Трыно́га, трыно́г, трэнога і вытворныя трыножак, трыны́жок, трыно́жнік, трыножка, труні́жок ‘падстаўка на трох ножках’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Бяльк., Шат., Байк. і Некр., Варл., Сцяшк., Янк. 2, Мат. Гом.; брэсц., З нар. сл.), трыношкі ‘металічная падстаўка на трох ножках’ (Сцяц.); трыно́жак ‘трыножка, патэльня на трох ножках’ (брасл., Сл. ПЗБ); трохно́жка ‘трыножак для калыскі ў полі’ (Мат. Гом.), ‘ражка’ (Бяльк.), трыно́г ‘цэбар’ (ветк., добр., ЛА, 5), ‘жлукта’ (ашм., ЛА, 3), трыно́жка ‘цабэрак для памыяў з трыма ножкамі’ (паўн.-усх., КЭС), трыно́жка, трыно́гкубел на ножках’ (паст., Сл. ПЗБ), ст.-бел. трыногъ, триножекъ ‘кацёл на трох ножках’ (1688 г., ПГС). Укр. трино́га/трино́ги, трині́г, трині́жок, трино́жник, трино́жка, рус. трено́га, трено́жник, польск. trojnóg, в.-луж. trojnohi ‘трыножнік’, ‘таганок’, чэш. trojnožka/třínožka, славац. trojnoha ‘трыножнік’, славен. trinóžnik, trinòg ‘тс’, харв. trònožac, trònog, серб. тро̀ноге, тро̀ножак, балг. трино́жник. Культурныя тэрміны, складаныя словы, што фармальна ўзыходзяць да тры і нага (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́жка, ра́шка, ря́шка ’цэбар’; ’драўляная нізкая пасудзіна, у якой замешваюць есці свінням’ (докш., в.-дзв., трак., вільн., рас., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.), ’кубелец для сала’, ’вялікая міска, цэбар, у якім даюць есці свінням’ (Сцяшк. Сл., Бяльк.), ’банны посуд’ (Касп.), ’мерка для зерня, бульбы ў 1,5 пуда’ (ТС), ’начынне для памыяў’ (Бес.), ’цэбрык з адным вухам, перан. морда’ (ПСл), ’цэбар’, ’галава’ (Сцяшк. Сл., Ян., Мат. Гом.), ст.-бел. ряжка (1690 г.), ражка (1550 г.), сюды таксама ра́жакубел’ (Мат. Гом.), рус. дыял. ря́жка, ря́шка ’памыйны посуд, таз’, ’банная шайка, вядзерца, чарпак’, ра́жка ’рагатка’, ’невялікая скаба, якая злучае клёпкі бочкі пры надзяванні абручоў’, ’падстаўка ў выглядзе рагаткі, стойкі’, ’карыта для кармлення свіней’, укр. ряжа, ряжка ’чан’. Сцяцко (Сцяц. Нар., 93–94) лічыць памяншальна-ласкальным утварэннем ад ра́га ’ражка’, зафіксаванага беларускімі слоўнікамі 20‑х гадоў XX ст., якое, у сваю чаргу, з’яўляецца лексіка-семантычным утварэннем ад ра́га ’струменьчык вады’: раг‑ьк‑а > ражка. Няпэўна, хутчэй наадварот. Некаторыя тлумачаць слова як утварэнне ад рад1 (гл.), параўн. абруд узводзячы яго да *ob‑rǫdъ (Праабражэнскі, 2, 241; Трубачоў, Слав. языкозн., V, 176; ЭССЯ, 29, 118). Фасмер (3, 537) лічыў такую этымалагізацыю недастаткова аргументаванай. Магчыма, мае сувязь з рэ́дкі, параўн. рус. ре́жа, ря́жа ’рыбалоўная сетка з рэдкім пляценнем’ (< *rědi̯a, гл. Фасмер, 3, 460), параўн. таксама ра́жанка (гл.). Значэнне ’шырокі твар, морда; вялікая галава’ хутчэй за ўсё, позняе запазычанне з рускай, параўн. ра́жесть ’прыгажосць’, ’паўната’, ’тлустасць’, ра́жий ’вялікі, буйны (пра рэчы, прадметы)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пругло́1 ’дужка паміж ручкамі ў папярочнай піле’, ’прыстасаванне для лоўлі дзікіх качак’ (ТС), рус. пругло́ ’сілок, пятля, пастка для птушак’, ст.-рус. пругло ’цянёты, сетка, пастка’, чэш. pruhlo ’сіло’, в.-луж. prudło, н.-луж. pšudło, славен. prógla, серб.-харв. пру́гло ’тс’, балг. прегло ’пастка для птушак’. Прасл. *prǫglo, паводле Слаўскага (SP, 1, 104), утворана ад дзеяслова *pręgǫ, prękti ’напружваць’ з інструментальным суфіксам ‑lo. Першаснае значэнне, відаць, ’наведзенае, нагнутае дрэўца, да якога прымацавала пятля, сіло’, параўн. Махэк₂, 488 і апісанне пругла ў ТС, 4, 233: “Як толькі качар праплываў праз уваход, ён чапляўся за наведзенае пругло. Яно паднімалася і зацягвала пятлю на шыі ў качара. Качар павісаў”. Гл. яшчэ Варбат, Этимология–1975, 31, якая ў якасці паралеляў прыводзіць нова-в.-ням. Sprigel, sprügel, sprugel, sprogel ’пругкая дужка, сілок’, нова-в.-ням. Sprenkel ’сіло’. Параўн. Фасмер, 3, 388; БЕР, 5, 631; Шустар-Шэўц, 2, 1163; далей гл. пруг, пругкі.

