О́тхлань ’супакаенне душы на тым свеце, чысцец’ (Нас., Багд., Федар. I). Параўн. вотхлань (гл.) ’чысцец’ (Шэйн. 2). Значэнне ’чысцец’ не зусім дакладнае. Федароўскі (1, 221) дае для гэтага слова наступны кантэкст: «У ночы між Усіх святых а Задушным днём, душы змарлые з неба, з пекла, з атлхлані і з чысьца прыходзяць да дому», з якога відаць, што отхлань і чысцец — розныя сферы таго свету. Насуперак Булыку (Запазыч., 232) нічога агульнага з польск. otchłań ’бездань’ не мае. Аб гэтым сведчаць іншыя значэнні гэтага слова і ў першую чаргу ’адпачынак, перапынак’ (Нас.). Параўн. без атхлані ’без перапынку’ (Нас., Яруш.). Не даваць атхлану ’адбывацца бесперапынна’. Звязана па паходжанню з адхлан (гл.) ’адпачынак, перапынак’ (Нас., ТС), ’прахалода, халадок’ (Нас.). Магчыма, што ў ТС (3, 290) прадстаўлена таксама гэта другое значэнне: не даваць атхлану ’не даваць прахалоды’. Параўн. адзіны кантэкст: «Дождж не дае нам атхлану». Тады ўся гэта група слоў да *ад‑халод‑нь/*ад‑халод‑н. Параўн. халонна ’холадна’, халонны ’халодны’ (Бяльк., 470), гл. халонуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калы́бка ’калыска’ (Нік., Оч.; ЭШ), калыпка (Сл. паўн.-зах.). Адносна рэаліі Нікіфароўскі (Оч., 324) удакладняе, што калыбка гушкаецца з аднаго боку ў другі, а зыбка хістаецца ў вертыкальным напрамку; відаць, пры аналізе лексемы неабходна мець на ўвазе гэты культурны аспект, паколькі zybъka, безумоўна, праславянская лексема з больш шырокім арэалам, як і kolěbъka. Апрача бел., адзначаюць рус. дыял. колыбка; што датычыць фактаў укр. мовы, апрача ст.-укр. колыбка (з XVII ст.) і палес. колибка ’калодка ў коле’ (спецыфічнае значэнне, параўн. яшчэ бел. калыска ’паглыбленне ў бервяне’, гл. ніжэй) надзейных фактаў як быццам няма. Гэта, аднак, можна тлумачыць як натуральную страту больш архаічнага, параўнальна з калыска, утварэння. Слова ведаюць яшчэ ў кашубскім рэгіёне: славін. kolipkă, памор. ku̯ólibka, kuólïbka з больш новых запісаў Сыхты kolibka ’калыска’, што вельмі цікава ў арэальным аспекце. Паводле Трубачова, Эт. сл., 10, 165, вытворнае з суф. ‑ka ад дзеяслова *kolybati (гл. калываць); статус слова (паўн.-слав.? дыял. прасл.?) акрэсліць цяжка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́шаль ’раптоўныя сутаргавыя выдыхі, якія суправаджаюцца хрыпамі і шумам пры запаленні дыхальных шляхоў і інш.’ (ТСБМ, БРС, Сцяшк. МГ і інш.), ка́шляць ’мець прыступ кашлю; хварэць на кашаль’. Прасл. слова. Параўн. рус. ка́шель, укр. ка́шель, польск. kaszel, чэш. kašel, славац. kašeľ, серб.-харв. ка̏шаљ, славен. kášelj і г. д. Прасл. *kaš(ь)lь. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 9, 160–161. Звяртае ўвагу тое, што не ва ўсіх слав. мовах ёсць гэта лексема. Няма яе, напр., у балг. мове. Гэта сведчыць аб старой дыялектнай дыферэнцыяцыі слав. тэрыторыі. Слова *kaš(ь)lь выводзіцца з больш даўняй формы *kāsli̯o‑, а гэта з і.-е. *k​uās‑l‑i‑o‑, што ўтворана ад і.-е. кораня гукапераймальнага характару ’кашляць’. Роднаснымі формамі з’яўляюцца літ. kósti ’кашляць’, алб. kollë ’кашаль’, ст.-інд. kā́sate ’кашляць’, ст.-в.-ням. hwuosto, huosto і г. д. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 214–215; Бернекер, 1, 493; Траўтман, 119. Ад прасл. *kaš‑(ь)‑lь утвораны дзеяслоў; Трубачоў, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апу́ка1 ’самаробны мяч і гульня з ім’ (БелСЭ, ЭШ), апока (Грыг., 241). Рус. зах. смал., бранск. опука, апука ’тс’, укр. опука ’мяч’, ’выпуклая часціна, напрыклад, у бочкі’. Утворана ад дзеяслова *опукати ’станавіцца выпуклым, надувацца’ па ўзору аплата, асада і г. д. Параўн. укр. опук ’выпукласць’, опукий ’выпуклы’, бел. выпуклы, пучыць і г. д. Супрун, Веснік БДУ, 1970, 1, 82–83.

