разгаве́цца, ‑еюся, ‑еешся, ‑еецца; зак.

Уст. Паесці першы раз скаромнага пасля посту. — Завядзёнка тады яшчэ ў людзей такая была: увесь год можаш поснічаць, а на каляды ці на вялікдзень абавязкова разгавецца свежыною. Сабаленка. // Разм. З’есці што‑н. смачнае ўпершыню пасля доўгага перапынку. [Міхал:] Як ты думаеш, маці, можа, сёлета дажынкі справіць? Людзі нам памагалі, цурацца іх нельга... Ды ўрэшце яно — цалюткі год гаруеш, гаруеш, а продыху няма. Хоць разгавецца крыху... С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Карачу́н ’заўчасная смерць’ (Нас.), ’смерць, канец’ (Мал.), ’нешта пакрыўленае’ (Клім., Нар. лекс.), ’крывое і сукаватае дрэва’ (Нар. лекс.), ’нізкарослы чалавек’, «Сіціўрат, або Карачун, Зюзя — падземны цар, казачны бог марозаў, які нёс смерць» (Кіркор). Разнастайнасць семантыкі слоў, якія прыводзяцца, робіць рэканструкцыю першаснага значэння даволі цяжкай. Паралелі з іншых славянскіх моў амаль не дапамагаюць вырашыць гэту задачу: рус. карачун ’заўчасная смерць’, ’злы дух, чорт, дэман’, ’пост перад калядамі’, ’святочны абрад, каляды’, ’сонцаварот зімовы’ (іншыя значэнні яшчэ больш няпэўныя), славац. kračunкаляды’, балг. крачун ’свята летняга і зімовага сонцавароту’. Уражвае тое, што слова зафіксавана амаль толькі ва ўсх.-слав. мовах, прычым украінскія паралелі ненадзейныя. Семантыка ўмоўнай рэканструкцыі korčunъ дэманструе тры тыпы значэнняў: ’зімовы сонцаварот’ (сюды таксама ’каляды’), ’летні сонцаварот’ (відаць, называўся krěsъ: серб.-харв. крѐсови ў тым значэнні) і міфалагічная істота — ’злы дух, падземны цар, уладар маразоў, смерць’. Лёгка заўважыць унутраную сувязь двух першых значэнняў, ’крывое сукаватае дрэва’ зафіксавана толькі ў беларускіх паралелях, якое, паводле нашых меркаванняў, адносіцца да іншай лексемы korkъ (гл. карачкі) (Казлова, Этимология, 1982). Што датычыць лексемы з міфалагічным значэннем, то мы не схільны яе ўзводзіць ні да korkъ ’нага’, ні да korčiti (гл. Трубачоў, Эт. сл., 11, 56–58). Рус. карачун ’дзіця, якое поўзае’ або балг. крачун ’вялікая нага’, з нашага пункту погляду, звязана з korkъ і korčiti, а не з карачун у міфалагічным значэнні. Арэал распаўсюджання для апошняга сведчыць хутчэй аб яго іншамоўным паходжанні. Прапанаваная нядаўна гіпотэза можа, як нам здаецца, праліць святло на паходжанне слова. Паводле гэтай гіпотэзы, балг. крачун і рум. craciunкаляды, свята зімовага сонцавароту’ ўзыходзяць да алб. kërcun ’пень, цурбан’, што тлумачыцца рытуальным спальваннем пня падчас зімовага сонцавароту (Чабэй, Studime filologjike, 1964, 1, 61; Дзясніцкая, Слав. языкозн., 1978, 169). Рум. crǎciun, укр. крачун, славац. kračun у рамках карпацкай міграцыі з поўдня, аб чым сведчыць геаграфія распаўсюджання слова і фанетыка ўкр. паралелі. Пад гэтым адносна познім працэсам праглядваюцца старажытныя моўныя сувязі бел.-рус. лексемы ў міфалагічным значэнні. Гэтыя сувязі мелі месца да метатэзы плаўных і іх можна кваліфікаваць толькі ў плане ўсходнебалканскай міграцыі славян (VI ст. н. э.). Для больш старажытнага перыяду застаецца магчымасць (улічваючы албанскую лексіку) палеабалканскага паходжання славянскіх слоў у палескім арэале. Параўн. яшчэ Дзясніцкая, там жа, 168–170.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каляда́ ’даўнейшы абрад хаджэння па хатах у калядныя вечары з віншаваннем, велічальнымі песнямі’ (БРС, ТСБМ, Гарэц., Нас.; Сержп. Грам.), ’царкоўнае хрысціянскае свята нараджэння Хрыста, якое адзначалася 25 снежня па ст. ст. і ў наступныя дні да вадохрышча’ (Сцяшк.), каляда ’калядны вечар, куцця’ (Сл. паўн.-зах., Шат.), каляда посная, каляды ’свята нараджэння Хрыста’ (ТСБМ, Бяльк., Гарэц., навагр., КЭС; Нік. Очерки., Мядзв., Нас., Сержп. Прымхі, Сл. паўн.-зах.; Сцяшк., Чач., Шат.), каляда ’песня, якая спяваецца падчас гэтага абраду’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.) ’прадукты, якія дарылі ў час каляд’ (ТСБМ, Мал., Сл. паўн.-зах., ТС), ’плата свяшчэнніку за хрэсны ход у час каляд’ (Нас.), параўн. яшчэ ў Радчанкі: «Ой панъ иде, коляду несе, Три куски сала, чтобъ коза встала», ’хвост вяпрука, які вараць на куццю і ядуць у «багатую каляду»’ (Сцяц., Нар.), ’вяпрук, якога колюць на каляды, туша яго’ (зах.