прырэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак.

1. каго. Перарэзаўшы горла, дабіць, паскорыць смерць. Каб скаціна доўга не мучылася, маці збегала па суседа дзядзьку Марку, і той прырэзаў яе. Лось. // Забіць на мяса (пра некаторых свойскіх жывёл). Было два выпадкі, калі Антось лічыў справу ўладжанай і нават збіраўся прырэзаць цялё на вясельную закуску. Нядзведскі.

2. што і чаго. Прыбавіць зямлі, зямельны ўчастак шляхам межавання, дадатковага размеркавання. Людзі ведалі, што каля дрэў збожжа расце меншае і радзейшае і згадзіліся прырэзаць на цень. Пальчэўскі. [Анісіму] прырэзалі зямлі, і цяпер ён адчувае сябе як бы і не прымаком. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пярэ́зімак, перазі́мак, лун. пэрэзі́мок, мазыр. перэ́зімок, хоцім. пірязі́мык, лаг. піразі́мак; лід., чэрв., ашм., зэльв. пярэ́зімак, шчуч., беласт., шальч., ашм. пярэ́зімка; гродз., мін., віц. перазі́мка, перазімо́вак, перазі́мачак, мсцісл. пірязі́мывік ’маладая жывёла (цялё, жарабя і інш.), якая перазімавала сваю першую зіму’ (Шатал., Бяльк., З нар. сл., КЭС, Сл. ПЗБ; ЛА, 1; Юрч. СНЛ). Укр. зах. пере́зімча ’тс’, рус. прыбалт. перези́мка ’цялушка, якая перазімавала адну зіму’; цвяр., пск., новасіб. перези́мок ’перазімак’, польск. паляўнічае przezimek ’гадавалая жывёліна’, przezim(a) ’перазімаваць, зімовая пара, зімовая лежня’, ’зімовыя кватэры’. Прасл. *per‑zimovati, укр. перези́мувати, рус. перезимова́ть, польск. prezimować, н.-луж. (pśe)zymowaś, в.-луж. přezymować, чэш. přezimovati, славац. prezimovať, славен. prezimováti, серб.-харв. прези́мити, макед. презими, презимува, балг. презиму́вам. Да пера- і зімаваць < зіма́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ле́тась ’у мінулым годзе’ (ТСБМ, Сцяшк., Касп., Шат., Гарэц., ТС, Мал., Грыг., КЭС, лаг; калінк., жлоб., гом., добр., рэч., Мат. Гом.; горац., маг., КЭС; аўгуст., Карл.), драг. лі́тюсь, літюся (З нар. сл.), лун., бяроз. ле́тося, ле́туся ’тс’ (Шатал., ТС), сакульск., гродз. ле́тось ’гэтага года’ (Кар., Труды) — апошняе, відавочна, пад уплывам польскай мовы. Укр. лі́тось, літісь, лєтось, польск. latoś ’сёлета’, н.-луж. lětos(a), в.-луж. lětsa, чэш. letos, letose, славен. lẹ́tos, серб. ле̏тос(ке), харв. ljȅtos, хварск. lȉos, макед. летоска, балг. лятос(ка), прасл. lěto‑se ’гэтага года’. Да лета (гл.) і ‑se, якое з займенніка ’гэты’. Яно прысутнічае ў постфіксах -сь, ‑сьці (калісьці). Больш падрабязна пра -сь гл. Сабалеўскі, РФВ, 71, 1904, 15–17; Абрэмбская–Яблонская, БЛ, 9, 16–19. Гл. таксама Слаўскі, 4, 73–75. Сюды ж ле́ташні ’мінулагодні’ (Некр., Бяльк., Касп., ТС, Шат., Сцяшк.), летышній (Грыг.), літёшны (Сіг.), драг. лі́тюшны(й) ’тс’ (З нар. сл.), ле́ташнікцялё, якому ідзе другі год’ (Касп.; глыб., рас., Сл. паўн.-зах., ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тра́ўнік1 ‘старадаўняя кніга, якая змяшчае апісанне лекавых раслін’ (ТСБМ). Укр. тра́вник ‘гербарый’, ‘кніга пра лекавыя расліны’, рус. травни́к, тра́ве(я)ник ‘тс’. Да трава́ (гл.), першапачаткова, відаць, ‘чалавек, які знае лекавыя травы’, параўн. ст.-бел. травникъ ‘знахар, шаптун’ (ГСБМ).

Тра́ўнік2 ‘газон’ (Жд. 2; гродз., Яшк.). Відаць, з польск. trawnik ‘тс’. Параўн. аналагічна ўтвораныя чэш. trávník ‘газон’, славац. trávnik ‘тс’, ‘футбольнае поле’, славен. trávnik ‘газон’, ‘паплавец, лужок’, макед. тревник ‘газон’, ‘травяністы луг, поле’, харв. trâvnik ‘газон’ і пад.

Тра́ўнік3 ‘аднагадовае цялё’ (Касп.; лельч., Мат. Гом.), тра́ўніца ‘аднагадовая цялушка’ (Касп.). Фармальна ад тра́ўны ‘травяны’ (Стан.), да трава́ (гл.), г. зн. якія ўжо харчуюцца травой, пасуцца.

