ПАПА́НАЎ (Анатоль Дзмітрыевіч) (31.10.1922, г. Вязьма Смаленскай вобл., Расія —5.8.1987),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1973). Скончыў Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва (1946). З 1947 працаваў у Клайпедскім т-ры (Літва), з 1949 — у маскоўскім Т-ры сатыры. Пачынаў як вострахарактарны акцёр: Шафер, Англічанін і Вельзевул («Клоп», «Містэрыя-Буф» У.Маякоўскага), Карэйка, Вараб’янінаў («Залатое цялё», «Дванаццаць крэслаў» паводле І.Ільфа і Я.Пятрова), Пачасухін («Помнік сабе» С.Міхалкова). Зваротам да трагічнай псіхал. сатыры сталі ролі Юсава («Даходнае месца» А.Астроўскага), Гараднічага («Рэвізор» М.Гогаля), Фамусава («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), выкананыя тэмпераментна, з выкарыстаннем трагікамічнага гратэску. Выкрывальныя партрэты прыстасаванцаў, бюракратаў, абывацеляў стварыў таксама ў кіно: Крахалёў («Чалавек ніадкуль», 1961), Сокал-Кружкін («Сцеражыся аўтамабіля», 1966), Васісуалій Лаханкін («Залатое цялё», 1968), Лёлік («Брыльянтавая рука», 1969), Вараб’янінаў («12 крэслаў», 1976) і інш.Драм. талент П. раскрыўся ў т-ры ў ролях Гаева («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Хлудава («Бег» М.Булгакава), Цёркіна («Цёркін на тым свеце» А.Твардоўскага) і асабліва ў кіно: генерал Сярпілін («Жывыя і мёртвыя», 1964), Дубінскі («Беларускі вакзал», 1971), Уладзімір Дзмітрыевіч («Час жаданняў», 1984), Старабагатаў («Халоднае лета пяцьдзесят трэцяга...», 1988) і інш. Зняўся таксама ў фільмах «Наш дом» (1965), «Іду на навальніцу» (1966), «Ад’ютант яго правасхадзіцельства» (тэлефільм, 1972), «Дзень прыёму па асабістых пытаннях» (1974). Агучваў мультфільмы (Воўк у серыяле «Ну, пачакай!», 1969—81, і інш.). Дзярж. прэмія Расіі 1966. Дзярж. прэмія СССР 1989.