далягля́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Уяўная лінія, мяжа паміж небам і зямной ці воднай паверхняй; гарызонт. Сонца сваім ніжнім краем кранулася чорнай рысы далягляду, пачало апускацца за лес. Краўчанка. // Частка неба над лініяй гарызонта; небасхіл. Палаў далягляд палярнага сонца, якое так і не ўзышло. Шамякін. // Прастор, які можна акінуць вокам. Далягляд пашырыўся: справа была відаць амаль палова горада, а з боку яго — на жытнёвых палетках каціліся няспынныя хвалі. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

облега́ть несов.

1. (обволакивать) абляга́ць, абклада́ць;

ту́чи облега́ют горизо́нт хма́ры абляга́юць (абклада́юць) гарызо́нт;

2. (прилегая, охватывать) абляга́ць, абніма́ць, прыстава́ць (да чаго);

пла́тье пло́тно облега́ло фигу́ру суке́нка гла́дка абляга́ла фігу́ру (прыстава́ла да фігу́ры).

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

затума́ніць сов., прям., перен. затума́нить;

выпарэ́нні ~нілі гарызо́нт — испаре́ния затума́нили горизо́нт;

слёзы ~нілі по́зірк — слёзы затума́нили взгляд;

віно́ ~ніла галаву́ — вино́ затума́нило го́лову;

з. сэнс — затума́нить смысл;

з. во́чы — затума́нить глаза́;

з. мазгі́ — заморо́чить го́лову

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

закаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.

1. Коцячыся, апынуцца дзе‑н., за чым‑н. Шпулька нітак закацілася ў куток. Кола закацілася за вугал. □ Дзмітрый нагнуўся, адкінуў гарачую гільзу, якая нейкім чынам закацілася пад тармазны педаль. Беразняк. // перан. Імкліва ўвайсці, убегчы куды‑н. Раптам дзверы расчыніліся і ў хату з гоманам, піхаючы адзін аднаго, закацілася пяцёра хлапчукоў. Дубоўка.

2. Зайсці, схавацца за гарызонт (пра нябесныя свяцілы). Сонца закацілася за лес, і адразу стала цямнець. Галавач. Месяц яшчэ свяціў усё такі ж вялізны і медна-чырвоны, але вісеў нізка, вось-вось збіраўся закаціцца. Дамашэвіч. // перан. Скончыцца. Яго слава хутка закацілася.

3. Разм. Пачаць закаціста смяяцца, рагатаць і пад. Хлопцы закаціліся дружным рогатам. Зарэцкі. — Ха-ха-ха! — зноў закаціўся смехам Дэвіс. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзень, дня, мн. дні, дзён, м.

1. Частка сутак ад усходу да захаду сонца, ад раніцы да вечара.

Ясны д.

Дасць Бог д., дасць і спажытак (прыказка). І дзень і ноч.

2. Тое, што і суткі.

Водпуск на пяць дзён.

3. Прамежак часу ў межах сутак, заняты чым-н.

Працоўны д.

Светлавы д.

4. чаго. Вызначаны тэрмін, дата, прысвечаная якой-н. падзеі.

Д.

Перамогі.

Д. нараджэння.

5. мн. Пара, перыяд.

Дні юнацтва.

Палярны дзень — за Палярным кругам: частка года, калі сонца не заходзіць за гарызонт.

Посны дзень — дзень, у які згодна з царкоўным звычаем нельга есці скаромнае.

Разгрузачны дзень — харчаванне аднатыпнымі прадуктамі на працягу аднаго дня з мэтай аздараўлення або пахудзення.

Санітарны дзень — дзень, які прызначаецца для санітарнага агляду службовага памяшкання.

Рабочы (працоўны) дзень — пэўная колькасць часу, адведзеная для работы, службы.

Добры дзень! — прывітальны зварот днём пры сустрэчы.

Дзень у дзень; дзень пры дні — штодзень, кожны дзень.

З дня на дзень — у адзін з бліжэйшых дзён.