-бел.: Жд. 2; Сцяц. Нар.; Сцяшк., Янк. I). Таксама сустракаецца ў песнях (параўн. у Насовіча: «Ехала коляда, колядуючи… Пошла коляда по лёду, разсыпала коледа коляду…» і Радчанкі: «Ишла коляда с конца в конец, Зайшла коляда к Ивану…»), што дало падставу Сержпутоўскаму пісаць пра персаніфікацыю каляды: раней Шпілеўскі адзначаў: каляда ’бог весялосці і радасці’ (Архіў АН СССР, фонд Сразнеўскага). У Насовіча яшчэ коледа ў выразе збор‑коледа ’пра розныя рэчы, сабраныя ў адну купу’. Форма коляды адзначаецца ў Сл. паўн.-зах. і Растаргуевым (з Косіч?), барыс. зафіксавана форма калёды (Сл. паўн.-зах.). Укр. коляда ’свята нараджэння Хрыста, калі пяюць калядныя несці’, ’песні ў калядны вечар’, ’падарунак каляднікам за песні’, рус. коляда ’свята нараджэння Хрыста, калі ходзяць па дамах і пяюць калядныя песні’, ’вечар напярэдадні каляд’, а таксама ’абрадавая песня’, ’падарункі і грошы каляднікам за песні’ смал., калуж., наўг., кур., арл. ’вяпрук, якога колюць па каляды’ (геаграфія невядомая) і шэраг іншых, польск. kolęda ’калядная песня’, ’навагодні або калядны падарунак’, ’адведванне веруючых ксяндзом’, дыял. і ст.-польск. ’хаджэнне па хатах з песнямі і збіранне дароў’, шэраг іншых значэнняў, славін.-каш. kaląda ’калядная песня’, ’абрад хаджэння па хатах з песнямі’, н.-луж. уст. koloda ’навагодні падарунак’, чэш. koleda ’калядная песня’, таксама ’час, калі пяюць калядныя песні’, ’падарунак каляднікам, падарунак на Новы год’, славац. koleda ’калядная песня, якую пяюць на Новы год’, славен. kalę́da ’абрад, свята, калі ходзяць па хатах з музыкаў і песнямі; пры гэтым збіраюцца падарункі’, адзначаецца і форма ’куцця (вечар)’, дыял. kòlēňde ’навагодні падарунак’, серб. ко̀леда, коле́да ’калядаванне, хаджэнне на хатах з песнямі’, макед. коледа ’калядаванне, куцця (вечар), свята нараджэння Хрыста’, балг. коляда, коленда, коледакаляды’ (у Герава і ў дадатках да слоўніка), ст.-слав. калѧда ’calendae’ (’навагодняе свята’). Прасл. kolęda запазычанне з лац. calendae ’першы дзень месяца’, першапачаткова, відаць, свята, звязанае з пачаткам года, паколькі даўнія рымскія святы «календы» адзначалі з 1 па 5 студзеня, далей у сувязі з хрысціянскім уплывам адносна да свята нараджэння Хрыста (гл. Трубачоў, Эт. сл., 10, 135). Міклашыч (24) выказваў меркаванне аб пачатковым распаўсюджванні ў славян Паноніі; праславянскае паходжанне як быццам пацвярджаецца шэрагам фактаў, але не вельмі надзейна. Распаўсюджанне слова на ўсходнеславянскай тэрыторыі сведчыць, магчыма, аб познім характары. Параўн. і Дзясніцкая, Слав. языкозн., 329–332, дзе мяркуецца аб пранікненні балканскай назвы на захад і ўсход славянскага свету.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асу́шак ’сухая скарынка’ (БРС), асу́шчык ’тс’ (Клім.), осух ’першы кусок хлеба, адрэзаны ад бохана’ (Шатал.), асу́х ’сухі кавалак хлеба’ (Лекс. Палесся). Укр. осу́шок ’тс’. Хаця беларускія гаворкі, як паказвае Вештарт, Лекс. Палесся, 121, ведаюць значэнне ’сухая скарынка’, іншаславянскія паралелі паказваюць, што гэта, магчыма, ’асобы рытуальны хлябец’. Так, у в.-луж. wosušk, польск. osuch, osuszek, дзе гэта спецыяльны гатунак хлеба на каляды’, блізкае значэнне і ў славац. osúcht, osúšok; магчыма, таму ёсць і спецыяльныя адценні значэння ў беларускай мове. Але можна дапусціць і паралельнае ўтварэнне беларускага і ўкраінскага слоў. Структура беларускага слова ўказана правільна ў Сцяц., Нар., 29: о‑ + сух + ‑ькъ > асушак. Гл. ашушак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ражаство́, ражджаство́каляды’ (Нас., Сл. ПЗБ, Бяльк.), рожество́, роздво́ ’тс’ (Талстая, Полес.), ражство́ ’тс’ (Гарэц.), рождво́ ’тс’ (ПСл), роздво́ ’тс’ (ТС), параўн. укр. різдво́, рус. рождество́, польск. Boże Narodzenie, чэш. Narození Páně, серб. рождѐство, харв. roždastvo, roždestvo, балг. рождество́, ст.-слав. рождьство, розьство. Утворана ад радзі́ць1 (гл.). Ва ўсходніх славян у XI–XII стст. свята мела назву рожьство, пазней — рожество (Сразн.), ст.-бел. роство, розтво (1387 г.), апошняе з рожьство (> росство, гл. Карскі, 1, 284), што адпавядала зыходнай стараславянскай форме гэтага слова са значэннем ’нараджэнне’, ’дзень нараджэння’. Параўн. ст.-бел. роженье: день роженья его (Альтбаўэр) як сінанімічнае ўтварэнне ад таго ж кораня, але з іншым суфіксам, сучаснае ражджэ́нне ’нараджэнне’ (Сл. ПЗБ), рожэ́нье ’тс’ (ТС) (Фасмер, 3, 493; Чарных, 2, 119–120; БЕР, 6, 304).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

