Тыне́ць ‘тлець, прэць’ (Юрч.), ‘гніць ад сырасці’ (Юрч. Сін.), тыне́нне ‘гніенне, прэласць’ (Юрч. СНЛ), параўн. серб. тѝњати ‘тлець, гарэць’, славен. tínjati ‘тлець’. Беларуска-паўднёваславянская ізалекса, што дае падставы для рэканструкцыі праславянскага дыялектызма *tinʼati ‘слаба гарэць’, звязанага з прасл. *tajati (Куркіна, Этимология–1986–1987, 76; Диал. структура, 153), гл. таяць. Запрудскі далучае сюды сціняці́цца ‘пакрывацца тонкім лядком, замярзаць’, сціняце́ць ‘зрабіцца кволым, змарнець (пра гародніну)’, якія праз стадыю ‘сціскацца’ ўзводзіяцца да *tęti ‘біць, сячы’ (БЛ, 36, 58), параўн. сцінаць, сцяць (ЭСБМ, 13, 99, 112), што, дарэчы, можа быць звязана з *tinati ‘падразаць’ як тэрмінам падсечна-агнявога земляробства, гл. Куркіна, Культура, 67. Верагодна, да названага праславянскага дыялектызма прымыкае па форме балг. дыял. тиня́е ‘прапускае ваду (пра гляняны збанок)’, што ўзводзіцца да *tęti ‘цягнуць’ (Рачава, Этимология-2003–2005, 192). Адносіны паміж названымі паралелямі застаюцца да канца не высветленымі, параўн. сумненні Сноя (Бязлай, 4, 181). Для беларускага дзеяслова не выключана сувязь з тыня, тыніна ‘зараснік, забалочанае месца’, тынь1 ‘ціна, плесень’, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слюз1, слюс, слюш ‘слізь’, ‘плесня’ (беласт., віл., воран., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), слюз ‘слізь’ (ТС; рас., Шатал.), ‘слізкае гнойнае рэчыва на сапсутым мясе ці сапрэлым целе’ (Варл.), ‘слімак’ (лельч., Нар. лекс.), слюж ‘смоўж, слімак’ (Жыв. св.), сюды ж слю́зкі ‘слізкі’ (ТС), слю́знуцьпрэць, гніць’ (Варл.), слю́за ‘слізь’ (бяроз., Сл. ПЗБ), слюзь, слюсь ‘тс’ (в.-дзв., шчуч., ашм., Сл. ПЗБ). Укр. слюз ‘слізь’, рус. слюз ‘тонкая скурка, скурачка’, слуз ‘тс’, ст.-рус. слузъ ‘слізь; макрота’, польск. śluz ‘слізь , серб.-харв. slȗz, slȗza ‘слізь; макрота’, славен. slȗz ‘слізь’, балг., макед. слуз ‘тс’, ст.-слав. слоузъ ‘страўнікавы сок’. Прасл. *sluzъ параўноўваюць з літ. šliū̃žes ‘санны след’, šliužaĩ ‘канькі’, šliauũti ‘паўзці, слізгацца’, швейц.-ням. slûche ‘цягнуцца’, гал. sluiken ‘падкрадвацца’, што да і.-е. *sel‑, якое, на думку Глухака (565), узыходзіць да гукапераймання (імітатыву). Паводле Борыся (Czak. stud., 43), зыходным для назоўнікаў з розным вакалізмам з’яўляецца дзеяслоў *sliziti ‘выдзяляць з сябе, сачыць вільгаць, вільготную клейкую субстанцыю’, гл. слізь, сляз, слізіць. Гл. таксама SEK, 4, 312; Глухак, 564; ЕСУМ, 5, 312. Гл. склізкі, слізкі.

