прысвяці́ць, ‑свячу, ‑свеціш, ‑свеціць; зак.

1. каго-што. Прызначыць каму‑, чаму‑н., для каго‑н., якой‑н. дзейнасці. Прысвяціць жыццё мастацтву. □ Надзея рашыла прысвяціць сябе любімай справе, якой так і не здолеў аддацца яе муж. Васілёнак. // што. Затраціць, выкарыстаць на што‑н. Другую палавіну дня напярэдадні адлёту касманаўты прысвяцілі развітанню з Масквой. Шыцік. Некалькі вечароў прысвяціў ксёндз Пацейкоўскі, каб улажыць казанне на першае набажэнства. Колас. У клас Віктар Паўловіч прыйшоў узбуджана вясёлы, увесь урок прысвяціў падагульненню. Шамякін. // што. Напоўніць пэўным зместам, зрабіць адпаведным якой‑н. тэме, якім‑н. пытанням. Чарговыя свае заняткі Зіна прысвяціла чытанню новых рашэнняў партыі і ўрада аб уздыме сельскай гаспадаркі. Кавалёў.

2. што. Зрабіць, стварыць што‑н. у гонар каго‑, чаго‑н., прызначыць каму‑, чаму‑н. (звычайна мастацкі твор) як знак павагі, пашаны да каго‑н. Прысвяціць раман памяці маці. Прысвяціць рэкорд гадавіне Кастрычніка. □ Перад ад’ездам на фронт .. [Пасмітны і Лыкоўскі] прысвяцілі адзін аднаму свае вершы. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэа́кцыя 1, ‑і, ж.

1. Дзеянне або ўчынак, які з’яўляецца адказам на якое‑н. уздзеянне. Здарылася дзіўнае: вучні заапладзіравалі маім словам. Хлопцы гучна і весела запляскалі. Дзяўчаты сарамліва апусцілі вочы. Такая неспадзяваная рэакцыя збянтэжыла мяне і трохі спалохала. Шамякін. Смех выклікаў у дзяўчат дваякую рэакцыю. Васілевіч.

2. Спец. Адказ арганізма на тое ці іншае знешняе раздражненне або ўздзеянне. Рэакцыя вока на святло. □ Такія рэакцыі прынята лічыць за паказчык актыўнага цячэння інфармацыі. «Весці». // Рэзкая перамена ў самаадчуванне слабасць пасля моцнага напружання, узбуджэння. Рэакцыя пасля перанапружання.

3. Фізіка-хімічнае ўзаемадзеянне паміж двума або некалькімі рэчывамі.

•••

Ланцуговая рэакцыя — рэакцыя, пры якой прадукты яе могуць зноў уступаць у злучэнні з зыходнымі прадуктамі.

Рэакцыя замяшчэння — хімічнае ператварэнне, пры якім у малекуле злучэння атамы аднаго элемента становяцца на месца атамаў другога элемента.

[Ад лац. re — проці і actio — дзеянне.]

рэа́кцыя 2, ‑і, ж.

Палітыка жорсткага падаўлення рэвалюцыйнага руху і грамадскага прагрэсу, якую вядуць эксплуататарскія класы ў барацьбе за захаванне або зварот сваіх правоў і палітычнага панавання. // зб. Рэакцыянеры, рэакцыйныя сілы. Міжнародная рэакцыя. Прошукі рэакцыі. □ І ў Купалы і ў Коласа вораг .. заўсёды называецца сваім спецыяльным імем: «пан», «ксёндз» — цэнтральныя фігуры польскай рэакцыі. Таўлай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сапсава́ць, ‑псую, ‑псуеш, ‑псуе; ‑псуём, ‑псуяце; зак.

1. што. Зрабіць няспраўным, непрыгодным для ўжывання, карыстання; пашкодзіць. [Дэлегат:] — І каб жа гаспадары, а то сапсуюць зямлю. Зямля любіць, каб і з яе браць і каб ёй даваць. Галавач. Колькі гэты ксёндз сапсаваў паперы, пакуль адна з камедый была прынята да пастаноўкі! Бядуля. // Зрабіць нясвежым (аб прадуктах). Сапсаваць мяса.

