Нябо́га ’небарака, бедалага, няшчасны’ (Шпіл., Мядзв., Яруш., Булг., Бяльк.), нэбо́га ’тс’ (беласт., Сл. ПЗБ), нябо́га — звычайна ў звароце ’прыяцель, голуб, даражэнькі, шаноўны’ (Нас., Мал., Касп.), нябо́га, небо́га, нібо́га ’пляменніца’ (парыце Янк. Мат.; пухав., Сл. ЦРБ; Сцяшк., Янк. 1, Чуд.; ст.-дар., Нар. сл.; петрык., Шатал.; браг., рэч., Мат. Гом.; мазыр., З нар. сл.; Сл. Брэс., ТС), нябожа ’тс’ (хойн., Шатал.), сюды ж небо́ж, мн. небожа́та ’ласкавы зварот да малых, маладзейшых з боку старэйшых’ (Федар., Пятк., ТС), нябо́ж, небож ’тс’ (ст.-дар., Нар. сл.), ’пляменнік’ (Сл. ПЗБ, Сл. ЦРБ, Чуд., Мат. Маг., парыц., Янк. Мат.; Янк. 1, Ян.; браг., Мат. Гом.; лельч., Нар. лекс.; мазыр., хойн., Шатал.), нябо́г ’тс’ (петрык., Шатал.), ні́бог, ні́бож — у іранічным звароце ’шаноўны, даражэнькі’ (Нас.), небажа́ — пагрозлівы зварот да няпоўналетніх (Нас.), нябо́гая ’нявестка’ (пруж., Сл. Брэс.), укр. небо́га ’пляменніца; небарака, галубка’, небі́ж ’пляменнік; небарака, бядак’, небожа́ ’пляменнік, пляменніца’, небожата ’мілыя, родныя, галубкі’, польск. nieboga ’бедная, няшчасная жанчына; нябошчыца’, nieboże ’небарак, бядак’, славен. nebore (< *nebože) ’тс’; у іншых славянскіх мовах пераважна ў форме прыметнікаў параўн. рус. небогий ’бедны’, чэш. nebohý ’бедны, убогі, мізэрны’, славац. nebok, nebohý ’памерлы’, в.-луж. njebohi ’памерлы, блажэнны’, н.-луж. njabogi ’тс’, серб.-харв. нѐбог, дыял. nebȍhубогі, бедны’. Прасл. *ne‑bogъ, дзе другая частка *bogъ ’доля, частка’, параўн. багаты (гл.); тыпалагічная паралель — нядо́ля ’няўдалы, няздатны (пра чалавека)’ (Сцяшк.), першасная матывацыя, магчыма, у пруж. нябо́гая ’нявестка’, г. зн. ’якая не мае сваёй долі, часткі (багацця)’, аналагічна убо́га ’нявестка’ ад убогі ’бедны, няшчасны; абяздолены’ (гл.). Усходнеславянскае значэнне ’пляменніца’, відаць, адлюстроўвае нейкую старажытную маёмасную непаўнацэннасць дачкі брата або сястры ў старым патрыярхальным ладзе. Гл. Махэк₂, 393; Курашкевіч, JP, 37, 119 і інш.; Бенвяніст, Зб. Якабсону, 1, 201; Трубачоў, Этимология–1965, 27; Іванаў, Тапароў, Слав. языкозн., 8, 236; Слаўскі, Зб. Геаргіеву, 388.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бедны, небагаты, голы, збяднелы, згалелы, агалелы, незаможны, убогі, жабрацкі; галапузы (разм.); сярмяжны (перан.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Мізэрны ’вельмі малы’, ’худы, схуднелы’, ’бедны’, ’нікчэмны’, ’благі (аб раллі)’ (ТСБМ, Нас., Касп., Растарг.; КЭС, лаг.; гродз., Сл. ПЗБ), мізэра ’худы, бедны’ (Шат.), мізэрыя ’бедната’ (Растарг.), мізэрня́к ’бедны селянін’ (Нас.), мізе́рны ’мізэрны’ (ТС), мызыро́та, мызыр́отьте ’драбната, драбяза’ (Клім.), ст.-бел. мизерный, мисерный ’бедны’ (пач. XVI ст.), мизерия ’беднасць’ (XVII ст.) запазычаны са ст.-польск. mizerny, mizerja, mizerota ’тс’, якія з лац. miseria ’гора, няшчасце, бяда’, ’цяжкасці’, miser ’абяздолены, гаротны’, ’варты жалю, убогі, дрэнны’ (Піўтарак, Бел. лекс., 134; Булыка, Лекс. запазыч., 76; Кюнэ, Poln., 77). Сюды ж мізарне́ць, мізэрыць, мізэ́рнець ’худнець, чэзнуць, рабіцца меншым’, ’станавіцца нікчэмным’ (ТСБМ), ’бяднець’, ’даводзіць да галечы’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нэ́ндза ’нуда; ныцік; пераборлівы ў ядзе’ (Сл. ПЗБ, Цых.), ’худы, знясілены чалавек’ (камян., Жыв. сл.), нэ́нджа ’пераборлівы ў ядзе’ (Сл. ПЗБ), нэ́нза ’нуда, ныцік, плакса’ (Сл. ПЗБ), нэ́нда ’нуда’ (Сл. ЦРБ), не́нза ’клопат, турботы’ (ТС), ст.-бел. нендза, надза, недза (1580 г.). Запазычана са ст.-польск. nędza ’беднасць; нядоля; бядняк’ (Булыка, Лекс. запазыч., 78); магчыма, шматразовае запазычанне ў больш позні час і семантычны ўплыў з боку нуда́ (гл.). Сюды ж нэ́ндзны ’дробны’ (Сл. ПЗБ), нэ́нзны ’дрэнны, мізэрны’ (Крыў., Дзіс.) (польск. nędzny ’варты жалю, убогі, мізэрны’), нэ́нзлы ’пераборлівы’, нэндзлы ’плаксівы’ (Сл. ПЗБ, Сл. ЦРБ), нэ́ндзіцца ’капрызіць’ (Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сіро́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сіраты, уласцівы яму (ёй). Ці мала з вачэй нашых слёз пралілося, Слёз горкіх, сірочых, слёз крыўды і мук? Ці мала магіл на палях засталося, Каб новыя рыць? На выгоду каму?.. Гілевіч. Хлеб сірочы, вядома, нялёгкі, аднак пра яго пакуль што больш думала мама. Брыль. / у перан. ужыв. Як бацька памрэ — дык і хата Сірочаю стане ў той час. Бялевіч. // перан. Бедны, убогі, мізэрны. Сеўшы ў машыну, я ўзяў з сядзення свой сірочы скрутачак, які падрыхтаваў для Эрны. Ракітны. Жытцо было тоненькае, сірочае, па пяць зернетак у каласку. Лобан.

