ПАПА́НАЎ (Анатоль Дзмітрыевіч) (31.10.1922, г. Вязьма Смаленскай вобл., Расія —5.8.1987),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1973). Скончыў Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва (1946). З 1947 працаваў у Клайпедскім т-ры (Літва), з 1949 — у маскоўскім Т-ры сатыры. Пачынаў як вострахарактарны акцёр: Шафер, Англічанін і Вельзевул («Клоп», «Містэрыя-Буф» У.Маякоўскага), Карэйка, Вараб’янінаў («Залатое цялё», «Дванаццаць крэслаў» паводле І.Ільфа і Я.Пятрова), Пачасухін («Помнік сабе» С.Міхалкова). Зваротам да трагічнай псіхал. сатыры сталі ролі Юсава («Даходнае месца» А.Астроўскага), Гараднічага («Рэвізор» М.Гогаля), Фамусава («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), выкананыя тэмпераментна, з выкарыстаннем трагікамічнага гратэску. Выкрывальныя партрэты прыстасаванцаў, бюракратаў, абывацеляў стварыў таксама ў кіно: Крахалёў («Чалавек ніадкуль», 1961), Сокал-Кружкін («Сцеражыся аўтамабіля», 1966), Васісуалій Лаханкін («Залатое цялё», 1968), Лёлік («Брыльянтавая рука», 1969), Вараб’янінаў («12 крэслаў», 1976) і інш.Драм. талент П. раскрыўся ў т-ры ў ролях Гаева («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Хлудава («Бег» М.Булгакава), Цёркіна («Цёркін на тым свеце» А.Твардоўскага) і асабліва ў кіно: генерал Сярпілін («Жывыя і мёртвыя», 1964), Дубінскі («Беларускі вакзал», 1971), Уладзімір Дзмітрыевіч («Час жаданняў», 1984), Старабагатаў («Халоднае лета пяцьдзесят трэцяга...», 1988) і інш. Зняўся таксама ў фільмах «Наш дом» (1965), «Іду на навальніцу» (1966), «Ад’ютант яго правасхадзіцельства» (тэлефільм, 1972), «Дзень прыёму па асабістых пытаннях» (1974). Агучваў мультфільмы (Воўк у серыяле «Ну, пачакай!», 1969—81, і інш.). Дзярж. прэмія Расіі 1966. Дзярж. прэмія СССР 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУКРЫНІ́КСЫ (псеўд. паводле першых літар прозвішчаў і імя),
творчы калектыў рас. графікаў і жывапісцаў; Купрыянаў Міхаіл Васілевіч (21.10.1903, в. Цецюшы, Татарстан — 11.11.1991), Крылоў Парфірый Мікітавіч (22.8.1902, в. Шчалкунова Тульскай вобл., Расія — 15.5.1990), Сакалоў Мікалай Аляксандравіч (н. 21.7.1903, Масква). Нар. мастакі СССР (1958). Правадз. члены АМСССР (1947). Героі Сац. Працы (Крылоў з 1972, Купрыянаў і Сакалоў з 1973). Вучыліся ў маск. Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (паміж 1921—29). Працавалі разам з 1924. Выпрацавалі новы тып карыкатуры, які вызначаўся вострай надзённасцю, вынішчальна-з’едлівым вырашэннем тэмы, шаржыраванай характарыстыкай персанажаў (серыі «Транспарт», 1933—34; «Пра дрэнь», 1959—60). Вял. папулярнасць мелі карыкатуры, плакаты і «Вокны ТАСС», створаныя ў час Вял.Айч. вайны: «Бязлітасна разгромім і знішчым ворага!», «Клешчы ў клешчы» (абодва 1941), «Згубіла я пярсцёнак... (а ў пярсцёнку — 22 дывізіі)» (1943) і інш. Працавалі ў кніжнай графіцы: ілюстрацыі да твораў І.Ільфа і Я.Пятрова («12 крэслаў», 1933, 1967; «Залатое цялё», 1971), М.Салтыкова-Шчадрына («Паны Галаўлёвы», 1939, і інш.), А.Чэхава («Дама з сабачкам», «Чалавек у футарале», 1940—46, і інш.), М.Горкага («Жыццё Кліма Самгіна», 1933; «Фама Гардзееў», 1948—49; «Маці», 1950), М.Сервантэса («Дон Кіхот», 1949—52) і інш. Сярод жывапісных твораў: серыя «Старыя гаспадары» (1936—37), «Уцёкі фашыстаў з Ноўгарада» (1944—46), «Канец» (1947—48), «Абвінавачванне (Ваенныя злачынцы і іх абаронцы на Нюрнбергскім працэсе)» (1967) і інш. Індывідуальна працавалі як партрэтысты і пейзажысты. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1947, 1949, 1950, 1951. Ленінская прэмія 1965.
Літ.:
Соколова Н.И. Кукрыниксы. М., 1962.
Кукрыніксы. Уцёкі фабрыканта. З серыі «Старыя гаспадары». 1936—37.Кукрыніксы. Бязлітасна разгромім і знішчым ворага! 1941.