Сэнс ’унутраны лагічны змест, значэнне’, ’разумная аснова, прызначэнне, мэта’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Шат., Касп., Гарэц.), ’розум, толк, лад’ (Нас.): людзі кажуць сэнс (Сержп.). Праз польск. sens з лац. sēnsus ’сэнс’, sentiō ’адчуваю’ (Кюнэ, Poln., 96 з літ-рай). Ст.-бел. сенсъ з 1592 г. са ст.-польск. sens (Булыка, Лекс. запазыч., 132). Аб рус. сенс < польск. sens гл. Фасмер, 3, 601.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

чарні́ла, ‑а, н.

Водны раствор якога‑н. каляровага рэчыва, што ўжываецца для пісання. Андрэйка ўсунуў ручку ў чарніла, забыўся яе атрэсці і перш-наперш абліў паперу чарнілам. Бядуля. / Разм. Пра віно. [Ткачук:] — А белай няма? Цярпець не магу гэтага чарніла. Быкаў. Грошай пачалі зарабляць да халеры, а які толк: грошы тыя, як дым з коміна, напуста вылятаюць! Адно ў людзей у галаве — абы чарніла набоўтацца! Лецка.

•••

Сімпатычнае чарніла — бясколерная або слаба афарбаваная вадкасць, якая выкарыстоўваецца ў тайнай перапісцы.

Хімічнае чарніла — чарніла фіялетавага колеру.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сюды́, прысл.

У гэты бок, у гэта месца; проціл. туды. Артылерыйская кананада даходзіла сюды [на бераг Пцічы] прыглушаным громам. Чорны. Тры гады таму назад, прыйшоўшы сюды, пагранічнікі абралі месца пад заставу каля гэтай вось хаты. Брыль. Вечарам сабралася моладзь у Аленчынай хаце. Сюды зайшоў і Шулевіч. Колас. // Ужываецца ў простай мове пры запрашэнні, загадзе, закліку падысці, падаць, паглядзець і пад. Яшчэ здалёку .. [Толя] прыўзняўся і памахаў рукою: — Дзядуля, хадзіце сюды! Якімовіч. Гэй, сюды, муляры, Маляры, слесары, Цесляры, гантары! Будзе толк! Будзе лад! Бядуля.

•••

(І) туды і сюды гл. туды.

Ні туды ні сюды гл. туды.