2. Які праходзіць у адзіноце. Нялёгка ўспамінаць гісторыю сірочага маленства. Грамовіч. // Які адасоблены, знаходзіцца ў адзіноце. Дзед Астап ступіў.. да невялічкай хвойкі, якая цямнелася наперадзе ў сірочай самоце. Лынькоў.

3. Які мае адносіны да апёкі над сіротамі. Сірочы прытулак. □ [Настаўніца:] — Я расла ў сірочым доме... Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мізэ́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі малы, нязначны. Вёска бедная. У большасці сялян надзелы вельмі мізэрныя. Сяргейчык. У батарэях рацыі засталіся апошнія мізэрныя рэшткі энергіі. Мележ. Сяргей .. востра адчуў, якія мізэрныя былі ўсе яго ранейшыя хваляванні ў параўнанні з тым, што рабілася цяпер у яго душы. Сіўцоў.

2. Схуднелы, худы. Мізэрныя, абарваныя стаялі сіроткі. Бядуля. Мікалай з замілаваннем глядзеў на .. [Верын] мізэрны маленькі твар. Дамашэвіч. // Чэзлы, чахлы (пра расліны). Абышоўшы пасевы ярыны, пастаяўшы каля мізэрнага жыта, .. [Шаманскі] падаўся на двор трэцяй брыгады. Дуброўскі.

3. перан. Які не мае належнага выгляду, убогі; бедны. У фае тэатра цыганскім табарам размясціўся калектыў са сваімі сем’ямі і мізэрнымі пажыткамі. Сяргейчык. Сляпянка некалі вылучалася сваімі мізэрнымі, падслепаватымі хатамі. Новікаў. // Несамавіты; дробны, малы. Вясёлая баявая Насця Чычка, ёмкая, з мужчынскімі ўхваткамі, бураю налятае на мізэрнага Міхайлу Драбка. Колас.

4. перан. З якім не лічацца, не паважаюць, які выклікае адмоўныя пачуцці; нікчэмны. Які мізэрны і ўбогі Той недалёкі чалавек, Што цягне да сваёй бярлогі Набыткі розныя ўвесь век. Панчанка.

