ЯК (Bos mutus),

млекакормячая жывёла роду быкоў сям. пустарогіх. Часта вылучаюць у род Poëphagus. Дзікі Я. захаваўся толькі ў Тыбеце, раней трапляўся, відаць, на Алтаі і ў Саянах. Жыве на бязлесных, пустынных пласкагор’ях. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Выш. да 1,9 м, маса да 1 т. Афарбоўка чорная або цёмна-бурая. Валасяное покрыва густое, з вял. колькасцю пуху. Ніз тулава і хвост укрыты доўгімі валасамі. У вобласці карка — горб. Ногі кароткія. Рогі ў самцоў доўгія, не вельмі тоўстыя, загнутыя ў бакі, уперад і ўверх; у самак рогі карацейшыя. Нараджае 1 цялё. Корміцца травяністай расліннасцю, якую дастае з-пад снегу. Прыручаны Я. драбнейшы за дзікага. Разводзяць у высакагорных раёнах Цэнтр. Азіі. Выкарыстоўваюць малако, мяса, шэрсць, як уючную жывёлу. Скрыжоўваецца з буйн. раг. жывёлай, гібрыды наз. сарлыкамі і хайнакамі.

т. 18, кн. 1, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)