То туды, то сюды гл. туды.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пу́таць ’звязваць ногі путам; блытаць’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, Бяльк., ТС), ’збіваць з толку; гаварыць блытана, непаслядоўна’ (Нас., Бяльк., Шат.), ’пятляць’ (ТС), укр. пу́тати ’надзяваць путы’, рус. пу́тать ’путаць, блытаць’, польск. pętać ’надзяваць путы, кайданы’, чэш. poutati ’тс’, славац. putať ’тс’, в.-луж. putać ’тс’. Арэальная паўночнаславянская інавацыя ад *pǫto, гл. пу́та, другасныя значэнні, магчыма, пад уплывам *pǫtъ ’пуць, шлях; толк’; параўн. фразеалагізм зводзіць з пуці ’збіваць з толку, блытаць’, сюды ж пу́тацца ’сноўдацца; блытацца’, рус. пу́таться ’тс’, польск. pętać się ’настойліва нечым займацца; поўзаць, блытацца пад нагамі’ (апошняе значэнне, паводле Банькоўскага, 2, 539, — з рускай).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Панталы́к ’фанабэрыя, пыха’ (Нас.), ’розум, троп’ (Бяльк.), збіць(ца) з панталыку ’збіць(ца) з розуму’ (ТСБМ, ТС). Рус. панталы́ктолк’, звычайна ў выразе сбить з панталы́ку, укр. збити з пантели́ку ’тс’. Пэўнай этымалогіі няма. Меркаванне Корша (гл. Праабражэнскі, 2, 12) аб запазычанні з азерб. pänd ’майстэрства, хітрасць, выкрут’. Фасмер (3, 199) лічыць неверагодным. Трубачоў (у Фасмера, там жа) падтрымлівае версію Гараева (Доп., 2, 28) аб паходжанні з ням. дыял. pandl̥ < Band ’завязка’ і ўдакладняе, што панталык сумесна з укр. дыял. карп. пантли́к, пантли́ка ’стужка’, польск. дыял. pętlik, pętlika ’пятля, завязка’, славац. pántlik, чэш. мар. pentlik мае крыніцай аўстрыйска-бавар. pantl ’завязка, стужачка’ (параўн. Балецкі, SSlav. 4, 1958; Крынжале, 354).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пуць1 ’дарога, шлях’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Сл. ПЗБ), ’чыгунка’ (Жд. 1, Сл. ПЗБ)’, ’пуцявіна, пуціна, жыццёвы шлях’ (ТС, Сл. ПЗБ), а таксама пуць, ж. р. пуця́ (Янк. 2, Сл. ПЗБ), ст.-бел. путь ’паход; дарога’ (Ст.-бел. лексікон), сюды ж пуці́на, пуцяві́на ’дарога’ (Яруш.), пуці́нка ’сцежка’ (барыс., Шн. 2), укр. путь ’шлях, дарога’, рус. путь, польск. pąć ’падарожжа, дарога’, чэш. pouť ’багамольства, пяльгрымка’, славац. púť ’праход, шлях’, в.-луж. puć, н.-луж. puś ’дарога, чыгунка; падарожжа’, палаб. pǫt ’дарога’, славен. pọ́t ’шлях, дарога’, серб.-харв. пу̑т, балг. път, макед. пат. Прасл. *pǫtь ’шлях, дарога’ звязана з асновай і.-е. *pent‑ ’ступаць, ісці, знаходзіць’ і суадносіцца з назвамі дарог ад кораня *pont‑/pṇt‑: ст.-інд. pánthāh, грэч. πόντος ’марскі шлях, мора’, πάτος ’сцежка’, лац. pons ’гаць, мост’, ст.-в.-ням. pfad ’сцежка’, з іншым вакалізмам прус. pintis ’шлях’ (Фасмер, 3, 413; Скок, 3, 86–87; Шустар-Шэўц, 2, 1187; Глухак, 513; Сной, 477; Чарных, 2, 85 і інш.).

Пуць2 ’лад, парадак, мера’ (Нас.), ’толк, розум’ (Ян.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’памяць’ (паст., шальч., шчуч., Сл. ПЗБ), ’дабро’: ні будзіць зь цібе пуці (Бяльк.), сюды ж пуця́чы ’варты, каштоўны, добры’ (Бяльк., Ян.), пу́тны ’талковы’ (гл.), параўн. укр. путня́ ’шлях; толк’, рус. без путя́ ’без толку, дарэмна, без прычыны, карысці’. Утворана на базе пераноснага ўжывання пуць ’дарога; жыццёвы шлях’, г. зн. ’правільны шлях’ у выніку пераасэнсавання пад уплывам фразеалагізмаў і выразаў тыпу пуця ни въ чомь не знаешь, безъ пуця сваволитъ (Нас.), бяспу́тны, непуцёвы і пад.; меркаванне Грынавяцкене і інш. пра запазычанне з літ. pùtė ’курыца’; перан. ’разуменне’ (LKK, 16, 187), паводле Лаўчутэ (Балтизмы, 147), недастаткова аргументаванае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Пры́вад, прі́вод ’слушнасць, дарэчнасць; лад, толк, сэнс’: да́рма не скажуть, а усе ік прі́воду (лельч., Нар. лекс.). Сюды ж устойлівае словазлучэнне даць прыво́д ’вывесці ў жыццё (пра дзяцей)’ (ТС). Аддзеяслоўны назоўнік ад прыво́дзіць, незак. тр. да прыве́сці, сярод іншых значэнняў ’паведаміць што-небудзь для падмацавання свайго меркавання, спаслацца на каго-, што-небудзь’ (ТСБМ). У абстрактным значэнні параўн. рус. дыял. приво́д ’заклінанне пастухоў, якое, паводле забабонаў, засцерагае скаціну ад звяроў’, ’навучанне, натацыя’, укр. приві́д ’кіраўніцтва, камандаванне; падстава, аснова’, польск. przywód ’намова, заахвочванне’ і пад. У канкрэтным значэнні ’нараджэнне, прыплод’ вядомае і іншым славянскім мовам, параўн. балг. прѝвод ’прыплод ад жывёлы, што была дадзене ў якасці пасагу’, параўн. БЕР, 5, 702 (да прасл. *privodъ ’тое, што прыведзена’). Гл. таксама Jakobson, Word, 7, № 2, 1951, 190; Варбат, Этимология–1963, 213–216.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сэнс, ‑у, м.

