бутафо́рыя, ‑і, ж.

1. Прадметы абстаноўкі ў спектаклі (мэбля, зброя, пасуда і інш.), а таксама штучныя прадметы, выстаўленыя на вітрынах магазінаў замест сапраўдных. [Артысты] самі майстравалі ўсю бутафорыю, дапамагалі шыць адзенне, развучвалі песні і танцы. Сяргейчык.

2. перан. Падман, бачнасць, фальш, разлічаныя на знешні эфект. Смешна цяпер Змітраку, што ён тры гады жыў марамі аб ёй, вучыўся лепш за ўсіх толькі дзеля яе, а яна [Іна] аказалася для яго бутафорыяй. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

святы́ня, ‑і, ж.

1. Прадмет або месца для пакланення веруючых. Палесцінскія святыні. □ — Расколы, расколы! — трос галавою дзед Марцін. — Не хочаш ты богу маліцца, маліся чорту лысаму, але навошта гэты здзек над святыняю? Колас.

2. перан.; звычайна чаго або якая. Што-небудзь асабліва дарагое, вельмі паважанае, любімае. Імёны герояў камуністычнага руху, прыклады мужнасці і вернасці справе рабочага класа назаўсёды застануцца святыняй для ўсіх сапраўдных рэвалюцыянераў. Брэжнеў. Славу нашай рэспублікі, што здабыта ў баях агнявых, Берагуць, як святыню. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

універсітэ́т, ‑а, М ‑тэце, м.

1. Вышэйшая навучальная і навуковая ўстанова з асобнымі аддзяленнямі (факультэтамі) па розных гуманітарных і прыродазнаўча-матэматычных навуках. Рэктар універсітэта. □ [Сцёпка:] — Я думаю, скончыўшы рабфак, падавацца ва універсітэт. Колас. // Будынак, дзе знаходзіцца гэта ўстанова. // перан. Тое, што дае вопыт, веды без навучальнай установы. [У Лукішках] .. [М. Танк] праходзіў той жыццёвы універсітэт, у якім адбывалася апошняя загартоўка сапраўдных рэвалюцыянераў. Бугаёў.

2. Назва навучальных устаноў па павышэнню агульнаадукацыйных і навукова-палітычных ведаў. Вячэрні універсітэт марксізма-ленінізма. □ [Сакратар партбюро:] — З калгаса прыслалі пісьмо. Універсітэт культуры адкрываюць. Просяць лектара. Марціновіч.

[Ад лац. universitas — сукупнасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няшчы́ры, ‑ая, ‑ае.

1. Які тоіць ад іншых свае сапраўдныя пачуцці, думкі; фальшывы, крывадушны. — Калі чалавек сам няшчыры, дык ён і другім не верыць. Ваданосаў. [Кашын і Комлік] былі вартыя адзін аднаго, абодва няшчырыя і дробязныя, якія дбалі толькі аб сабе... Карпаў. // Які не выказвае сапраўдных пачуццяў і думак; прытворны. На Ясевым твары ўвесь час блукала ўсмешка, часамі дужа салодкая, ліслівая, а часамі хітрая і няшчырая. Колас.

2. Які не вызначаецца шчырасцю, стараннасцю, дбайнасцю. Апраўдвацца Міхась не стаў — няшчырыя адносіны да работы перад прафесарам не апраўдаеш. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сыч1 ’птушка з сямейства сапраўдных соў’ (ТСБМ, Байк. і Некр. Федар. 4, ТС, Сл. ПЗБ), ’птушка Athene noctua Scop.’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.); ’птушка Strix nyctea’ (Меер Крыч.), сы́чык памянці, (стол., Лексика Пол., Ласт.). Укр. сич, си́чик, рус. сыч, сы́чык, польск. syczek ’соўка-сплюшка’, чэш. sýc, sýczek ’віды соў’, славац. sýč ’сыч’. Праславянскі дыялектны дэрыват ад *sykati ’сыкаць’, параўн. іншую назву сіпе́ль (ад сіпець, гл.), але Фасмер (3, 821) старажытнасць слова лічыць сумніўнай, таму малаверагодная, на яго думку, роднасць з літ. šáukti ’крычаць’, лат. sàukt ’зваць’, а таксама з сава, як меркавалі Мюленбах-Эндзелін (3, 771–772), Петарсан (KZ, 47, 241). Атрэмбскі (Зб. памяці Раманскага, 72) параўноўвае з літ. suõkt, suõkia, suõke ’крычаць’. Праформу *sytjь узнаўляе Будзішэўска (Słown.), *sytʼь Марэш (Slavia, 1967, 366–369), аналагічна ЕСУМ (5, 248); *sy(k)ťь Лома (Огледна св., 68), у якім бачыць табуізаваную сувязь са ст.-інд. sūkta‑ < *su‑ukta ’добра спамянуты’. Гл. яшчэ Махэк₂, 598. Гл. таксама ціць.