[Бага́цце] ’агонь, вогнішча, касцёр’. Існаванне гэтага слова ў бел. мове вельмі праблематычнае. Фасмер, 1, 101–102; Трубачоў, Проспект, 39, не ўказваюць крыніцу. Вядомыя слоўнікі бел. мовы (уключаючы і дыялектныя) яго не знаюць. Рус. дыял. бага́ть, бага́тье, укр. бага́ття ’вогнішча’. Паходжанне слова спрэчнае. Звычайна збліжаюць з грэч. φώγω ’пяку, смажу’, ст.-в.-ням. bahhan (ням. backen) ’пячы’ і г. д. Гл. Бернекер, 38; Фасмер, 1, 101–102; Трубачоў, Проспект, 39. Але багацце з яго марфалагічнай структурай не здаецца старым словам. Больш верагодная сувязь з бага́ты; матывацыя тут вылучалася розная: 1) Патабня, ЖСт., 1891, 111, 117 (міфалагічнае ўяўленне агню золатам, багаццем); гл. Зяленін, Табу, 2, 59 і наст.; Гаверс, Tabu, 65 (першапачаткова багацця < *bogatъ ’багаты’; Фасмер (ZfslPh, 20, 454) лічыць гэта народнай этымалогіяй); 2) Ільінскі (ИОРЯС, 23, 128) лічыў, што назва (< багацця < *bogatъ ’багаты’) узнікла ў прымітыўным быту, калі вогнішча часта было сапраўдным багаццем. Не пераконвае Корж, ЗНТШ, 6, 117–118, які ўкр. бага́ття параўноўвае з серб.-харв. бо̀жић ’пень, які запальваюць на каляды’ і выводзіць ад бог (Дажь‑богъ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыпячы́, ‑пяку, ‑пячэш, ‑пячэ; ‑пячом, ‑печаце, ‑пякуць; пр. прыпек, ‑пякла, ‑пякло; заг. прыпячы; зак.

