тапта́цца, тапчуся, топчашся, топчацца; незак.

1. Пераступаць з нагі на нагу на адным месцы. На паляне Анісім доўга таптаўся на месцы, чуйна ўслухоўваўся, з якога боку дзьме вецер, — хаця б не пачуў дзік чалавека. Сачанка. // Хадзіць туды-сюды на невялікай прасторы. Яшчэ больш .. [Антон] угнуў плечы і бязмэтна пачаў таптацца каля драбін. Чорны. — Чаго ж мы будзем таптацца на ганку? — зноў парывіста загаманіў Шырокі. Колас.

2. Рабіць што‑н., не дасягаючы мэты. Часці тапталіся на месцы, наступленне, было відаць, пачынала зрывацца. Мележ. // Рабіць што‑н., завіхацца, але без значнага плёну. [Касарыцкая:] — Тут дзень пры дні круцішся, топчашся, падмятаеш, даглядаеш... Іншы раз і знаку ніякага няма, як ваду ў ступе таўчэш... Грамовіч.

3. Глуміць, ходзячы па чым‑н. [Мікалай Патапавіч:] — Чаму вось гэтая .. «Фіялка» стаіць і жолаб з голаду грызе, а побач аднагодак топчацца па сене? Кулакоўскі. // Разм. Ходзячы па чым‑н., наносіць бруд. [Санітарка:] — І ночы на цябе няма! Ідзі спаць, хлопча, і не тапчыся па чыстай падлозе, усё роўна не пушчу. Грахоўскі.

4. Зал. да таптаць.

•••

Таптацца на (адным) месцы — не развівацца, не рухацца наперад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Таўчы́ ’здрабняць; мяць’, ’біць, збіваць; штурхаць’, ’вытоптваць’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Касп., Федар. 4, Ласт., Шат., Стан.), ’біць’ (Жд. 3), ’выціскаць мёд з сотаў’ (круп., слуц., ЛА, 1), товчы́ ’апрацоўваць таўкачом, штурхаць’ (бяроз., драг., кобр., іван., стол., ЛА, 2), таўчы́ і тоўч ’тс’ (Бяльк.), тоўч ’тс’ (Растарг.): тоўч кросны ’апрацоўваць аснову (кроснаў)’ (мсцісл., Жыв. сл.), ст.-бел. толчи, товчи ’біць, таўчы’ (пач. XVI ст., КГС), толчи ’гучаць, раздавацца’ (?): голос милостника моего толчетъ (Альтбаўэр); сюды ж таўчы́ся ’біцца, грукаць’ (Барад.), ’знаходзіцца ў цеснаце; сноўдацца без справы’, ’круціцца на адным месцы (пра насякомых, птушак)’ (ТСБМ, Шымк. Собр.), ’патрабаваць спарвання (пра жывёл)’ (Касп.), ’гайняваць, знаходзіцца ў стане цечкі (пра ваўкоў)’ (валож., воран., слонім., ЛА, 1), ’бесперастанку працаваць, завіхацца’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ’забаўляцца, гуляць, дурэць’ (брасл., Сл. ПЗБ), таўчы́са ’штурхацца; рабіць што-небудзь, увіхацца’ (ст.-дар., ЖНС); тоўчы́са ’тс’ (ТС), товчы́са ’штурхацца’ (стол., ЛА, 2), товчы́сʼе ’тс’ (Вруб.), товчы́ся ’тс’ (кам., ЛА, 2), товчы́сь ’тс’ (іван., бяроз., ЛА, 2). Укр. дыял. товчи́, рус. толо́чь, толчы́, стараж.-рус. тълчи, толочи ’біць, таўкці’, польск. tłuc, чэш. tlouci, славац. tľcť, в.-луж. tołc, н.-луж. tłuc, палаб. tauet, славен. tólči, серб.-харв. тући, балг. дыял. тълча́, то́лчем, макед. толче, ст.-слав. тлъшти, тлѣшти ’біць, таўкці, расціраць’. Прасл. *teltʼi ’тс’ (Сной у Бязлай, 4, 193), роднаснае прасл. *telkti, *tolkti ’тс’, гл. таўкці; параўн. кантамінаванае товкчи́ ’абточваць (проса, ячмень); таўчыся на сонцы (пра камароў, мошак)’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Гл. таксама Фасмер, 4, 73–74; Шустар-Шэўц, 1512. Параўн. талоць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шчырава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

Разм.