Сыч2 ’калок у вуллі, на якім трымаліся пляйстры з мёдам’ (ТС), ’клін, звужаная палоска’: сыч картопяль (Сцяц. Сл.), сычы́ ’сорт бульбы, скараспелка’ (Ян.). Укр. сич ’сук ад абламанай галінкі на ствале’. Паводле ЕСУМ (5, 248), магчыма, звязана чаргаваннем галосных з сук (гл.), аднак, відаць, не можа разглядацца асобна ад сычык, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

цані́ць, цаню, цэніш, цаніць; незак., каго-што.

1. Вызначаць грашовы кошт тавару, назначаць цану. Колькі вы цэніце гэты дыван?

2. Даваць ацэнку; ацэньваць. — Цаніць ты маеш права І недруга і друга Па іх сапраўдных справах, Па іх жывых заслугах. Глебка. — Камуніста мы цэнім па рабоце. Алешка. // Лічыць значным, важным, каштоўным; прызнаваць высокія якасці каго‑, чаго‑н. Практыка даўно навучыла .. [Апейку] цаніць канкрэтнасць, дзелавую дакладнасць у кожнай гаворцы. Мележ. Байцы трошкі крыўдавалі за яго залішнюю строгасць, але ў баях цанілі крыклівага старшыну. Быкаў. // Даражыць чым‑н., шанаваць што‑н. Цаніць час. □ Марынка, як многія прыгожыя дзяўчаты, не пазбаўленыя хлапечай увагі, не надта цаніла чужое пачуццё. Шыцік. Праўду кажуць людзі, што волю цэніш тады, калі страціш яе. Машара. Тамара Аляксандраўна Кажура .. усё бачыла, усё ведала, высока цаніла кожную капейку, запрацаваную мазалём. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́рма, ‑ы, ж.

1. Складная перасоўная перагародка, якая зроблена з абцягнутых тканінай ці паперай рам-створак. Бязлітасная да сябе, рашучая, Лёдзя надзела ў прыемнай, за шырмай, шэры мультановы халат. Карпаў. // Заслона, якая адгароджвае частку пакоя і выконвае ролю такой перагародкі. Ад шафы да сцяны была павешана рабенькая крамная шырма. Кулакоўскі. Толік спіць у калысцы, за шырмай. Брыль.

2. перан. Той, хто (або тое, што) служыць для прыкрыцця сапраўдных мэт, спраў, намераў і пад. Дзе бог, там і распуста, — Пад крыльцам божым бруд ямчэй хаваць. Святошы ўмеюць шырму святасці саткаць Даволі густа. Корбан. — Я сказаў «фікцыя», — паўтарыў Шынкевіч.. Больш правільна будзе — шырма, за якою схаваны факты. Паслядовіч. — Выходзіць, я ілгу! О не! Я вам не лялька для забавы, Я шырмай вашай бруднай справы Не стану!.. Заадно й мяне Звальняйце! Бачыла.

[Ням. Schirm.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

магчы́масць, ‑і, ж.

1. (у спалучэнні з наз. або інф.). Тое, што можа пры пэўных умовах адбыцца, ажыццявіцца, здзейсніцца. Магчымасць перамогі. □ [Ігнат] і ў думках не мог дапусціць магчымасці здрады .. [Багуцкага]. Лынькоў. Магчымасць пастаяць у сапраўдных варотах сапраўднага стадыёна прывабіць хоць каго. Васілёнак. // Дазволенасць, дапушчальнасць. Дзедава фантазія трохі разгулялася і свавольна пераходзіла межы рэальных магчымасцей. Колас.

