Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯ́ДЫ (ад лац. Calendae календы — назва першага дня кожнага месяца ў рымлян),
народнае зімовае свята дахрысц. паходжання, звязана з першым павелічэннем самага кароткага дня. У гадавым крузе нар.агр. абрадаў і святкаванняў займала 1-е месца. З усталяваннем хрысціянства прымеркаваны да рэліг. свят Раства Хрыстова і Вадохрышча. На Беларусі хрысц. рытуал святкавання К. цесна пераплецены з народнай святочнай традыцыяй. К. працягваюцца з 24 снеж. да 6 студз. (ст.ст.) Для К. характэрны тры абрадавыя вячэры (куцці); посная (вялікая) спраўляецца перад 1-м святочным днём; багатая (тоўстая, шчодрая) з мяснымі стравамі — у вечар перад Новым годам; посная (галодная, вадзяная) — перад Вадохрышчам. Наладжвалася калядаванне, варажба, шматлікія забавы, гульні; спявалі калядныя песні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́ЦА,
абтоўчаны ячмень, ячныя крупы, а таксама каша з ячных круп. Ячмень сушылі, таўклі ў ступе, паліваючы вадой, каб адстала шалупінне, потым ачышчалі веяннем (палалі). З груцы варылі кашу, суп, на каляды — куццю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІ́ШАНЬКА»,
бел.нар. гульня. У гульню «Вішаньку» («Ірваць вішаньку») гуляюць пераважна на Каляды. Дзяўчына становіцца на ўслончыку паміж двух хлопцаў, якія, узяўшыся за рукі, ахоўваюць яе («вішаньку») ад трэцяга, што стаіць побач з імі. Дзяўчына, трымаючы ў роце саломінку, паварочвае галаву з боку ў бок. Той трэці павінен падскочыць да дзяўчыны і губамі схапіць саломінку. Калі гэта ўдаецца, дзяўчына цалуе яго.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́ДКІ,
бел. традыцыйны мучны выраб. Пшанічную муку (вышэйшых гатункаў) замешваюць на заквасцы, разведзенай малаком, сыраквашай, сыроваткай. У цеста дадаюць яйкі, масла, соду або дрожджы. Пякуць на змазанай тлушчам патэльні ў гарачым духу печы. Гатовыя аладкі мажуць маслам, мачаюць у тук, смятану ці варэнне, даўней палівалі цёртым макам (найчасцей на Каляды). Пашыраны па ўсёй тэр. Беларусі. На Палессі аладкамі наз. бліны з таркаванай бульбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНАВА́Л (італьян. carnevale, верагодна, ад лац. carrus navalis пацешлівая калясніца, карабель святочнай працэсіі),
форма масавай нар. культуры (вулічныя шэсці, тэатралізаваныя гульні, камічныя інсцэніроўкі, парадзіраванне грамадска-паліт. і інш. афіцыйна высокіх ін-таў, якія пераводзяцца ў гратэскава-камічны аспект). Склаўся ў сярэдневяковай Еўропе. Ва ўсх.-слав. рэгіёне выявіўся ў калядных, масленічных, велікодных, купальскіх і інш. абрадах з удзелам скамарохаў, блазнаў. Своеасаблівым К. на Беларусі з’яўляюцца Каляды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДО́ХРЫШЧА, Хрышчэнне Гасподне, Богаяўленне,
адно з дванадзесятых свят праваслаўя; зімовае свята нар. календара, якім завяршаюцца Каляды. Адзначаецца 6(19) студзеня. Хрысціянская рэлігія звязвае Вадохрышча з хрышчэннем Ісуса Хрыста Іаанам Хрысціцелем у рацэ Іардан і з’яўленнем усіх асоб Святой Тройцы. У царк. каляндар увайшло не раней як у 2-й пал. 2 ст. У гэты дзень у цэрквах адбываецца асвячэнне вады, у цудадзейную моц якой верылі яшчэ з дахрысціянскіх часоў. На Вадохрышча варажылі пра будучую гаспадарку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАВА́ТАЯ (Раіса Уладзіміраўна) (н. 11.3.1953, г. Асіпенка, Украіна),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1975). Працуе на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва (з 1975). Сярод работ: габелены «Першыя камедыянты» (1980), «Сланечнікі» (1982), «Купалінка» (1983), «Ноч на Беразіне» (1986), трыпціх «Вытокі» (1988), «Герберы» (1989), «Каляды» (1991), «Ціхая затока» (1996) і інш. Стварае таксама касцюмы для самадз.фалькл. калектываў. У яе творах — сучасныя рытмы, багацце фарбаў, якія спалучаюцца з глыбокімі нац. традыцыямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЕЗДАРЫ́,
група вясковай моладзі, якая паводле старадаўняга звычаю на Каляды хадзіла ад хаты да хаты з песнямі, скокамі, гульнямі і насіла на кіі асветленую знутры зорку — звязду. Нашэнне звязды суправаджалася калядаваннем, паказам «Казы», «Мядзведзя», «Жорава», «Кабылы», «Цыганоў», батлейкі, скамарохаў. З. ў суправаджэнні калядоўшчыкаў спявалі калядныя песні, што вызначаліся святочна-прыўзнятым, гулліва-гумарыстычным настроем і ў якіх выказваліся пажаданні дабра і заможнасці гаспадарам хаты, за што гаспадары частавалі З. і адорвалі.
Звездары з в. Заходы Шклоўскага раёна Магілёўскай вобл. 1904.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРТЭ́П (стараслав. і стараж.-рус. пячора),
1) украінскі нар. лялечны тэатр. Вядомы з 16 ст., распаўсюджаны ў 17—19 ст. Уяўляў сабой драўляную двух’ярусную скрыню ў выглядзе хаткі. Кожная сцэна-ярус мела проразі для ваджэння лялек. На верхнім паверсе паказвалі сцэны на біблейскія сюжэты, на ніжнім — інтэрмедыі (кароткія камічныя сцэнкі з песнямі і танцамі) свецкага характару. Прадстаўленні вяртэпа па традыцыі ладзіліся на Каляды. Дзеянне суправаджалася музыкай, у т. л. каляднымі песнапеннямі. Блізкі да бел.батлейкі, польск. шопкі, рус. пятрушкі.
2) Слова «вяртэп» ужываецца і для абазначэння трушчобы, прытона.