Ляле́яць, леле́іць ’калыхацца, развівацца’, ’пялегаваць, песціць, шкадаваць’ (Яруш., Зянк.) і сцягненыя формы: ляле́цца ’калыхацца, мільгацець’ (шаркаў., Ант.), ляле́ць, леле́ць, ляліе́ці, лілі́ты ’песціць, суцяшаць’, ’калыхацца, хвалявацца, пералівацца, зіхацець, адбліскваць (пра водную паверхню)’; ’калыхацца (пра збожжа, траву)’, ’квітнець’ (Мал., Гарэц., Федар. 7, Маш., Др.-Падб., Доўн.-Зап. 1, П. П.), ’выйсці з берагоў’ (Бір. дыс.), ’чырванець (пра рану)’ (лід., Сл. ПЗБ). Укр. лелі́яти, рус. леле́ять ’тс’, арх. ля́леть, ст.-рус. лелѣяти ’калыхаць (на хвалях)’, ’песціць, пялегаваць’, ’ахоўваць, сцерагчы’, ’услаўляць, хваліць’; ст.-польск. lelejać (się) ’тс’, lelejanie, lelejenie ’хваляванне (мора)’, велікапольск. lelać ’песціць, калыхаць, забаўляць’, каш. lelac są lelå ’заляцацца, увівацца’, ст.-чэш. leleti sě ’хвалявацца, калыхацца’; серб.-харв. лелѐјати, лељѐати, леlíjati, léljati, lélati (se), lilati (se), лелу̀јати се ’калыхаць, хвалявацца (аб збожжы), макед. лелам, лелеам, леле (се), лела ’калыхаць, развявацца, лунаць’, балг. лелея, лелям, лелеям се ’калыхаць, песціць, няньчыць (дзіцё)’. Прасл. lelěti (), lelějati () ’калыхаць, гойдацца’, ’хваляваць’, якія ўзніклі з гукапераймальнага рэдуплікаванага выразу le‑lē‑ (з дзіцячай мовы) са значэннем паўтарэння дзеяння, руху туды-сюды, руху пры гайданні. Роднаснае да літ. leliúoti ’закалыхваць дзіцё, прысыпаць яго, прыспеўваючы’, lèliuo ’песціць’, лат. leluôt ’тс’. Палес. ліла̌́ты можа ўзыходзіць таксама да прасл. lilʼati (), lʼulʼati (гл. Трубачоў, Эт. сл., 14, 108; 15, 100–102; Міклашыч, 172; Бернекер, 1, 699; Развадоўскі, Wybór, 2, 173; Буга, Rinkt., 1, 452; Фасмер, 2, 479; Слаўскі, 4, 138–139; Скок, 2, 287; БЕР, 3, 355; Курціна, Этимология–76, 23). Зянькевіч (O uroczyskach і zwyczajach…, 1852, 50) памылкова выводзіць лексему лялеяць са ст.-грэч. λαλέω ’гавару’, ’балбачу, шчабячу’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Байра́к1 ’сухое рэчышча ў яры’ (Яшкін), таксама буйра́к (ст.-бел. байрак ’сухое рэчышча’, з XVII ст.; Булыка, Запазыч.). Рус. баера́к, буера́к, байра́к, боера́к, бара́к ’яр, роў і г. д.’, укр. байра́к, байра́ка ’лясок у яру і г. д.’ Відаць, запазычанне з цюрк. моў: тур. bayir ’узгорак, грудок, схіл гары (парослы дрэвамі)’, карай, bajrak ’гара, узгорак’. Гл. Фасмер, 1, 104, 231 (там і агляд літ-ры). Аб далейшым развіцці значэння гэтага слова гл. пад байра́к2.

Байра́к2 ’месца, зарослае бур’янам’ (Булг.). Мабыць, вынік дэградацыі геаграфічнага тэрміна байра́к (гл. байра́к1) на беларускай тэрыторыі (аб магчымых прычынах гл. пад байра́к3). Але параўн. і польск. дыял. baraki ’густыя зараснікі’.

Байра́к3 ’дрэннае, пустое’ (Мат. конф. МГПИ, 1966, 10: Адна́ хво́я до́бра, смалі́ста, друга́я — байра́к). Як відаць з кантэксту, справа ідзе аб дрэнным дрэве. Параўн. польск. bajrak ’кручкаватая сасна’. Відаць, рэзультат дэградацыі слова байра́к ’яр’ (гл. байра́к1). Развіццё семантыкі: ’яр, яр з лесам, борам’ → ’лес, бор’ → ’дрэвы пэўнага выгляду’ (адносна хістання значэння ў слове байра́к гл. Талстой, Геогр., 101). Паколькі Беларусь і Польшча знаходзяцца на перыферыі пашырэння геаграфічнага тэрміна байра́к, то там лёгка развіваюцца другасныя, пераносныя значэнні.

