чу́тче сравн. ст.

1. нареч. больш чу́йна; больш чу́ла, больш спага́дліва; см. чу́тко;

2. прил. больш чу́йны; больш чу́лы, больш спага́длівы; см. чу́ткий.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

чалаве́чны, ‑ая, ‑ае.

Уважлівы, чулы, душэўны; гуманны. Калі гляджу на роднае аблічча, На востры зрок з-пад стомленых павек, — Вось-вось з граніту сыдзе просты, блізкі І самы чалавечны Чалавек! Звонак. [Насця:] Які вы добры, чалавечны! Даруйце мне мой тон. Колас. Купала сябраваў з Міровічам, ён яму вельмі падабаўся і як творца, і як чалавек з вясёлым, жывым характарам, вельмі чалавечным і добразычлівым. Рамановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цямні́ць, цямню, цемніш, цемніць; незак.

1. што. Рабіць цёмным або цямнейшым. Вячэрні змрок неўзаметку прабіраўся ў куткі хаты, паступова цямніў сцены, столь. Лынькоў. // перан. Рабіць змрочным, хмурным. Але амаль кожны раз думкі [Хадоські] цямніў Яўхімаў цень, і ў чулы жаль яе ліўся горкі струмень, вёў у душу супярэчлівасць, незмірымасць. Мележ.

2. Разм. Гаварыць няясна, блытана; скажаць сэнс чаго‑н. Была я сіратой і раптам маю бацьку — партызанскага камандзіра.. Маці, якая столькі цямніла з маім нараджэннем, прызнала гэты факт. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спага́длівы і спага́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Уважлівы да людзей, чулы, сардэчны. [Ярына:] — Балазе, хоць людзі ў нас спагадлівыя, хату, бачыш, памаглі паставіць, сені перасыпалі і так не забываюцца заглянуць да мяне. Бажко. Мележ імкнуўся паказаць Тураўца як чалавека чулага і спагадлівага да людзей. Дзюбайла. // Які выяўляе спачуванне, спагаду. Ідзе Ядзя на заданне, а свае людзі праводзяць яе спагадлівымі позіркамі. Новікаў. Ніна ўбачыла над сабою незнаёмы, спагадлівы твар жанчыны і ціха, прыглушана застагнала. Мележ.

2. Які выяўляе падтрымку, добразычлівасць, літасцівасць. У спакойнай паўдрымоце .. [Мікалай Аляксеевіч] слухаў спагадныя размовы бабулек. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чувстви́тельный

1. (восприимчивый) чуллі́вы; (чуткий) чу́лы; (впечатлительный) ура́злівы;

до́брый и чувстви́тельный челове́к до́бры і чуллі́вы (чу́лы) чалаве́к;

чувстви́тельные не́рвы чуллі́выя не́рвы;

2. (ощутимый) адчува́льны; (заметный) прыме́тны, разг. прыкме́тны; (значительный) зна́чны;

чувстви́тельный уда́р адчува́льны ўдар;

чувстви́тельная ра́зница прыме́тная (адчува́льная, зна́чная) ро́зніца;

чувстви́тельная утра́та зна́чная стра́та;

3. (сентиментальный) сентымента́льны; (нежный) пяшчо́тны; (трогательный) чуллі́вы;

чувстви́тельный рома́нс сентымента́льны рама́нс;

чувстви́тельный взгляд пяшчо́тны по́гляд;

4. спец. адчува́льны;

чувстви́тельный элеме́нт адчува́льны элеме́нт;