2. каго-што. Прывесці ў хваравіты стан. [Доктар:] Вам [Наталі] здароўе сапсавалі няўмекі. Вы не сцерагліся. Чорны. Калупае сахаром той гной Зося, асцерагаецца, праўда, — не доўга сябе сапсаваць. Крапіва.

3. што. Змяніць на горшае, пагоршыць; зрабіць дрэнным. Сапсаваць адносіны. □ Гэтая сустрэча, радасная ўпачатку, пад канец зусім сапсавала.. настрой [Івана Іванавіча]. Быкаў. І ні слова больш не сказаў Рыгорка; так можна ўсю справу сапсаваць. Якімовіч. // Сарваць, парушыць. Добра было б цяпер напасці на [вайсковы абоз]. Але нельга: самавольным учынкам можна сапсаваць увесь план. Маўр. [Верабей:] — Ну, чакайце ж! Ваша свята я таксама сапсую! Гілевіч.

4. каго-што. Зрабіць дрэнны ўплыў. [Давідовічыха:] Ой, не, зусім не сапсавалі твае душы, дзевухна! Лупсякоў. Едучы дадому, Варановіч думаў, што рабіць з Шалютам, якога былая слава сапсавала дашчэнту. Дуброўскі.

5. каго-што. Пазбавіць прыгажосці. Сапсаваць прычоску.

•••

Сапсаваць кроў каму — прычыніць каму‑н. шмат клопату, нарабіць непрыемнасцей.

Сапсаваць (усю) абедню (музыку) каму — сарваць, парушыць каму‑н. якія‑н. планы, справы і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упе́рці, упру, упрэш, упрэ; упром, упраце; пр. упёр, уперла; заг. упры; зак., каго-што.

1. Разм. З цяжкасцю ўпхнуць, уціснуць куды‑н. Уперці рэчы ў чамадан. // перан. Груб. З’есці многа. Закупіў бы рыбы, мяса, Кіло кракаўскай каўбасы, Хлеба белага з паўгорбы І, дальбог, адзін упёр бы! Васілёк.

2. Разм. Унесці, уцягнуць куды‑н. што‑н. цяжкае, грувасткае. Уперці раяль у хату.

3. Шчыльна прыціснуць што‑н. да чаго‑н. канцом, краем, робячы ўпор. Сотнікаў пацягнуўся рукамі з вінтоўкай, каб уперці прыклад у плячо. Быкаў. Генерал упёр бараду ў грудзі і гэтак, з апушчаным тварам, хацеў падацца назад у вагон. Чорны. [Сузон] высек тоўсты дубовы кол, каб падперці клець. Упёр кол канцом адным у зямлю, а другім у шула. Галавач. // Узяцца ў бокі, прыняць ганарлівую паставу. — Ну, што скажаш? — Цаліна ўзяла.. [Сароку] за падбародак, прымусіла ўзняць галаву, адпусціла. Рукі ўперла ў бокі і чакала адказу. Ваданосаў. // перан. Утаропіць вочы на каго‑, што‑н. Я нешта прамычаў, а ксёндз упёр у мяне вочы і наўмысна трымаў мяне некалькі хвілін у такім разгубленым стане. Карпюк.

4. Разм. Навязаць каго‑, што‑н. каму‑н. — Працуе тут у домакіраўніцтве адна. У інстытут не прайшла, дык да нас упёрлі. Даніленка. [Яніна] праклінае бацьку, як самага благога свайго ворага, за тое, што ўпёр яе ў гэтую сям’ю. Мурашка. // перан. Патраціць, выдаткаваць (грошы). [Якаў:] — А хіба Халуста здольны на такое, калі ён свайго Мікалая поедам жарэ кожны дзень, што грошы за яго ўпёр. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Поп1 ’праваслаўны святар’ (ТСБМ), ’святар’ (ТС); укр. піп, рус. поп, балг. поп, с.-харв. по̏п, славен. pòp, чэш., славац., польск., в.-луж. pop, палаб. püöp ’святар; настаўнік’. Са ст.-польск. pop < ст.-в.-ням. pfaffo ’святар; поп’ < познелац. papa ’тс’ < лац. papas ’настаўнік’ < грэч. πάππος ’дзед, продак’ (Фасмер, 3, 327; Чарных, 2, 56). Банькоўскі (2, 698) адмаўляе сувязь з апошнім, мяркуючы, што першапачаткова назва адносілася да паганскага святара, параўн. поп ’снегавік’ (ТС).