1. Дбайна, старанна, рупна рабіць што‑н.; завіхацца каля, вакол чаго‑н. [Рында:] — Усё жыццё стараўся, шчыраваў, як тая пчала, а тут уся тая праца можа кануць як у ваду. Машара. Увесь дзень, да позняга вечара, да цемры, шчыравала Хадоська: зграбала сена, зносіла з Іванкам копы. Мележ. Руплівая і шчырая, [гаспадыня] карміла і частавала нас, шчыравала і перапрашала. Янкоўскі. // Праяўляць стараннасць у чым‑н.; выслужвацца перад кім‑н. Але як ні шчыравала дэфензіва, як нас ні катавала — ні я, ні бацька не прызналі сябе ні ў чым вінаватымі. Сачанка. Не абмінаў сваёй увагай аўтар і тых з беларусаў, што так шчыравалі некалі перад польскімі панамі. Юрэвіч. // З вялікай сілай, шчодра свяціць, выпраменьваць, ліць і пад. У скверыку ля плошчы на дрэвы ўжо найшла млявасць, а абмыты раніцай асфальт шарэў і дыхаў гарачынёй — шчыравала ліпеньскае сонца. Хадановіч. // Са стараннем, дбайнасцю ісці, ляцець і пад. куды‑н., за кім‑, чым‑н. Грышкаў брат, братавая і чалавек пяць смаркатых малышоў, абганяючы адзін аднаго, шчыруюць следам. Лось. Загудзелі пчолы ў дробных кветачках бабінага лета — шчыравалі за апошнім узяткам. Даніленка.

2. Быць шчырым, з прыхільнасцю, любоўю і пад. ставіцца, адносіцца да каго‑н. Было ў ім [знаёмым] нешта ад таго, калі людзі, не ведаючы адзін другога, шчыруюць і прыяюць, бо яны даўно зрадніліся. Пташнікаў. // перан. Спрыяць. Дажджы шчыруюць бульбе, агародам. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́сціць, пешчу, песціш, песціць; незак.

1. каго. Любоўна даглядаць, гадаваць каго‑н. Нічога асаблівага [Аўстра] не жадае: самой хадзіць па хаце, завіхацца каля печы, карміць і песціць дзяцей. Кучар. // пераважна з адмоўем «не». Ствараць для жыцця, дзейнасці каго‑н. вельмі спрыяльныя ўмовы. Лёс не песціў вандроўнікаў космасу. Гамолка. Жыццё дарэмна іх [дзяўчат] не песціць, Яны не ў кветніку цвітуць. Пысін. Як малодшую, .. [Зіну] песцілі можа больш, чым трэба было, не адмаўлялі ні ў чым, хаця ў хаце было не густа. Шыцік. // Патураць усім жаданням каго‑н., балаваць; распешчваць. Песцяць дачку, псуюць яе. Як жа, адзіная дачка, толькі ёю і дыхаюць. Лынькоў. // перан.; што. З любоўю даглядаць, ахоўваць што‑н. Думаў Дзям’ян пра шмат што: пра зямлю, якую песціў і любіў; пра дом свой, пабудаваны за савецкія часы. Кавалёў. Старыя любяць сваю справу, старанна даглядаюць машыну, песцяць яе. Шынклер.