1. каго-што. Разм. Пратрымаўшы доўгі час на агні, на жары, падпаліць. Прыпячы пірагі. // Трохі, злёгку спячы; апячы. Прыпячы руку правам. □ А запалка дагарэла і — чуць не прыпякла пальцаў — стухла. Баранавых.

2. каго-што і без дап. Моцна прыгрэць (пра сонца). На другі дзень, калі шчодра прыпякло гарачае веснавое сонейка, расада раптам пачала вянуць... Якімовіч. // безас. Пра адчуванне моцнай гарачыні. Наступаў Кірыла так напорыста і рашуча, што ледзь не ўлез у агонь — наблізіўся да кастра так блізка, што яму прыпякло калена. Шамякін. У Каляды тлела гімнасцёрка, але ён не заўважаў гэтага, вёў агонь, аж пакуль добра не прыпякло. Гурскі. // перан.; безас. Прыйсціся цяжка, крута. Чаго ж.. [Томчак] даў цягу адтуль у Польшчу? Відаць, прыпякло. Бажко. — На тваім месцы і я каго-небудзь супакойваў бы. А калі самому прыпякло... Асіпенка.

3. што. Прыкласці што‑н., змазаць чым‑н. едкім, пякучым (для лячэння, дэзінфенкцыі); прыпаліць. Прыпячы парэз ёдам.

4. што і чаго. Разм. Спячы дадаткова, у дадатак да ўжо спечанага. Прыпячы хлеба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Табала́1 ’натоўп, гурт’ (Ласт., Кал.; дзярж., Нар. сл.), ’воўчая гайня; руя (многа) дзяцей’ (віл., ЛА, 5), ’вялікая зграя’ (віл., Сл. ПЗБ), з семантычным працягам ’набор жартаўлівых песень’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Параўн. аналагічныя ўкр. та́бала і табала́ ’натоўп, гурт, зграя’, якія, паводле ЕСУМ (5, 499), запазычаны з рум. tábără ’маса, натоўп’, апошняе ў сваю чаргу — да табар1, гл. Аднак паўночна-заходні арэал распаўcюджанасці беларускіх найменняў не дазваляе прама звязваць іх з украінскімі, а хутчэй прыводзіць да думкі аб тыпалагічнай тоеснасці фанетычнай субстытуцыі санорных ў запазычанай лексемы, гл. табар2. Больш імаверна, згодна з Лабко (БЛ, 14, 67–68), звязаць іх з літ. tabala ’цурбанны вечар, куцця’, што да tabala ’калодка, якую цягалі хлопцы і дзеўкі на Каляды’, tabalaĩ ’народны музычны інструмент у выглядзе падвешаных дошчачак, якія выдаюць гукі рознай вышыні’ (параўн. Экерт, Зб. Бернштэйну, 33–35; Велюс, Балто-слав. иссл., 337; Грэймас, Этн., 281), адсюль значэнне ’натоўп, гурт’ адносна ўдзельнікаў шматлікай і шумнай святочнай працэсіі. Падобны звычай пад назвай “валачыць калодку” на масленіцу (Касп., Дабр., Растарг., і інш., падрабязна гл. Антропаў, Зб. памяці Талстога, 21–33) вядомы таксама ва Украіне, Славеніі і ў цэнтральнай Еўропе, параўн., напрыклад, градзішч.-харв. rast vleć ’валачыць дуба’, bor vleći ’цягнуць сасну’, korito vloć ’цягнуць карыта’, што, магчыма, звязана са старой еўрапейскай каляднай традыцыяй, якая ўзыходзіць да рымскіх часоў, параўн. Агапкіна, Основы, 203–244; Плотнікава, Слав. языкозн., XIV, 415. Таму нельга выключыць сувязь з лац. tabula ’дошка’, на падабенства якога з літоўскімі словамі звярнуў увагу Шмітляйн, Revue International d’Onomastique (Paris), 24, 208.