Апу́ка2 ’лісце жыта на пэўным этапе развіцця’ (запіс Л. Ц. Выгоннай — аршан., Г. Ф. Вештарт — мядз.). Рус. смал. апук ’тс’. Для ўтварэння гэтага слова важны дзеяслоў распукнуцца (слуц., староб., кап. — вусн. паведамл. П. П. Шубы) пра вішні, яблыні і г. д., калі лопнулі покаўкі і хутка з’явяцца кветкі. Апука — пераход ад этапа пер’я, калі расліна тоненькая, да красавання, калі расліна ператвараецца ў пук, г. зн. у больш выпуклую форму; таму, як і апука1, гэта слова ўтворана, пэўна, ад дзеяслова *опукати, які меў яшчэ і такое адценне значэння, якое давала яму магчымасць характарызаваць расліну.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

[Бага́цце] ’агонь, вогнішча, касцёр’. Існаванне гэтага слова ў бел. мове вельмі праблематычнае. Фасмер, 1, 101–102; Трубачоў, Проспект, 39, не ўказваюць крыніцу. Вядомыя слоўнікі бел. мовы (уключаючы і дыялектныя) яго не знаюць. Рус. дыял. бага́ть, бага́тье, укр. бага́ття ’вогнішча’. Паходжанне слова спрэчнае. Звычайна збліжаюць з грэч. φώγω ’пяку, смажу’, ст.-в.-ням. bahhan (ням. backen) ’пячы’ і г. д. Гл. Бернекер, 38; Фасмер, 1, 101–102; Трубачоў, Проспект, 39. Але багацце з яго марфалагічнай структурай не здаецца старым словам. Больш верагодная сувязь з бага́ты; матывацыя тут вылучалася розная: 1) Патабня, ЖСт., 1891, 111, 117 (міфалагічнае ўяўленне агню золатам, багаццем); гл. Зяленін, Табу, 2, 59 і наст.; Гаверс, Tabu, 65 (першапачаткова багацця < *bogatъ ’багаты’; Фасмер (ZfslPh, 20, 454) лічыць гэта народнай этымалогіяй); 2) Ільінскі (ИОРЯС, 23, 128) лічыў, што назва (< багацця < *bogatъ ’багаты’) узнікла ў прымітыўным быту, калі вогнішча часта было сапраўдным багаццем. Не пераконвае Корж, ЗНТШ, 6, 117–118, які ўкр. бага́ття параўноўвае з серб.-харв. бо̀жић ’пень, які запальваюць на каляды’ і выводзіць ад бог (Дажь‑богъ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́за1 ’база’. Рус., укр. ба́за. Запазычанне з зах.-еўрап. моў (ням. Base або франц. base < лац. basis < грэч. βάσις). Фасмер, 1, 105; Шанскі, 1, Б, 9 (апошні не ўлічвае магчымасць запазычання рус. мовай гэтага слова ў розныя часы). Параўн. таксама Кохман, Kontakty, 36, які прымае польскае пасрэдніцтва пры запазычанні ўсх.-слав. мовамі, і Гютль–Ворт, For. Words, 51.