Тра́ўнік4 ‘птушка чырвананожка, Tringa totanus’ (рэч., петрык., Мат. Гом.). Да трава́ (гл.), бо гняздуецца на сырых лугах і травяністых балотах, а травой не корміцца, гл. Дарафееў, Птушкі, 88. Тая ж матывацыя ў траўнічо́к ‘валасянка перасмешка-мармытуха, Sylvia curruca’ (Байк. і Некр.), параўн. славац. trávniček ‘слаўка’, і ў тра́ўніца ‘тля, раслінная вош’ (Байк. і Некр.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сумава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; незак.

1. Адчуваць сум, смутак; аддавацца душэўнай горычы. Недзе, далёка, Сумуе гаротная матка. Танк. Паблізу ад сябе .. [Марыля] чуе ласкавы, спачувальны голас: — Не сумуйце так, ле пакутуйце. Кулакоўскі. [Маці:] — А Надзя твая [Федзечка] вельмі сумуе. Часта да нас забягае і ўсё плача. Няхай. // Журыцца. Першыя дні, калі бацька паехаў у адпачынак, Надзейка, прыходзячы дадому, сумавала. Хадкевіч. [Цімох:] — А з добрымі людзьмі ніколі сумаваць не будзеш.. ніколі самотнай сябе не адчуеш. Дубоўка. Не пішы аб тым мне, Што ўсё сумуеш, Я таксама, знаю, Сёння не засну. Тарас. / у перан. ужыв. Сумуе клён у поплаве на грудзе. Русак.

2. па кім-чым. Адчуваць душэўную трывогу, маркоту; тужыць па кім‑, чым‑н. У першы дзень Міхась сумаваў па матцы. Якімовіч. Вось і тая зямля, дзе дужэў ты і рос, Па якой сумаваў столькі зім, столькі вёсен. Кірэенка. Скажу адно, можа, ніхто так не сумуе па цёплым слове з дому, як салдат. Скрыган. // Зазнаваць патрэбу ў чым‑н.; перажываць без чаго‑н. [Марына] нярэдка сумавала па заводу. Шахавец. І трэба сказаць — сумуюць па ёй [лесарубнай справе] яго багатырскія плечы! Якімовіч. // Маркоціцца (пра жывёл). Недзе ў хляве сумавала ахрыплым голасам цялё. Чорны.