Табала́2 ’пустамеля’ (віл., Жд. 2), ’недарэка, звягала, што лаецца і крычыць’ (Варл.). Рус. дыял. табалу́ бить ’бадзяцца без справы, гарэзіць’ і вытворныя табалы́га ’бадзяга, гультай’, табалы́жить, табалы́жничать ’бадзяцца без справы; гультаяваць’ (Даль; без тэрытарыяльных памет). Фасмер (4, 5–6) параўноўвае з літ. tabalóti, ‑oju ’кульгаць; блытаць’, tabalùs mùšti ’куляцца’, але яны, на думку Брукнера, запазычаны са славянскіх моў (там жа; але без адпаведных славянскіх лексем), супраць чаго па фанетычных паказчыках Фрэнкель (1048), які да літ. tabalús mušti, tabaluoti дадае яшчэ старое літ. tabalka. Аднак ён не выключае магчымасці калькавання дзеяслова з рус. табалу́ бить у літ. tabalús mušti, што падаецца даволі сумніўным. Улічваючы фіксацыю, ёсць падставы выводзіць беларускае слова непасрэдна з літ. tabalas ’тое, што боўтаецца’, ’бірулька’ з цалкам натуральным семантычным пераасэнсаваннем літ. tabalúoti ’матляць’ — ’балбатаць’, да семантыкі параўн. целяпаццацеляпень, гл. Лабко, БЛ, 14, 67 і папярэдняе слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэба1 ‘ахвярапрынашэнне’, ‘рэлігійны абрад (хрысціны, вянчанне, паніхіда), які выконваецца святаром па просьбе веруючых’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ст.-бел. треба ‘ахвяра’ (ГСБМ). Параўн. стараж.-рус. тереба, якое праз ц.-слав. са ст.-слав. трѣба ‘ахвяра’. Паводле Фасмера (4, 95), разумеецца як ‘выкананне абавязку’ і звязана з трэба2 (гл.). Параўн. таксама палаб. trebeкаляды’, больш падрабязна Ферлюга-Пятроніё, Linguistica, 20, 2, 138 і наст. Зафіксаванае на Брэстчыне трэ́бо ‘роўнае месца за вёскай з незамярзаючым ручаём’ (Чэрн.), а таксама трэ́ба ‘ляда, месца, дзе высечаны лес’ (бяроз., Шатал.), хутчэй з ўсё, не мае непасрэдных адносін да ‘месца, куды прыносіліся ахвяры багам’, а звязана з трыб1 ‘прасека ў лесе’, гл.