Ба́за2 ’зборачны пункт для жывёлы і г. д.’ (Яшкін), ’калгаснае памяшканне для збожжа; калгасны двор’ (Лысенка, ССП). Можна думаць, што падабенства з ба́за1 (гл.) толькі выпадковае. Зыходзячы з семантыкі слова, можна прыцягваць для параўнання бел. баз ’жывёлагадоўчая калгасная ферма’ (Яшкін), рус. дыял. баз, базо́к ’загарадзь, скацінны двор; месца, дзе робяцца кізякі; двор’, укр. баз загарадзь для жывёлы’, база ’хлеў’, якія, відавочна, запазычаны з цюрк. моў (каз.-тат., караім. baz яма, склеп’ > калм. bas ’скацінцы двор’). Гл. Фасмер, 1, 105. Параўн. таксама Булатаў, I, 225. Агляд іншых версій гл. Фасмер, там жа. Трубачоў (Этимология 1965, 41) не пераканаўча выводзіць гэтыя словы з гіпатэтычнага іранскага *baza.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Баня1 ’лазня’ (Юрч., Сцяшк. МГ, Сцяшк., Сцяц., Бяльк.). У гэтым значэнні толькі ўсх.-слав. (рус., укр. ба́ня) і паўд.-слав. (серб.-харв. ба̏ња, балг. ба́ням ’мыць’). У значэнні ’купал, скляпенне’, ’банка, пасудзіна’ і г. д. banʼa вядомае ў многіх слав. мовах. Лічыцца запазычаннем з нар.-лац. *bаneum, мн. *banea (< лац. balneum ’баня’). Агляд літ-ры гл. Фасмер, 1, 121–122. Падрабязна аб гісторыі слова Мерынгер, WuS, 3, 196–197. Пра *banʼa як абазначэнне пасудзін гл. асабліва Губшмід, Schläuche, 23–24. Магчыма, што значэнне ’купал, скляпенне’ > ’пузатая пасудзіна’ з’явілася спачатку ў зах.-слав. мовах. Дэталёвую рэканструкцыю гісторыі праслав. слова гл. Трубачоў, Ремесл. терм., 289–293. Гл. яшчэ MESz, 1, 241.

Ба́ня2 ’яма круглай формы, у якой здабывалі жалеза, соль’ (Бярында, гл. Яшкін). Укр. ба́ня ’руднік’. Праз польск. bania ’тс’ з венг. bánya ’тс’ (а гэта з слав. моў). Гл. Брукнер, 14; Кніежа, 76; Саднік-Айцэтмюлер, 86; Тамаш, 88; Махэк₂, 45; MESz, 1, 241. Параўн. ба́нька5.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жлоб1 ’жолаб’ (смаргон., Шатал.). З польск. żłób (р. скл. żłoba) ’тс’. Зафіксавана ўжо ў 1589 г. жлобъ (Булыка, Запазыч., 114). Параўн. з поўнагалоссем жолаб.