Чакаем іх з дня на дзень.

Наводзіць цень на ясны дзень — наўмысна ўносіць няяснасць у якую-н. справу; блытаць каго-н.

Учарашні дзень — былое, мінулае.

Чорны дзень — цяжкая, змрочная часіна.

|| памянш.-ласк. дзянёк, -нька́, мн. -нькі́, -нько́ў, м. (да 1—3 знач.).

|| прым. дзённы, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

зара́, ‑ы; мн. зо́ры, зор і зо́раў; ж.

1. Яркая афарбоўка гарызонта пры захадзе і ўсходзе сонца. Вячэрняя зара дагарала на захадзе, і водбліскі яе адлюстроўваліся на воднай роўнядзі далёкіх сажалак. Чарнышэвіч. Шуст спяшаўся, бо на ўсходзе ўжо разлівала ружовасць ранішняя зара. Шчарбатаў. // Час перад усходам або захадам сонца, калі гарызонт набывае такую афарбоўку. Ён выедзе досвіткам сінім Араць свой загон на зары. Панчанка.

2. перан.; чаго. Пачатак, зараджэнне чаго‑н. (новага, радаснага і пад.). На зары цывілізацыі. □ Я цяпер без багацця багаты на зары квітнеючых дзён. Дудар.

3. звычайна мн. (зо́ры, зор і зо́раў). Зорка. Першыя зоры ўжо замігацелі то там, то сям у бяздонным небе. Колас.

•••

Ад зары (і) да зары; з зары да зары — а) увесь дзень, з раніцы да вечара. — Няма часу, каторы дзень ад зары да зары за касой на сенакосе. Машара; б) усю ноч, з вечара да раніцы. У кожнага салаўя, Ад зары да зары, Песня непаўторная. Танк.

Ні свет ні зара гл. свет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паказа́цца, ‑кажуся, ‑кажашся, ‑кажацца; зак.

1. З’явіцца, стаць бачным. З суседніх двароў паказаліся зацікаўленыя людзі. Бядуля. Пакуль.. [Язэп і Кастусь] збіраліся, на дарозе паказаліся першыя сялянскія фурманкі. Якімовіч. Хмары спаўзлі за гарызонт, і на халодным небе паказаўся сярпок месяца. Алешка. // Прасачыўшыся знутры, выступіць на паверхні чаго‑н. Паказаліся на вачах слёзы. // Абазначыцца. Паказаліся ўсходы жыта. // перан. Адбіцца, выявіцца (пра якія‑н. пачуцці). Мука тугі нязмернае паказалася на твары ў Агапы. Мурашка.

2. Прыйсці, з’явіцца дзе‑н., выйсці куды‑н., да каго‑н. Лазавенка паказаўся [на полі] толькі адзін раз, — у першы дзень дапамогі. Шамякін. Я ўвесь час прабыў за перагародкаю і не паказаўся на кухню. М. Стральцоў.

3. Даць каму‑н. паглядзець на сябе, агледзець сябе. У пісьме маці.. пісала, каб.. [Лёдзя], калі можна, падышла да акна — хоць бы паказалася. Карпаў. // Прыйсці для агляду. Паказацца неўрапатолагу.

4. Здацца, уявіцца. Не такое ўжо вялікае мястэчка Рудня, як яно паказалася мне тады, калі мы з бацькам ездзілі ў млын. Жычка. / у безас. ужыв. Некаторым можа паказацца, што Міколку заўсёды жылося весела і бесклапотна. Лынькоў. // Паўстаць у якім‑н. выглядзе, стварыць пэўнае ўражанне. Гофман паказаўся Фелістовічу дзелавым чалавекам. Паслядовіч. Хлопец паказаўся мне вельмі прыгожым, нават падумалася, што кожнаму ён можа кінуцца ў вочы. Кулакоўскі.

5. Аказацца на самай справе. А ён [Мамаеў курган] паказаўся на яве Такім, як усе курганы. Калачынскі.