1. Унутраны лагічны змест, які спасцігаецца розумам; значэнне. Сэнс артыкула. Ужыць слова ў пераносным сэнсе. □ Спахапіўшыся, паспрабавала [Марыя] змякчыць тон, перайначыць сэнс сказанага. Кулакоўскі. Як вучоны і разведчык, Андрэй прымушаў сябе разгадваць сэнс кожнай падзеі, нават самай звычайнай. Шамякін.

2. Разумная аснова, прызначэнне, мэта. Са мной маё жыццё, са мной ідзе, І так праз век ад самае калыскі. І ў гэтым руху — сэнс майго жыцця, Майго натхнення і майго быцця. Бялевіч. [Собіч:]. — А найбольш гэта патрэбна, каб вы [Валянціна Андрэеўна] самі ўявілі сэнс сва[ёй] работы: кожны ваш запіс абавязкова адгукнецца на вытворчасці. Скрыган. // Карысць, толк. Чакаць не было сэнсу: набліжалася ноч, а ісці аставалася яшчэ вельмі многа. Новікаў. [Алесь] разважаў коратка і пераканаўча: які сэнс ад гэтага адзіноцтва і каму яно патрэбна? Васілевіч. Людзі стаялі сабе і глядзелі або мітусіліся без сэнсу. Маўр.

•••

У поўным сэнсе слова — сапраўдны. Гэты [певень] быў маладзец у поўным сэнсе гэтага слова — плечы і крыл[ы] яго адлівалі золатам, .. на нагах красаваліся шпоры. Крапіва.

У сэнсе чаго або у якім сэнсе — у якіх‑н. адносінах. Шмат каму з чырвонаармейцаў, якія трапілі ў акружэнне .., пашанцавала ў тым сэнсе, што іх захавала, як родных, беларуская вёска. Брыль.

У сэнсе каго-чаго — разумеючы пэўным чынам. Ясна, што Скарына быў «садоўнікам» у сэнсе вучонага спецыяліста, садавода-батаніка і, магчыма, займаў пасаду кіраўніка або загадчыка каралеўскага батанічнага сада. Алексютовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пу́тны1 ’талковы, разумны, здатны, кемлівы’ (ТСБМ; Ян.; Сл. ПЗБ; стаўб., Нар. сл.; гом., Нар. словатв.; бялын., Янк. Мат.), ’спраўны, слушны, выгодны’ (Нас., Яруш.), ’разважлівы’ (жлоб., Мат. Гом.), ’варты, каштоўны, добры’ (ТС), пу́тній ’здольны, спраўны’ (Юрч. Фраз., 1), сюды ж пу́тна ’слушна, добра, дарэчы’ (Гарэц., Др.-Падб., Бяльк.), путне́й ’талковей, ясней’ (рагач., Сл. ПЗБ), ’зручней, лепш’ (чач., Мат. Гом.), параўн. укр. пу́тній ’талковы, прыстойны, слушны’, рус. пу́тный ’разумны, спраўны, прыстойны, карысны’, польск. pątny ’падарожны’, чэш. poutní ’вандроўны, багамольны’, в.-луж. pućni ’дарожны’, славен. póten ’падарожны, дарожны’, серб.-харв. путни ’тс’, балг. пъ́тен ’тс’, макед. патен ’тс’. Да *putь ’шлях, дарога’ (гл. пуць), усходнеславянская семантычная інавацыя ’разумны, талковы’ на базе ўтварэнняў тыпу рус. путём ’так, як трэба’ (Мяркулава, Этимология–1986–1987, 145), фразеалагічных спалучэнняў без пуця́ ’бязладна, неразумна’ (Нас.), параўн. бяспу́тны ’непрыстойны, распусны’, з чаго выводзяць значэнне ’лад, парадак; толк, розум’, пуцьцё ’дабро’ (Бяльк.); параўн., аднак, серб. пу̏тан ’правільны, справядлівы, разумны’ (Вук), якое можа разглядацца як русізм. Грынавяцкене і інш. (LKK, 16, 187) у ашм. пу́ць ’галава, розум’ (о́семьдзесяць ма́іць, а пу́цю маіць) бачаць запазычанне з літ. pùtė ’курыца’, перан. ’разуменне’, што вельмі сумнеўна, гл. таксама пуціць, пуццё і пад.