Слюз2 ‘шлюз’ (ТС), ст.-бел. слюза ‘тс’ (Ст.-бел. лексікон). Гл. шлюз.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́ра1 ’газ, які ўтвараецца пры выпарванні вады, нагрэтай да высокай тэмпературы; газападобны стан вады’; пар ’паравое поле’, па́рнасць, па́рына, па́раніна, парно́та, парні́к, па́ранка, паро́нка. Агульнаславянскае: рус. пар, укр. па́ра ’паравое поле, выпарэнне’, царк.-слав. пара ’выпарэнне’, польск. par, para, чэш. pára, славац. para, серб.-харв. па̏ра, славен. pȃra, балг. па́ра. Звязана чаргаваннем з прэць, прэю (гл.) (Траўтман, 231; Младэнаў, 411; Праабражэнскі, 2, 20; Фасмер, 3, 203). Параўн. па́рыць.

Па́ра2 ’два аднолькавыя сіметрычныя прадметы, якія складаюць адно цэлае; дзве асобы, мужчына і жанчына, дзве жывёліны, самец і самка; два прадметы, дзве штукі чаго-небудзь’. Рус., укр. па́ра. Праз польск. para з сяр.-в.-ням. pâr ’пара’ ад лац. pār ’роўны, пара’ (Брукнер, 395; Праабражэнскі, 2, 16; Фасмер, 3, 203). Ст.-бел. пара XVI ст. таго ж паходжання (Булыка, Лекс. запазыч., 154).

Пара́ ’час, перыяд; адпаведны час’. Рус., укр. пора́ ’час, пара, узрост’, польск. pora ’выпадак, пара’, балг. по́ра ’узрост’. Пэўнай этымалогіі няма. Лічаць роднасным ‑пор (гл. напор, упор), якое звязана з пярэць, пру, і набліжаюць да грэч. πορεῖν, аорыст ἔπορον, эпір. πόρον ’даць, прадставіць’, ’вызначыць’ (Младэнаў, 489; Праабражэнскі, 2, 166; Мацэнаўэр, LF, 13, 180 і наст.; Фасмер, 3, 328). Міклашыч (240) указвае яшчэ на рус. дыял. пора́ ’падпорка для стога сена’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́ха1 ‘жанчына, якая трэ лён’ (Сцяшк.). Да церці (гл.). Суфікс ‑уха, які ўтварае назвы асоб па прафесіі, узыходзіць да прасл. *‑uxa, прадуктыўнага ў паўночных славян і ў славенскіх гаворках (Слаўскі, SP, 1, 75).

Тру́ха2 ‘картачная гульня’ (ТС). Няясна.

Труха́ ‘пацяруха, перацёртае сена, салома’ (ТСБМ; Некр. і Байк., Сл. ПЗБ; бялын., ЛА, 2), ‘дробныя сухія рэшткі чаго-небудзь’, ‘што-небудзь нікчэмнае, бескарыснае’ (ТСБМ; Сержп. Прык.), ‘трухлявая драўніна’ (Мат. Гом.), ‘старая драўляная будыніна’ (Вушац. сл.). Укр. труха́ ‘пацяруха’, трухва ‘гніль у дрэве’, рус. труха́ ‘пацяруха’, ‘парахня’, стараж.-рус. трухъ ‘прэлы, трухлявы’, ‘змрочны’, чэш. troucha, trouch ‘што-небудзь спарахнелае’, славац. trúch ‘тс’, серб. тру̏ва ‘пацяруха’, трух, тру̀шни хле̏б ‘хлеб з мякінай’, харв. truha ‘адкіды’, славен. trûšje зборн. ‘гніль’. Прасл. *truxa, *truxъ — зборныя назоўнікі, суадносныя з і.-е. *trou̯‑s‑ ‘раскрышаны’, ‘струхлелы’, ‘састарэлы’ (Борысь, 643; Арол, 4, 110). Фасмер (4, 114) у якасці роднасных падае лат. tràusls ‘ломкі, крохкі’, trusls ‘гнілы, прэлы’, trusêt, trust ‘гніць, прэць’, літ. traušùs ‘ломкі, крохкі’, traũšti ‘крышыцца’. Сной (Бязлай, 4, 231) мяркуе, што праславянская аснова мела *‑ǫ, магчыма, другаснае (Новое в рус. этим., 240). Гл.: Буга, Rinkt., 1, 489; 2, 632; Зубаты, Studie, 1(2), 120–121; Каруліс, 2, 453; Скок, 3, 515; Бязлай, 4, 230–231; Шустар-Шэўц, 1536, 1540; ЕСУМ, 5, 661. Меркаванні пра варыянтнасць асноў прасл. *trux‑/*trus(k)‑, што дае магчымасць ідэнтыфікацыі *truxa з *truska, *truskъ, гл. Куркіна, Этимология–1994–1996, 50–51 (гл. труск).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гарэ́ць, -ру́, -ры́ш, -ры́ць; -ры́м, -рыце́, -ра́ць; -ры́; незак.