чувстви́тельные не́рвные воло́кна адчува́льныя нерво́выя вало́кны.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Раўні́вы ’ахоплены зайздрасцю, недаверам, нявер’ем у каханні’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), сюды ж раўні́ць ’раўнаваць’: раўніў ка ўсім (Ян.); рэўні́вы ’тс’ (ТС), ст.-бел. ревн​ѕикъ ’раўнівы’ (XVI ст., Карскі 2-3, 36). Параўн. укр. ревни́вий, рус. ревни́вый ’хто сумняваецца ў адданасці, шчырасці пачуццяў’, польск. rzewniwy ’расчулены, усхваляваны’, чэш. řevnivý, серб.-харв. ревнив, ревњив (з рускай, Глухак, 526), балг. ревни́в, ст.-слав. рьвьнивъ, ревнивъ ’хто падазрае ў нявернасці’. Прасл. *rьvьnivъ(jь) утворанае ад *rьvьnъ ’старанны, імклівы’, параўн. серб.-харв. ре́ван ’сумны’, славен. réven ’бедны, жалюгодны’, польск. rzewnyчулы, чуллівы; шчыры, адданы’, якое звязваюць з раўці (гл. раўсці), гл. Фасмер, 3, 455; БЕР, 6, 199. У народнай мове звязваецца з дзеясловам раўнава́ць ’прыраўноўваць, супастаўляць’, параўн. раўнаваць (ровнова́ць) ’зраўноўваць; параўноўваць; даваць правільны кірунак, прымяняць; не давяраць у каханні’ (Нас.); роўнова́ць ’пытаць (?)’: До крыніцы побежала / Гей ліце свое раўнавала (Доўн.-Зап., Пін.), што да роўны (гл.). Гл. таксама рэўнасць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

до́бры, -ая, -ае.

1. Чулы да людзей, спагадлівы, сардэчны.

Д. па натуры чалавек.

Добрая душа.

2. Цалкам станоўчы па сваіх якасцях, з дадатнымі ўласцівасцямі, такі, як патрэбна.

Д. характар.

Добрая кніга.

Д. густ.

Д. настрой.

Добрыя ўмовы.

3. Заснаваны на жаданні дабра.

Д. водзыў.

Добрая парада.

4. Які карыстаецца славай, слаўны, чысты.

Добрае імя.

Пакінуць аб сабе добрую памяць.

5. Умелы, старанны ў рабоце, здольны.

Д. гаспадар.

Д. майстар.

Д. работнік.

6. Даволі вялікі па колькасці, памеры (разм.).

Д. кавалак.

Д. заробак.

7. Дабратворны, спрыяльны.

Д. ўплыў.

Д. клімат.

8. Удачны, паспяховы.

Д. вынік.

Добрыя паказчыкі.

9. Прыдатны для ўжывання, карыстання.

Д. грыб.

10. Блізкі пасяброўску, звязаны ўзаемнай сімпатыяй.

Д. знаёмы.

11. Які прадказвае ўдачу, прыносіць радасць.

Добрая прымета.

Добрая навіна.

Добры вечар! — прывітальны зварот пры сустрэчы з кім-н. вечарам.

Добрай ночы! — пажаданне спакойна спаць.

Добры інтэрас! (разм., іран.) — выказванне нязгоды, неадабрэння, абурэння з якой-н. прычыны.

Усяго добрага — развітальнае пажаданне.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

закрану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; заг. закрані; зак., каго-што.

1. Дакрануцца, даткнуцца да каго‑, чаго‑н. Стрыж ляцеў, На хаце латы Закрануў крылом сваім. Дзеружынскі. Мышка і палезла туды, ды, як па бяду, закранула шклянку, што стаяла на самым краі палічкі. Шуцько. // перан. Зачапіць, пакінуць свой след. Вайна гэтага мястэчка амаль не закранула. Васілевіч. Змены, што прынесла савецкая ўлада ў вёску, закранулі і Пустку. Хадкевіч. // перан. Аказаць уздзеянне на каго‑, што‑н.; усхваляваць, узрушыць. Яшчэ да болю закранае душу гарачы позірк чулы. Тарас. Відаць, успамін закрануў балючыя раны мінулага. Сіняўскі.

2. перан. Спыніцца на чым‑н., звярнуць увагу на што‑н. пры размове, гутарцы і пад. Праз пару дзён.. бабка неяк сама закранула гэта пытанне. Скрыпка.