•••

Паказацца на вочы — з’явіцца перад кім‑н., у каго‑н.

Паказацца (з’явіцца) на гарызонце — выявіцца ў якой‑н. сферы дзейнасці, аказацца ў коле якіх‑н. людзей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зайсці́, зайду, зойдзеш, зойдзе; пр. зайшоў, ‑шла, ‑шло; заг. зайдзі; зак.

1. Прыйсці куды‑н., да каго‑н. ненадоўга, пабыць дзе‑н. мімаходам. Каб не размінуцца з Янкам, Лабановіч рашыў зайсці на яго ранейшую кватэру. Колас. Увечары прыехаў з Серадзібора капітан Рыбін і зайшоў да Малашкіна. Пестрак. // па каго-што і з інф. Прыйсці з якой‑н. мэтай. Зайсці ў яслі па сына. □ Ідзе Міхал дамоў з абходу, І хоць чуваць, што ныюць ногі, Але зварочвае з дарогі І робіць круг, бо як стрымацца, Каб не зайсці палюбавацца І ярыною і жытамі? Колас. // у што. Увайсці куды‑н. Зайсці ў двор. Параход зайшоў у порт. □ Малады чалавек зайшоў у кабінет і хутка выйшаў. Кавалёў. // у што. Залезці, забрацца. Зайсці па калені ў ваду.

2. Ідучы, апынуцца далёка або не там, дзе трэба. — Ты не спазніся ў часць. Яны далёка зойдуць, і табе цяжка будзе дагнаць іх. Шамякін. Пешыя і абоз .. пайшлі напрасткі. І зайшлі ў .. бездань балот. Брыль.

3. Ідучы, дасягнуць патрэбнага месца. — Уставай, сынок... Табе ж да відна трэба ў Петрыкаў зайсці. Капыловіч.

4. Падысці не прама, а збоку, у абход. Зайсці, спераду. Зайсці ў тыл ворагу.

5. Ідучы, завярнуць за што‑н., апынуцца за чым‑н. Зайсці за вугал. Зайсці за лес. □ Начальнік цэха зайшоў за стол, адсунуў нагою крэсла, насцярожыўся. Карпаў.

6. Апусціцца за гарызонт (пра нябесныя свяцілы). Месяц зайшоў. □ Сонца даўно зайшло, і ў лесе панаваў змрок. Сіняўскі.

7. Узнікнуць, пачацца (пра размову, гутарку). Зайшла гутарка пра дружбу. □ З прычыны гэткага непаразумення зайшло было пытанне аб тым, ці не варта адкласці сход. Зарэцкі.

8. Разм. Зрабіць ход, пайсці (пры гульні ў карты). Зайсці тузам.

9. Разм. (звычайна са словам «замуж»). Стаць чыёй‑н. жонкай. [Макрына] замуж зайшла. За Пракопавага сына Яўгена. Баранавых. // куды. Пажаніўшыся, пераехаць туды, дзе жыве муж. — За мяне ён старэйшы, а ведаю я яго з той пары, як сюды замуж зайшла. Пташнікаў.

10. у што. Заехаць, паглыбіцца. Цвік зайшоў у сцяну па самую плешку.

11. Налажыцца адно на другое. Зайшла пала за палу.

12. Падысці, змясціцца. Шыба зайшла ў пазы.

•••

Далёка зайсці — выйсці за межы звычайнага, пераступіць граніцы дазволенага.

Зайсці на аганёк (агеньчык) — зайсці да каго‑н. мімаходам, убачыўшы ў вокнах святло.

Зайсці ў тупік — трапіць у цяжкае, бязвыхаднае становішча.

Розум за розум зайшоў гл. розум.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́сці, сяду, сядзеш, сядзе; пр. сеў, села; заг. сядзь; зак.