Байра́к4 ’склеп’ (Мат. конф. МГПИ, 1966, 10). Відавочна, трансфармацыя слова бара́к ’барак’ (да фанетыкі параўн. рус. дыял. байрак ’бальнічны барак’).

Байра́к5 ’благі чалавек’ (Булг.). Няяснае слова. Можна думаць пра запазычанне з цюрк. моў. Параўн. укр. дыял. байра́к ’сабака-аўчарка’ (< тур.), балг. бара́к ’лахматы сабака або чалавек; брудны чалавек’ (< тур. barak, гл. Макарушка, Словар, 4; БЕР, 1, 33). Аднак, магчыма, ёсць сувязь і з байра́к3 (’дрэннае дрэва’ → ’дрэннае, пустое’ → ’дрэнны чалавек’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бало́на1 ’шкло ў раме’, бало́нка (Гарэц., Др.-Падб., БРС, Касп., Бяльк.). Рус. дыял. боло́на, боло́нка ’тс’, укр. боло́на ’шкло ў ахне’, болонка́рь ’шкляр’, польск. błona ’тс’, чэш. blána прамасленая папера ў акне (замест шкла)’ і г. д. Слова, ідэнтычнае па паходжанню з прасл. bólna, bolnь ’перапонка, плеўка, верхні слой, мяккая кара, скурка і да т. п.’ (рус. болона́, бо́лонь, укр. боло́на, польск. błona, чэш. blána і г. д., гл. балонкі ’перапонкі’). У некаторых славянскіх мовах гэтае слова азначае і ’аконнае шкло’. Мабыць, зыходзіць трэба ад значэння ’плеўка’ (замест шкла раней ужываліся плеўкі з пузыроў жывёлін і пергаментная папера). Параўн. блона і абалонка1 (гл.).

Бало́на2, бало́нка ’палянка на нізкай лугавой мясціне’ (Гарэц.), бало́нне ’ўскраіна лесу’ (Інстр. III), ’багна, нізіна’ (Касп.), бало́ння ’заліўны луг, вельмі нізкі’ (Янк. Мат.), балу͡онне ’плёс’ (Лысенка, ССП). Рус. болонь, боло́нье ’поймавы луг, нізіна’, укр. боло́ня, боло́нє і да т. п. ’раўніна, паша, выган і г. д.’, польск. bl̃oń, błonie, błonia, чэш. blana, балг. блана́ ’роўнае месца, поплаў’ і г. д. Прасл. bolnь, bolna, bolnьje. Далейшыя сувязі слова не вельмі ясныя. Паводле Фартунатава, AfslPh, 4, 579, ёсць сувязь з прасл. bolto ’багна’ (гл. бало́та), літ. báltas ’белы’, balà ’тарфянік’ (гл. і Слаўскі, 1, 37), а таксама з прасл. bólna плеўка і г. д.’ (гл. бало́на1 і бало́нкі ’перапонкі’): усё гэта далей да *bělъ ’белы’. Гэту версію падтрымліваў Траўтман, 25 (які зыходзіў з балта-слав. праформы *bālna‑ ’белы’). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 189. Падрабязна пра форму, семантыку і магчымую гісторыю слав. форм гл. Талстой, Геагр., 74–76.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́тка1, ла́тачка, ла́дка ’гліняная або драўляная міска’ (Бяльк.; шкл., Мат. Маг.; паўд.-усход. КЭС; паст., брасл., лудз., глыб., Сл. паўн.-зах.), ’гліняная глыбокая міска (з загнутымі краямі)’ (Др.-Падб., Юрч., Малч., Нас., Касп., Мікуц., Мат. Гом.), ’вялікая міска’ (мядз., Жд. 2; браг., Нар. лекс.), в.-дзв. ’пасудзіна з абабітымі краямі’, чыж. ’невялікі збан з адной ручкай’, в.-дзв., паст. ’цёрла’ (Сл. паўн.-зах.), клім. ’талерка’ (Нар. словатв.). Укр. латняк ’той, хто рамантуе гаршкі’, рус. латка, ладка ’латка’, польск. łata, łatka, łotka, н.-луж. łacywa, чэш., славац. látka, серб.-харв. latka, ladka, макед. латка, ст.-слав. латъка. Памяншальная форма ад прасл. laty, latъve (параўн. ст.-слав. латы, латъве, ц.-слав. латы, латовь, славен. látva, látvica, харв. Latvica (назва вёскі), макед., балг. латвица), роднаснымі якому з’яўляюцца літ. luõtas ’човен’, с.-в.-ням. lade ’дошка, аканіца, драніца’ (Фасмер, 2, 465; Слаўскі, 5, 39). Інакш Махэк₂ (322), Брукнер (307), а таксама Трубачоў (Ремесл. терм., 219–221), які, даводзячы другаснасць даўжыні слав. läty, робіць магчымым парадніць прасл. laty і lotъkъ > бел. латак і для апошняга дапускае першаснае значэнне, звязанае з паняццем ’гліна’, ’зямля’ (параўн. бел. латачына ’лагчына’), а далей супастаўляе прасл. lotъ/lotъkъ/lotokъ з герм. laþjon (ням. Letten ’гліна’). Развіццё семантыкі прасл. laty: ’гліняны сасуд’ > ’латак, карытца’.