[Ад лац. miser — бедны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Збо́жжа ’хлебныя расліны, зерне’. Рус. зах., паўд., бранск. сбожье, збожье ’тс’, укр. збіжжя ’тс’, ’маёмасць’, польск. zboże ’збожжа’, в.-луж. zbožo, н.-луж. zbóžo ’шчасце, дабрабыт’, чэш. zboží ’тавар, маёмасць’, дыял. ’збожжа’, славац. zbožie ’збожжа’. Ст.-бел. збоже (Александрыя). Ст.-укр. збожє (XV ст.). Паўн.-слав. sъbožьje параўноўваюць са ст.-інд. subhágas ’які прыносіць шчасце’, авест. hubaɣa ’шчаслівы’. Фасмер, 2, 84–85. Брукнер (647) лічыць, што ўкр. < польск., паколькі толькі ў польск.зах.-слав.) значэнне агульнага багацця перайшло на с.-г. тавары. Улічваючы, што ва ўкр. вядома значэнне ’маёмасць’, адно з агульных для іншых слав. моў, наўрад ці абавязкова ўкр., бел. і дыял. рус., запазычаныя з польск., тым больш што слова фіксуецца яшчэ ў XV ст., хаця, паводле Брукнера, земляробчае значэнне ў польск. з XVI ст. Таму прасл. дыял. sъbožьje, паводле Махэка₂ (712), адцягнены назоўнік ад прыметніка sъbogъ, што дакладна адпавядае прыведзеным паралелям са ст.-інд., авест. Гл. бог, убогі (як антонім). Пра ст.-бел. збоже гл. Шадурскі, дыс.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бядняк, бедны, убогі, голы, жабрак; галяк, галыш, галетнік, абадранец, абарванец (разм.); галадранец (разм. груб.); лапцюжнік, лапатнік, лапцявоз, сярмяжнік, беспарточнік; зрэбнік, шылахвост (разм. зняваж.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

пака́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Капаць некаторы час (пра дождж). Пакапаў дождж і сціх.

2. што і чаго. Разм. Наліць некалькі капель якой‑н. вадкасці; накапаць трохі. — А божа ж мой! — спалохалася маці. — Вуха баліць, а ты маўчыш... — Ці ж крычаць? — На камфару, пакапай у вуха — памагае. Бядуля.

пакапа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; зак., што.

1. і без дап. Капаць некаторы час. Пакапаць бульбу да вечара. □ У лесе пакружыў крыху [Якуш], выбраў мясціну, згроб зверху лісце і пачаў капаць яму. Пакапае, пакапае, дый азірнецца, прыслухаецца. Скрыган.

2. Перакапаць канавамі, барознамі і пад. усё, многае. Пакапаць дарогу.

3. Выкапаць, накапаць вялікую колькасць якіх‑н. паглыбленняў. [Хутарок] меў досыць убогі і пустэльны выгляд, бо нават не было ніводнага дрэўца каля хаткі, хоць ямкі для іх і пакапаў дзядзька Марцін. Колас. Вылі ў лесе і акопы, але іх пакапалі пазней, у жніўні: кавалерыйская часць займала тут абарону. Навуменка.

4. Капаючы, выбраць (пра бульбу, буракі і пад.). Бульбу ў калгасе пакапалі, лён і каноплі падабралі і во-во пачнуць вазіць на завод. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Во́раг ’непрыяцель, праціўнік’ (БРС, КТС, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Яруш., Булг., Шпіл.). Рус. во́рог ’непрыяцель; нячысцік, чорт’, укр. во́рог, ст.-рус. ворогъ, ст.-слав. врагъ, польск. wróg ’непрыяцель’, чэш. vrah ’забойца’, славац. vrah ’тс’, балг. враг, серб.-харв. вра̑г, славен. vrȃg ’чорт, д’ябал’. Прасл. *vorgъ ’вораг’. Роднаснымі з’яўляюцца літ. var̃gas ’бяда, няшчасце, беднасць’, vérgas ’нявольнік’, лат. vā̀rgs ’няшчасны, хворы, убогі’; ’бяда, бедства’, vãrgt ’хварэць, чахнуць, быць няшчасным’, vęr̂gs ’нявольнік’, ст.-прус. wargs ’злы’, магчыма, і лац. urgeō ’напіраю, ганю’, гоц. wrikan ’праследаваць’, ст.-англ. wrecan ’выганяць, помсціць’, ст.-в.-ням. rehhan ’мсціць’ (ВальдэПокарны, 1, 319 і наст.; Траўтман, 342; Фасмер, 1, 352; Шанскі, 1, В, 164). Аналагічна Трубачоў (История терм., 176 і наст.), які выводзіць слав. vorgъ з і.-е. *u̯reg‑/u̯erg‑ ’гнаць’, г. зн. першапачаткова слав. слова азначала ’выгнаннік, адрынуты’ і толькі пазней — ’вораг, непрыяцель’. Па фанетычных прычынах памылкова супастаўленне Абаева (Осет. яз., 581) з асец. warz ’любіць’ (Трубачоў, там жа). Мала верагодна супастаўленне са ст.-ісл. wargr ’воўк, злачынец’ (Міклашыч, 395; Мікала, WuS, 2, 218) або разгляд слав. слова як запазычання з герм. (Махэк₂, 698), таму што герм. запазычана з слав. (Мартынаў, Лекс. взаим., 153 і наст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)