1. Прыняць сядзячае становішча; заняць месца, прызначанае для сядзення. Сесці на лаўку. Сесці за стол. □ Віктар моўчкі сеў і пачаў слухаць. Зарэцкі. Можна сесці, скурчыцца, заснуць; сны, кажуць, сніцца будуць толькі. Мележ. Ларыса села пры акне, адсунула фіранку і пачала глядзець у сад. Мурашка. / З акалічнаснымі словамі, якія паказваюць на характар, асаблівасці такога становішча. Сесці бокам. // Заняць месца, размясціцца дзе‑н. для паездкі. Сесці ў аўтобус. □ Праўда, маршрут гэты просты: пайсці на раз’езд, як-небудзь сесці на таварны цягнік і паехаць. Колас. Дзед купіў білеты, селі на параход. Лынькоў.

2. за што, на што і з інф. Пачаць якую‑н. справу, заняткі, якія звязаны са знаходжаннем у сядзячым становішчы. Сесці за кнігу. Сесці за руль. □ Трэба будзе сесці на трактар, на камбайн — і, калі ласка, сядзем. Кулакоўскі. Кібрык сеў за піяніна, узяў акорд з моднай песенькі. Шыцік. Пятрусь сеў за ўрокі. Кавалёў. // Размясціцца на месцы выканання чаго‑н. Сесці ў засаду. // звычайна на што. Разм. Заняць якое‑н. месца, пасаду, пачаць выконваць якія‑н. абавязкі. А пасля.. [Мінін] сеў на зямельны аддзел. Дуброўскі. [Русаковіч:] Выходзіць, што я сапхнуў Сухадольскага, каб самому сесці на яго месца. Крапіва.

3. Разм. Пасяліцца на пастаянным месцы, заснаваўшы гаспадарку. Сесці на гаспадарцы. □ Тоўхарт.. абвясціў, што хто выкарчуе і ачысціць гэтую зямлю, возьме сабе навечна паўтары дзесяціны, а на трох з паловай сядзе ляснік. Чорны. [Верамейчык:] — Няўжо-такі сядзе Грамабойчык на Жагулаўшчыне? Крапіва. // Застацца дзе‑н., не выязджаючы; засесці. Яму ўважыў пан ляснічы, І сеў Міхал у страшнай дзічы. Колас.

4. Трапіць у турму, быць пазбаўленым волі. Калі людзі аднаўлялі на руінах і папялішчах разбураныя ворагам сядзібы, .. хутаранец Хамёнак сеў за спекуляцыю народным дабром у астрог. Майхровіч. [Соня] хвалілася, што пасадзіла мужыка, хоць, казалі, сеў сам за растрату. Мыслівец.

5. Абмежаваць сябе ў чым‑н. (звычайна ў ядзе). Сесці на дыету.

6. Наткнуўшыся на перашкоду, спыніцца, засесці. Баржа села на мель.

7. Спыніўшы рух, палёт, спусціцца на што‑н. (пра птушак, насякомых). Прыляцела сінічка і села на адчыненую фортку. Шахавец. Чуваць было толькі, як гудзіць вакол лямпы муха, выбірае месца, дзе сесці. Лынькоў. // Прызямліцца (пра самалёты, парашутыстаў і пад.). Тым часам самалёт, зрабіўшы яшчэ два кругі, спусціўся зусім нізка і дакладна сеў у раёне трох кастроў. Зуб. І вось перад усімі людзьмі на дарозе паказаліся немцы. Гэта і быў той самы дэсант, што перад вечарам сеў поблізу. Чорны.

8. Разм. З’явіцца на скуры, выскачыць (аб фурункуле і пад.). Прызнаў.. [Яська] валоў у двор, а там яму кажуць, што захварэў аканом, села яму скула на баку. С. Александровіч.

9. Апусціцца, асесці, паглыбіцца ў зямлю. Дом сеў. Грунт сеў.

10. Апусціцца за гарызонт, зайсці (пра свяцілы). У канцы лагоў сівеў туман, якраз там, дзе села сонца. Пташнікаў.

11. Паменшыцца ад вільгаці; збегчыся (пра тканіны, скуры і пад.). Сукно села. Касцюм сеў.