Трэ́ба2 ‘патрэба, неабходнасць’ (Нас.), ‘клопат, справы’ (Нар. Гом.), ‘неабходна, абавязкова, патрэбна’, ‘пажадана’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Бяльк., Шат., Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., Яруш., Мал., Федар. 4, ТС, Кліх, Ян., Растарг., Сл. ПЗБ), ‘належаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ‘мець патрэбу ў чым- ці кім-небудзь’ (смарг., воран., вільн., шальч., іўеў., Сл. ПЗБ), ‘быць патрэбным’ (Нас.), тре́ба ‘трэба’ (Бяльк.; Мат. Маг. 2), трэ́бо ‘тс’ (Скарбы₂; слуц., Мат.), ст.-бел. треба ‘патрэба’: ездилъ есми у требе моей до урадника (ПГС), сюды ж трэ́бака ‘тс’ (пін., Нар. лекс.), тра́було, трэ́було ‘трэба было’ (пін., Ск. нар. мовы), трэ́буль ‘тс’ (астрав., там жа); трэ́батка ‘тс’ (Рагаўц.), трэ́бацімя ‘трэба будзе’ (шчуч., З нар. сл.). Параўн. укр. тре́ба ‘трэба’, зах.-укр. трі́ба ‘патрэба, спроба’, рус. зах. треба ‘патрабаванне’: по требе явиться (Даль), польск. trzeba ‘трэба, неабходна, варта, як належыць, патрэбна было б’, каш. třeba ‘трэба’; н.- і в.-луж. trjeba ‘патрэбна, неабходна’, чэш. třeba ‘тс’, ‘нават, хаця’, ‘хаця б’, ‘можа быць’, ‘бадай што, мабыць’, славац. treba ‘трэба, патрэбна, належыць’, trebars ‘хаця’, славен. tréba (je), харв. trijéba, серб. тре̏ба ‘патрэбна’, дыял. цімак. тре́бе ‘тс’, балг. трѐба ‘грамадская справа’, макед. треба ‘быць неабходным, патрэбным’, ст.-слав. трѣбѣ (ѥсть) ‘патрэбна, трэба, неабходна’. Прасл. *terba ‘патрэба, неабходнасць’ рэканструюць на падставе матэрыялу часткі славянскіх моў, разглядаючы яе як аснову, варыянтную ў адносінах да і.-е. *terp‑: ст.-прус. enterpo ‘ўжывае, патрабуе, патрэбны’, літ. tar̃pti ‘квітнець’, гоц. þaúrban ‘патрабаваць’, þarbs ‘неабходны, патрэбны’, ст.-в.-ням. durfan, thurfan ‘патрабаваць’, ням. dürfen ‘магчы; мець дазвол’, ст.-грэч. τέρπώ ‘насычаюся; маю досыць; радуюся, весялюся’, ст.-інд. tŕ̥pyati, tárpati ‘насычацца’ (Борысь, 648; Фасмер, 4, 96; Сной₂, 779; ESJSt, 16, 979). Беларускія і ўсходнеславянскія формы разглядаюцца як запазычаныя з царкоўнаславянскай або польскай (гл. Анікін, РЭС, 9, 204; Цвяткоў, Запіскі, 2, 63), што, улічваючы шырокае іх распаўсюджанне, здаецца малаверагодным і ставіць пад сумненне прапанаваную этымалогію (пра поўную яе няяснасць гл. ESJSt, 16, 979). Скок (3, 501) мяркуе, што першасным значэннем прасл. *terb‑ было ‘церабіць’, і ўтвораны ад дзеяслова *terbiti (гл. церабіць) назоўнік *trěba абазначаў ‘праца’, пазней — ‘карчаванне’, якое было вельмі патрэбным у жыцці ранніх славян, таму развілося значэнне ‘патрэба ўвогуле’ > ‘патрэба, неабходнасць’; паводле Трубачова (Этимология–1994–1996, 25) — ‘вострая неабходнасць, справа’. У ЕСУМ (5, 626) прасл. *terba ‘патрэба, неабходнасць’ звязваецца з *terbiti ‘ачышчаць ад лупінаў’, ‘церабіць’, ‘карчаваць’, ‘мяць’, ‘пакладаць’. Сюды ж трэ́баваць ‘быць у цечцы (пра свінню)’ (Юрч. СНЛ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кла́сціся, кладу́ся, кладзе́шся, кладзе́цца; кладзёмся, кладзяце́ся; пр. кла́ўся, кла́лася; незак.