3. Запыніць, выклікаць на размову. «Прайду моўчкі, — вырашыў Васіль, — дый толькі таго, не буду чапаць.. [цётку Касмініху], то, можа, і яна мяне не закране». Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ува́жлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які адносіцца да чаго‑н., робіць што‑н. з увагай (у 1 знач.). Уважлівы вучань. Уважлівы слухач. □ [Валік] быў уважлівы на ўроках, добра вучыўся, вызначаўся надзвычайнай акуратнасцю. Ваданосаў. [Мацей:] — Рыбак, браце, павінен быць кемлівы, уважлівы да ўсяго. Ляўданскі. // Які выказвае ўвагу (у 1 знач.); пільны. Уважлівыя вочы. □ Пакуль Ніна Пятроўна гаварыла,.. [Казімір] міжвольна акінуў яе ўсю ўважлівым позіркам. Краўчанка. // Які робіцца, выконваецца з увагай; старанны. Уважлівае вывучэнне матэрыялаў з’езда. Уважлівае назіранне за ростам раслін.

2. Які праяўляе ўвагу (у 2 знач.); чулы, клапатлівы. Трэба быць больш уважлівым да чалавека, хто б ён ні быў. Колас. Надзя была вельмі ўважлівая да брата, заўсёды адчувала і разумела яго перажыванні, супярэчнасці ў думках і імкненнях. Кулакоўскі. Цяпер Ніна ўжо не адыходзіла больш ад Алеся, была ўважлівай і ласкавай. Шыцік.

3. Які можа быць прыняты пад увагу; дастатковы для апраўдання. Уважлівыя прычыны. Уважлівы довад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даліка́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Ветлівы, ласкавы ў абыходжанні з людзьмі; уважлівы, паслужлівы. — Наш каморнік, дык гэта залаты чалавек. Спакойны, добры, далікатны. Чорны. [Купала:] — Вы, Міколачка, дрэнны крытык. Што я вам ні пачытаю — абавязкова спадабаецца. Вы чалавек далікатны і не хочаце пакрыўдзіць старэйшага. Хведаровіч. // Заснаваны на павазе; чулы, мяккі. Далікатныя адносіны паміж людзьмі. □ Здавалася, што .. [Зорык] выпешчаны багатымі бацькамі, з першых крокаў прывучаны да далікатнага абыходжання. Новікаў.

2. Разм. Які патрабуе асцярожных, тактоўных адносін. Далікатная справа. □ — Яшчэ раз выбачайце .., Арцём Сямёнавіч. Я да вас па вельмі далікатнаму пытанню. Галавач.

3. Кволы, тонкі; выпеставаны. Далікатныя рукі. Чалавек далікатнага складу. Далікатныя рысы твару. □ На божы свет, як бы з магілы, З зямлі травінкай далікатнай, Густою шчотачкаю здатна Выходзяць дробныя зярняткі. Колас. // Не простага паходжання (пра чалавека). Сцепаніда Гаўрылаўна, хоць і зваў яе Чмаруцька ў вясёлую хвіліну княгіняй, ніякага дачынення да такога далікатнага роду не мела. Лынькоў. // Які патрабуе беражлівых адносін, догляду, лёгка псуецца пры карыстанні. Машына гэта далікатная, яна не любіць, калі дакранаецца да яе які-небудзь таптун, а не сапраўдны вадзіцель. Кулакоўскі. Рукі страцілі меру націску і, беручы далікатную рэч, баішся, каб не раздушыць. Крапіва.

4. Складаны, тонкі па выкананню. Работа такая далікатная, ажно страх бярэ нас — малых. Бядуля.

5. Кволы, мяккі, прыемны навобмацак (пра валасы, пух, тканіну і пад.). Далікатная скура. Плацце з далікатнай матэрыі. □ Птушаняты ўсе былі жывыя, голенькія, ружовыя, з жоўтымі роцікамі і далікатным рэдзенькім пушком на галоўках. Ляўданскі.

6. Прыемны на смак, пах, гучанне і пад. Далікатныя духі. □ — Ды што той гарадскі харч! Ён можа і далікатны, але наедку з яго мала. Лынькоў. — От хоць раз найграешся, Піліп... — Не кажы ты — вельмі далікатную музыку люблю. Скрыган.

[Ад фр. délicat.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)