загі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Паддацца знішчэнню, перастаць існаваць (звычайна пры якой‑н. катастрофе, няшчасці і пад.). У агні загінула ўся маёмасць. Пасевы загінулі ад засухі. □ Значная частка літаратурнай спадчыны Ф. Багушэвіча загінула. Шкраба. // Перастаць жыць, памерці насільнай смерцю. Загінуць смерцю героя. □ Дарогу чорны снег заносіць — Загінуць можа чалавек. Чарот. Не судзі, доля, у прымах жыць і на чужой зямлі загінуць. З нар. // перан. Знікнуць, знішчыцца, прапасці. — Э! Ёсць чаго смуткаваць! — адзываецца першы Раманчык і заліхвацка махае рукою: — Знойдуцца людзі, а мой тут і след загіне і памяць пра мяне памрэ. Колас. Сэрца чарсцвела, рабілася каменным, толькі адно кволае пачуццё і засталося ў ім — матчына каханне да сына, — усе іншыя радасці жыцця незваротна загінулі для яе. Мурашка.

•••

Загінуў, як рудая мыш — прапасці марна, нізашто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каляі́на, ‑ы, ж.

1. Паглыбленне, след на дарозе ад колаў або ад санных палазоў. Дарога тут была малаезджаная, бадай што без каляін. Карпаў. Фурманка выехала ў поле, колы ціха і мякка шаргацелі па пыльных каляінах. Мележ. Ногі коўзаюцца і пападаюць у каляіны ад палазоў. Галавач.

2. Разм. Чыгуначны пуць, каляя. Эшалон стаяў на апошняй каляіне. Чорны.

3. перан. Пра звычайны ход якіх‑н. спраў, прывычнае натуральнае працяканне чаго‑н. — Я вам кажу! — павысіў голас.. Сімон, трапляючы ў сваю звычайную каляіну. Самуйлёнак. А цэлы рад збаноў на плоце Казаў аб тым, што гаспадыня Была ўжо ў моцнай каляіне І што яе, таксама, справа Вялася добра і рухава. Колас.

•••

Выбіцца з каляіны гл. выбіцца.

Выбіць з каляіны гл. выбіць.

Увайсці ў каляіну гл. увайсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палява́ць, палюю, палюеш, палюе; незак.

1. на каго, каго і без дап. Займацца паляваннем (у 1 знач.). — Той, хто хоча паляваць на вялікую зверыну, павінен мець і вялікую цярплівасць... Паслядовіч. [Сухараў] у маладосці з рагацінаю хадзіў на мядзведзя, паляваў ізюбра і дзікіх коз. Грахоўскі. Увосень на янота палююць з сабакамі. В. Вольскі.

2. за кім, на каго. Высочваючы, імкнуцца напасці на чый‑н. след, злавіць каго‑н. — Не, — адказаў Былінскі — Вы для гэтай справы не падыходзіце. За вамі гестапа даўно палюе. Гурскі. Акупанты палявалі на .. [разведчыка] і аднойчы схапілі. Загадалі паказаць партызанскі лагер. Вішнеўскі.

3. перан.; на што. Разм. Імкнуцца здабыць, атрымаць, украсці што‑н. Асабліва ўдала Лукаш умеў паляваць на каўбасы або сыры. Лобан.

4. Спец. Знаходзіцца ў стане цечкі (пра жывёлу).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запомніцца □ урэзацца ў памяць, урэзацца ў памяці, запасці ў памяць, астацца ў памяці, застацца ў памяці, пакінуць след у памяці, асесці ў памяці, улезці ў памяць, упіцца ў памяць, запасці ў душу

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

наве́сці, -вяду́, -вядзе́ш, -вядзе́; -вядзём, -ведзяце́, -вяду́ць; навёў, -вяла́, -ло́; навядзі; -ве́дзены; зак.

1. каго. Прывесці ў вялікай колькасці.

Н. людзей у клуб.

2. каго (што) на каго (што). Ведучы, прывесці, вывесці куды-н.

Н. на след.

3. што. Накіраваць, нацэліць што-н. у бок каго-, чаго-н.

Н. бінокль.

Н. гармату.

4. перан., каго на што. Накіраваць (на думку, размову, сумненне і пад.); садзейнічаць з’яўленню (думкі, сумнення і пад.).

Н. на шчырую размову.

5. перан., што. Прывесці што-н. да пэўнага стану, надаць адпаведны выгляд.

Н. бляск.

Н. парадак.

6. што. Пабудаваць (пра мост, пераправу).

Н. мост.

7. што. Зрабіць інструмент прыгодным для карыстання.

Н. брытву.