2. каго. Праяўляць ласку, лашчыць, галубіць каго‑н. Аляксей часта браў Люду на калені, песціў, гаварыў з ёю. Мележ. Славік пайшоў па руках, яго песцілі, падкідалі, як мячык. Гурскі.

3. перан.; каго-што. Дзейнічаючы на органы пачуццяў, выклікаць прыемныя адчуванні (пра вецер, сонца і пад.). Вецер песціць твар. □ Карціны роднага беларускага пейзажу мільгалі адна за другой, песцячы погляд мяккасцю і разнастайнасцю фарбаў. Васілевіч. Сонца, быццам знарок, свеціць проста ў твар, сагравае цябе, песціць. Лупсякоў.

4. перан.; што. Жадаць здзяйснення чаго‑н. прыемнага; пялегаваць. Песціць надзею ў сэрцы. Песціць мару. □ Кожны глядзеў на полымя, песцячы свае пакуль нікому не адкрытыя думкі. Пестрак.

•••

Песціць вочы — пра што‑н. прыгожае, прыемнае на выгляд.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шуме́ць 1, ‑млю, ‑міш, ‑міць; незак.

1. Утвараць, рабіць шум ​1 (у 1 знач.). Мяккім маёвым лісцем шумяць бярозы. Мурашка. І шумяць над берагам Сосен гушчары, А ім адгукаюцца Нёмана бары. Русак. Дажджы растуць, шумяць над полем, Дзе я на ростанях стаю. Вярба. Варкасы зніклі. Неба пасвятлела. А мора ўсё спявала, усё шумела. А. Вольскі. На паперу становяцца самі Словы шчырыя песні тае, Што расла з маладымі садамі, Што шуміць у палях каласамі, — І таму маё сэрца пяе. Непачаловіч. // Пра пачуццё цяжкасці, болю, кружэння ў галаве, якое ўзнікае ў выніку стомленасць хваробы, ап’янення і пад. Шуміць спавітая бінтамі галава... Брыль. / у безас. ужыв. Калі [Феня] выйшла з бальніцы, не адразу зразумела, у які бок трэба ісці дадому, шумела ў галаве. Арабей. Ліда задумалася. Шумела ў галаве. Федасеенка. Андрэйку душыць гарачыня, млеюць ногі ад стомы, пачынае шумець у галаве. Кавалёў.

2. перан. Весці жывую, актыўную дзейнасць, завіхацца; выказвацца з выпадку чаго‑н. [Настаўнік:] «І не адзін такі я: шумім, круцімся, а толку няма». Колас. — Нешта ціха ў вас сёння? — А чаго асабліва шумець? Справы свае зрабілі, пара на спачын. Лынькоў. // Працякаць, ісці, адбывацца вельмі ажыўлена, бурна. Пад блакітным агнём небасхіла Пустыром увесь край выглядае... Дзе шумела жыццё — там магіла, Толькі енкі... і плач не змаўкае... Чарот. Шумяць гарачыя дэбаты. Таўбін.

3. Лаяцца, сварыцца, крычаць; гучна, адкрыта выражаць сваю незадаволенасць. — Спакайней, спакайней. Разбяромся раніцай.. Чаго шумець? Лобан. — Едзь зараз жа, — п’яны ёлуп! — шумелі на .. [Яўгена] сваякі. Новікаў.

4. перан. Разм. Шмат гаварыць, абмяркоўваць што‑н. з мэтай прыцягнення ўвагі да чаго‑н. — Аб ім [Сакольным] смела можна гаварыць і нават шумець. Кулакоўскі. Шумелі хлопцы: «Эх... шкада жанчыны!» І кожны Насту ратаваць быў рад. З. Астапенка. // Мець шырокую вядомасць, выклікаць шырокі інтарэс, прыцягваць агульную ўвагу да сябе. Справа шумела на ўвесь гарадок. Чорны. Смірніцкі расказваў неахвотна. — Увогуле, — заключыў ён, — «Медыцынскі работнік» шуміць. Шахавец.