Ла́тка2 ’аладка’ (Бяльк.). Да ла́дка (гл.).

Ла́тка3 ’кучка саломы, сена’ (Жд. 1), ’пярэбірак’ (слуц., Сл. паўн.-зах.). Паводле Слаўскага (5, 37), да ла́та1 (гл.).

Ла́тка4 ’складка’ (капыл., Сл. паўн.-зах.). Да ладачка (гл.).

Ла́тка5 ’лапік’ (ТСБМ). Да ла́та1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ле́зці ’ўзбірацца, залазіць, караскацца’, ’апускацца ўніз’, ’забірацца куды-небудзь, улазіць у што-небудзь’, ’пранікаць крадучыся’, ’змяшчацца’, ’выбівацца наверх’, красл. ’вылазіць, выпірацца’ (Бяльк., Касп., Яруш., ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’надакучаць, назаліць, дражніцца’ ў выразе лезці ў вочы, лезці ў галаву (Шат., КЭС, лаг.; драг., в.-дзв., Сл. паўн.-зах.), беласт., драг. ’паўзці’, ’марудна ісці’, пруж., драг. ’падыходзіць, дакранацца’ (Сл. паўн.-зах.), ’моцна крычаць’, ’старанна рабіць’ у выразе із шкуры лезці (Ян.), драг. косэ лізуть ’падаюць валасы’ (Лучыц-Федарэц). Укр. лізти ’лезці, улазіць у што-небудзь, вылазіць’, ’поўзаць’, лі́заты ’лазіць’, рус. ле́зти, лезть ’уваходзіць куды-небудзь’, ’гразнуць’, польск. ležć (1‑я ас. lezę, ст.-польск. lazę) ’лезці’, н.-луж. lězć ’ісці, паўзці’, ’узбірацца’, в.-луж. lězć ’лезці’, чэш. lézti ’паўзці, цягнуцца’, ’прыходзіць не ў час’, ’паволі падаць, знікаць’, славац. liezť ’лезці’, славен. lę́sti, ст.-серб.-харв. љести, ле̏сти, ли̏сти ’паўзці, ускарасквацца’, сучаснае серб.-харв. ужываецца з прэфіксамі до‑, па‑, у‑ і замяняе дзеяслоў ѝћи ’ісці’, макед. дыял. љазʼа ’(дзіцё) рачкуе’, балг. ле́за, лезя ’лазіць, поўзаць’, ст.-слав. възлѣзѫ, лѣсти ’узбірацца’. Прасл. lěsti (lězǫ) ’паўзці, пасоўвацца наперад’. Самымі блізкімі адпаведнікамі з’яўляюцца балтыйскія мовы, у якіх прасл. ‑ě‑ адпавядае ‑ē‑: ст.-прус. līse (< *lēza) ’паўзе’, лат. lēžât ’ссоўвацца’, lēžuôt ’ісці паволі, цягнуцца’, літ. lė̃kštas ’плоскі’, lažà, lãžas ’паншчына’; параўн. яшчэ ст.-ісл. lágr ’нізкі’, с.-в.-ням. laege ’плоскі’, гал. laeg, ст.-грэч. λαχύς, англ. low ’нізкі’. Да і.-е. *lēg̑h‑ (Бернекер, 1, 715; Фасмер, 2, 476–477; Слаўскі, 4, 192–193; Скок, 2, 278–279; Шустар Шэўц, 11, 835; Бязлай, 2, 136).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вал1 ’хваля’ (КТС, Мядзв., Яшк.), валам валіць (Некр.). Рус. вал, укр. вал, польск. wał, в.-луж. wała, н.-луж. wał, чэш. val, слав. val, балг. валям ’катаць, варочаць’, макед. вала ’валяць, катаць’, серб.-харв. ва̄л, ва̑ла, славен. val, ц.-слав. валъ. Прасл. *val‑, роднаснае з літ., võlioti ’катаць’, алб. vale ’хваля’, ст.-в.-ням. wuolên ’рыцца’, ст.-інд. válati ’кру́ціцца’ (Праабражэнскі, 1, 63–64; Фасмер, 1, 268; Шанскі, 1, В, 9; Рудніцкі, 1, 297; БЕР, 1, 116; Махэк₂, 676).

