Трынь-трава́, сін. тынь-трава́ ‘глупства, нічога не вартая рэч або справа’ (Нас.). Сюды ж адносяць і трын-трава (гл.). Параўн. рус. варонеж. трынь‑трава́ ‘пра нягоднага, дрэннага чалавека’ (1848 г., СРНГ). Нягледзячы на шматлікія спробы этымалагізацыі, застаецца «цёмным» словазлучэннем, асабліва адносна першай часткі, гл. Фасмер, 4, 112. Пры ўліку адмоўнай характарыстыкі найбольш прымальнай застаецца сувязь з тры́на ‘сенная труха’ (гл.), параўн. укр. три́нити ‘пераўтвараць у труху’, г. зн. ‘перацёртая трава’, гл. Кошалеў, Език и литература, 1964, 4, 101–106. У рамках падобнага падыходу Арол (4, 111) збліжае архаізм трынь з літ. trũnys ‘гнілы, збуцвелы’ роднасным з *tryti ‘церці’ (Смачынскі, 692). Гл. і тынь-трава.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кру́пы ’прадукт харчавання з зярнят розных культур’ (ТСБМ, Нас., Касп., ТС). Укр. крупа, рус. крупа, крупы ’тс’, ст.-слав. кроупа ’кроха’, серб.-харв. кру́па ’крупа’, славен. krúpa ’тс’, польск. krupa ’крупа, град’, чэш. kroupa, kroupy, славац. krúpa, krúpy, н.-луж. kšupa, kśupy, в.-луж. krupa, krupy ’тс’. Прасл. krupa да krupiti ’рабіць крупны памол’, krupъ ’крупны’. Найбольш надзейныя індаеўрапейскія паралелі ў балтыйскіх і германскіх мовах: літ. kraupùs ’няроўны, шурпаты’, krùpti ’пакрывацца струпамі’, ст.-ісл. hrufa ’струп’, hrjufr ’шурпаты’. Не выключана генетычная сувязь з kruxъ, krušiti (гл. крух, круха). Тады гаворка ідзе аб і.-е. kreu̯‑ ’ламаць, крушыць’ з датэрмінатывамі ‑p‑ і ‑s‑ (Бернекер, 630; Буга Rinkt, 1, 446–447; Фрэнкель, 290; Слаўскі, 3, 177). Параўн. прасл. trupъ і truxъ (гл. труп і труха).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́рва1 ’твань, балота’ (ТС), мерва́ ’вязкае, зыбучае балота’ (лельч., Талст.), укр. жытом. ме́рва, мʼе́рва, марва́, нерва́, нʼерва́ ’разрэджаны вадой чорны ніжні грунт’, ме̑рвʼісті ’мулкі’ (ЛАПП). Балтызм. Параўн. літ. mer̃kti, sumarkýti, лат. mḗrkt, mḗrcêt ’мачыць’, mḗrks ’невялікая сажалка на лузе’. Утворана пры дапамозе суфікса ‑ва, як дрыгва́, ад асновы merk‑. Апошні зычны ‑k‑ мог выпадаць (як у мерва) або пераходзіць у ‑х‑ (гл. ме́рхалаць ’тс’).