12. Спец. Замацавацца ў патрэбным становішчы. Платон.., сагнуўшыся, уважліва аглядаў, ці добра ў пазу села жардзіна. Ракітны.

13. Разм. Страціць сілу, напружанне, стаць слабейшым (пра электрычны ток, пару і пад.). У кутку.. стаяў радыёпрыёмнік, адзіны ў лагеры. Ён не працаваў ужо два тыдні — селі акумулятары. Шамякін. // Затупіцца (пра рэзальныя інструменты). Разец сеў. // Стаць больш нізкім, хрыплым (пра голас). — Ведаеце што, — голас [Гелены] сеў. — Не ідзіце нікуды. Караткевіч.

•••

Верхам сесці на каго; сесці на галаву каму — падпарадкаваць каго‑н. сабе, прымусіць выконваць свае капрызы; камандаваць кім‑н.

На тым самым месцы сесці; на тым жа суку сесці — нічога не дамагчыся, не змяніць чагосьці па-свойму, пагадзіцца з пэўным становішчам і станам рэчаў.

Ні села ні пала — без падставы, без выяўнай прычыны, нечакана.

Ні стаць ні сесці гл. стаць.

Сесці макам — а) спыніць або перапыніць надоўга свой рост, развіццё. [Мужчына:] — Пасеялі мы летась кукурузу. У адным месцы яна ўзышла і расла нішто сабе, а ў другім як выткнулася, так і села макам — жоўтая, чэзлая. Палтаран; б) пацярпець крах, няўдачу. [Атрошчанка:] — Як раён скасавалі, то і сеў [Рогаль] макам. Навуменка; в) загінуць, прапасці. [Сырамалот:] — На яблынях завязь ужо макам села. Як не дасць бог дажджу, дык і ўсё макам сядзе. Сабаленка.

Сесці (уссесці) на карак (шыю) каму — а) стаць утрыманцам каго‑н., абцяжарваючы яго гэтым. [Лабановіч:] — Вы толькі падумайце: маленькая жменька дваран і багатыроў села вам [сялянам] на карак, захапіла лепшыя землі, жыве з вашае працы і вас жа катуе, чыніць несправядлівасці. Колас; б) падпарадкаваць сабе, паставіць у поўную залежнасць ад сябе. [Вера:] — Дай яму, другому, волю, дык ён табе на шыю сядзе... Пальчэўскі.

Сесці (напасці, трапіць) на лаву падсудных — пайсці пад суд.

Сесці на мель — а) страціць здольнасць рухацца (пра судны); б) папасці ў вельмі цяжкае становішча.

Сесці на пяты каму — дагнаць, насцігнуць каго‑н., праследуючы або проста рухаючыся за кім‑н.

Сесці на свайго канька — пачаць гаварыць, разважаць доўга, падрабязна, шматслоўна.

Сесці на хлеб чый — перайсці на ўтрыманне каго‑н.

Сесці не ў свае сані — узяцца не за сваю справу.

Сесці ў лужыну (у галош) — пацярпець няўдачу, апынуцца ў няёмкім, смешным становішчы.

Чорт сеў на каго гл. чорт.