Вал2 ’вал; штучныя земляныя ўзгоркі’ (КЭС); ’штучны земляны насып у выглядзе вялікага бурта з грэбнем’ (Пал.); ’узгорак’ (Яшк.); ’высокае месца, груд пасярод балота’ (Янк. II). Рус. вал, укр. вал, польск. wal, чэш. val, слав. val. Праз польскае з с.-в.-ням. wall ’тс’ (Праабражэнскі, 1, 63; Фасмер, 1, 268; Шанскі, 1, В, 8–9; Рудніцкі, 1, 298, 304; Махэк₂, 675).

Вал3 (тэхн.) ’вал’ (БРС); ’вал у калодзежы’ (Сцяшк.). Паводле Булыкі., Запазыч., 56, праз польск. wal < ст.-в.-ням. wal. Больш верагодна, што гэта ўсходнеславянскае ўтварэнне ад запазычанага з ням. мовы Walze ’вал, цыліндр’ (Шанскі, 1, В, 9). У спецыяльных значэннях (карданны вал, агнявы вал і пад.) — семантычнае запазычанне з рускай мовы.

Вал4 ’доўгія вузкія кучы сена’ (Шатал.); ’сена з некалькіх пакосаў, складзеных разам’ (Выг. дыс.). Да валіць і вал1.