шуме́ць 2, ‑міць; незак.

Узнімацца пенай; пеніцца. Піва шуміць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Труд1 ‘праца’ (неалагізм, Юрч. Сін.), ‘цяжкая праца’ (в.-дзв., шальч., люб., паст., ашм., Сл. ПЗБ), ‘праца, работа’ (Вруб.), ‘вялікі ўчынак’ (Некр. і Байк.), ‘пакуты, цярпенне, цяжкасці’ (Варл.; маладз., Янк. Мат.), труда́ ‘цяжкае становішча, цяжкасць, мука’ (Бяльк.), труды́ ‘вялікія намаганні’ (Юрч. СНЛ), ‘мітрэнгі, цяжкасці, перажыванні’ (Барад.), ‘турботы, клопаты, намаганні’ (Скарбы), ‘пакута, цяжкасць’ (Сцяц.), ‘мука, нясцерпны боль’ (Гарэц.; шальч., мядз., Сл. ПЗБ), ‘цяжкая хвароба, вялікія мукі’ (Пан.), тру́дзіць ‘стамляць, натруджваць да болю працай, хадой і да т. пад.’ (ТСБМ, ТС), ‘таміць, турбаваць’ (Ласт.), трудзі́цца ‘працаваць’ (мёрск., Нар. лекс., ТС), ‘цяжка працаваць’ (в.-дзв., брасл., чэрв., Сл. ПЗБ), ‘мучыцца, пакутаваць’ (Гарэц., Бяльк., Пан.; брасл., глыб., Сл. ПЗБ), ‘вельмі мучыцца ад фізічнага болю’ (Юрч. Сін.), ‘недаядаць’ (в.-дзв.), ‘вяліць, рыхтаваць тытунь для курэння’; ‘брадзіць (пра раствор)’ (паст., віл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. трудъ ‘работа, напружанне фізічных і разумовых сіл’, ‘вынік працы’, ‘пакута, цяжкасць’ (ГСБМ), ‘праца’, ‘стомленасць’, ‘бяда’, ‘праклён’ (Альтбаўэр), трудити ‘таміць работай’, ‘турбаваць, гнясці’, трудитися ‘цяжка працаваць’, ‘клапаціцца, турбавацца’, ‘пакутаваць, мучыцца’ (ГСБМ). Укр. труд ‘праца, работа’, рус. труд ‘цяжкая працяглая хвароба’, стараж.-рус. трудъ ‘запал, стараннасць’, ‘праца’, ‘клопат’, ‘пакуты’; ‘хвароба’, ‘гора, скруха, смутак’, польск. trud ‘цяжкая праца, вялікія намаганні’, ‘утома, змора’, ст.-польск. trud ‘мука, пакута’, ‘страта сіл’, каш. trud ‘намаганне, напружанне’, чэш. trud ‘напружанне, цяжкасць’, ‘клопат’, ст.-чэш. ‘тс’, ‘катаржная праца’, ‘пакута, мука’, ‘мучэнне’; славац. trud ‘сум’, ‘цяжкая праца’ (у апошнім значэнні запазычана з рускай мовы, гл. Махэк₂, 654), славен. trûd ‘праца, стараннасць’, харв. trûd, серб. труд ‘праца, намаганне, старанне’, макед. труд ‘тс’, ‘праца (дзейнасць)’, ‘праца (твор)’, балг. ‘праца, намаганне, вынік працы’, ст.-слав. троудъ ‘пакуты, мука, намаганні’, ‘барацьба’. Прасл. *trudъ ‘намаганне, цяжкая праца’ — роднаснае літ. triū̃sas ‘праца, клопаты’, triū̃sti ‘рабіць карпатлівую працу’, ‘завіхацца каля дома, па гаспадарцы’, лат. traûds ‘крохкі’, с.-в.-ням. drôʒ ‘цяжар, груз, бярэмя’, ‘прыкрасць, непрыемнасць’, лац. trūdere ‘ўдараць, піхаць, прымушаючы гнаць, штурхаць’, ірл. trot (< *trudno‑) ‘спрэчка’, што да і.-е. *tr‑eu̯‑d‑ ‘церці, расціраць, мяць, ціснуць’ < *ter‑/*tr‑ ‘церці’. Мяркуецца, што пачатковым значэннем у прасл. trudъ было ‘цяжкая ноша, цяжар’ (Фасмер, 4, 107–108; Брукнер, 575; Махэк₂, 654; Скок, 3, 514; Чарных, 2, 266; Сной₂, 789; ЕСУМ, 5, 654–655). Сюды ж вытворныя трудавы́ ‘які вымагае працы’, ‘зароблены працай’ (Нас.), трудава́ць ‘турбаваць, непакоіць’ (Нас.), ‘цяжка раджаць, мучыцца пры родах’ (ігн., Сл. ПЗБ), трудові́к ‘працаўнік’ (столін., Нар. лекс., Сл. Брэс.), трудлі́вы ‘тс’ (Ян.), трудаві́ты ‘тс’ (іўеў., Сл. ПЗБ), трудава́нне ‘намаганне’, ‘цярпенне пры хваробе’ (Нас.).