Жлоб2 ’скнара’ (хойн., Шатал.). Рус. наварас. жло́ба ’тс’, рус., укр. прастамоўе жлоб ’скнара, эгаіст, упарты, неразвіты, цёмны чалавек’, польск. żłób ’цёмны, неразвіты, дурны чалавек’. Параўн. ідыш [žlob] ’правінцыял, дзеравеншчына, грубы, неадукаваны чалавек’, дзе слова, аднак, не этымалагізуецца надзейна. Параўн. яшчэ шалапут (гл.) з магчымасцю экспрэсіўнага азванчэння зычных і польск. непоўнагалоснай формай. Аднак у польск. адпаведная глухая форма, здаецца, адсутнічае, а іначай цяжка тлумачыць бел. форму. Перанос у польск. żłób ’жолаб, яслі’ на ’вясковец’ і далейшае развіццё значэння семантычна неверагодныя. Магчымасць сувязі з żłopać ’піць жадна і гучна’ (параўн. жлокаць): ’той, хто прагна п’е, есць з чвяканнем’ > ’скнара, неадукаваны чалавек’ не выключана, але і не мае дакладнага семантычнага і фармальнага пацвярджэння, хаця і зафіксавана польск. варш. żłopak ’п’яніца’ (Вечаркевіч, Słownik; Тувім, Słownik). Слова амаль не фіксавалася ва ўсх.-слав. лексікаграфіі, хаця вядома ў прастамоўі дастаткова шырока.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Залі́ць1, золи́ць ’дапякаць’ (Нас.). Рус. наўг., валаг., ярасл., кастр., арханг., маск., сімб. золи́ть ’дапякаць’, укр. золи́ти ’лаяць’, славен. zoliti ’крычаць, бурчаць’, балг. золя́ ’пасыпаць (соллю, перцам)’ (Гераў); параўн. серб.-харв. зо̑љ, зо́ља ’аса’ (якое, аднак, Скок, 3, 664, звязвае з гукапераймальным дзеясловам zújati). Вытворнае назаля́ць (ТСБМ). Даль (1, 691) лічыў золить ’заліць1’, і ’заліць2’ значэннямі аднаго і таго ж слова. Тады заліць1 — перанос ад заліць2 ’апрацоўваць лугам’. Ці суадносіцца славен. слова з бел., — няпэўна. Гл. яшчэ зло.

Залі́ць2 ’апрацоўваць шкуры растворам вапны’ (ТСБМ). Рус. золи́ть, укр. золити ’тс’ і ’парыць бялізну ў растворы попелу’, польск. zolić ’мачыць, парыць у попеле’, ’пэцкаць’, чэш. дыял. zoliť ’пэцкаць’, н.-луж. zoliś ’мачыць, парыць у лузе’. Ст.-рус. золити ’тс’ (XVII ст.). Дзеяслоў з суф. ‑і‑ць ад наз. зала1 (гл.).

Заліць3 ’пакрыць вадкасцю’. Рус. зали́ть ’тс’, укр. залити, польск. zalać і г. д. Прэфіксальны вытворны: за + ліць (гл. ліць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кажушы́на ’назва вопраткі, паўкажушок’ (Радч.). Укр. кожушина ’больш лёгкі кажух’, рус. зах.-бран. (па тэрыторыі агульнае з бел.) кожушина ’паўкажушок з аўчыны, кажух’, серб.-харв. (павеліч. kòžušina) засведчана ў помніках XVIII ст. балг. кожушина ’вялікі кажух’; гэта ж форма са значэннем ’шалупінне цыбулі’ ў загадках: серб.-харв. «U našega dedušine trideset i dve kozušine, pʼopet mu se rebra vide»; балг. радом. «Стар деда с девет кожушини». Паўд.-слав. паралелі дэманструюць некалькі іншую семантыку, аднак галоўнай перашкодай для канстатацыі архаічнасці прыведзенага слова з’яўляецца прадуктыўнасць суфікса, яго рэгулярны характар, і калі для ўсх.-слав., як і для паўдн.-слав. лексем, сепаратныя сувязі відавочныя, то меркаваць аб роднаснасці паўн. і паўдн. слоў у гэтым выпадку вельмі цяжка. Што датычыцца семантыкі, параўн. яшчэ рус. дом і домина, бел. хата і хаціна; вялікі фактычны матэрыял (і некаторая літаратура) прыведзены ў артыкуле М. Н. Крыўко «Слова з суфіксам ‑ін‑а (‑ын‑а) і яго вытворнымі ў гаворцы вёскі Манякова Міёрскага раёна» (Нар. словатв.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)