Н. музычны інструмент.

8. каго. Нарадзіць, напладзіць у нейкай колькасці (разм.).

Н. дзяцей поўную хату.

9. каго. Быць наводчыкам, садзейнічаць крадзяжу чаго-н.

Н. злодзея.

Навесці на розум — даць разумную параду, навучыць чаму-н. добраму.

|| незак. наво́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць.

|| наз. навядзе́нне, -я, н. (да 3, 5 і 6 знач.) і наво́дка, -і, ДМ -дцы, ж. (да 3, 6 і 7 знач.).

Навядзенне бляску.

Навядзенне мастоў (таксама перан.: устанаўленне сувязей, кантактаў; кніжн.).

|| прым. навадны́, -а́я, -о́е (да 6 знач. у некаторых спалучэннях).

Н. мост.

Навадная пераправа.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Пуп1след ад пупавіны на целе’ (ТСБМ, Варл., ТС), ’пупавіна’ (Сл. ПЗБ, ТС, Шат.), ’страўнік у птушак’ (ЛА, 1; Сл. ПЗБ), ’ікра або малою ў рыбы’ (віц., Нар. лекс.; бяроз., Жыв. НС; полац., З нар. сл.), сюды ж пупо́к ’тс’ (Янк. 2), пуска́ти пу́па ’пускаць ікру, малою, нераставаць’ (Крыв.), пупарэ́зніца, пупарэ́зіца ’павітуха’ (Нас., Бяльк., Варл., Нік. Очерки), пу́пна ба́ба, пупы́ха, пупоре́зна баба, пупорэ́зка ’тс’ (палес., Зб. памяці Талстога, 2, 103); укр. пуп ’пуп’, пупо́к ’пуп, пупавіна; страўнік у птушак’, пупе́ць ’тс’, рус. пуп, пупо́к ’тс’, польск. pęp, pępek, в.-луж., н.-луж. pup, pupk, чэш. pupek, славац. pupok, серб.-харв. пу̑п, пу̏пак, балг. пъп, пъпо́к, макед. папок, дыял. pъmp (у розных значэннях). Прасл. *pǫpъ ’пупышка, прышч; пуп’, роднаснае літ. pam̃ti ’разбухаць’, лат. pàmpt ’набухаць, надувацца’, што разглядаецца як працяг і.-е. *pou‑, пашыранага элементам ‑m‑ (Фасмер, 3, 407; Шустар-Шэўц, 2, 1192; БЕР, 5, 854; Глухак, 512; Банькоўскі, 2, 538).

Пуп2 ’прылада, пры дапамозе якой робяць ганчарную пасуду’ (Жд. 2). Да пуп1 (з-за знешняга падабенства).

Пуп3 ’ручка касы’ (ДАБМ, камент., 831). Гл. пупок ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слюз1, слюс, слюш ‘слізь’, ‘плесня’ (беласт., віл., воран., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), слюз ‘слізь’ (ТС; рас., Шатал.), ‘слізкае гнойнае рэчыва на сапсутым мясе ці сапрэлым целе’ (Варл.), ‘слімак’ (лельч., Нар. лекс.), слюж ‘смоўж, слімак’ (Жыв. св.), сюды ж слю́зкі ‘слізкі’ (ТС), слю́знуць ‘прэць, гніць’ (Варл.), слю́за ‘слізь’ (бяроз., Сл. ПЗБ), слюзь, слюсь ‘тс’ (в.-дзв., шчуч., ашм., Сл. ПЗБ). Укр. слюз ‘слізь’, рус. слюз ‘тонкая скурка, скурачка’, слуз ‘тс’, ст.-рус. слузъ ‘слізь; макрота’, польск. śluz ‘слізь , серб.-харв. slȗz, slȗza ‘слізь; макрота’, славен. slȗz ‘слізь’, балг., макед. слуз ‘тс’, ст.-слав. слоузъ ‘страўнікавы сок’. Прасл. *sluzъ параўноўваюць з літ. šliū̃žes ‘санны след’, šliužaĩ ‘канькі’, šliauũti ‘паўзці, слізгацца’, швейц.-ням. slûche ‘цягнуцца’, гал. sluiken ‘падкрадвацца’, што да і.-е. *sel‑, якое, на думку Глухака (565), узыходзіць да гукапераймання (імітатыву). Паводле Борыся (Czak. stud., 43), зыходным для назоўнікаў з розным вакалізмам з’яўляецца дзеяслоў *sliziti ‘выдзяляць з сябе, сачыць вільгаць, вільготную клейкую субстанцыю’, гл. слізь, сляз, слізіць. Гл. таксама SEK, 4, 312; Глухак, 564; ЕСУМ, 5, 312. Гл. склізкі, слізкі.