Вал5 ’тоўстая пража з дрэннага валакна і само такое валакно’ (КЭС); ’адходы, якія астаюцца пры апрацоўцы льну мяліцай’ (Сцяшк. МГ); ’кудзеля, якая аддзяляецца ад кужалю пры трапанні льну’ (Янк. II); ’грубая пража’ (Шн., 3). Да валіць. Семантычны пераход няясны. Параўн. Рудніцкі, 1, 298.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вецер (КТС, БРС, Касп., Нас., Яруш.), ві͡етёр (Бес.), ве́цір (Бяльк.), жыт. вецёр ’веснавы вецер’, слаўг. ве́цер ’адкрытае ветранае месца’; ’віхор’ (Яшк.), ве́цер ’ветрагон’ (КТС, Нас., З нар. сл.). Сюды ж ветрык, ветрычак, ветрік, вецярок (КТС, Гарэц., Шат., Нас., Кліх, Бяльк.), вятрыска (Яруш., КТС). Укр. ві́тер ’вецер’, рус. ве́тер ’тс’, арханг. ’кірунак свету’; ’хвароба свойскіх жывёл’, ст.-рус. вѣтръ, вѣтеръ ’вецер, кірунак свету’; ’паветра’; ’газы ў кішках’, польск. wiatr, палаб. votr, н.-луж. wjetš, в.-луж. wětr, чэш. vítr, славац. vietor, славен. véter, серб.-харв. ве̏тар ’вецер’, макед. ветар ’вецер’, (мед.) ’рожа’, балг. вятър ’вецер’, паўн.-зах. ветър ’рэўматызм’, ст.-слав. вѣтръ ’вецер’. Прасл. větrъ мае адпаведнікі ў і.-е. мовах: літ. vė́tra ’бура’, лат. vę̄tra ’тс’, прус. wetro ’вецер’, гоц. winds, ст.-в.-ням. wint ’тс’, ст.-англ. wind ’непагадзь’, ст.-нарв. vindr ’вецер’, ст.-ісл. veðr ’вецер, паветра’, ірл. feth ’паветра’, грэч. ἄησι ’вее’ (*ἄϜησι), ἄήτης ’вецер’, кімр. gwynt, лац. ventus, ст.-інд. vā́taḥ, авест. vā́ta‑ ’вецер’, асец. wād, vād ’бура’, тахар. A wänt, тахар. B yente, хец. hu (*Hwe); да і.-е. асноў *u̯e‑/*u̯o‑/aue/*au̯‑ ’веяць’. Прасл. větrъ утворана ад větati/větiti і суф. Nomina agentis ‑rъ, які атрыманы ў спадчыну з і.-е. (Слаўскі, SP, 2, 20). Адсюль вецер выступае ў міфалогіі як дзеючая сіла; параўн. бел. ве́тры. Роднаснае да веяць (гл.). Гл. таксама Праабражэнскі, 1, 109; Вальдэ, 817; Мюленбах-Эндзелін, 4, 572; Мейе, 407; Траўтман, 345; Барталомэ, 1408; Брукнер, 611; Махэк₂, 692; Голуб-Копечны, 408, 418; Фасмер, 1, 306; Шанскі, 1, В, 77; КЭСРЯ, 78.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жарало́ ’адтуліна (у зямлі, посудзе, дрэве, гармаце)’ (ТСБМ, Нас.), ’крыніца, вірыстае месца на рацэ, вокнішча ў балоце’ (Яшкін). Рус. дыял. же́ре́ло́ ’адтуліна ў розных прадметах’, паўд., зах. ’крыніца’, укр. джерело́ ’крыніца’, польск. źródło, н.-луж. žredło, чэш. zřídlo, славац. žriedlo, žrielo ’тс’, балг. жрело̀, ждрело̀ ’цясніна, крыніца’, серб.-харв. ждрело ’глотка’, ’цясніна’, ’адтуліна’, славен. žrélọ ’адтуліна, выхад з цясніны, рот (жывёлы)’, žerélo ’адтуліна (у печы, у вулеі)’. Ц.-слав. жрѣло ’голас’, ст.-рус. жрѣло, жрело ’голас’, жерело ’вусце’, ’голас’, ’горла’, ’крыніца’, ’дула’. Зыходная прасл. форма *žerdlo з першасным значэннем ’горла, глотка’, адкуль перанос на геаграфічны аб’ект, адтуліну ў нейкім прадмеце (параўн. ’рот’), а таксама ’голас’. Аналагічнае значэнне маюць балт. словы: ст.-прус. gurcle ’глотка, горла’, літ. gurklỹs ’зоб, адамаў яблык’, ’горла пасудзіны’, дыял. gurklė ’глотка’, лат. gurklis ’глотка, зоб’ (Траўтман, 89–90). І.‑е. корань *g​er‑ ’глытаць, глотка, зяпа’ (Покарны, 1, 474–475). Суфіксацыя мае балта-слав. характар, слав. назвы на ‑lo утварыліся з інструментальным значэннем (SP, 1, 103). Корань прадстаўлены таксама ў жэрці, горла, жарло (гл.). Сучаснае пашырэнне пераносных, у асноўным геаграфічных, значэнняў прасл. *žerdlo можа сведчыць у карысць гіпотэзы аб тым, што перанос адбываўся яшчэ ў прасл. перыяд, што вяло да семантычнага размежавання *gъrdlo і *žerdlo; месца *žьr(d)lo ў гэтай семантычнай групе няясна. На другасны характар прасл. значэння *žerdlo ’крыніца’ ўказваюць і яго суадносіны з koldędźь (гл. Мартынаў, Лекс. взаим., 67). Паводле Курынай (Этымалогія, 1967, 132), першаснае значэнне *žerdlo/*žьrdlo ’бяздонне’; яго першасны характар можна пастуліраваць для некаторых геагр. значэнняў, але не для лексемы ў целым. Курыловіч (L’apophonie, 230) тлумачыць і.-е. апафанічнае адрозненне *žerdlo і *žьrdlo.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́сма, па́смо, па́сьмо ’некалькі нітак ці валокнаў, складзеных уздоўж’, ’трыццаць нітак’, ’пучок валасоў’ (ТСБМ, Маш., Шат., Касп., Бяльк., Бір. Дзярж.; Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Сл. Брэс., ТС; слуц. КЭС), ’змятая жменя льну’ (Яруш., Бес., Уладз., Мядзв.), ’галун’ (Яруш.), ’12 пар нітак у кроснах’ (КЭС, лаг.), каслаўка, пучок’ (КЭС, лаг.; Ян.), ’мера палатна ў шырыню’ (кобр., Сл. Брэс.; Ян.), глус. па́сьмяне ’трыццаць нітак’ (Янк. Мат.). Укр. па́смо, рус. пасмо, пасманка, пасменка, па́сменный, пасмёнок, пасменник, польск., н.-, в.-луж. pasmo, чэш., славац. pásmo, славен. pásmo, серб.-харв. па̏смо, макед. пасмо́, балг. пасмо́. Паводле Фасмера (3, 212), прасл. pasmo, якое з’яўляецца роднасным да лат. puõsms, puõsmis ’прасла ў плоце’. Трубачоў (Ремесл. терм., 102–103) лічыць, што прасл. pasmo — другасная форма ў адносінах да больш поўнай pasmę (Р. скл. pasmene), а лат. puõsms ’дробка льну, адбеленая ад кудзелі’, як і літ. põsmas ’пасма’, запазычаны са слав. моў. Адносна апошняга гэтаксама мяркуе і Махэк₂ (436). Аткупшчыкоў (Из истории, 260) сумняваецца ў старажытнасці суфікса ‑*men‑ у гэтым слове і лічыць, што рус. пасменка — больш позняе паводле свайго ўтварэння з другасным суфіксам ‑men‑. Аднак гэтаму, відаць, супярэчыць і наяўнасць бел. глус. па́сьмяне. Адносна этымалогіі прасл. pasmę (< *patsmnen) Трубачоў (Ремесл. терм., 102) выказвае дапушчэнне яго роднаснасці з герм. *faþma‑ ’пэўная колькасць пражы’ (> ст.-в.-ням. fadum, суч. ням. Faden ’нітка’) < і.-е. *pet‑/*pot‑. Іншыя ў якасці роднасных прыводзяць ст.-іран. afsman‑ ’верш (у гатах), вершаваны радок’, пачатак якога afs‑ узыходзіць да pas‑. Гэты корань у авесце азначае ’блытаць; путаць, умацоўваць адно на адным’ (Махэк₂, 436).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́рт1 ’прыстань, месца для прыходу і стаянкі караблёў’ (ТСБМ, Ласт.); ст.-бел. портъ ’тс’ (з XVI ст.), што, паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 122; Запазыч., 253), са ст.-польск. port (з 1471 г.), якое ад лац. portus ’тс’ (Банькоўскі, 2, 706). Не выключана другаснае запазычанне праз рус. порт з ням. Port або франц. port ’тс’.