1. Прымаць ляжачае, гарызантальнае становішча; проціл. ўставаць (пра людзей, жывёл). Класціся на ложак. □ Волька Янкава сказала Тодарчыку не кідаць Смыка, бо ён наравісты. А знаравіцца — кладзецца ў аглоблях нават на сухім. Хоць забі яго. Пташнікаў. / У спалучэнні са словамі, якія паказваюць на тыя ці іншыя асаблівасці такога становішча. Класціся на бок. Класціся на спіну. // Укладвацца, размяшчацца (для сну, адпачынку). Прыходзячы з работы дахаты, Дзяніс прымаў душ, абедаў і клаўся адпачываць. Пестрак. // Адпраўляцца на лячэнне (у клініку, шпіталь і пад.). Класціся ў бальніцу. // перан. Разм. Паміраць, гінуць (у баі, на вайне). — Б’юць царскае войска. Як пракосы на сенажаці пад касой кладуцца, гэтак там кладуцца.. салдаты. Мурашка.

2. Апускацца, падаць на якую‑н. паверхню. Снег кладзецца белым пухам. □ Навокал Каляды клаліся варожыя снарады, узнімаючы зямлю. Гурскі. // Размяшчацца дзе‑н. пэўным чынам. Доўгія русыя валасы [у Іны] хвалямі клаліся на плечы. Ваданосаў. // Выступаць на паверхні ў форме следу, адбітка і пад. А за касцом двума слядамі Адбіткі ног яго кладуцца. Колас. Ад зубчатых трактарных калёс След адменны клаўся па зямлі. Астрэйка.

3. Засцілаць сабою што‑н., распаўсюджваючыся на паверхні. На поле клаўся туман. На захадзе раз’яснівалася. Пташнікаў. Гарыць, патрэсквае касцёр, водсветы яркага полымя кладуцца на твары, на чырвоныя гальштукі. Бялевіч. / Пра загар, румянец, маршчыны. Прыжмурана глядзеў [Абрам] у даль вуліцы, а каля вачэй клаліся свежыя маршчыны. Пестрак. // Наступаць (пра зіму). Пачала класціся зіма. Лужанін.

4. Браць які‑н. напрамак (пра самалёт, карабель). «Балтыка» ідзе ранейшым курсам, а караблі кладуцца на зваротны курс. «Звязда».

5. Добра прыставаць, паддавацца кладцы. Цэгла роўна кладзецца ў сцяну. □ Пячатка клалася ясна, аж прыліпала, і абадок з назваю ведамства, і асяродак з назваю завода відны былі вельмі добра. Скрыган. // Адпавядаць, падыходзіць. Сапраўды, калі апошні зборнік «Пад мачтай» супадае з перыядам спаду Народнага фронту, дык два папярэднія ніяк не кладуцца ні тэматычна, ні храналагічна ў рамкі творчых перыядаў. У. Калеснік. // перан. Лёгка і свабодна выкладацца, выказвацца (пра думкі, слова і пад.). Калі думаеш і нават калі гаворыш, словы гладка кладуцца адно да аднаго, атрымліваецца складка, прыгожа. Новікаў.

6. перан.; на каго-што. Станавіцца чыім‑н. абавязкам, заняткам і пад. — Гэта можна зрабіць і дома, — запярэчыў Аляксееў, адчуваючы, што адказнасць за Юркаў лёс у гэты момант кладзецца і на яго. Карпаў. Усе клопаты кладуцца на плечы брыгадзіра. Асіпенка. // У спалучэнні са словамі «на душу», «на сэрца» і пад. абазначае: рабіцца прадметам цяжкага роздуму, непакою, трывогі. Енкі і балючы плач раздзіралі мураваныя сцены, цяжкім каменем клаліся на сэрца вязня. Няхай. На сэрца кладзецца Дум горкіх цяжар. Колас.

7. Зал. да класці.

•••

Класціся ад смеху (са смеху) — моцна смяяцца.

Класціся спаць з курамі — класціся спаць вельмі рана, як толькі сцямнее.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)