Ме́рва2, івац. мэ́рва ’жамерыны, адходы пры тапленні воску’ (іўеў., Сл. ПЗБ), бяроз. мэ́рва ’тс’ (Шатал., Сл. Брэс.). Укр. ме́рва, ме́рвисько ’мятая, пацёртая салома, атава’, ’дрэнь, непатрэбнае’, ровенск. ме́рва ’недаедзеныя рэшткі грубага корму’, рус. пск. мерва́ ’дробныя адыходы пры трапанні льну’, мазав. mierzwa ’тс’, польск. ’мятая салома’, ’дробны гной’, луж. mjerwa, чэш. mrva ’тс’, славац. mrvaтруха’, славен. mŕva ’сена’, ’труха’, ’кавалак’, серб.-харв. мр̏ва ’кавалак’, макед. мрва, мрвка ’тс’, ’мякіш хлеба’, балг. мърва ’кавалачак мяса’, ст.-слав. мръвица ’кавалак’. Прасл. mьrva, якое, відаць, з’яўляецца роднасным да літ. marvà, mervà ’сумесь розных рэчаў, прадметаў’ і, магчыма, літ. marvà ’гурба, турма, натоўп, чарада’, ст.-в.-ням. mara ’рыхлы, далікатны’, ст.-ісл. merja ’раздрабіць, растаўчы’, ірл. meil ’мяккі, трухлявы’, уэльск. merv ’тс’, ст.-грэч. μαραίνω ’драблю’ (Фрэнкель, 413; Бязлай, 2, 204; Мацэнаўэр, LF, 10, 344). Брукнер (334) і Скок (2, 472) узводзяць лексему да і.-е. асновы *mer‑ ’расціраць’, пашыранай фармантам ‑u̯a. Махэк₂ (381), беручы пад увагу першаснае значэнне ’мятая (салома)’, прасл. mьrva, mьrviti збліжае з с.-в.-ням. werren ’мяць, кудлаціць, замотваць’, якое кантамінавала з іншым чэш. mruiti se, в.-луж. mjerwić so ’кішэць’ (параўн. і славац. mruiť ’мяць, крышыць, перабіраць, варушыцца, шавяліцца’). Мартынаў (вусн. паведамл.) дапускае, што гэта кельтызм, параўн. кельц. merb‑ (< merv‑) у с.-ірл. ro‑merblig ’кішэць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́нне (труньне) ‘скрутак чаго-небудзь бруднага (з адзення)’ (Касп.), рус. дыял. тру́нье, труньё зборн. ‘рыззё, лахманы’, трун, трунь ‘ануча, старое парванае адзенне’, кашуб. trȯn: v trȯn, v trȯnë ‘ў шматкі, на кавалкі (падраны)’, славен. дыял. trun ‘кавалак, крышка’, серб. тру̂н ‘крыха, крышка, саломінка’, збори. тру̂ње ‘крышкі, парушынкі’, харв. trûn, trȕn ‘кавалачак, трошкі, каліва’, што выводзяць з прасл. *trunъ ‘штосьці парванае, пакрышанае, расцёртае’, якое тлумачаць як дэрыват з суф. *‑nъ ад прасл. *truti, *trovǫ ‘церці, здрабняць’ (Варбат, Морфон., 142; Варбат, SLW, 157; Куркіна, Диал. структура, 151) або ўзводзяць непасрэдна да *terti ‘церці’ (Фасмер, 4, 109; Скок, 3, 512; Глухак, 641). Крытычна адносна прапанаванага Ваянам (Зб. Аванесаву, 56) вывядзення серб.-харв. trûn ‘саломінка’ з *truxnъ > *trunъ (гл. труха) Варбат (SLW, 156). Роднасць рускіх слоў з літ. tráunyti ‘церці’, trūnys ‘гніллё’, trūnė̑siai ‘рыззё, лахманы, анучы’, trunė́ti ‘гніць’, лат. trunêt ‘тс’, truni ‘гніллё’ (Буга, РФВ, 75, 150) падвяргае сумненню Фасмер (4, 109), іначай — Борысь (SEK, 5, 174).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́ска1 ‘трэска’ (Нас., Некр. і Байк., ТС), труска́ ‘акаліна’ (пух., Сл. ПЗБ), ст.-бел. труска ‘адзінка вымярэння колькасці хмелю’ (Ст.-бел. лексікон), ‘вязанка, пучок’ (ГСБМ), ‘друзачка, трэска’: лукъ в​s трꙋскы зломи​т (XVI ст., Карскі 2-3, 424); сюды ж тру́сачка ‘парушынка’ (Ласт.), трушчы́на ‘гушча, што застаецца на дне (напр., у квасе)’ (Нас., Растарг.), ‘што-небудзь кіслае, салёнае і горкае’ (Растарг.), трушчы́нка ‘жамерыны, макуха ад выціснутага соку, малака ці дробнага насення’ (Нас.), трушчы́ны ‘вашчыны’ (там жа). Параўн. рус. труска́ ‘мякіна, труха’, в.-луж. truska ‘металічнае пілавінне’, ‘кавалак шлаку’, чэш. trůska, struska ‘акаліна’, ст.-чэш. tróska ‘адходы пры апрацоўцы металу’, славац. troska ‘тс’, ‘шлак’, славен. trôl1ska ‘жамерыны’, ‘шлак’, ‘акаліна’, серб. тро̏ска, тру̏ска, харв. trȍska, trȕska ‘акаліна, га́раль на метале’, балг. тру́ска ‘асколкі пры каванні’. Прасл. trǫska ‘асколак, трэска’ (Сной₂, 787), якое ад дзеяслова *truskati < treskati (Махэк₂, 652–653) з далейшай семантыкай ‘разбурацца, распадацца’ (Куркіна, Этимология–1994–1996, 50), параўн. трусіць, трушчыць, гл. Сной₂ (там жа) дапускае асіміляцыю са звонкага варыянта *drǫska, роднаснага літ. drum̃stas ‘мутны’; магчыма, літ. druskà ‘соль’, параўн. смал. аргат. тру́ска ‘тс’, з больш раннім значэннем у лат. druska ‘крышка, крыха’ (Анікін, Опыт, 289), параўн. тру́сачка ‘драбок, шчопаць’: дай трусочки соли (Нас.).