По́рт2 ’льняная, канапляная або баваўняная тканіна ці пража’, ’тканіна з ільняных ці пяньковых нітак’ (ТСБМ, Нас., Уладз., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, ТС), ’кудзеля, чэсаная напалам — воўна з лёнам’ (Бяльк., Байк. і Некр.), ’пах ад гарэлага адзення з лёну’ (Нас., Байк. і Некр.), ’рэшткі спаленай анучкі’ (Скарбы), ст.-бел. портъ ’тканіна; адзенне’: портъ царскыи (Альтбаўэр, 165), сюды ж по́ртны, по́ртавы ’парцяны’ (хойн., Мат. Гом.; Байк. і Некр.), по́рця ’бялізна’ (гродз., шчуч., Сл. ПЗБ), по́рце ’тс’ (Сцяшк. Сл.); параўн. укр. порт ’канапляная або льняная нітка ў ваўнянай тканіне’, рус. порт ’(льняная або баваўняная тканіна’, ст.-рус. пъртъ ’кавалак тканіны; шматок; пялюшка’, польск. part, parć ’адрэз тканіны на адзенне’, славен. ṕrt ’кавалак палатна; прасціна’, харв. pȑt ’адзенне з лёну’, серб. пр̏тен ’ільняны’, балг. пъртуши́на ’паношаныя апранахі’, ст.-слав. прьтъ ’кавалак палатна’. Прасл. *pъrtъ выводзяць з *porti ’пароць’ (Фасмер, 3, 334): можа разглядацца як аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по- з семантыкай выніковасці дзеяння ад *rūti > *ryti/*rъvati > *po‑rъtъ ’тое, што адрэзана, адарвана’ > ’тканевы адрэз, шматок’. Першасным для порт можна дапусціць значэнне ’адрэз сукна’, ці, як падае Сной (511), — ’адарваны кавалак тканіны’. Малаверагодна роднаснасць з літ. spartas ’завязка’ і грэч. σπάρτος ’расліна, з галін якой скручвалі вяроўкі’, параўн. Бязлай, 3, 130.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)