Здо́льны ’такі, што ўмее ці можа што-н. рабіць, таленавіты’. Польск. zdolný, чэш., славац. zdolný ’тс’, славен. zdọ̑ljnji ’ніжні’ (< zdolu ’знізу’). Бел. здо́льны, відаць, з польск. zdolny, утворанага ад zdoleč ’змагчы’ — дзеяслова, пашыранага ў гэтым знач. у зах.-слав., пры дапамозе суф. ‑n‑. Параўн. здолець.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

змагчы, здолець; патрапіць (разм.); падняць (перан.) □ даць рады

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

абысці́ся, абыду́ся, абы́дзешся, абы́дзецца; абышо́ўся, -шла́ся, -шло́ся; абыдзі́ся; зак.

1. Задаволіцца тым, што ёсць; здолець пражыць без каго-, чаго-н.

Без іх абыдземся.

2. Так ці інакш паставіцца да каго-, чаго-н.

А. па-людску з чалавекам.

Несправядліва абышліся з супрацоўнікам.

3. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Запатрабаваць пэўных расходаў, якіх-н. затрат.

Паліто нядорага абышлося.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Закончыцца добра, без непрыемнасцей; уладзіцца.

Усё абышлося добра.

|| незак. абыхо́дзіцца, -джуся, -дзішся, -дзіцца і абхо́дзіцца, -джуся, -дзішся, -дзіцца.

|| наз. абыхо́джанне, -я, н. (да 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Сумо́даць ’сумець, змагчы’ (дзярж., Нар. сл.), ’здолець, ухітрыцца’ (Кал.), сумо́наць (< *сумоднаць?) ’тс’ (Сцяшк. Сл.). Няясна; магчыма, прэфіксальны (з су-) дэрыват ад мадзець (гл.) з пераходам дзеяслова ў катэгорыю форм на ‑аць. Дзеяслоў сумо́наць Цыхун (Зб. Мальдзісу, 402) суадносіць з літ. sumanýti ’задумаць, узяцца за справу’, што таксама сустракаецца з пэўнымі семантычнымі цяжкасцямі. Параўн. яшчэ намо́наць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Няўздо́лець ’хварэць; быць не ў стане, не змагчы’ (Гарэц., Сержп., Шат., Касп., Сл. ПЗБ), няўздо́ліць ’быць нездаровым’ (Грыг., Нас.), неўздалець ’хварэць, быць не ў стане’ (Нас.), сюды ж неўздалека, неўздаляка ’слабасільны’ (Касп., Панюціч, Лексіка, 82), няўздо́лы ’фізічна слабы, нядужы’ (Панюціч, там жа). Да рэдкага ўздо́лець ’змагчы, быць у сілах’ (Нас.). З прэфіксам у з‑ (*vъz‑), часцей выступае варыянт здолець (гл.), параўн. нездалека (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

змагчы́, змагу, зможаш, зможа; пр. змог, змагла, ‑ло; зак., звычайна з інф.

Здолець зрабіць што‑н. — Стаць разведчыцай ты зможаш у любы момант, калі гэта спатрэбіцца. Шамякін. Дрэвы забылі пра буры і страты, Раны свае загаіла зямля. Толькі нічога забыць не змагла ты, Памяць мая! Танк. // Атрымаць магчымасць зрабіць што‑н. Далёкая мілая мама, Я знаю — каб толькі змагла, Не зёлкамі ты, а рукамі Бяду б ад мяне адвяла. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Адо́лець ’асіліць’ (Шат.), адалець ’тс’ (Яруш.), ст.-рус. одолѣти, ст.-чэш. odolati, ст.-слав. одолѣти, серб.-харв. одо̀љети, славен. odoleti ’тс’ да дол (гл.). Не трэба змешваць са здолець, здольны (гл.) (< доля). Апошняя група лексем толькі беларуска-ўкраінска-польская (гл. Мартынаў, Лекс. балтызмы, 26). Гэтыя дзве групы традыцыйна ўзводзяць да адной. Бернекер (1, 206) праз рус. одолить ’выдзеліць’ намагаецца іх звязаць, але не пераканаўча. Ст.-бел. одолѣти ’задаволіць’ (1595) (Нас. гіст.), магчыма, вынік семантычнай кантамінацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́здаль ’высокі нязграбны падлетак’ (кіраў., Нар. сл.), су́здыль ’сухі, танклявы чалавек’ (Бяльк.). Няясна; магчыма, аддзеяслоўны дэрыват ад суздо́ліць < здо́лець (гл.); першапачаткова, верагодна, у іранічным ужыванні. Трубачоў (Труды 1, 304) лічыць выпадковым фармальнае супадзенне з назвай горада рус. Суздаль (для якой прапануецца этымон *суздаль ’глінабітнае або цаглянае збудаванне’, параўн. ст.-слав. създати ’збудаваць’) і мяркуе пра балтыйскае паходжанне з формы, блізкай да літ. sausuõlis ’сухое дрэва’, што таксама няпэўна. Не выключаю ўтварэнне на базе шырока вядомых на ўсходзе Беларус! назваў гандляроў-разносчыкаў суздала, суздальцы, што паходзілі ад назвы горада.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