1. Паддавацца дзеянню агню, знішчацца агнём.

Дровы гараць.

2. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Дзейнічаць, быць у спраўнасці (пра тое, што дае полымя, святло).

Пліта гарыць.

3. Траціць усё набытае з прычыны пажару, аказвацца пагарэльцам.

Нашы родзічы два разы гарэлі.

4. Быць у ліхаманкавым стане.

Дзіця ўсю ноч гарэла.

5. Чырванець ад прыліву крыві.

Г. ад сораму.

Вушы гараць.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ззяць, блішчаць, выдзяляцца яркім колерам.

На сонцы гарэлі гронкі рабіны.

Вочы гараць ад крыўды.

7. перан., чым. Зазнаваць якое-н. моцнае пачуццё.

Г. нянавісцю.

8. перан. Поўнасцю аддавацца рабоце, ідэі і пад.

Хто сам на працы гарыць, той і людзям свеціць (прыказка).

9. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Псавацца, станавіцца непрыгодным, прэць.

Сена гарыць у копах.

Пасевы гараць.

10. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан. Хутка зношвацца, рвацца (пра адзенне, абутак).

На дзетках хутка гарыць адзежа.

11. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан. Быць пад пагрозай зрыву па прычыне спазнення, упушчэння тэрмінаў.

План гарыць.

Пуцёўка гарыць.

12. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Цвісці (пра агуркі, гарбузы і пад.).

Агуркі пачалі г.

Вока (зуб) гарыць на што (разм.) — вельмі хочацца мець што-н.

Гары яно гарам; хай яно гарам гарыць (разм.) — выказванне раздражнення, абурэння чым-н.

Гарыць душа (сэрца) у каго, чыя (чыё) (разм.) — хто-н. вельмі ўсхваляваны, узбуджаны.

Гарыць зямля пад нагамі ў каго — пра небяспечнае становішча для каго-н., у сувязі з чым прыходзіцца ўцякаць.

На злодзеі шапка гарыць (разм.) — гавораць пра таго, хто міжвольна сам выдае сябе ў тым, што больш за ўсё імкнецца ўтаіць.

Не гарыць (разм.) — няма патрэбы ў спешцы.

Работа (усё) гарыць у руках у каго (разм., адабр.) — работа ідзе добра, хутка.

Скура гарыць на кім (разм., неадабр.) — пра залішне рухавага, неспакойнага чалавека.

Як мокрае гарыць (разм., неадабр.) — вельмі марудна.

|| зак. згарэ́ць, -ру́, -ры́ш, -ры́ць; -ры́м, -рыце́, -ра́ць; -ры́ (да 1, 3, 8 і 9 знач.).

|| наз. гарэ́нне, -я, н. (да 1, 2, 6, 8, 9 і 12 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

гарэ́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

1. Паддавацца дзеянню агню, знішчацца агнём. У печцы зырка гарэлі дубовыя дровы. Шамякін. Уперадзе каля станцыі гарэлі эшалоны. Мележ. // Паліцца (пра вогнішча і пад.). Гарыць піянерскі касцёр. □ Ля калёс гарэлі агні. Лынькоў.