Пу́тны2 ў спалучэннях тыпу ст.-бел. путный слуга ’слуга пры каралеўскім двары; чыноўнік, які выконваў розныя даручэнні’ (Ст.-бел. лексікон), путные бояры і пад. Ад пуць, параўн. ст.-бел. путь ’паход; дарога’ і польск. służka putny ’ў ВКЛ чалавек, які быў пасыльным’; паводле Карскага (1, 282), узыходзіць да ст.-слав. путьнъ у выніку зацвярдзення зычнага т перад суфіксам ‑ьн‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рад1 ’лінія аднародных прадметаў’, ’шэраг’, ’прабор у валасах’ (ТСБМ), ’засеяная баразна’, ’пласцінка ў грыбе’ (Нар. словатв.), ’шарэнг’, ’вуліца’ (Ян.), ’пракос’ (Сл. ПЗБ), ’валок скошанага сена’ (ТС, ПСл), ’пласт’ (Янк. 2), ’пропуск пры касьбе’ (Мат. Гом.), ’рад’, ’чарга’ (Гарэц.), ’раскладка снапоў для малацьбы’ (ДАБМ), ст.-бел. радъ ’шэраг’, укр. ряд, рус. ряд, польск. rząd, чэш. řád ’парадак’, ’клас (бат.)’, ’строй’, славац. rád, в.-луж. rjad, н.-луж. rěd, славен. rȇd ’парадак’, ’ярус’, ’рад’, серб. ре̑д харв. rȇd, мак. ред, балг. ред ’рад, парадак, радок’, ст.-слав. рѧдъ. Да прасл. *rędъ. Звязваюць з *orǫdьje (> рус. ору́дие) і збліжаюць з літ. дыял. rindà ’рад’, ’лінія’, лат. riñda ’тс’ (Фасмер, 3, 536; Чарных, 2, 134), этымалогія якіх цьмяная. Махэк₂ (529) лічыць роднасць з балтыйскімі словамі няпэўнай і прапануе збліжаць прасл. *rędъ з лац. ōrdō (аснова *orden‑) ’рад’, ’чарада’, ’строй’, якое звязваюць з ōrdior ’навіваю аснову’, ’нанізваю’, ’стаўлю ў рад’ і далей са словамі, што ўзыходзяць да і.-е. кораня *ar‑ ’далучаць’, ’звязваць’.

Рад2 ’намер, дапамога, толк’, ’справа’ (Ян.), серб. ра̑д ’праца’, ра́дити ’працаваць’, балг. ра́да ’работа’, ра́дя, ра́да ’працаваць’. Да прасл. *radъ ’праца’, *raditi ’працаваць’. Яцвяжская паралель — rada ’праца’, radid ’рабіць, працаваць’ (калі гэта не запазычанне са славянскіх моў) сведчыць аб заходнебалтыйскай старажытнасці слова. Этымалогія няпэўная. Паводле Скока (3, 97), развіццё семантыкі ішло па лініі ’клопат, старанне’ → ’старанная праца’. Мяркуецца, што прасл. *raditi узыходзіць да іран. rōd‑ ’карчаваць, церабіць’ (Мартынаў, Праслав. язык, 37–38), што цяжка давесці. Параўноўваюць таксама са ст.-інд. rādhayati ’ён робіць’, авесц. raẟaiti ’ён падрыхтоўвае, уладкоўвае’ (БЕР, 6, 145). Гл. радзець.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)