Поп2 ’адуванчык, Taraxacum’ (Мат. Гом.), папо́к, пупо́к ’тс’ (Кіс.), папы́, папкі́, папа́ўка ’нівянік, Leucanthemum (Кіс.), папы́, папакі́ ’скабіёза, Scabiosa’ (Кіс., ЭПБ), папкі́, по́пікі ’паўночнік, Knautia’ (Касп., Кіс.), папо́ўнік ’пірэтрум, Pyrethrum’ (ЭПБ), ’вятроўнік, Filipendula’ (Касп., Кіс.), ’баркун, Melilotus’ (Кіс., ЭПБ), папо́к ’канюшына, Trifolium’ (Бяльк.). Найбольш імаверна, названы гэтыя расліны так паводле вонкавага выгляду іх суквеццяў ад пуп (гл.) з пераходам у > o/а, параўн. яшчэ бел. пуп ’бацюшка’ (ЖНС), што, магчыма, звязана з уплывам лексемы поп (гл. поп1) і магло прывесці да ўзнікнення такіх назваў, як ксёндз ’адуванчык’ (Кіс.). Параўн. яшчэ рус. пупо́к ’кветкавая галоўка’, пуповник ’расліна, Scabiosa arvensis’, пупавка ’рамонак’, попо́к ’упрыгожанне спінкі ложка ў выглядзе шарыка’. Польск. pępawa ’адуванчык’. Банькоўскі (2, 538) таксама ўзводзіць да *pǫp‑ava < *pǫp ’пуп’. Па першасную матывацыю ’нешта пукатае, шарападобнае’ паказвае і назва бабок (гл.). Інакш гл. папаўка.

Поп3 ’пер’е цыбулі, часнаку’ (Мат. Гом.). Хутчэй за ўсё да пуп (гл.). Параўн. пупо́к ’калок, які мацуецца да касся’ (Жд. 3, Мат. Гом.), пупо́к ’зашпілька з кавалачка дрэва’, іншыя назвы для гэтай рэаліі цу́рка, па́лачка (ЛА, 4), пупны ’адросткі пер’яў’ (ЛА, 1), параўн. яшчэ ду́дкі, тру́бкі, па́лкі (ЛА, 1). Сюды ж, відаць, укр. піп ’вертыкальна пастаўленая цурка’, рус. поп ’цурка ў гульні, якую збіваюць палкамі’, ’прадмет, які стаіць старчаком’, попы́ ’гарадкі’, балг. по́пак, по́пок, по́пък ’пень’, по́покь, по́пук ’пуп’, чэш. popek ’жалезны калок для рэгуляцыі глыбіні арання’. Магчыма, ранейшае значэнне пуп ’прадаўгаваты кавалак пупавіны, які пакідаюць пры яе пераразанні’ > ’адсечаны кавалак дрэва, цурка, калок’ > ’старчак, цурубалка’. Параўн. пуп (гл.). Фасмер (3, 327) лічыць этымалагічна тоеснымі поп ’цурка’ і поп ’святар’, але не дае матывацыю. Паводле Будзішэўскай (SFPS, 26, 119–122), балг. поп ’слуп, на які апіраецца верх страхі’ — у выніку замены першапачатковага *dědъ ’тс’ пад уплывам хрысціянства (гл. поп1); паводле БЕР (5, 522), выводзіцца з попник, попницъ ’тс’ ад *pьnǫ, pęti, гл. пяць, што сумнеўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)