3. Нудзіцца. У хаце, быццам у вуллі, Тут сумаваць няма калі! Барадулін. Прыходзіць дадому. Сумуе адзін... Якую прыдумаць работу? Бялевіч. // Знаходзіцца ў бяздзейнасці (пра рэчы). І стаяць, сумуюць санкі, Не знайсці хлапцам гулянкі, Бо не выпаў снег. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тпро-тпро — падзыўныя воклічы для кароў (Сцяц., Нар. сл.), тпрю‑тпрю‑тпрю — падзыўныя для цяляці (мсцісл., З нар. сл.), тпро́ля‑тпро́ля, тпро́лінь‑тпро́лінь, тпро́лінька‑тпро́лінька, тпро́лічка‑тпро́лічка — падзыўныя да жарабяці (там жа), тпру́люсь‑тпру́люсь ’тс’ (мёрск., Нар. сл.), тпрулю́х‑тпрулю́х ’тс’ (полац., Нар. лекс.), тпру́ля‑тпру́ля ’тс’ (Варл.), тпрузе́й‑тпрузе́й — падзыўныя для кароў (мсцісл., З нар. сл.), тпрусь‑птрусь ’тс’ (ДАБМ, к. 304, Нар. словатв.; в.-дзв., Шатал.), тпру́ські‑ тпру́ські ’тс’ (лаг.), тпрусёк‑тпрусёк, тпрусю́к‑тпрусю́к ’тс’ (мёрск., Нар. сл.), тпрсю́ха‑тпрсю́ха ’тс’ (мядз., Нар. сл.), тпрсю́т‑тпрсю́т, тпру́ся‑тпру́ся, тпру́ська‑тпру́ська — падзыўныя да цяляці (мсцісл., З нар. сл.), тпру́ська‑тпру́ська — словы для падзывання жарабят (віл., Шатал.), сюды ж дзіцячыя словы тпру́сяцялё, цялушка’ (Юрч. СНЛ), тпру́ська ’карова’, ’цялушка’ (Сл. рэг. лекс., Нар. словатв.), тпро́ля, тпру́ля (Германовіч, Междом., 65; Варл.) і пад., а таксама з перастаноўкай гукаў птрусь‑птрусь ’падзыўныя словы для кароў’ (Нас.), гл. Параўн. рус. дыял. тпру́сень — выгук для падклікання цялят, тпру́га — падкліканне кароў, балг. дыял. тпру́‑тпру́ — для падклікання авечак і ягнят (БД, 4). Магчыма, другасныя ўтварэнні, ускладненыя рознымі суфіксамі, звязаныя з больш раннімі абазначэннямі жывёлы (Германовіч, Междом., 67), асабліва ў дзіцячай мове, параўн. тпру́ца ’вада, малако’, гл. Відаць, таго ж паходжання і адгонныя словы тпрусь (куды) — вокліч на цяля пры адварочванні ад шкоды (Юрч. Вытв.), тпру́цкі — вокліч адганяць цялят (Сл. рэг. лекс.), параўн. укр. дыял. тпрусь — выгук, якім адганяюць, тпрусь, тпрс — выгук, якім адганяюць авечак, тпруч‑тпруч ’тс’, балг. дыял. тпрус — для адгону ката, тпруч — для адгону кароў і інш., якія вымаўляюцца з іншай інтанацыяй. Параўн. наступнае слова, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тур1 ‘першабытны дзікі бык Bos primigenius, буйвал’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Вруб., Арх. Вяр., Ласт.): natura, jak ŭ toho tura (ваўк., Федар. 4), ст.-бел. туръ ‘тс’ (ГСБМ). Як назва рэальнай жывёлы даўжэй захоўвалася ў раёне, які прымыкае да сучаснай Белавежскай пушчы, параўн. siedzić, jak tur ŭ harè (слонім., ваўк., Федар. 4, 275: hara ‘лес’?); у песні: Не ўгінайся, буковый мосце, / Через тебе ідут туры і елені (брэсц., Д.-Хадак., 346). У Бельскім павеце запісана гульня «У тура», што можа адносіцца да паганскага культу, гл. БНТ, Гульні₂, 39. Укр. тур, рус. тур, польск., н.-, в.-луж. tur, палаб. täur, чэш. tur, славац. tur, славен. túr (захоўваецца ў тапонімах Turjak, Turja glava), балг. тур, макед. тур, ст.-слав. тоуръ ‘дзікі бык’. Прасл. *turъ роднаснае ст.-прус. tauris ‘зубр’, літ. taũras ‘тур, бык’, ст.-грэч. ταυρος ‘бык’, лац. taurus, ірл. tarb ‘тс’, авест. staōra ‘буйная рагатая жывёла’, гоц. stiur ‘бык’, ‘цялё’, што да і.-е. *tə̯uro‑ < і.-е. *teu̯h₂‑ ‘ацякаць, распухаць, павялічвацца’ (Сной₂, 792; Фасмер, 4, 122; Брукнер, 584; Скок, 3, 524; Буга, Rinkt., 2, 634; Борысь, 654; ЕСУМ, 5, 677–678). Існуе магчымасць меркаваць пра настратычныя сувязі з прасеміц. tauru‑ ‘бык’ (Покарны, 1083; Арол, 4, 118; ESJSt, 17, 998). Сюды ж астронім ст.-бел. Туръ, Телець, Юнець, Бычокъ, што адпавядае лац. Taurus ‘тс’ (XVI ст., Бел. лекс., 112), тур ‘маўчун, маўклівы чалавек’ (пін., ЛА, 3); туры́ца ‘дзікая карова’, ‘мажная здаровая кабета’ (Нас.), туры́ця ‘самка тура’ (драг., Сл. ПЗБ), магчыма, мянушка каровы туро́ля (мёрск., Нар. лекс.).

Тур2 ‘адзін круг танца; асобны этап якой-небудзь гульні, конкурсу, спаборніцтва, мерапрыемства’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Вруб.), ‘падарожжа, турыстычная паездка’ (Улас.). Праз рускую мову (тур) з франц. tour ‘круг, абарачэнне, абарот, абход, аб’езд’, ‘чарга’, ‘ганчарны круг’, якое з с.-лац. turnus > лац. tornus ‘такарны варштат’ < ст.-грэч. τόρνος ‘прылада цесляра для вывядзення контураў кола, паўкола’, ‘долата, такарны разец’ < τείρω ‘тру’ (Фасмер, 4, 122; Даза, 716; ЕСУМ, 5, 678). Значэнне ‘падарожжа’ пад уплывам англ. tour ‘паездка, экскурсія’ (Арол, 4, 118), параўн. турнэ, гл.

Тур3 ‘апорны слуп пасярэдзіне святліцы старажытнага дома’ (Ласт.), ‘слуп каля печы ў курных хатах’ (дзісн., Яшк.). Магчыма, да тур1 (гл.) у пераносным значэнні ‘найбольш значны канструкцыйны элемент’, бо апорны слуп называлі «турам» побач з «князем», «князьком», «канём» (Ласт., 143).

Тур4 ‘купальнік горны, Arnica montana L.’ (гродз., Кіс., ТС), тур‑зелье, зелье‑тур ‘тс’ (ТС). Да тур1 (гл.); параўн. польск. дыял. tura альбо trawa turowa, turówka, żubrówka ‘зуброўка, Hierochloë odorata (L.)’, што можна разглядаць як аналаг зу́брава трава́ ‘тс’ (брэсц., Кіс.) — ежа зуброў у Белавежскай пушчы (Коласава, Лексика, 60; адносна іншых раслін гл. ЕСУМ, 5, 680). Аднак не выключана метафарычнае ўжыванне назвы тур1 — тое, што прыносіць здароўе і сілы, параўн. фразеалагізм здаровы як бык.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)