Жлоб1 ’жолаб’ (смаргон., Шатал.). З польск. żłób (р. скл. żłoba) ’тс’. Зафіксавана ўжо ў 1589 г. жлобъ (Булыка, Запазыч., 114). Параўн. з поўнагалоссем жолаб.

Жлоб2 ’скнара’ (хойн., Шатал.). Рус. наварас. жло́ба ’тс’, рус., укр. прастамоўе жлоб ’скнара, эгаіст, упарты, неразвіты, цёмны чалавек’, польск. żłób ’цёмны, неразвіты, дурны чалавек’. Параўн. ідыш [žlob] ’правінцыял, дзеравеншчына, грубы, неадукаваны чалавек’, дзе слова, аднак, не этымалагізуецца надзейна. Параўн. яшчэ шалапут (гл.) з магчымасцю экспрэсіўнага азванчэння зычных і польск. непоўнагалоснай формай. Аднак у польск. адпаведная глухая форма, здаецца, адсутнічае, а іначай цяжка тлумачыць бел. форму. Перанос у польск. żłób ’жолаб, яслі’ на ’вясковец’ і далейшае развіццё значэння семантычна неверагодныя. Магчымасць сувязі з żłopać ’піць жадна і гучна’ (параўн. жлокаць): ’той, хто прагна п’е, есць з чвяканнем’ > ’скнара, неадукаваны чалавек’ не выключана, але і не мае дакладнага семантычнага і фармальнага пацвярджэння, хаця і зафіксавана польск. варш. żłopak ’п’яніца’ (Вечаркевіч, Słownik; Тувім, Słownik). Слова амаль не фіксавалася ва ўсх.-слав. лексікаграфіі, хаця вядома ў прастамоўі дастаткова шырока.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)