Слюз2 ‘шлюз’ (ТС), ст.-бел. слюза ‘тс’ (Ст.-бел. лексікон). Гл. шлюз.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Страка́ ‘пятля (вушка) у лапцях’ (глыб., паст., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), стро́кі ‘вушкі ў лапцях’ (Жд. 3, Мат. Маг.; барыс., Шатал.), “доўгія вяроўчатыя валокі, якія працягваюцца праз сярэднія вушкі і ўтвараюць па абодвух бакох пяткі пастолу вялікія петлі — строкі” (Серб. Вічын), сюды ж стро́чанікі ‘лапці (лепшага вырабу)’ (Мат. Гом.), стро́чка ‘стужка’ (Ян.). Параўн. укр. строка́ ‘рант у пасталах’, строчаки́ ‘шнуркі для прывязвання лапцей’, стрічка ‘стужка, тасёмка’, дыял. стри́чка ‘пятля для лоўлі птушак’, рус. строка́ ‘радок лыка пры пляценні лапцей’, польск. дыял. stroka, strzoka ‘паласа’, ст.-польск. stroka ‘пояс, паласа, кропка’, в.-луж. tšoka ‘шрам, след ад апёка’. Бязлай (3, 332) адносіць сюды ж славен. stróka ‘слой, нізка’ і серб.-харв. стро̏ка ‘кароста ў авечак’, štroka ‘нейкая хвароба ў свіней’. Літ. strakà ‘слой, нізка’ запазычана з славянскай. Слова роднаснае строк ‘авадзень’ (гл.), яго першаснае значэнне меркавалася як ‘укол; кропка’ (Міклашыч, 325; Траўтман, 284; Фасмер, 3, 780; Шустар-Шэўц, 1548), параўн. строк3 (гл.). Паводле ЕСУМ (5, 444, 447–448), частка ўкраінскіх слоў лічыцца запазычанай з польскай і далей з ням. Strick ‘вяроўка, завязка’, што не выключае кантамінацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

падкаці́ць, ‑качу, ‑коціш, ‑коціць; зак.

1. што. Коцячы, наблізіць. Жучка падкаціла бліжэй да сябе ўсе бульбіны, легла каля іх і цікуе... Каліна. // Закаціць куды‑н., пад што‑н. Падкаціць бочку к пограбу.

2. што. Падвезці што‑н. да чаго‑н., устаноўленае на колах, палазах і пад. Падкаціць да самалёта трап. □ Да століка падкаціла цялежку Турава. Савіцкі. // каго. Разм. З шыкам падвезці каго‑н. да чаго‑н. Ячны хацеў падкаціць мяне да самага парога, але я адпрасіўся, пайшоў пехатой. Брыль.

3. да каго-чаго і без дап. Хутка пад’ехаць. Брычка лёгка падкаціла да чырвонай драўлянай будыніны. Асіпенка. Мы не паспелі яшчэ як след апрануцца, калі да ганка стралой падкаціла двое нартаў. Бяганская.

4. перан. Аб раптоўным пачуцці болю, жаласлівасці і пад. У грудзі падкаціла трывога, ці не чакае такі лёс усё маё пісанне наогул. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́са, ‑ы, ж.

1. Лінія на карце або на зямной паверхні, якая намячае кірунак чаго‑н. (канала, чыгункі, лініі электраперадач і пад.). Трава трубаправода. Траса метро. Траса электрасувязі. □ Па ўсёй трасе воднага шляху Дняпро — Нёман прадугледжана стварэнне трыццаці сямі вялікіх вадасховішчаў. В. Вольскі. Кожны дзень .. [Давід] з інжынерамі мераў балота, пракладаў трасу магістральнага канала. Чарнышэвіч.

2. Дарога, якая злучае важныя аб’екты, населеныя пункты і пад. Аўтамабільная траса. // Паветраны, водны і пад. шлях. Злучаны навекі Волга з Донам. Дзе калісь шумелі кавылі, З пяці мораў трасаю зялёнай Да сталіцы ходзяць караблі. Прануза. Разлікі былі дакладныя, зямныя станцыі навядзення на працягу ўсяго палёту карэкціравалі трасу касмічнай лабараторыі-спадарожніка. Шыцік.

3. След, які пакідае за сабой трасіруючая куля, снарад і пад. Пад гром артылерыйскага святочнага салюта цёмна-сіні аксаміт неба прарэзалі трасы рознакаляровых ракет. «Звязда».

[Ад ням. Trasse — кірунак лініі, шляху.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)