паказацца, ‑кажуся, ‑кажашся, ‑кажацца; зак.
1. З’явіцца, стаць бачным. З суседніх двароў паказаліся зацікаўленыя людзі. Бядуля. Пакуль.. [Язэп і Кастусь] збіраліся, на дарозе паказаліся першыя сялянскія фурманкі. Якімовіч. Хмары спаўзлі за гарызонт, і на халодным небе паказаўся сярпок месяца. Алешка. // Прасачыўшыся знутры, выступіць на паверхні чаго‑н. Паказаліся на вачах слёзы. // Абазначыцца. Паказаліся ўсходы жыта. // перан. Адбіцца, выявіцца (пра якія‑н. пачуцці). Мука тугі нязмернае паказалася на твары ў Агапы. Мурашка.
2. Прыйсці, з’явіцца дзе‑н., выйсці куды‑н., да каго‑н. Лазавенка паказаўся [на полі] толькі адзін раз, — у першы дзень дапамогі. Шамякін. Я ўвесь час прабыў за перагародкаю і не паказаўся на кухню. М. Стральцоў.
3. Даць каму‑н. паглядзець на сябе, агледзець сябе. У пісьме маці.. пісала, каб.. [Лёдзя], калі можна, падышла да акна — хоць бы паказалася. Карпаў. // Прыйсці для агляду. Паказацца неўрапатолагу.
4. Здацца, уявіцца. Не такое ўжо вялікае мястэчка Рудня, як яно паказалася мне тады, калі мы з бацькам ездзілі ў млын. Жычка. / у безас. ужыв. Некаторым можа паказацца, што Міколку заўсёды жылося весела і бесклапотна. Лынькоў. // Паўстаць у якім‑н. выглядзе, стварыць пэўнае ўражанне. Гофман паказаўся Фелістовічу дзелавым чалавекам. Паслядовіч. Хлопец паказаўся мне вельмі прыгожым, нават падумалася, што кожнаму ён можа кінуцца ў вочы. Кулакоўскі.
5. Аказацца на самай справе. А ён [Мамаеў курган] паказаўся на яве Такім, як усе курганы. Калачынскі.
•••
Паказацца на вочы — з’явіцца перад кім‑н., у каго‑н.
Паказацца (з’явіцца) на гарызонце — выявіцца ў якой‑н. сферы дзейнасці, аказацца ў коле якіх‑н. людзей.