ГАРЫЗО́НТ

[ад грэч. horizōn (horizontos) літар. які абмяжоўвае],

1) уяўная лінія, па якой здаецца, што неба мяжуе з зямной паверхняй (бачны гарызонт). Павялічваецца з вышынёй месца назірання. На вышыні вока дарослага чалавека ва ўмовах раўніны складае 4,5—5 км. Гарызонт таксама наз. частка зямной паверхні, якая назіраецца на адкрытай мясцовасці. Сапраўдны (матэматычны) гарызонтвял. круг нябеснай сферы, плоскасць якога перпендыкулярная да адвеснай лініі ў месцы назірання.

2) У геалогіі рэгіянальнае стратыграфічнае падраздзяленне, якое аб’ядноўвае на пэўнай плошчы аднаўзроставыя слаі і світы. Вылучаецца паводле пастаянства палеанталагічнай характарыстыкі з улікам літалагічных, фацыяльных і інш. асаблівасцей. Мае прыкладна аднолькавую магутнасць у межах пашырэння (ад дзесяткаў да соцень і больш метраў). Адпавядае звычайна ярусу або яго частцы агульнай стратыграфічнай шкалы. Мае геагр. назву, якую атрымлівае ад наймення найб. поўнай і вывучанай світы або апорнага (стрататыповага) разрэзу. У чацвярцічнай геалогіі гарызонт ахоплівае адклады ледавіковай (напр., у Беларусі бярэзінскі, нараўскі) або міжледавіковай (александрыйскі, белавежскі) эпох.

3) У горнай справе гарызонт — сукупнасць горных вырабатак на адным узроўні, у якіх вядуцца горныя работы. У шахтах вылучаюць гарызонт адкатачны (для перамяшчэння грузаў і людзей), вентыляцыйны выпуску (выпуск адбітай пароды), падсечкі (агаленне і абрушэнне горнага масіву) і скрэперавання (дастаўка карыснага выкапня на пагрузку). Пры адкрытай здабычы карысных выкапняў на гарызонт устанаўліваюць асн. горнае абсталяванне для распрацоўкі аднаго ўступа. Гл. таксама Ваданосны гарызонт, Маркіроўны гарызонт.

т. 5, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Гарызонт (у геалогіі) 3/371

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«ГАРЫЗО́НТ»,

вытворчае аб’яднанне ў Беларусі. Да 1996 Мінскае вытв. аб’яднанне «Гарызонт». Створана ў 1972 на базе Мінскага радыёзавода (Засн. ў 1950), з-да радыё- і тэлевізійных футаралаў (1963) і спец. КБ. Галаўным прадпрыемствам з’яўляецца Дзярж. прадпрыемства «Завод «Гарызонт». Уключае: з-д «Альмагор» (створаны ў 1992 на базе з-да радыё- і тэлевізійных футаралаў), навук.-вытв. комплекс «Сігнал» (арганізаваны ў 1989 на базе з-да «Сенсар»), НДІ лічбавага тэлебачання (1991), спецыялізаванае прадпрыемства кабельнага і спадарожнікавага тэлебачання (1991), Гандл. дом «Гарызонт» (1996) — усе ў Мінску; з-д «Беліт» (г. Паставы, 1992). Асн. прадукцыя: каляровыя і чорна-белыя тэлевізары, радыёпрыёмнікі, сістэмы кабельнага і спадарожнікавага тэлебачання і інш.

У.І.Сямашка.

т. 5, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Гарызонт (у геаграфіі) 3/371; 5/592

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«ГАРЫЗО́НТ»,

серыя савецкіх штучных спадарожнікаў Зямлі. Прызначаны для забеспячэння кругласутачнай далёкай тэле- і радыёсувязі. Выкарыстоўваецца для перадачы тэлевізійных праграм на станцыі «Арбіта», «Масква» і ў міжнар. сістэме сувязі «Інтэрспадарожнік». Запускаецца з 1979. Маса 2 т, размах панэлей з сонечнымі батарэямі 10 м. Арбіта кругавая, блізкая да геастацыянарнай, выш. 36 тыс. км. Мае сістэму дакладнай арыентацыі на Зямлю, на «Гарызонт» устаноўлена рэтрансляцыйная апаратура, якая працуе ў сантыметровым дыяпазоне. Міжнар. рэгістрацыйны індэкс — «Стацыянар».

т. 5, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́РНЫ ГАРЫЗО́НТ,

гл. Маркіроўны гарызонт.

т. 1, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ілювіяльны гарызонт

т. 7, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

маркіроўны гарызонт

т. 10, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Маркіровачны гарызонт, гл. Апорны гарызонт

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДАТРЫВА́ЛЫ ГАРЫЗО́НТ,

тоўшча воданепранікальных ці адносна воданепранікальных горных парод, якая перакрывае або падсцілае ваданосны гарызонт. Адрозніваюць водатрывалыя гарызонты рэгіянальныя, мясц. і лакальныя. Рэгіянальныя звычайна падзяляюць буйныя ваданосныя комплексы, мясцовыя — ваданосныя гарызонты, лакальныя пашыраны пераважна ў зоне аэрацыі, дзе спрыяюць утварэнню верхаводкі. Гл. таксама Водапранікальнасць.

т. 4, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)