2. Даваць, выпраменьваць святло, полымя; ярка свяціцца. І над усім — над горадам, над ракой, над бязмежнымі прасторамі зямлі гарэла, пералівалася зыркае ранішняе сонца. Лынькоў. Нешта сёння у Агаты Лямпа весела гарыць, А людзей дык поўна хата, — Так як дзверы зачыніць. Крапіва.

3. Траціць маёмасць з прычыны пажару, аказвацца ў становішчы пагарэльца. Вось дзед Хвядос пяць разоў гарэў ад маланкі, пяць разоў будаваўся. Бажко.

4. Разм. Быць моцна нагрэтым, гарачым. Ад лютай летняй спёкі Гарыць сухі пясок. Глебка. Пройдзеш круг — рукой не дакранешся да лемяхоў і нарогаў. Гарыць жалеза. Бялевіч.

5. Быць у гарачцы, у ліхаманкавым стане. Бацька ўсё гарэў, аж два тыдні не ўставаў з пасцелі. Сабаленка. // Ныць, пячы (пра натруджаныя, пашкоджаныя ўчасткі цела). На далонях пад вечар гараць мазалі. Бураўкін. Ужо сонца на поўдні, ужо ногі гараць і ныюць ад стомленасці, а нішто нідзе не прасвятляецца. Кулакоўскі.

6. Рабіцца гарачым, чырванець ад прыліву крыві. Гарэць ад сораму. □ Адно, што адчуваў.. [Алёшка], гэта — як гараць яго вушы, як густая чырвань залівае ўвесь твар, падбіраецца да жорсткіх бялесых віхроў. Лынькоў. Гарачая хваля найвялікшага шчасця залівае.. [Сяргею] грудзі, часта і гулка стукае сэрца,.. гараць шчокі, вушы. Шамякін.

7. звычайна чым. Быць ва ўзбуджаным стане, з запалам аддавацца якой‑н. справе, пачуццю. Гараць жаданнем. Гарэць ад нецярплівасці. □ Сягоння жыла, трапяталася і гарэла ўся .. шчуплая істота [Тодара Кірыка], — гэтакіх навін яму даўно не здаралася разносіць па сяле. Крапіва. Жанчына гарыць на калгаснай рабоце. Пташнікаў.

8. Ззяць бляскам, выдзяляцца яркімі колерамі, афарбоўкай. Пад страхой полымем гарэлі гронкі рабіны. Шамякін. У снежнай завеі гарэлі алмазам Старыя крамлёўскія вежы. Колас. // Блішчаць пад уплывам якога‑н. пачуцця, думкі (пра вочы). Вочы.. [Паўла] гарэлі вострым агнём нявыказанай крыўды, і губы трасліся. Чорны.

9. Цвісці (пра агуркі, гарбузы і пад.). У барознах павівасты гарбузнік.. гарэў цветам. Грамовіч.

10. Псавацца, станавіцца непрыгодным ад моцнага перагрэву. Буксы гараць. // Разм. Сохнуць, гінуць ад засухі, моцнай спёкі (пра расліннасць). Пасевы гараць. // Разм. Прэць, гніць. Сена гарыць у стагах.

11. перан. Разм. Цярпець няўдачу ў якой‑н. справе, задуме і пад. // Не выконвацца, не рэалізавацца. Планы гараць. Пуцёўка гарыць.

12. Разм. Хутка зношвацца, рвацца (пра абутак, адзенне). На дзецях усё гарыць, адзежа і абутак.

13. Адбываць чаргу пры гульні ў гарэлкі.

•••

Вока (зуб) гарыць на што гл. вока.

Гары яно гарам; хай яно гарам гарыць — ужываецца як праклён.

Гарыць зямля пад нагамі ў каго гл. зямля.

Гарэць агнём — а) пра гарачкавы стан хворага; б) вельмі моцна балець, пячы. Рана гарыць агнём.

Ліха гарыць з каго гл. ліха.

На злодзеі шапка гарыць гл. шапка.

Не гарыць — няма патрэбы спяшацца.

Работа (усё) гарыць у руках гл. работа.

Скура гарыць на кім гл. скура.

Як мокрае гарыць гл. мокры.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)