Тру́ска2 ‘ператрус, вобыск’ (Клім.; Горбач, Зах.-пол. гов.). Гл. трус3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́хлы ‘гнілы, сатлелы; слабы на здароўе’ (Нас.), ‘гнілы і парахнявы’ (Шат., Байк. і Некр., Растарг.), ‘спарахнелы’ (паст., даўг., пін., Сл. ПЗБ), ‘друзлы’ (Варл.), сюды ж трухле́ць ‘гніць, парахнець, разбурацца’ (Нас., Гарэц., Некр. і Байк.), ст.-бел. трухлети ‘слабець, трухлець’ (XVII ст., ГСБМ); другасныя ўтварэнні трухлё ‘парахня’ (карэліц., Сл. ПЗБ), ‘гнілое дрэва’ (дзятл., Жыв. сл.), трухля́ ‘парахно’ (Мат. Гом.), трухля́вы ‘гнілаваты’ (Шат., Гарэц.), ‘наздраваты; дуплаваты’ (Сл. ПЗБ), ‘трупехлы, спарахнелы’ (Некр. і Байк., Ян., Сцяшк.), ‘ператочаны чарвякамі’ (шальч., брасл., Сл. ПЗБ), ‘лядашчы’ (Ян.), ‘які ператварыўся ў парахно ад гнілі і часу’, ‘які аджыў свой век’ (ТСБМ), ‘слабы, нездаровы’ (Нас., Байк. і Некр., Юрч. Вытв.), трухля́к ‘тс’ (Нас., Байк. і Некр.), трухля́вець ‘разбурацца ад часу, ператварацца ў пацяруху’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), трухло́ ‘старызна, гніль’ (Сцяшк. Сл.), ‘аматар паспаць’ (полац., Нар. лекс.), трухлі́на ‘непрыдатныя для будаўніцтва матэрыялы’ (Растарг.), ‘пацяруха’ (ТСБМ), ‘парахня’ (Юрч. Вытв.), ‘гніляк’ (ТС), тру́хля ‘спарахнелы, струхлелы будынак’ (ТСБМ), ‘пацяруха’ (ТСБМ), ‘састарэлы, бездапаможны чалавек’, трухля́ціна ‘тое, што разбурана трухленнем’ (Байк. і Некр.), трухласць ‘парахня’ (Нар. Гом.), трухне́ць ‘доўга спаць’ (полац., Нар. лекс.), трухні́ву, трухня́ву ‘крохкі, нямоцны’ (ТС), трухле́й ‘хваравіты чалавек’ (Скарбы). Укр. тру́хлий, трухля́вий ‘трухлявы’, трухліти, трухля́вити ‘станавіцца трухлявым’, рус. тру́хлый, трухля́вый ‘тс’, стараж.-рус. трухъ ‘прэлы, трупехлы’, польск. truchleć ’гніць, тлець’, ‘сохнуць’, truchło ‘прах, рэшткі’ славін. strëǔi ‘крохкі, спарахнелы’, чэш. trouch ‘лясная глеба’, славац. trúchly ‘спарахнелы’, серб. тру̏хао, тру̏о ‘гнілы’, харв. trȕo, trȕhli, trȕli ‘гнілы, друзлы’, славен. trúhəl ‘тс’, старое балг. тру́хъл ‘тс’, макед. дыял. трул, трлав ‘тс’. Прасл. *truxlъ ‘гнілы’, ідэнтычнае лат. tràusls ‘гнілы, крохкі, ломкі’ і інш. (Фасмер, 4, 111; Глухак, 641; ЕСУМ, 5, 661). Да труха́1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)