўшак (оўшак) ’вушак’ (гл.), збліжанае з шыць, параўн. ст.-бел. ошва ’абшыўка, аблямоўка’ (Нас. гіст., 1494); гл. таксама палес. ошва (ošφa) ’брус, які ляжыць на бэльках столі пад кроквамі’ (Тарнацкі, Studia), што нагадвае літ. ašvà ’кабыла’, параўн. шматлікія другасныя значэнні слав. kobyla (тэхнічныя прыстасаванні, будаўнічыя дэталі і інш.): Слаўскі, 2, 305–306, а таксама Яшкін, Рэгіян. асабл., 84–85.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

А́ўтар (БРС), ст.-бел. авторъ з 1596 (Булыка, Запазыч.). Запазычана праз польскую мову або непасрэдна з лац. auctor. (Гіст. лекс., 104, 107). Параўн. таксама Рудніцкі, 1, 7; Фасмер, 1, 60; Шанскі, 1, А, 35–36; Собік, Poln.-rus., 168, і інш.

Аўта́р ’алтар’ (Федар., Яруш.). Запазычана вусным шляхам з польск. ołtarz, параўн. перадачу ł праз ў, а таксама польскія дыялектныя формы з націскам на апошнім складзе ołtárz, oltárz, outárz. У польскай мове праз чэшскую з лац. oltāre або ст.-в.-ням. altâri, гл. Рэчак, 44; Басай і Сяткоўскі, SFPS, 11, 18 (з літаратурай).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бала́буха ’булачка з начынкай’ (Жд.) > бала́буш(к)а, балайбу́шка ’хлеб з аржанога або пшанічнага цеста’ (Нас.), бала́бушка ’булачка з пшанічнай або ржаной мукі’ (Вешт.). Укр. бала́буха, бала́бух ’булачка’ (таксама ’гуз; камяк’), рус. бала́буш(к)а, бала́бышка і г. д. Магчыма, да асновы *bal‑, *bаla‑, якая часта ўжываецца ў слав. мовах для абазначэння круглых прадметаў. Паходжанне гэтай асновы няяснае. Можа, гукапераймальнае (як у *bala‑, гл. бала́каць). Другая частка слова, магчыма, да бух‑ (= слав. bux‑nǫti ’пухнуць, павялічвацца’). Параўн. і польск. дыял. bałabuch. Рудніцкі (60) таксама лічыць усю групу слоў цёмнай па паходжанню.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)