Труд2, трут ‘сып, высыпка’ (Сл. ПЗБ; в.-дзв., Рэг. сл. Віц.), труд ‘адзёр’ (Арх. Вяр.), ‘благая хвароба, праказа’ (Варл.), трут ‘прышч’ (Сцяшк. Сл.). ст.-бел. трудъ, трондъ ‘праказа’ (XV ст., апошняе — з польск.), трудоватый ‘хворы на праказу, пракажоны’ (ГСБМ). Параўн. рус. смал. труд: водный труд ‘вадзянка’, стараж.-рус. трудъ ‘немач, хвароба’, польск. trǫd ‘праказа; працяглая заразная хвароба’, ст.-польск. trędowacina ‘кароста, высыпка на целе’, в.-луж. trudownik ‘залозніца, Scrophularia L.’, чэш. trud ‘вугор, прышч’, славен. trôd/trôt ‘колікі, калаццё’, харв. чак. trûdi ‘гемарой’, серб. тру̂д ‘розныя хваробы’, макед. дыял. тръ́дои ‘гемарой’, ст.-слав. трѫдъ ‘крывавы панос’. Прасл. *trǫdъ ‘нейкая скураная хвароба’, роднаснае літ. trandìs ‘караед’, ‘моль’, ‘гнілізна, спарахнелае дрэва’, trandė́ti ‘быць паточаным моллю, чарвяком’, trendė́ti ‘псавацца’, лат. trenêt ‘псавацца, гніць’, ст.-інд. tr̥nátti ‘расколвае, прадзірае’, ст.-грэч. τερηδών ‘шашаль, дрэваед’, уэл. trwyddo ‘вярцець’ < і.-е. *tre(n)d‑ < *ter‑ ‘церці’ (Фасмер, 3, 110; Махэк₂, 654; Голуб-Копечны, 391; Брукнер, 575; Булыка, Запазыч., 326; Скок, 3, 514–515). Борысь (641) мяркуе, што першасным значэннем прасл. *trou̯dъ было ‘нешта спарахнелае, сатлелае, сточанае шашалем’, у сувязі з чым гл. трут. Гарачава (Этимология–1980, 110) следам за Брукнерам (577) і Скокам (3, 515) *trudъ і *trǫdъ лічыць фанетычнымі дублетамі, параўн. тыпалагічна блізкія лац. laborare ‘цярпець, пакутаваць’ і ‘працаваць’. Гл. таксама K. R. Grinda «Arbeit» und «Mühe». Untersuchungen zur Beteutungsgeschichte altenglischer Wörter, München 1975, што, відаць, сведчыць пра ўніверсальны характар семантычнага развіцця.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)