Атарапе́ць. Рус. оторопе́ть, укр. оторопі́ти ’тс’, оторопи́ти ’здзівіць, зрабіць аслупянелым’, ст.-рус. оторопъ ’спалох’. Тлумачэнне Шанскага (КЭСРЯ, 318), відаць, дакладна прадстаўляе словаўтваральную гісторыю слова ад *тороп ’спех’. У сувязі з гэтым надзвычай важна, што ў беларускай мове засведчана торап ’спалох, страх’ (Нас.: то́ропъ), адкуль і тарапі́цца ’пужацца’ (пра коней). Ад гэтага торап пры дапамозе цыркумфікса *о‑ — ‑ець і ўтвораны дзеяслоў атарапець.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ато́жылак ’парастак’; у іншым словаўтваральным афармленні: атожалля (Янк. Мат.); атожылле (КТС); атожилка (Яруш.). З літ. atãžala ’парастак’ (часцей atžalà, не выключана і *atóžala). Формы з ‑ы‑ замест ‑а‑ ў ненаціскной пазіцыі адлюстроўваюць народнаэтымалагічнае атаясамленне з коранем жыць, словам жыла, адкуль і значэнне ’адгалінаванне геалагічнай жылы’, паралельнае рус. отжилок. Літоўскае слова добра тлумачыцца з прэфіксальнага at‑ (ata‑, ato‑) і карэннага žãlias ’зялёны’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ба́кі ’вочы’, забіва́ць ба́кі ’абдурваць’ (Нас., Касп., Гарэц., Др.-Падб.). Укр. ба́ки, заби́ти ба́ки. Запазычанне з польск. baka ’вока’ (а гэта ўтварэнне ад baczyć ’бачыць’). Параўн. Слаўскі, 1, 24. Не лічаць запазычаннем Ільінскі, PF, 11, 183; Фасмер, 1, 138. Франко (Приповідки, 1, 20) лічыць, што ва ўкр. мове баки не азначаюць ’вочы’, і прапануе выводзіць слова з ням. Backe ’шчака’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дэфе́кт ’дэфект’ (БРС). У гэтым значэнні вядома ў ст.-бел. мове з XVI ст. (гл. Булыка, Запазыч.). Аднак няясна, ці сучаснае бел. слова працягвае ст.-бел. традыцыю (якая, паводле Булыкі, там жа, асноўваецца на запазычанні з польск. defekt (< лац.), ці гэта (як і рус. дефе́кт) запазычанне з ням. Defekt (< лац.). Параўн. Фасмер, 1, 509; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 94.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Заваруха ’сумятня’. Рус. дыял. завару́ха ’гатунак кашы; цеста; закваска’; літар. ’сумятня’. Пашыранае ў рус. дыялектах значэнне ’гатунак кашы’ першаснае, ’сумятня’ пераноснае (параўн. заварыць кашу). Паколькі ў бел. фіксуецца другаснае значэнне, магчыма, што слова запазычана з рус. Пры замацаванні гэтага значэння трэба ўлічваць і перан. завіруха ’сумятня’, адзначанае ўжо Насовічам, якое магло кантамінавацца з заваруха. Заваруха ўтворана з суфіксам ‑уха ад дзеяслова завары́ць (завари́ть).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Заляца́ць ’папярэджваць, запэўніваць’ (Нас.). Суадносіцца з польск. zalecać ’рабіць’, ’даручаць’, дзе ‑lecać Слаўскі (4, 96) узвёў да прасл. lětiti ’даваць у апеку, даручаць’ < прасл. lětь ’воля, дазвол’. Гл. лець (Нас.). Націск бел. слова ўказвае на бел. яго паходжанне, хаця нельга выключаць і запазычанне з польск. з пераносам націску. Параўн. ст.-бел. залецати ’рэкамендаваць’ і шэраг вытворных, паводле Булыкі (Запазыч., 116), з польск.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Зыск ’выгода, карысць’ (Сцяц., Шат.), ’права спагнання’ (Нас.). Рус. перм., свярдл. зыск ’іск’, укр. зиск ’прыбытак’, польск. zysk ’прыбытак’, ’карысць’, чэш., славац. zisk ’тс’. Ст.-бел. зыскъ (XV ст.) < польск. (Булыка, Запазыч., 124). У карысць разгляду бел. слова як паланізма — яго семантыка. Польск. zysk < vъziskъ (са стратай пачатковага vъ‑) бязафікснага наз. ад дзеяслова vъz‑iskati, дзе корань *isk‑ < *jьsk‑ (параўн. іск).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Рыдва́н ’вялікая дарожная карэта’ (ТСБМ), ’дужы чалавек’ (Сцяц., Сцяшк. Сл.), ридва́нъ, ридва́нчикъ ’адкрытая лёгкая каляска’ (Нас.), ст.-бел. рыдванъ ’крыты воз’ (1582), рус. дыял. рыдва́н ’воз для снапоў’, ’калымага’, укр. ридв́ан. Слова прыйшло праз польскую мову, параўн. польск. rydwan ’карэта’, ’воз, калёсы’, з с.-в.-ням. reitwagen, нова-в.-ням. Reitwagen ’калёсы, воз’ (Булыка, Запаз., 290; Фасмер, 3, 527; Брукнер, 471).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Рэ́готы ’драўляная пасудзіна ў выглядзе карыта, у якой мялі сукно’ (З нар. сл., Сл. Брэс.). Няясна. Магчыма, звязана з польск. rechot ’роў, напоўнены вадой’, бо першапачаткова для апрацоўкі сукна маглі выкарыстоўваць роў з вадой, а пазней ужо пасудзіну. Польскае слова Ліндэ выводзіць з франц. Rechaud de rempart ’абарончы вал; роў’ (Ліндэ, 5, 34). Магчымая семантычная паралель: польск., чэш. koryto ’рэчышча’ — карыта ’пасудзіна’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Саво́сы: в савосы ’дамоў, да хаты’ (Нас.). На думку Насовіча (571) гэта скажонае рус. восвоя́си, што выклікае сумненні з фанетычнага боку. Лепей тут бачыць уплыў літ. sãvas ’свой’ або ўтварэнне ад таго ж літоўскага слова з суф. ‑ос (як дзівосы). Аб гэтым суф. гл. Карскі 2–3, 31. Цвяткоў (Запіскі, 2, 51) прыводзіць у якасці паралелі серб. сав ’увесь’ і падтрымлівае этымалогію Насовіча.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)