гарэ́ць, -ру́, -ры́ш, -ры́ць; -ры́м, -рыце́, -ра́ць; -ры́; незак.
1. Паддавацца дзеянню агню, знішчацца агнём.
Дровы гараць.
2. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Дзейнічаць, быць у спраўнасці (пра тое, што дае полымя, святло).
Пліта гарыць.
3. Траціць усё набытае з прычыны пажару, аказвацца пагарэльцам.
Нашы родзічы два разы гарэлі.
4. Быць у ліхаманкавым стане.
Дзіця ўсю ноч гарэла.
5. Чырванець ад прыліву крыві.
Г. ад сораму.
Вушы гараць.
6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ззяць, блішчаць, выдзяляцца яркім колерам.
На сонцы гарэлі гронкі рабіны.
Вочы гараць ад крыўды.
7. перан., чым. Зазнаваць якое-н. моцнае пачуццё.
Г. нянавісцю.
8. перан. Поўнасцю аддавацца рабоце, ідэі і пад.
Хто сам на працы гарыць, той і людзям свеціць (прыказка).
9. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Псавацца, станавіцца непрыгодным, прэць.
Сена гарыць у копах.
Пасевы гараць.
10. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан. Хутка зношвацца, рвацца (пра адзенне, абутак).
На дзетках хутка гарыць адзежа.
11. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан. Быць пад пагрозай зрыву па прычыне спазнення, упушчэння тэрмінаў.
План гарыць.
Пуцёўка гарыць.
12. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Цвісці (пра агуркі, гарбузы і пад.).
Агуркі пачалі г.
◊
Вока (зуб) гарыць на што (разм.) — вельмі хочацца мець што-н.
Гары яно гарам; хай яно гарам гарыць (разм.) — выказванне раздражнення, абурэння чым-н.
Гарыць душа (сэрца) у каго, чыя (чыё) (разм.) — хто-н. вельмі ўсхваляваны, узбуджаны.
Гарыць зямля пад нагамі ў каго — пра небяспечнае становішча для каго-н., у сувязі з чым прыходзіцца ўцякаць.
На злодзеі шапка гарыць (разм.) — гавораць пра таго, хто міжвольна сам выдае сябе ў тым, што больш за ўсё імкнецца ўтаіць.
Не гарыць (разм.) — няма патрэбы ў спешцы.
Работа (усё) гарыць у руках у каго (разм., адабр.) — работа ідзе добра, хутка.
Скура гарыць на кім (разм., неадабр.) — пра залішне рухавага, неспакойнага чалавека.
Як мокрае гарыць (разм., неадабр.) — вельмі марудна.
|| зак. згарэ́ць, -ру́, -ры́ш, -ры́ць; -ры́м, -рыце́, -ра́ць; -ры́ (да 1, 3, 8 і 9 знач.).
|| наз. гарэ́нне, -я, н. (да 1, 2, 6, 8, 9 і 12 знач.).