до́бры, -ая, -ае.

1. Чулы да людзей, спагадлівы, сардэчны. Д. па натуры чалавек. Добрая душа.

2. Цалкам станоўчы па сваіх якасцях, з дадатнымі ўласцівасцямі, такі, як патрэбна. Д. характар. Добрая кніга. Д. густ. Д. настрой. Добрыя ўмовы.

3. Заснаваны на жаданні дабра. Д. водзыў. Добрая парада.

4. Які карыстаецца славай, слаўны, чысты. Добрае імя. Пакінуць аб сабе добрую памяць.

5. Умелы, старанны ў рабоце, здольны. Д. гаспадар. Д. майстар. Д. работнік.

6. Даволі вялікі па колькасці, памеры (разм.). Д. кавалак. Д. заробак.

7. Дабратворны, спрыяльны. Д. ўплыў. Д. клімат.

8. Удачны, паспяховы. Д. вынік. Добрыя паказчыкі.

9. Прыдатны для ўжывання, карыстання. Д. грыб.

10. Блізкі пасяброўску, звязаны ўзаемнай сімпатыяй. Д. знаёмы.

11. Які прадказвае ўдачу, прыносіць радасць. Добрая прымета. Добрая навіна.

Добры вечар! — прывітальны зварот пры сустрэчы з кім-н. вечарам.

Добрай ночы! — пажаданне спакойна спаць.

Добры інтэрас! (разм., іран.) — выказванне нязгоды, неадабрэння, абурэння з якой-н. прычыны.

Усяго добрага — развітальнае пажаданне.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)