Як старой бабе сесці — вельмі мала (звычайна да рэвалюцыі гаварылася пра наяўнасць зямлі ў селяніна). Зямля нават была і не кепская, але калі яе гэтулькі, як старой бабе сесці. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рай1 ’месца, куды накіроўваюцца і дзе знаходзяць шчаслівае існаванне душы праведнікаў пасля смерці’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Бел. міф.), ра́йства ’тс’ (Сл. ПЗБ), ра́йство ’збавенне, райскае жыццё’ (ТС), параўн. укр., рус. рай, польск., в.-луж., н.-луж. raj, чэш. ráj, славац. raj, славен. ràj, серб.-харв. pȃj, балг. рай, макед. paj, ст.-слав. рай. Слова выключна славянскага моўнага арэалу, не мае іншамоўных адпаведнікаў з такім самым значэннем; літ. rõjus ’тс’, хутчэй за ўсё, запазычанне са славянскіх моў. Перадусім азначаецца як ’месца, дзе жылі Адам і Ева’, ’прыгожая краіна’, у тым ліку ’сад, кветнік, жытло, прытулак прабацькоў’, ’чароўны край, дзе не бывае зімы’. Этымалогіі прасл. *rajь пераважна абапіраюцца на асноўныя хрысціянскія ўяўленні пра рай як пра сад, параўн.: кругом сад, бацца у раю (Сержп.). Прынята, што ў бел. міфалогіі захавалася “класічная, найстаражытная” канцэпцыя рай — ’сад, у якім заўжды шмат усяго, што душа прымае, і заўсёды цёпла, бо стаіць вечнае лета’ (Бел. міф., 421), тое ж адносіць Брукнер (452) да першаснага значэння рай, што не зусім правільна. Славянскія ўяўленні пра рай не абмяжоўваюцца значэннем ’сад’, і рай, відавочна, з’яўляюцца агульнаславянскім рэлігійным паняццем, якое перш за ўсё мела семантычную сувязь з дахрысціянскім светам памерлых, насуперак меркаванню Борыся (509), што сувязь рая з душамі памерлых усталёўваецца з прыняццем хрысціянства. Рай як агульнаславянскі хрысціянскі тэрмін мог замацавацца пазней. Пошукі роднасці слав. *rajь з ’сад’, відавочна, падмацоўваюць распаўсюджаныя ў іншых мовах утварэнні з грэч. παράδεισος, што звязана з паняццем ’сад, парк, агароджанае месца’ ці ’прыемнае прыгожае месца’. Фармаванне рэлігійнай семантыкі формы рай не мае адназначнага тлумачэння. Прызнаецца роднасць слав. *rajь з авест. rāy ’багацце, шчасце’, ст.-інд. rā‑, rās ’маёнтак, скарб, багацце’, rayís ’падарунак, уласнасць’ (Младэнаў, 556; Мацэнаўэр, Cizí sl., 16, 163; Фасмер, 3, 435; Глухак, 516; БЕР, 6, 163; ESJSt, 12, 746; Борысь, 509 і інш.). Адсюль выводзіцца першасная семантыка рай ’край багацця’ (Сной, 521), ’край, дзе пануе багацце і шчасце’ (Борысь, 509). Трубачоў (Этногенез₂, 189–190, 417, 421, 424) выказвае сумненні адносна сувязі слав. *rajь з інд.-іран. rāy‑ ’багацце’ паколькі названыя формы не з’яўляюцца сакральнымі. Менавіта вывядзенне рай з апафанічнага шэрагу *rei‑/*roi‑ з шырокай семантыкай дае новы накірунак этымалагічным даследаванням. Найбольш імавернае вывядзенне рай з дахрысціянскіх уяўленняў пра свет памерлых праз паняцці воднай прасторы, параўн. *raj < *roj, як свет памерлых, што знаходзіўся пад вадой, плынню (Голуб-Копечны, 309) *rajь < і.-е. roi̯‑ з першапачатковым значэннем ’зарэчны’ ў сувязі з *rěka (дыскусію гл. Этимология–1994–1996, 13–14; 23–24; Этногенез, 173–175; Этногенез₂, 190), гл. рака. Аднак у дахрысціянскіх славянскіх вераваннях не існуе адназначнай сувязі паміж раем і менавіта ракой, параўн. сведчанні даследчыка славенскай міфалогіі З. Шмітака, што ў славенскай абраднасці вандроўны на той свет павінен перайсці шмат водаў, паколькі воды аддзяляюць гэты свет ад таго, а ў старажытнай карынційскай малітве памерламу жадаюць, каб на моры яму дзьмуў добры вецер (Шмітак, Mit., 42). Бязлай (Onomastica Jugoslavica, 6, 57–70) лічыць, што слав. рай суадносіцца з паняццем не толькі воднай прасторы, але і паветранай, можа азначаць ’мора’ і ’неба’, ’край мора’ і ’край гарызонтаў што пацвярджаюць і іншыя вераванні (скандынаўскія, сірыйскія — Бязлай, там жа), параўн. таксама авест. źrayas‑ ’мора, сусветны акіян’, ст.