Няве́чыць ’калечыць, рабіць недзеяздольным, псаваць’ (ТСБМ), няве́чыць ’біць, калечыць; абражаць, зневажаць’ (Ян.), нівечыць (нивичиць) ’ператвараць у нішто, ужываць на зло’ (Нас.), укр. ні́вечити ’псаваць, зніштажаць, ператвараць у нішто; мучыць, здзекавацца, жорстка абыходзіцца’, польск. niweczyć ’ператвараць у нішто, нішчыць, разбураць’, славац. nivočiť ’тс’. Зыходная форма *vъ ni‑vъ‑čь‑ > + у ні ва што (ператварыцца), сучаснае ў нішто, параўн. ст.-бел. в ни ве што побач ни в што (XV ст., Карскі 2-3, 215), у Насовіча: въ нивичъ пошло, гл. нівеч. Літаратурная форма з ня‑, відаць, пад уплывам народнаэтымалагічнага збліжэння з не век, нявечна і пад., параўн. таксама ўкр. не́віч ’нішто’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)