абысці́ся, абыдуся, абыдзешся, абыдзецца; пр. абышоўся, ‑шлася, ‑шлося; заг. абыдзіся; зак.

1. Задаволіцца тым, што ёсць; знайсці выйсце са становішча, абмяжоўваючыся наяўнымі сродкамі. Ды зрабілі хлопцы з толкам, абышліся без вяроўкі: паяскі свае сабралі, у адзін усе звязалі. Дубоўка. // Здолець пражыць без каго‑, чаго‑н., не выкарыстаць каго‑, чаго‑н. Бацька, дзед і прадзед ўмелі іграць на скрыпцы і былі скамарохамі для ўсяе акругі. Ніводнае вяселле без іх не абышлося. Гарэцкі.

2. Так ці інакш паставіцца да каго‑, чаго‑н., выявіць пэўныя адносіны. Абысціся па-людску. Ветліва абысціся. □ Тут дзед пачаў пералічаць усе здарэнні, дзе з сялянамі абышліся несправядліва. Колас.

3. Выклікаць пэўныя расходы, страты; каштаваць. Перавозка грузаў абышлася ў 50 рублёў. □ Маёрава смерць дорага абышлася немцам. Гурскі.

4. Закончыцца добра, без непрыемнасцей; уладзіцца. Андрэй быў рады, што ўсё абышлося шчасліва. Шахавец. [Шафёр:] — Добра, што ўсё так абышлося. Кулакоўскі.

•••

Абысціся ў капейку (капеечку) — дорага каштаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аду́жаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; заг. аду́жай зак., каго-што.

1. Падужаць, перамагчы, адолець, узяць верх над кім‑, чым‑н.; справіцца з кім‑, чым‑н. Пачуў [Васіль], як брыдкая млоснасць кволіць рукі, ногі, усяго. Стараўся адужаць яе. Мележ. Што нам мяцеліца, Вецер і сцюжа? Што маладосць нашу Зможа адужаць? А. Александровіч. // Авалодаць якім‑н. рамяством, умельствам. [Дзед:] — Малады яшчэ ты дужа падымаць у кузні молат. Рамяство маё адужаць — гэта іншая размова. Дубоўка.

2. Змагчы, здолець. Конь такі, што гадай, ці адужае прывалачы столькі лесу. Мележ. [Гіляр:] — Я згодзен ісці пехатой да самых Бацяновіч і несці на сябе столькі арэхаў, колькі адужаю, абы ў нас сталася так, як тут. Дубоўка.

адужа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; заг. адужа́й; зак.

Набрацца сілы; ачуняць пасля хваробы. Мы адлятаць гатовы ў родны край, Туды, дзе адужалі нашы крылы. Барадулін. Каб адужалі дрэўцы, Каб цешыліся сэрцы, Калі там зашуміць здалёк Зялёны хвойнік ці гаёк. Лужанін. Некалькі месяцаў Марыля жыла ў эвакуацыі, пакуль трошкі адужаў сынок. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)