-інд. jrayas ’мора, прастора’. Паводле Трубачова (Этногенез₂, 417, 421), рай у славян не з’яўляўся супрацьлеглым паняццем да пекла (гл.), як гэта прадстаўлена ў хрысціянскіх уяўленнях, а мог азначаць “потусторонний мир вообще”, куды “переселяются все умершие”, гэта проста “тот свет”, месца, “связанное c/или находящееся за водой”. Сной (521), як варыянтнае, разглядае першаснае значэнне рай як ’тое, што звязана з патокам, цячэннем, адносіцца да воднай ці падводнай сферы’. Вывядзенне рай з прасл. *iroi‑ (параўн. і.-е. *erei‑ ’цячы, рухацца’) дазваляе параўноўваць рай з вір (гл.; пра гатую сувязь згадвалася ў літ-ры, гл. Жураўлёў, Язык и миф, 920) і вырай (гл.), а таксама з іх славянскімі варыянтамі: вырай ’далёкі, чароўны, цёплы край, куды адлятаюць на зімоўе птушкі’ і ’старажытная назва раю’, укр. вир, вірій, ірій ’край, куды адлятаюць увосень птушкі і дзе жывуць памерлыя’, укр. обрійгарызонт’, рус. дыял. ирей, вырей, ирий ’далёкі, чароўны, цёплы край, куды адлятаюць на зімоўе птушкі’, ст.-рус. ірій ’далёкі казачны край, магчыма, рай’, польск. wyraj ’тс’, польск. iść na wyraj ’пачаць лепей жыць, адысці на пакой’. Істотна для параўнання рай, вырай з вір. Параўн. бел. вір ’вір, вадаварот’, рус. вир, выр ’тс’, славен. ir, virij, izvir ’вір’. Параўн. да гэтага славен. rajanje ’завіванне і адвіванне ўдзельнікаў абраднага танца на могілках’ (Шмітак, Mit., 45–46). Rajanje сімвалічна павязвала жыццё і смерць, як бы заключаючы ў лабірынт нячыстую сілу, у тым ліку душа памерлага праходзіла праз вадаварот, кола, лабірынт забыцця ў краіну мёртвых (там жа). Параўн. рус. дыял. вырей ’рачны вядзьмак, вадзянік’ і славенскую міфалагічную постаць вадзяніка, што праз вір уцягвае ахвяры ў свет памерлых. Роднасць рай, рус. дыял. райдуга ’вясёлка’, вір і вырай можа пацвярджаць імавернасць міфалагічнага ўяўлення, што райдуга ўцягвае ў сябе дождж, ваду, з’яўляецца нябесным вірам (Даль, 3; Талстой, ОЛА, Исследов., 1974, 22–76), насуперак меркаванню Талстога, што райдуга (падае Даль, 4, 56) мае народна-этымалагічнае паходжанне (Талстой, тамжа, 29). Адсюль рай‑дуга можа азначаць ’мяжу свету памерлых’, ’акрай, браму рая’, ’нябеснае акно’ (Талстой, там жа, 56), а сам рай, роднасны да вір і вырай, магчыма, даўней азначаў не столькі ’свет памерлых’, сколькі ’праход у свет памерлых’, так званы “апошні шлях”, вадзяны ці паветраны вір, праз які душы трапляюць на той свет, параўн. да гэтага ўстойлівае рус. проводить в последний путь, рус. дыял. птичья дорога ’назва Млечнага шляху’, славен. večna pot, bogova cesta ’назва Млечнага шляху’, што звязвала душы з богам (Шмітак, Mit., 38), славенскае міфалагічнае ўяўленне пра тое, што па mavrici ’вясёлцы’ нябожчыкі, як па нябесным мосце, пераходзілі ў рай. Адносна сувязі рай і рака, адпаведна вырай і райдуга, параўн. с.-ірл. rīan ’рака, дарога’, ням. Rain ’мяжа’, швед. ren‑ ’мяжа’ і ’край канавы’. Да таго ж у беларусаў — змеі ідуць у вырай у норы (Чарвонцава, Куфэрак Віленшчыны, 3, 142), што адначасова пераносіць (вы)рай не толькі да нябеснай, але і да падземнай прасторы і можа азначаць, што (вы)рай мог звязваць неба і падземны свет як сферы незямныя. Сумніўна параўнанне рай з рад‑ і прасл. *radъ як ’край радасці’ (Бязлай, 3, 145; Сной, 521), а таксама з рости/расти (Страхаў, Palaeoslavica, 11, 2, 115). Агляд праблематыкі і літ-ры гл. Жураўлёў, Язык и миф, 920–921.