2. Сродкі, умовы, неабходныя для здзяйснення чаго‑н. Пакуль Мірон зноў учапіўся за дрэва ды агледзеўся, човен быў на такой адлегласці, што дагнаць яго не было магчымасці, тым больш чалавеку адзетаму і абутаму. Маўр. [Сержант:] — Я ўжо даўно не хацеў служыць у польскай арміі, хацеў перайсці да бальшавікоў, але не было магчымасці... Нікановіч.

3. толькі мн. (магчы́масці, ‑ей). Унутраныя сілы, рэсурсы, здольнасці. Кожны будаўнік — у пэўнай ступені паэт і летуценнік, з вялікаю вераю ў свае сілы і магчымасці. Грахоўскі.

•••

Па магчымасці (у знач. пабочн.) — наколькі магчыма.

Па меры магчымасцей гл. мера.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прані́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Прайсці, трапіць куды‑н. праз што‑н. Вільгаць усё ж такі пранікла ў сярэдзіну гільзы, і лісцікі запісной кніжкі пасклейваліся, літары расплыліся. Зуб. Прамень сонца пранік у вагон. Васілевіч. // Прабрацца, пралезці, пракрасціся куды‑н. Жэрдкай мы ўдвух падсадзілі свайго сябра ўгару, той праз ніжняе акно пранік у вятрак і апусціў уніз крыло. Аўрамчык. Пранікнуць у гэтую кватэру было немагчыма, бо каля пад’езда ўдзень і ўначы стаяла паліцэйская варта. Машара. // перан. Запасці, пракрасціся (у душу, сэрца, думкі і інш.). Словы праніклі ў душу. □ Моўчкі ўскінула вочы, І замёр я на міг: Сумны позірк дзявочы Мне ў сэрца пранік. Гілевіч.

2. Пераадольваючы цяжкасці, прайсці, дабрацца куды‑н. Пранікнуць у глыбіню пустыні. Пранікнуць у космас.

3. Стаць вядомым ці даступным многім; распаўсюдзіцца. Ідэі камунізма праніклі ў масы.

4. перан. Зразумець сэнс, сутнасць чаго‑н., разабрацца ў чым‑н. Пранікнуць у псіхалогію чалавека. □ Мастак, які свядома імкнецца пранікнуць у дыялектыку і логіку сапраўдных фактаў, мае магчымасць найбольш поўна і глыбока раскрыць сутнасць жыццёвых з’яў. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ідэ́я, ‑і; Р мн. ідэй; ж.

1. Паняцце, уяўленне, якое праўдзіва або памылкова адлюстроўвае рэчаіснасць у свядомасці чалавека і вырашае яго адносіны да навакольнага свету. Свет ідэй. □ Людзі з’яўляюцца вытворцамі сваіх уяўленняў, ідэй і т. д., — але гутарка ідзе аб сапраўдных, дзеючых людзях, абумоўленых пэўным развіццём іх прадукцыйных сіл і — адпавядаючымі гэтаму развіццю — зносінамі, аж да іх самых далёкіх форм. Маркс і Энгельс.

2. Галоўны істотны прынцып светапогляду. Ідэі марксізма-ленінізма. □ — Ёсць людзі, што жывуць ідэямі агульнага дабра. За свае ідэі яны ідуць у астрогі, на высылкі; за гэтыя ідэі іх крыжавалі, давалі атруту, палілі на кастрах. Колас.

3. Думка, задума. Ажыццявіць ідэю. Падаць ідэю. □ — Мая ідэя так і засталася б ідэяй, каб не вашы даследаванні. Адных ідэй мала. Галавач. Цяпер .. [Максіма Сцяпанавіча] і Веру Антонаўну апанавала ідэя — прыбудаваць веранду. Карпаў. — А ведаеш ты што, — сказаў Лабановіч, — давай пойдзем на Панямонь? Зробім там прывал... — А гэта ідэя! — падхапіў Садовіч. Колас.

4. Асноўная, галоўная думка твора, творчасці і пад. Кампазіцыя падпарадкавана асноўнай ідэі апавядання. Ідэя верша. □ Уся яго [Купалы] творчасць прасякнута ідэяй служэння народу, сцверджаннем правоў працоўнага чалавека. Івашын.

[Ад грэч. idea — вобраз, паняцце, ўяўленне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)