Пругло́2 ’калодзежны журавель’ (ТСБМ, Янк. 1, Янк. 2, Бір.), ’вочап’ (слуц., Нар. словатв.), ’бервяно-рычаг калодзежнага жураўля’ (чырв., З нар. сл.), ’палка, якой замыкаюць кубел’ (Варл.). Паводле ДАБМ (к. 243), слова ў значэннях ’вага’ і ’журавель’ распаўсюджана на Случчыне, а на астатняй беларускай тэрыторыі — спарадычна. Польск. prągło і роднасныя ў аналагічных значэннях вядомы ў Вялікапольшчы, Сілезіі і на Веліньску (Ляшчынскі, RS, 31, 1, 30). Асноўнае значэнне разглядаемага слова ’бервяно; палка’ і тэрыторыя яго пашырэння наводзяць на думку аб запазычанні. Параўн. бел. пруглічка, якое Лаўчутэ (Балтизмы, 126) параўноўвае з літ. bruklýs (з менай ‑p‑/‑b‑, тыповай для балтыйскіх моў) ’тоўстая палка, адрэзак дрэва’, лат. sprũngulis ’маленькі круглы адрэзак дрэва; палка, пень’. Не выключаным застаецца і лакальнае семантычнае развіццё слав. *prǫglo ’пастка’, параўн. дэфініцыю рус. пругло́ ў Даля: ’усякая трымалка; падпорка; рычаг’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́шка1 ’пятка яйца’ (Нас.; ЛА, 1; смарг., ігн., лудз., в.-дзв., Сл. ПЗБ; б.-каш., Мат. Гом.). Памянш. ад пуха (гл.); магчыма, звязана з харв. pûš ’тс’, якое Путанец (гл. Скок, 3, 85) лічыць запазычаннем з італьянскай мовы.

Пу́шка2 ’кончык пальца, мякіш’ (ТС; петрык., Шатал.; пухав., З нар. сл.; мазыр., карм., ельск., Мат. Гом., ПСл), ’сустаў пальца, костачка, знешняя паверхня суставаў пальца’ (хойн., Шатал.; слуц., Нар. словатв.; слуц., Жыв. сл.; ст.-дар., асіп., Сл. ПЗБ; Некр.; Сержп. Грам., светлаг., Мат. Гом.), сюды ж і пу́шка ’лытка’ (ЛА, 3), ’таўстуха’ (івац., Жыв. НС), ’шчопаць’ (ТС). Першапачаткова пу́чка ’тс’ ад пук ’выпукласць’, змененага пад уплывам пу́хлы, параўн. пу́шка ’порхаўка’ (рэч., Нар. сл.; лельч., Жыв. сл.), балг. пу́шка ’мачавы пузыр’ і пад.

Пу́шка3 ’каробка, скрыначка’ (ТСБМ; Мядзв.; Шат.; Некр.; Бяльк.; Ян.; брагін., Нар. словатв.; Сл. Брэс.; пін., Нар. лекс.; Янк. 1.; Мат. Гом.), ’вытачаны з дрэва невялікі кубел з накрыўкай для захавання дробных рэчаў’ (Нас.), ’збанок, гаршчок з вузкім горлам’ (кобр., Сіг.; малар., Сл. Брэс.), ’шклянка’: пушка гарэлкі (брагін., Мат. Гом.), ст.-бел. пу́шка ’скрынка’. Лічыцца запазычаннем праз польск. puszka ’тс’, чэш. puška ’тс’ са ст.-в.-ням. buhsa < народнае лац. buxis, грэч. πυξίς ’каробка з самшыту’ (< πυχος ’самшыт’), гл. Фасмер, 3, 415; Булыка, Лекс. запазыч., 190. На прышлы характар рэаліі і слова ўказвае Растаргуеў: пу́шка (выключна ў гарадах) “небольшая деревянная круглая с крышкой коробка от халвы; употреблялась главным образом для хранения мелкой монеты” (ст.-дубск., Растарг.). Пра магчымасць народнаэтымалагічнага асэнсавання слова гл. у Насовіча: “от Пустой, но лит. Puszka” (Нас.).

Пу́шка4 ’гармата’ (ТСБМ, Янк. 1): зробіў скрыпочку і сталяную пушку (гродз., Шн. 2), ст.-бел. пушка ’тс’. Запазычана праз польск. puszka (паводле Банькоўскага, 2, 967: “pożyczka wędrowna”) са ст.-чэш. puška, першапачаткова абазначала як ручную агнястрэльную зброю, так і гармату, што адлюстравалася і ў сучасных славянскіх мовах, параўн. балг. пу́шка ’стрэльба, ружжо’, серб.-харв. пу̏шка, першапачаткова пу̏кша ’тс’; крыніцай славянскіх слоў лічаць сярэднебаварскую форму *pukse ’агнястрэльная зброя’, сучаснае ням. Büchse ’гармата’ < ст.-в.-ням. buhsa ’трубка; ступка, цыліндр’, адкуль і значэнне ’каробка’, гл. пушка3. Параўн. Брукнер, 449; Фасмер, 3, 415; Скок, 3, 71–72; Сной, 516–517; Булыка, Лекс. запазыч., 190; Патры–Тамушанскі, JBS, 4, 3–4, 120; Адзінцоў, Этимология–1978, 113–133; Этимология–1984, 172. Нельга выключыць народнаэтымалагічнае збліжэнне з пу́хаць, пу́каць, пуска́ць (пушча́ць) і пад., параўн. Чарных, 2, 86.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)