Рай2 ’дажыначная песня’, ’пучок нязжатага жыта, прыбраны кветкамі’ (глыб., віл., Сл. ПЗБ): нада рая́ убраць (ЛА, 3), ’міфічная істота, што дапамагае жнейкам жаць жыта, клапоціцца пра зжатае збожжа’, адсюль заклік Рай, Рай, хадзі да нас! (Пятк., 2), гл. раёк. Як назва абраду лексема вядомая на ўсходзе Украіны, параўн. харк. ходи́ти в рай ’звычай абмывання рук парадзіхі і інш. на другі дзень хрэсбінаў, пасля чаго ўдзельнікі (апрача парадзіхі) ідуць у шынок частавацца за кошт бабкі’, а таксама ў рэдукаваным выглядзе на паўднёва-рускай тэрыторыі, параўн. тыпалагічна блізкае стаўрап. рай ’абрад, які здзяйсняецца на другі дзень пасля хрэсбінаў, калі гасцей абвязваюць стужкай’. Не зусім ясна. Магчыма незалежнае развіццё ад формы і семантыкі рай1 (гл.). Відавочна, вынікае з язычніцкай абраднасці славян і ад міфалагічнай істоты ці назвы міфалагічнай прасторы, напрыклад, вялікага лесу, ад чаго пазней, магчыма, адбыўся перанос на песню, на сноп жыта ці каравай. Параўн. таксама рус. паўдн. раи́на ’пірамідальная таполя’, рай‑дерево ’бэз’, райник ’вялікі лес’, што звязанае з уяўленнямі пра рай як пра міфалагічнае рытуальнае дрэва ў славян (Іванаў-Тапароў, Слав. яз. мод. системы, 247; Іванаў–Тапароў, Зб. Крапіве, 163–175). Таксама Глухак (Глухак, 516) апісвае святое дрэва *rajь як паганскі пантэон. Праз семантычную сувязь з багаццем, дастаткам, урадлівасцю не выключана блізкасць да інд.-іран. rāy‑ ’багацце, шчасце (гл. рай1). Меней верагодна сувязь з рад‑, што да ра́дасць (гл.), аднак параўн. пачатак дажыначнай песні: “Рада, рада баба, што лета даждала, што жыта пажала” (Сл. ПЗБ).

Рай3 у фразеалагізме з добрага раю ’дабравольна, з хацення’; ’нізавошта, без прычыны’ (Янк. БФ, Сержп. Прык.). У пэўнай ступені супрацьлеглыя ў адносінах адно да аднаго значэнні ўстойлівага выразу сведчаць на карысць існавання незафіксаванага *рай ’парада’ < ра́іць (гл.). Але ў адносінах семантыкі параўн. яшчэ рус. уладз., раз. рай у значэнні выказніка ’удача, шчасце’, ’аб чым-небудзь прыемным, лёгкім’, што, безумоўна, звязана са стрыжнёвай семантыкай рай1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)